Аляксандр Лукашэнка прыняў удзел у зімовым спартыўным свяце "Мінская лыжня-2012"
Спорт з’яўляецца самым лепшым і танным сродкам, які дапамагае захаваць здароўе. Такую думку 4 сакавіка на зімовым спартыўным свяце "Мінская лыжня-2012", што прайшло ў Рэспубліканскім цэнтры алімпійскай падрыхтоўкі па зімовых відах спорту "Раўбічы", выказаў Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь Аляксандр Лукашэнка.
Каманда Прэзідэнта Беларусі, што ўдзельнічала ў спаборніцтвах па-за конкурсам, фінішавала першай у лыжнай эстафетнай гонцы 4х2,5 км, у якой змагаліся за перамогу каманды абласцей і горада Мінска (група "А"). Аляксандр Лукашэнка, паказаўшы выдатную спартыўную форму, бег за сваю каманду на заключным чацвёртым этапе эстафеты, прыйшоўшы на фініш значна раней, чым бліжэйшыя праследавацелі.
У конкурсным заліку першае месца заняла каманда Брэсцкага аблвыканкама, на другім месцы - каманда Магілёўскай вобласці, на трэцім - каманда Мінскага аблвыканкама. На заключным этапе за свае каманды выступалі губернатары Канстанцін Сумар, Пётр Руднік і Барыс Батура.
На лыжні таксама спаборнічалі каманды сілавых міністэрстваў і ведамстваў (група "B") і каманды рэспубліканскіх дзяржаўных органаў і дзяржарганізацый (групы "С" і "D").
У індывідуальнай гонцы на 1 км выявілі мацнейшых удзельніц рэспубліканскага фестывалю "Міс фітнес Беларусі".
Узнагароды пераможцам гонак уручыў асабіста Аляксандр Лукашэнка.
Для гледачоў і ўдзельнікаў свята была арганізавана шырокая спартыўна-забаўляльная праграма. Арганізатары падрыхтавалі шмат конкурсаў і спаборніцтваў, у тым ліку на сілу, лоўкасць і кемлівасць.
Размаўляючы з прадстаўнікамі беларускіх і замежных СМІ, Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што ў яго склаліся самыя добрыя ўражанні ад мерапрыемства. Пры гэтым ён падкрэсліў, што "Мінская лыжня" фактычна стала агульнарэспубліканскай, паколькі ў ёй прымалі ўдзел каманды з рэгіёнаў Беларусі. "Малайцы Барыс Батура, Канстанцін Сумар, якія беглі ў лідарах. Гэта сведчыць аб тым, што ўзрост спорту не перашкода", - заўважыў Прэзідэнт.
Кіраўнік дзяржавы таксама асабліва адзначыў, што такія масавыя спартыўныя спаборніцтвы праводзяцца не для піяру, а каб прыцягнуць да спорту, а значыць, і да здаровага ладу жыцця як мага больш людзей. "Мы заўсёды гаворым, што самае дарагое - гэта здароўе. Але з-за таго, што здароўе даецца чалавеку бясплатна, не кожны клапаціцца аб ім. Спорт - самы танны сродак, каб захаваць здароўе", - лічыць Аляксандр Лукашэнка.
Адказваючы на пытанне аб медальных перспектывах беларускіх спартсменаў на маючай адбыцца летняй Алімпіядзе ў Лондане, Прэзідэнт сказаў: "Я быў бы дрэнны Прэзідэнт Нацыянальнага алімпійскага камітэта, калі не спадзяваўся б на поспех нашых спартсменаў".
Паводле яго слоў, Беларусь на душу насельніцтва ў ходзе розных міжнародных спартыўных спаборніцтваў заваёўвае больш узнагарод, чым якая-небудзь іншая краіна.
"Хацелася б, каб у нас усе былі далучаны да спорту і каб на спартыўных спаборніцтвах быў большы вынік. Няўжо добра, калі ў першым раўндзе мінскае "Дынама", якое фінансуецца так, што дай бог кожнаму віду спорту, прайгравала, можна сказаць, ганебна, без усялякай барацьбы. Таму ёсць над чым задумацца адпаведным начальнікам ад спорту", - адзначыў Кіраўнік дзяржавы.
"Мы разлічваем, што на летніх Алімпійскіх гульнях у Лондане намечаную намі мяжу - 25 медалёў - мы можам дасягнуць, - сказаў Прэзідэнт. - Гэта будзе вялікая нечаканасць, калі мы не возьмем свае медалі на гэтых спаборніцтвах".
Разам з тым ён нагадаў, што спорт часта непрадказальны. "Пажывём - пабачым. Але мы будзем разлічваць і спадзявацца на лепшае. Мы павінны быць самай лепшай, самай моцнай спартыўнай дзяржавай на планеце", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.
Па просьбе журналістаў Кіраўнік дзяржавы пракаменціраваў інфармацыю аб магчымым пераглядзе месца правядзення Чэмпіянату свету-2014 па хакеі з шайбай, які плануецца правесці ў Мінску. "Тыя, хто сёння прапануе не праводзіць чэмпіянат свету ў Беларусі (ёсць асобныя дзялкі), да спорту ніякага дачынення не маюць. Тыя палітыкі, якія, можа, нават і не палітыкі, а людзі каля палітыкі, напэўна, і клюшкі з шайбай не бачылі, а можа, і блытаюць іх, - адзначыў Аляксандр Лукашэнка. - Таму я на гэта рэагую спакойна. Але, тым не менш, тэст для Міжнароднай федэрацыі хакея - у наяўнасці. Паглядзім, як спорт і палітыка не звязаны адзін з адным".
Акрамя таго, Аляксандр Лукашэнка пракаменціраваў той ажыятаж, які, паводле яго слоў, узняла "пятая калона", гаворачы аб іміджавых стратах для Прэзідэнта і краіны ў цэлым у выпадку пазбаўлення Беларусі права правядзення чэмпіянату. "Як вы лічаце, калі чэмпіянат свету ў Беларусі не адбудзецца, мы што, заўтра памром? Ды не, будзем жыць. Тое, што мы пабудавалі (гасцініцы, спартыўныя пляцоўкі) да чэмпіянату свету і без яго, - гэта ўсё застанецца нашаму народу. І чэмпіянат свету быў намечаны тут таму, што мы шмат пабудавалі для развіцця лядовых відаў спорту", - падкрэсліў Прэзідэнт.
"Таму, я лічу, нам рана перажываць, адбудзецца ў нас або не адбудзецца чэмпіянат свету. Рашэнне прынята. Чэмпіянат свету павінен быць тут. Калі гэта рашэнне будзе адменена, паверце, лішні раз асобныя людзі пакажуць чаго яны варты, - упэўнены Аляксандр Лукашэнка. - Я менш за ўсё напружваюся наконт таго, што пайшлі нейкія размовы аб пераносе чэмпіянату свету".
"Беларусы заслужылі правядзення ў сябе чэмпіянату свету па хакеі ў 2014 годзе. І мы да яго будзем рыхтавацца вельмі сур'ёзна", - дадаў Кіраўнік дзяржавы.
Прэзідэнт выказаўся таксама наконт нядаўняга абвастрэння ў адносінах з Еўрасаюзам (пасля чарговага пашырэння візавых санкцый адносна беларускіх грамадзян) і адклікання паслоў краін ЕС для правядзення кансультацый.
"Гэта абсалютная істэрыка, і, як вы бачыце, у авангардзе два тыпы палітыкаў ці ўвогуле два тыпы ад палітыкі. Адзін жыве ў Варшаве, другі - у Берліне", - сказаў Кіраўнік дзяржавы.
"Ну, калі аднаму нашаму суседу не сядзіцца - зразумела. Я ж кажу, што там карты ўжо прамаляваны да Мінска, там ужо тэрыторыя Польшчы. Вядома, трэба неяк гэтыя малюнкі падтрымліваць, падмацоўваць, апраўдваць. Таму і ідуць такія заявы. Я толькі не ведаю, якое дачыненне гэтыя палітыкі маюць да польскага народа або польскі народ да гэтых палітыкаў. Гэта наогул чужыя людзі для Польшчы. Зразумела, чыю палітыку яны сёння праводзяць. Гэтыя людзі - не палякі. Яны чужыя польскаму народу", - адзначыў Аляксандр Лукашэнка.
"Што датычыцца другога, не то ружовага, не то блакітнага, які там пра дыктатуру крычаў... Пачуўшы гэта, я падумаў: лепш быць дыктатарам, чым блакітным. Але бог з ім. Пытанне ў іншым, - падкрэсліў Прэзідэнт. - Мы ўсе помнім сярэдзіну мінулага стагоддзя і тое, што свет атрымаў ад іх дыктатуры. Наш народ яшчэ не апамятаўся да гэтага часу. Таму не ім нас папракаць наконт нейкай дыктатуры. Я на гэту тэму наогул разважаць не хачу".
У сувязі з гэтым Кіраўнік дзяржавы падзяліўся некаторымі сваімі назіраннямі: "Мяне ў свой час (каля 15 гадоў таму) здзівіла, як кіраўнікі ў Германіі ставяцца да людзей, якія пацярпелі ў гады Другой сусветнай вайны. Усе кланяюцца, на калені становяцца, кветкі загінуўшым нясуць. Намі страчана трэць нашага насельніцтва. Дык вы з намі яшчэ за гэта не разлічыліся. Што вы нас нахіляеце пастаянна?"
"І я сёння зразумеў, што ўсё гэта было гульнёй з боку палітыкаў Германіі. Калі гэта была б не гульня, яны шанавалі б нас за тое, што мы не толькі свет выратавалі ад карычневай чумы, але і насельніцтва Германіі. Гэта мяне найбольш хвалюе: як жа так хутка можна было забыць усё гэта?" - заўважыў Аляксандр Лукашэнка.
Наконт санкцый Прэзідэнт адзначыў, што ўсе гавораць аб тым, што суд павінен быць незалежны. "Яны пачалі націск на суддзяў, і гэта не выпадкова. Гэта сігнал суддзям: глядзіце, будзеце не так судзіць, як хочуць у Бруселі або Вашынгтоне, значыць, мы вам візу не дадзім, - сказаў Кіраўнік дзяржавы. - Але суддзя залежыць толькі ад аднаго - закону. Ён не мае права на іншае. За што ж судзіць суддзю?.. "
"Або трапілі там (у чорны спіс ЕС) два міліцыянеры. Гэта таксама сігнал: глядзіце, будзеце змагацца за стабільнасць Беларусі, будзеце гэту "пятую калону" да прытомнасці прыводзіць, мы вам таксама візу не дадзім. Гэта ўсё сігналы ў адным напрамку. Ім хочацца парушыць нашу стабільнасць і знішчыць нашу дзяржаву, зрабіць яе спадручнай ва ўсіх напрамках", - дадаў Аляксандр Лукашэнка. "Мы ім гэта дазволіць не можам. Таму мы будзем (я іх папярэдзіў загадзя) вельмі жорстка рэагаваць на іх так званыя санкцыйныя меры. Што мы, дарэчы, і робім. Гэтак зрабіла б любая іншая дзяржава. Мы нікому жыць не перашкаджаем і перашкаджаць не будзем, але прымусім сябе паважаць", - падкрэсліў Прэзідэнт.
Яшчэ адно пытанне ад прадстаўнікоў СМІ датычылася беларуска-расійскіх адносін і таго ўплыву, які на іх можа аказаць вынік прэзідэнцкіх выбараў у Расіі. "Хто б ні перамог у Расіі на прэзідэнцкіх выбарах, нашы адносіны будуць дынамічна развівацца. І як бы некаму ні хацелася, каб гэтыя адносіны сапсаваліся, яны не сапсуюцца пры любым выніку прэзідэнцкіх выбараў. Мы з любым чалавекам знойдзем добрыя адносіны. Я ў гэтым перакананы", - падкрэсліў Кіраўнік дзяржавы.
Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што Расія для Беларусі - краіна не чужая: "Гэта наша Расія, я заўсёды гэта падкрэсліваю. Мы жылі разам з Расіяй у адной дзяржаве, былі сувязным звяном гэтай дзяржавы. І наогул рускія ад беларусаў нічым не адрозніваюцца. Гэтым усё сказана. Гэта ляжыць у аснове нашых адносін".
Акрамя таго, Прэзідэнт Беларусі нагадаў, што выбары ўжо можна сказаць прайшлі, а таму важна, што будзе пасля іх. "Вельмі хачу спадзявацца, што расіяне, як мне здаецца, разабраліся ў сітуацыі і будуць думаць аб тым, каб будаваць спакойную, стабільную, магутную, моцную Расію. Таму што Расія не толькі для расіян. Яна вельмі важная як адна з апор усёй нашай планеты. Таму трэба адказна ставіцца да таго, якая будзе Расія", - лічыць Аляксандр Лукашэнка.
"Што датычыцца Беларусі, вы ведаеце, што мы заўсёды былі і будзем побач з расіянамі. Рускі чалавек для нас не чужы", - рэзюмаваў Кіраўнік дзяржавы.
Перад тым як пакінуць "Раўбічы", Прэзідэнт сустрэўся са спартсменамі і гасцямі спартыўнага свята. Размова ішла пра здаровы лад жыцця, неабходнасць рэгулярных заняткаў фізкультурай і спортам, а таксама пра тое, што такія агульнарэспубліканскія святы, як "Мінская лыжня", садзейнічаюць захаванню здароўя.