Аляксандр Лукашэнка правёў прыём кіруючага складу Узброеных Сіл і праваахоўных органаў

    Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь Аляксандр Лукашэнка лічыць бесперспектыўным любыя замахі на суверэнітэт Беларусі. Аб гэтым ён заявіў 23 лютага, выступаючы на прыёме кіруючага складу Узброеных Сіл і праваахоўных органаў. Гэта традыцыйнае мерапрыемства, прысвечанае Дню абаронцаў Айчыны і Узброеных Сіл Беларусі, прайшло з удзелам вышэйшых службовых асоб краіны.

    Паводле слоў Прэзідэнта, гэта свята ў беларускага народа з'яўляецца адным з самых шануемых. Бо пераважная большасць мужчынскага насельніцтва Беларусі прайшла школу арміі, ведае ўзбраенне і тактыку не па камп'ютарных гульнях і баевіках. Многія былі ўдзельнікамі войнаў і лакальных канфліктаў. "І заўсёды наш салдат быў воінам-абаронцам, воінам-вызваліцелем, паказваючы прыклад доблесці, стойкасці і адвагі", - падкрэсліў Кіраўнік дзяржавы.

    Ён адзначыў, што беларускія войскі ўдзельнічаюць, на шчасце, толькі ў вучэбных войнах, аднак гэта зусім не значыць, што армія з'яўляецца, як кажуць, паркетнай. Наадварот, менавіта прафесіяналізм беларускіх ваенных - галоўны фактар стратэгічнага стрымлівання замежнай агрэсіі.

    Вынікі праведзеных у 2011 годзе ваенных мерапрыемстваў, сярод якіх сумеснае вучэнне Узброеных Сіл Беларусі і Расіі "Шчыт Саюза", праверка гатоўнасці сіл неадкладнага рэагавання і тэрытарыяльнай абароны, дэманструюць здольнасць і гатоўнасць беларускай арміі і іншых сілавых структур эфектыўна выконваць пастаўленыя перад імі задачы.

    Тым самым, паводле слоў Кіраўніка дзяржавы, пацверджана правільнасць выбранага шляху забеспячэння бяспекі. "Высокі ўзровень патрыятызму беларускіх грамадзян - гэта аснова абараназдольнасці нашай Айчыны", - лічыць Прэзідэнт.

    Аднак сучасны свет пастаянна падносіць новыя выклікі і пагрозы. На думку Прэзідэнта, інфармацыйна-псіхалагічныя формы экспансіі ў спалучэнні з ваеннай састаўной часткай па-ранейшаму дамінуюць у арсенале
    сродкаў вырашэння міждзяржаўных супярэчнасцей. Усё новыя краіны становяцца аб'ектамі адкрытай агрэсіі.

    Пры дапамозе розных палітычных і інфармацыйных тэхналогій праведзена насільная змена дзяржаўнай улады ў шэрагу краін Паўночнай Афрыкі.

    Адкрытае ваеннае ўмяшанне НАТА ва ўнутраныя справы суверэннай Лівіі прывяло да знішчэння дзяржавы, якая некалі дынамічна развівалася. Гэты ж сцэнарый Захад гатовы рэалізаваць у Сірыі, Іране і іншых краінах, адзначыў Аляксандр Лукашэнка.

    Прэзідэнт падкрэсліў, што ўсё больш маштабным, вытанчаным і настойлівым становіцца палітычны, эканамічны, інфармацыйны націск на Беларусь. Уводзяцца эканамічныя санкцыі адносна прадпрыемстваў, візавыя абмежаванні для грамадзян.

    Аляксандр Лукашэнка таксама адзначыў, што ў нашы дні абарона Айчыны перастала быць прэрагатывай толькі адных ваенных. Цяпер гэта справа ўсіх і кожнага - афіцэра, вучонага, бізнесмена, рабочага, праграміста, аграрыя. Бо стратэгічная перавага ў любым процістаянні дасягаецца кансалідацыяй грамадства, сказаў Кіраўнік дзяржавы, падкрэсліўшы пры гэтым, што залогам нашага поспеху з'яўляецца сплаў ваеннай магутнасці, навуковага патэнцыялу і найвышэйшага патрыятызму насельніцтва.

    Як лічыць Прэзідэнт, аналіз апошніх падзей у краіне пацвярджае трываласць беларускай сацыяльна-палітычнай і эканамічнай мадэлі развіцця. І ўся сістэма ваеннай арганізацыі краіны забяспечвае народу мірную стваральную працу і стабільнасць.

    Аляксандр Лукашэнка на прыёме ўручыў генеральскія пагоны прадстаўнікам вышэйшага афіцэрскага складу сілавых структур: Валерыю Вакульчыку - генерал-маёра юстыцыі, Аляксандру Шамко - генерал-маёра ўнутранай службы, Валянціну Міхневічу - генерал-маёра міліцыі. Пагоны генерал-маёра атрымалі таксама Ігар Бусько, Ігар Голуб, Леанід Дзядкоў, Уладзімір Калач і Віктар Лісоўскі.

    У гэты ж дзень Прэзідэнт прыняў удзел у цырымоніі ўскладання вянкоў да манумента Перамогі.