Аляксандр Лукашэнка правёў нараду па выніках фіналу Нацыянальнага тэлевізійнага музычнага праекта "Еўрафэст"
Вынікі фіналу конкурсу "Еўрафэст" былі падтасаваны. Аб гэтым заявіў Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 24 лютага на нарадзе па выніках правядзення фіналу Нацыянальнага тэлевізійнага музычнага праекта "Еўрафэст".
"Сумна, што нам даводзіцца на ўзроўні Прэзідэнта займацца такімі пытаннямі. Але пытанне якраз не ў тым, каб займацца нейкімі еўрафэстамі або нават конкурсам "Еўрабачанне". Пытанне, якое выносіцца на ўзровень Прэзідэнта, зусім у іншым - пытанне ў справядлівасці", - сказаў Кіраўнік дзяржавы.
"Я лічу, прысутным тут няма неабходнасці тлумачыць, што стрыжнем усёй маёй палітыкі з'яўляецца пытанне справядлівасці. Гэта галоўнае, што прэваліруе над усімі прынцыповымі крытэрыямі дзейнасці суб'ектаў гаспадарання, грамадзян нашай краіны, чыноўнікаў і гэтак далей", - нагадаў Аляксандр Лукашэнка.
"Мы заявілі аб тым, што будзем удзельнічаць у "Еўрабачанні". Гэта было зроблена даўно. І дрэнна-добра, у дзіцячым - лепш, у дарослым, можна сказаць, ніяк, але вынікі нейкія былі. І пытанне, можа, тут не столькі ў тым, хоць гэта важна, каб перамагчы. Пытанне ў тым, што ёсць такая краіна Беларусь, цывілізаваная краіна, цэнтр Еўропы, якая прымае ўдзел у такіх міжнародных форумах", - адзначыў Аляксандр Лукашэнка.
Ён прадоўжыў: "Я папрасіў не без згоды і жадання Аляксандра Шакуціна (старшыня савета дырэктараў ААТ "Амкадор"), каб ён, Міністр культуры і кіраўнік Белтэлерадыёкампаніі арганізавалі належным чынам гэты працэс у нашай краіне і вызначылі тых, хто дастойна можа прадставіць нашу краіну на гэтым конкурсе".
"Як мяне інфармавалі, не публічна, у прыватным парадку, працэс ішоў. Так, сапраўды, карцінка была прыгожая на тэлебачанні, арганізавана гэта было нармальна", - сказаў Кіраўнік дзяржавы.
"Вы вызначылі крытэрыі (не я іх вызначаў), што гледачы і журы, як гэта і на "Еўрабачанні" будзе, выбіраюць лепшага. У выніку ўсё атрымалася наадварот. Вы стварылі патавую сітуацыю, сітуацыю, якая характарызуе ўсіх трох непрыстойна", - падкрэсліў Прэзідэнт.
"Як мяне інфармуюць ужо дзве групы, якія па маім даручэнні гэтым займаліся, вынікі фіналу конкурсу былі падтасаваны. Не ведаю, навошта. Разбяромся. Даравання нікому не будзе. Таму я прапаную вам не цямніць, - сказаў Прэзідэнт. - Падставілі таленавітую спявачку. Не ведаю, як вы з ёю будзеце разбірацца цяпер. І пакрыўдзілі гэтых хлопцаў, якія фактычна аказаліся па вашых крытэрыях пераможцамі. Яшчэ раз падкрэсліваю: пытанне ў справядлівасці".
Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што другое пытанне - гэта фінансавы бок, які ён даручыў таксама разгледзець: "Я здзіўлены, Генадзь Браніслававіч (старшыня Белтэлерадыёкампаніі), Вы кожны дзень мне пішаце пісьмы аб цяжкім фінансавым стане вашай кампаніі. І тым не менш траціце мільярды рублёў незразумела на што. Вам што, грошы няма куды дзяваць? Журналісты скардзяцца - зарплату не плаціце, як належыць. Гэта другое пытанне, на якое я хачу атрымаць адказ".
Прэзідэнт падкрэсліў, што гэта будзе навука для ўсіх, хто сёння займаецца адукацыяй і культурай: "Там не ўмеюць лічыць грошы, таму што яны іх не зарабляюць".
Як далажыў Міністр культуры, старшыня аргкамітэта праекта "Еўрафэст" Павел Латушка, ні ён, ні на яго не аказвалася ніякага націску пры вызначэнні пераможцы конкурсу. "Мне таксама невядомы такія факты адносна іншых адказных за нацыянальны адбор. Міністэрствам культуры не даваліся даручэнні аб адміністрацыйнай падтрымцы аднаго з кандыдатаў", - адзначыў ён.
"Разам з тым я як старшыня аргкамітэта павінен быў больш дасканала падысці да пытання падліку галасоў тэлегледачоў. Самакрытычна ацэньваючы сітуацыю з пазіцыі сённяшняга дня, пытанне працэдуры і празрыстасці падліку галасоў неабходна было разгледзець асобна на пасяджэнні аргкамітэта", - прызнаў Міністр.
Для таго каб такая сітуацыя ў будучым не паўтарылася, Павел Латушка прапанаваў дакладна прапісваць прававую працэдуру падліку галасоў і кантролю за гэтым. У склад падліковай камісіі ў абавязковым парадку ўключаць па адным прадстаўніку ад кожнага фіналіста конкурсу. Неабходна таксама забяспечыць дэманстрацыю галасавання ў прамым эфіры.
"Зыходзячы з інфармацыі аб рэальных выніках галасавання тэлегледачоў, дзеля справядлівасці неабходна вызначыць пераможцам у нацыянальным адборы групу Litesound і забяспечыць яе ўдзел у "Еўрабачанні", - адзначыў Міністр культуры.
Затым аб існуючай сітуацыі далажыў Першы намеснік Кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта Аляксандр Радзькоў, які ўзначаліў камісію, што працавала па гэтым пытанні. "Камісія па ўсім ланцужку правяла праверку для ўстанаўлення сапраўднай карціны. Высветлена, што вынікі галасавання журы не сфальсіфікаваны. Усе нашы апытанні паказалі, што націску на іх не было", - праінфармаваў ён, адзначыўшы, што па выніках галасавання членаў журы на першым месцы была група Litesound, на другім - Алёна Ланская.
Пасля завяршэння работы журы на працягу 15 мінут ішло галасаванне тэлегледачоў. "Былі адказныя асобы, найперш работнікі Белтэлерадыёкампаніі, якія адказвалі за падлік галасоў і сядзелі за камп'ютарамі. Гэта было ў перасовачнай тэлестанцыі. Там прысутнічалі сем чалавек. Ход галасавання абмяркоўваўся, быў адкрыты. Таму ўсе бачылі (і гэта пацвярджаюць прысутныя), што па званках тэлегледачоў і СМС група Litesound прыкладна на 2 тыс. абыходзіла Алёну Ланскую, - расказаў Аляксандр Радзькоў. - Калі пасля падвядзення вынікаў у гэту станцыю прыйшоў прадзюсар Дзмітрый Баранаў, яму далажылі сапраўдную карціну. Ён загадаў, каб далі вынікі, у адпаведнасці з якімі пераможцай была б Алёна Ланская. Гэтыя даныя былі перададзены ў падліковую камісію і прасумаваны".
Аляксандр Радзькоў далей растлумачыў, што ў Алёны Ланской і групы Litesound была аднолькавая колькасць балаў, а паводле ўмоў конкурсу ў гэтай сітуацыі перавага аддаецца таму, хто атрымаў больш галасоў тэлегледачоў. Ён таксама расказаў, што работнікі, якія знаходзіліся ў перасовачнай тэлестанцыі, захавалі на флэш-картцы сапраўдныя даныя. "Мы праверылі праз сервер "Белтэлекам". Яны дакладна супадаюць з тым, што было на флэшцы. Гэта значыць, сапраўдная карціна ў нас ёсць. Па гэтых выніках перамагла група Litesound з розніцай амаль 2 тыс. галасоў. Мы доказна і дакументальна ўстанавілі, што вынікі галасавання тэлегледачоў былі сфальсіфікаваны", - канстатаваў Аляксандр Радзькоў.
Акрамя таго, быў правераны фінансавы бок правядзення фіналу "Еўрафэсту". "Мы ўзнімалі гэтыя фінансавыя пытанні і звярталі ўвагу на недапушчальнасць такіх затрат", - адзначыў Першы намеснік Кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта.
Больш падрабязна па гэтым пытанні далажыла намеснік Старшыні Белтэлерадыёкампаніі Алена Гулевіч. "Крыніцамі аплаты былі пазабюджэтныя сродкі Белтэлерадыёкампаніі, сродкі рэспубліканскага бюджэту і не менш як 50% – гэта ў дзел спонсара ААТ "Амкадор", - сказала яна. Пры гэтым ужо расходавана значная частка з тых сродкаў, якія прадугледжвалася накіраваць на творчую дзейнасць да канца года.
"З прыходам Алены Гулевіч у Белтэлерадыёкампанію ў нас стала з'яўляцца рэальная карціна фінансавага стану на тэлебачанні. Сітуацыя з правядзеннем "Еўрафэсту" паказвае, што пакуль дакладнага канструктыўнага ўзаемадзеяння паміж кіраўніком і намеснікам, які курыруе фінансы, няма, - паведаміў Кіраўнік Адміністрацыі Прэзідэнта Уладзімір Макей. - Аналагічная сітуацыя і па шэрагу іншых праектаў".
"Мы не можам падмяняць дзейнасць кіраўніка Белтэлерадыёкампаніі, але з нашага боку мы прызнаём, што трэба было б дзейнічаць больш жорстка і актыўна", - сказаў Уладзімір Макей.
"Так, Вы не павінны нікога падмяняць, - там ёсць кіраўнік. Але мы маем права іх мяняць", - адзначыў Прэзідэнт.
Звяртаючыся да намесніка Прэм'ер-міністра Анатоля Тозіка, Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў: "Калі ўжо шчыра кажучы, Анатоль Апанасавіч, гэта фінансавае пытанне - ваша. Адміністрацыя Прэзідэнта адказвае за ідэалагічную састаўную частку. А які ваш удзел у гэтым? Вы грошы там палічылі, пракантралявалі?"
"На жаль, не займаліся гэтым. Лічылі, што гэта не наша поле дзейнасці. Зробім вывады", - адказаў Анатоль Тозік.
"Грошы вы павінны лічыць. Бюджэт ва Урадзе, а не ў Адміністрацыі", - заўважыў Прэзідэнт.
"Запрасілі вялікіх зорак, заплацілі ім немалыя грошы. Калі мы такія бедныя, дык давайце мы гэтыя грошы ўкладзём у сваіх. Няхай нашы выйдуць і праспяваюць. Тая ж Афанасьева, Саладуха, Дарафеева. Вось аб чым пытанне сёння", - сказаў Кіраўнік дзяржавы.
"Накіруйце па фінансавых пытаннях туды Камітэт дзяржкантролю, і няхай непасрэдна мне дакладваюць сумленна і аб'ектыўна, што там адбываецца", - даручыў Прэзідэнт.
"Майце на ўвазе, я на гэту тэму размаўляю апошні раз", - папярэдзіў Прэзідэнт. - Я вас туды накіраваў (Генадзя Давыдзьку), нарэшце, як свайго чалавека, які павінен навесці там парадак. Але размахваць шашкай, асабліва ў фінансавых пытаннях, гэта нават небяспечна. Прымусьце кожнага прыносіць у скарбонку, а не забіраць з гэтай скарбонкі".
"Гэта павінен быць урок не толькі Белтэлерадыёкампаніі і Міністэрству культуры, - дадаў Аляксандр Лукашэнка. - У бюджэт гэтыя грошы хтосьці прыносіць. Мы павінны лічыць кожную капейку. Усюды трэба лічыць грошы і падыходзіць разумна".
Аляксандр Лукашэнка таксама запатрабаваў, каб у Алёны Ланской, а таксама ва ўдзельнікаў групы Litesound папрасілі прабачэння.
Генадзь Давыдзька прызнаўся, што вельмі цяжка ўспрымае тое, што здарылася: "Хацелася свята, зрабіць усё сумленна. Значыць, я дзесьці штосьці не прадугледзеў. Што датычыцца фінансавай сітуацыі, таксама прымаю". Ён запэўніў, што група Litesound будзе падрыхтавана і дастойна выступіць на "Еўрабачанні" ў Баку. Генадзь Давыдзька таксама паабяцаў зменшыць амбіцыйнасць планаў Белтэлерадыёкампаніі і аптымальна расходаваць сродкі.
"У Алёны Ланской, якая, дарэчы, прынесла нам перамогу на "Славянскім базары", трэба папрасіць афіцыйна прабачэння. Яна пацярпелы ў гэтай сітуацыі чалавек. Яна ад душы выступала і імкнулася да гэтай перамогі. Але справядлівасць ёсць справядлівасць. Па тых крытэрыях, якія былі вызначаны, перамагла група Litesound, якая і павінна прадстаўляць нашу краіну", - сказаў Прэзідэнт.
Прэзідэнт таксама адзначыў: "Заахвочванне ўдзельніка "Еўрабачання" залежыць ад таго, як ён там выступіць, якое зойме месца. Гэтак жа, як у спорце: вынік на стол - атрымлівай і матэрыяльную, і маральную ўзнагароду, як гэта было з Вікторыяй Азаранка, Дар'яй Домрачавай, Кацярынай Карстэн і многімі іншымі".
Кіраўнік дзяржавы падпісаў Указ аб прыцягненні да адказнасці шэрагу службовых асоб, якія не прынялі належных мер па забеспячэнні аб'ектыўнага і справядлівага адбору беларускага прадстаўніка на конкурс песні "Еўрабачанне".
Аб'яўлена вымова Міністру культуры Паўлу Латушку і старшыні Белтэлерадыёкампаніі Генадзю Давыдзьку.
Кіраўнік дзяржавы таксама аб'явіў заўвагу Кіраўніку Адміністрацыі Прэзідэнта Беларусі Уладзіміру Макею, намесніку Прэм'ер-міністра Беларусі Анатолю Тозіку, Першаму намесніку Кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта Аляксандру Радзькову.
Міністру культуры і старшыні Белтэлерадыёкампаніі даручана неадкладна звольніць асоб, вінаватых у скажэнні вынікаў галасавання ў фінале Нацыянальнага музычнага праекта "Еўрафэст".
/P