Аляксандр Лукашэнка прыняў удзел у пасяджэнні Савета кіраўнікоў дзяржаў СНД

    Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь Аляксандр Лукашэнка 15 мая ў Маскве прыняў удзел у нефармальным пасяджэнні Савета кіраўнікоў дзяржаў - удзельніц СНД. На саміце абмяркоўваліся пытанні далейшага ўзаемадзеяння ў рамках гэтага інтэграцыйнага ўтварэння, а таксама актуальныя міжнародныя тэмы.

    Нефармальныя сустрэчы кіраўнікоў дзяржаў Садружнасці сталі штогадовай традыцыяй. У ходзе такіх мерапрыемстваў не прадугледжваецца дакладна рэгламентаванага парадку дня. Сёння адбыўся абмен думкамі па ключавых напрамках дзейнасці і развіцця Садружнасці, перспектывах далейшага пашырэння шматпланавага супрацоўніцтва ў рамках СНД.

    Значная ўвага была ўдзелена паглыбленню працэсаў эканамічнай інтэграцыі на прасторы Садружнасці. У кастрычніку мінулага года краіны СНД прынялі новы Дагавор аб зоне свабоднага гандлю, які прызначаны замяніць шэраг шматбаковых і двухбаковых пагадненняў. Дакумент павінен надаць новы імпульс развіццю гандлёва-эканамічных адносін. Яго сутнасць заключаецца ў фарміраванні адзінай тарыфнай і мытнай палітыкі, ліквідацыі існуючых бар'ераў у гандлі. Паводле слоў Аляксандра Лукашэнкі, Беларусь лічыць прыярытэтам у СНД гандлёва-эканамічнае супрацоўніцтва.

    У сваю чаргу, Прэзідэнт Расіі Уладзімір Пуцін звярнуў увагу на трывалыя сувязі, якія аб'ядноўваюць усе дзяржавы СНД. "Мы эфектыўна функцыянаваць, развівацца ў адрыве адзін ад аднаго не можам", - падкрэсліў ён.

    Беларусь заўсёды выступала за захаванне фармату СНД як пляцоўкі для наладжвання дыялогу. На гэты момант у Садружнасці створаны механізмы для развіцця супрацоўніцтва зацікаўленых дзяржаў практычна па ўсіх ключавых напрамках. Гэта датычыцца як узаемадзеяння ў праваахоўнай галіне, у сферы бяспекі і раззбраення, процідзеяння глабальным выклікам і пагрозам, так і сувязей у гуманітарнай сферы, якія традыцыйна з'яўляюцца адным з важнейшых прыярытэтаў СНД.

    У Садружнасці паспяхова развіваецца галіновае супрацоўніцтва ў сферах адукацыі, навукі, культуры, аховы здароўя. Прадаўжаецца фарміраванне агульнай адукацыйнай і культурнай прасторы, ажыццяўляецца каардынацыя дзеянняў у галіне фундаментальнай навукі і масавых камунікацый, актывізуецца работа з моладдзю, пашыраюцца спартыўныя і турыстычныя сувязі.

    Беларусь не толькі актыўна ўдзельнічала ў распрацоўцы значных дакументаў па развіцці супрацоўніцтва, але і ўносіла важныя ініцыятывы. Сярод іх - стратэгія эканамічнага развіцця СНД, комплекс сумесных мер па павышэнні харчовай бяспекі, канвенцыя аб прыгранічным супрацоўніцтве, план сумесных мер па пераадоленні вынікаў сусветнага фінансава-эканамічнага крызісу.

    Па выніках нефармальнага пасяджэння Савета кіраўнікоў дзяржаў СНД вырашана 2013 год у Садружнасці аб'явіць Годам экалагічнай культуры і аховы навакольнага асяроддзя. Бягучы год у СНД прысвечаны спорту і здароваму ладу жыцця.

    Чарговае пасяджэнне Савета кіраўнікоў дзяржаў СНД пройдзе ў лістападзе ў Ашхабадзе. З такой прапановай да лідараў краін СНД звярнуўся на нефармальным саміце ў Маскве Прэзідэнт Туркменістана - краіны, якая старшынствуе ў гэтым годзе ў Садружнасці, Гурбангулы Бердымухамедаў.

    Акрамя таго, беларускі і расійскі лідары дамовіліся, што свой першы афіцыйны візіт у статусе Кіраўніка расійскай дзяржавы Уладзімір Пуцін зробіць у Беларусь. Датай візіту вызначана 31 мая.