Аляксандр Лукашэнка правёў рабочую сустрэчу са Старшынёй Мінгарвыканкама Мікалаем Ладуцькам

    Горад Мінск павінен развівацца комплексна. Гэтага запатрабаваў Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь Аляксандр Лукашэнка 9 студзеня ў час рабочай сустрэчы са Старшынёй Мінгарвыканкама Мікалаем Ладуцькам.

    У сталіцы нараўне з жылымі аб'ектамі павінны адначасова ўзводзіцца дзіцячыя сады, школы, аб'екты гандлю, а таксама бытавога абслугоўвання і спорту. У прыватнасці, пастаўлена задача пачаць будаўніцтва ў горадзе новых фізкультурна-аздараўленчых комплексаў. У канцы года такі аб'ект пачнуць узводзіць у Заводскім раёне сталіцы, такія комплексы таксама будуць пабудаваны і ў іншых раёнах.

    Паводле слоў Мікалая Ладуцькі, у Мінску ў мінулым годзе пабудаваны 1 млн.кв.м жылля. Аналагічную колькасць плануецца ўзвесці ў сталіцы ў 2012 годзе.

    Кіраўніку дзяржавы даложана аб перспектывах развіцця і рэалізацыі інвестыцыйных праектаў у Мінску.

    Аляксандр Лукашэнка акцэнтаваў увагу на тым, што сталіца Беларусі павінна мець высокую інвестыцыйную прывабнасць, і для гэтага на дзяржаўным узроўні створаны ўсе неабходныя ўмовы. Цяпер усё залежыць ад дзейнасці мясцовай улады.

    Прэзідэнт адзначыў нейкую дынаміку ў рэалізацыі шэрагу інвестыцыйных праектаў па забудове Мінска. Аляксандр Лукашэнка запатрабаваў паскорыць ажыццяўленне інвестпраектаў у жылым комплексе "Усходні маяк Мінска", дзелавым цэнтры "Мінск-Сіці", на праспекце Пераможцаў, у раёне Мінскай кальцавой аўтамабільнай дарогі.

    Мэр горада адзначыў, што ў адпаведнасці з даручэннямі Прэзідэнта ёсць канкрэтны план развіцця сталіцы, і гарадскія ўлады гатовы да супрацоўніцтва па яго рэалізацыі ў першую чаргу з айчынным бізнесам, а такама з замежнымі кампаніямі.

    Пачынаючы з чацвёртага квартала мінулага года назіраецца павелічэнне інвестыцыйнай актыўнасці з боку замежных прадпрыемстваў, кампаній, прыватных інвестараў. Напрыклад, за тры апошнія месяцы мінулага года заключана больш як 10 інвестыцыйных дагавораў, якія пачнуць практычна рэалізоўвацца ў Мінску ў першым паўгоддзі 2012 года.

    Асаблівую ўвагу Прэзідэнт звярнуў на якасць работы будаўнічага комплексу сталіцы. Пакуль гэта сфера істотна адстае па ўзроўні прадукцыйнасці працы ў параўнанні з заходнееўрапейскімі меркамі. У сувязі з гэтым Мікалай Ладуцька паабяцаў, што ў 2012 годзе па гэтым паказчыку будаўнікі выйдуць на больш высокі ўзровень. Рэзервы - у паляпшэнні арганізацыі працы на будаўнічых пляцоўках, у прымяненні новых сучасных тэхналогій, а таксама павышэнні адказнасці і ўзмацненні працоўнай дысцыпліны.