Аляксандр Лукашэнка правёў нараду па пытанню рэалізацыі калійных угнаенняў на экспарт

    Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь Аляксандр Лукашэнка патрабуе максімальна эфектыўна выкарыстоўваць магчымасці Беларусі па вытворчасці і экспарту мінеральных угнаенняў. Аб гэтым Кіраўнік дзяржавы 7 снежня заявіў на нарадзе па пытанню рэалізацыі калійных угнаенняў на экспарт.

    "Мяне інфармуюць аб тым, што нібыта рынкі сёння перапоўнены, падаюць цэны і вытворцы зніжаюць вытворчасць. Не ведаю, як іншыя вытворцы, але наш сапраўды зніжае вытворчасць, нягледзячы на вялікі запас вытворчых магутнасцей", - сказаў ён.

    Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што хацеў бы абмеркаваць з удзельнікамі нарады фундаментальнае пытанне - здабычы ў краіне калійных, вытворчасці фосфарных і азотных угнаенняў. "Мы з вамі шмат гаварылі аб вытворчасці змешаных угнаенняў. Як тут у нас вырашаюцца пытанні? Прадаваць угнаенні добра, але яшчэ лепш прадаваць змешаныя або комплексныя ўгнаенні, гэта зусім іншая цана і іншая справа", - сказаў Прэзідэнт. "Мы аб гэтым ужо даўно гаварылі, і ва Урадзе недзе пыляцца чарговы раз гэтыя планы", - дадаў Кіраўнік дзяржавы. Аляксандр Лукашэнка запатрабаваў далажыць, як ідуць справы па будаўніцтву магутнасцей па змешванню калійных, азотных і фосфарных угнаенняў. Акрамя таго, Кіраўнік дзяржавы пацікавіўся станам спраў у Беларускай калійнай кампаніі, як ідзе вытворчасць і рэалізацыя ўгнаенняў.

    "Хацеў бы пачуць, як ідуць справы на калійным рынку, таксама з нашымі галоўнымі расійскімі партнёрамі, ці дамовіліся, і калі дамовіліся, што вы плануеце зрабіць у перспектыве?" - спытаў Прэзідэнт. Пры гэтым Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў: "Хачу перасцерагчы ад трафарэтных разважанняў, якія мне вельмі добра вядомы. Мне патрэбны канкрэтныя прапановы".

    Па выніках нарады Прэзідэнт даў шэраг даручэнняў яе ўдзельнікам, яшчэ раз звярнуўшы асаблівую ўвагу на задачу больш хуткага стварэння магутнасцей па вытворчасці змешаных (NPK) угнаенняў і выхаду на сусветны рынак з гэтай выключна запатрабаванай прадукцыяй.