Аляксандр Лукашэнка правёў нараду па пытанні фарміравання буйных малакаперапрацоўчых прадпрыемстваў (холдынгаў)
Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь Аляксандр Лукашэнка даручыў да мая ўрэгуляваць усе пытанні па стварэнні буйных малакаперапрацоўчых прадпрыемстваў. Такую задачу ён паставіў 24 лютага на нарадзе, прысвечанай гэтай тэме.
Пры прыцягненні інвестараў у малакаперапрацоўчую галіну Беларусі неабходна перш за ўсё прытрымлівацца інтарэсаў дзяржавы і народа, падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.
Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што апошнім часам вядзецца шмат размоў аб партнёрстве паміж прыватнікам і дзяржавай. "На жаль, шмат хто гэты тэзіс трактуе вельмі аднабакова і спрошчана - усё зводзіцца да прыватызацыі вытворчых магутнасцей і, па сутнасці, выцяснення дзяржавы з эканомікі. Такі падыход нельга назваць аптымальным і балансаваным, асабліва калі размова ідзе аб сферах, якія закранаюць інтарэсы ўсіх слаёў насельніцтва, маюць стратэгічную і сацыяльную значнасць", - падкрэсліў Прэзідэнт.
Паводле яго слоў, аб важнасці малакаперапрацоўчай галіны для дзяржавы сведчаць многія фактары. Па-першае, на яе працуюць амаль усе сельгасарганізацыі ва ўсіх рэгіёнах краіны. Па-другое, галіна вырабляе вялікія аб'ёмы сацыяльна значнай прадукцыі і ў вялікай ступені забяспечвае харчовую бяспеку краіны. "Гэта значыць, малакаперапрацоўчыя заводы вырабляюць не толькі дарагую прадукцыю. Прыватызуючы гэтыя прадпрыемствы, дзе гарантыя, што прыватнік гэтак жа будзе клапаціцца аб вытворчасці сацыяльна значнай прадукцыі?" - заўважыў Кіраўнік дзяржавы.
Па-трэцяе, прадоўжыў ён, прадукцыя галіны запатрабавана на знешніх рынках, прыносіць значныя даходы прадпрыемствам і валюту дзяржаве. Беларусь уваходзіць у пяцёрку вядучых пастаўшчыкоў малочных прадуктаў у свеце. "Адсюль, напэўна, і вялікі інтарэс прыватных інвестараў да нашай малакаперапрацоўчай прамысловасці, ды і мясаперапрацоўчай у тым ліку", - сказаў Прэзідэнт.
Ён канстатаваў, што ў Беларусі дастаткова развітыя сыравінныя зоны. Высокая якасць малака і ўстойлівы попыт на беларускую прадукцыю робяць гэту сферу прывабнай для многіх інвестараў - як айчынных, так і замежных. Тут, як адзначыў Кіраўнік дзяржавы, асабліва рэльефна выяўляюцца станоўчыя і негатыўныя тэндэнцыі гэтага працэсу, што патрабуе пільнай увагі органаў улады і кіравання. "Трэба ўнесці поўную яснасць у гэтыя пытанні і прыняць дзейсныя меры. На сённяшняй нарадзе мы ўсебакова і ўзважана абмяркуем пытанні межаў і ўмоў допуску прыватнага капіталу (свайго і замежнага) у малакаперапрацоўчую галіну краіны", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.
Прэзідэнт нагадаў, што гэта праблема ўжо не раз абмяркоўвалася. "Нават паспрабавалі асобных інвестараў упусціць у гэту сферу ў Брэсцкай і Магілёўскай абласцях. Дайшло аж да французскага "Данона". Як яны сябе паводзяць, мы ўбачылі. Яны ўсе хочуць узяць у сельскагаспадарчых прадпрыемстваў малако танней, вырабіць найбольш значную прадукцыю, затраціўшы на гэта невялікія грошы, і даражэй прадаць, - сказаў Кіраўнік дзяржавы. - Дзе прыбытак застаецца? У малакаперапрацоўшчыкаў, якія прыйшлі да нас. Нам гэта трэба?"
"І прытым мы ўбачылі, як яны інвесціруюць. Яны не прыйшлі да нас і не прынеслі партфель грошай. Калі яны і гатовы інвесціраваць, то за кошт прыбытку, які яны заробяць на нас. Магчыма, за кошт крэдытаў, што возьмуць у нас. Паўстае пытанне: чаму мы не можам зрабіць так, хто дзяржаве перашкаджае гэтак жа працаваць?" - паставіў пытанне Кіраўнік дзяржавы.
Пры гэтым ён адзначыў, што ў Беларусі ўжо ёсць вопыт па стварэнні буйных малакаперапрацоўчых прадпрыемстваў, і гэта работа вядзецца ў розных рэгіёнах. "Чаму іх не прымусіць працаваць, як прыватніка, больш рэнтабельна? Тады не будзе боязі, што мы дзесьці памылімся. Створым кампанію і, калі паўстане пытанне, то мы іх проста прададзім. Але гэта будзе магутная кампанія, і мы не за $1,5 млн. або $5 млн., як нам
прапануюць, а прададзім яе за $500 млн.", - адзначыў Аляксандр Лукашэнка.
Паводле яго слоў, неабходна і далей мадэрнізаваць малакаперапрацоўчую галіну, магчыма, узбуйняць прадпрыемствы (цяпер іх 43). "Можа, іх будзе дзесяць, час пакажа. Нельга штучна ствараць буйныя кампаніі", - лічыць Прэзідэнт.
"Калі хтосьці захоча ў нас купіць сыравінную зону з малакаперапрацоўчым прадпрыемствам і прапануе нам вялікія грошы, то, добра, давайце разгледзім гэта пытанне. Але я не бачу такіх прапаноў. Ніхто ж так пытанне не ставіць. Усе хочуць ад галіны, якая добра працуе, штосьці атрымаць, гэта зразумела. Але атрымаць павінна перш за ўсё беларуская дзяржава і народ. З гэтага трэба зыходзіць", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.
Паводле яго слоў, неабходна ў гэтым пытанні вызначыцца з асноўнымі падыходамі, у тым ліку ў рэгіянальным разрэзе, выпрацаваць поўны і зразумелы механізм фарміравання такіх кампаній, перш за ўсё ўлічваючы інтарэсы дзяржавы. Адпаведныя даручэнні былі дадзены Ураду і аблвыканкамам.
Прэзідэнт падкрэсліў персанальную адказнасць Міністра сельскай гаспадаркі і харчавання за развіццё малакаперапрацоўчай галіны, у тым ліку ў пытанні прыцягнення інвестара. "Галоўны інспектар тут – Міністр і міністэрства. Ён павінен абараняць інтарэсы дзяржавы. Галоўнае, каб прадпрыемства працавала эфектыўна, быў прыбытак і рэнтабельнасць. А калі так будзе працаваць дзяржаўнае прадпрыемства, то гэта на карысць дзяржаве. Галоўнае, каб гэта было выгадна народу", - рэзюмаваў Прэзідэнт Беларусі.
Як далажыў Міністр сельскай гаспадаркі і харчавання Міхаіл Русы, за апошнія тры гады Беларусь увайшла ў пяцёрку вядучых пастаўшчыкоў малочных прадуктаў у свеце. Наша краіна, вырабляючы 1% малака ў агульным сусветным аб'ёме, займае 4,5% у сусветным гандлі. Паводле статыстычных справаздач Міжнароднай малочнай федэрацыі, у спісе вядучых сусветных экспарцёраў малакапрадуктаў у сегменце цвёрдых сыроў і па сухім малаку Беларусь займае 5 пазіцыю ў свеце, па неразведзеным малаку - 7 пазіцыю. Акрамя таго, Беларусь увайшла ў тройку лідараў, заняўшы 8% сусветнага сегмента ад аб'ёму экспарту масла, уступіўшы Новай Зеландыі і ЕС, апярэдзіўшы ЗША (7%) і Аўстралію (7%).
Перад айчыннымі малакаперапрацоўчымі арганізацыямі пастаўлена стратэгічная задача па выпуску канкурэнтаздольнай з буйнымі транснацыянальнымі кампаніямі прадукцыі. Як лічаць у Мінсельгасхарчы, для ўмацавання сваіх пазіцый на знешнім рынку беларускім прадпрыемствам неабходна ўлічваць сусветныя тэндэнцыі па ўзбуйненні вытворчасці і стварэнню магутнай экспартаарыентаванай вытворчай структуры ў сектары перапрацоўкі.
Як адзначыў Міхаіл Русы, у Беларусі гэта было зроблена на першым этапе, калі з больш як 100 прадпрыемстваў было сфарміравана 43.
На думку Урада, правядзенне структурнай рэарганізацыі малакаперапрацоўчых арганізацый дасць магчымасць павысіць эфектыўнасць работы за кошт эканоміі затрат, звязаных з закупкай сыравіны і матэрыялаў, эфектыўна кіраваць мадэрнізацыяй і тэхнічным перааснашчэннем вытворчасці, ажыццявіць цэнтралізацыю інвестыцый, аптымізаваць структуру перапрацоўкі малака. Акрамя таго, будзе больш рацыянальна выкарыстоўвацца дзеючы вытворчы патэнцыял, інтэгруюцца функцыі рэалізацыі прадукцыі і развіцця ўласнай тавараправоднай сеткі як асобнага напрамку гаспадарчай дзейнасці холдынга. Аднак самае галоўнае - будзе стымулявацца ўстойлівае развіццё сыравіннай зоны, у тым ліку пры дапамозе фінансавых укладанняў у яе мадэрнізацыю.
У выніку ўзбуйнення павысіцца канкурэнтаздольнасць прадукцыі за кошт выкарыстання не толькі адзінага, а некалькіх ключавых брэндаў, вызначыцца аптымальная структура лінейкі экспартнай прадукцыі.
Міхаіл Русы адзначыў, што такая работа праводзіцца ва ўсіх абласцях, пры гэтым адпрацоўваецца некалькі схем стварэння буйных малочных кампаній.
Паводле слоў Міністра, пры такім развіцці галіны ўзнікае прынцыповае пытанне аб мэтазгоднасці прыцягнення інвестара ў малакаперапрацоўку.
Як лічаць у Мінсельгасхарчы, у аснову прыватнага і дзяржаўнага падыходу павінны быць закладзены прынцыпы захавання ва ўласнасці дзяржавы не менш як 25% і 1 акцыі ў кіруючай структуры любой ствараемай кампаніі, што дасць магчымасць вырашаць любыя аператыўныя пытанні. Інвестар павінен прадставіць канкрэтныя аб'ёмы, аб'екты і тэрміны ўкладання інвестыцый, а таксама выконваць тэрміны рэалізацыі інвестыцыйных праектаў.
Акрамя таго, інвестар павінен гарантаваць укладанне грашовых сродкаў у вытворчасць і развіццё сыравіннай зоны, пры гэтым ён павінен прыходзіць або са сваім капіталам, або з рэсурсамі замежнага банка. Яшчэ адным абавязацельствам інвестара з'яўляецца задавальненне патрэбнасцей рэгіёнаў у пастаўках малочных прадуктаў, у тым ліку сацыяльных.
У прыватнасці, такія падыходы былі прыняты за аснову пры стварэнні аб'яднанай малочнай кампаніі на базе арганізацый Брэсцкай і Мінскай абласцей з аб'ёмам перапрацоўкі малака не меншым за 1 млн. т.
Мінсельгасхарч прапануе ствараць такія буйныя кампаніі ў кожнай вобласці. За аснову можа быць узяты вопыт Гомельскай вобласці, дзе створаны магутны холдынг з кіраваннем дзяржавы.
Як адзначыў Міністр, замежныя інвестары выказваюць даволі высокі інтарэс да беларускіх малакаперапрацоўчых прадпрыемстваў. Паводле яго слоў, на працягу года Беларусь наведалі прадстаўнікі пяці буйнейшых замежных кампаній, якія маюць сур'ёзныя намеры. Беларускі бок прапануе наладзіць выпуск толькі той прадукцыі, якая адсутнічае на ўнутраным беларускім рынку.
Губернатар Мінскай вобласці Барыс Батура расказаў аб планах па стварэнні буйных малакаперапрацоўчых прадпрыемстваў у сваім рэгіёне. У прыватнасці, тут плануецца ў адзіным холдынгу аб'яднаць тры малочныя кампаніі і адну мясную. У перспектыве не выключана, што да яе будуць далучаны і прадпрыемствы па перапрацоўцы плодаагародніннай прадукцыі.
Асноўную сутнасць такога ўзбуйнення губернатар бачыць у канцэнтрацыі фінансаў. Ён адзначыў, што на першапачатковым этапе ўся ўласнасць будзе сканцэнтравана ў руках дзяржавы. Плануецца таксама распрацаваць дакладную спецыялізацыю па брэндах, выбудаваць лагістыку.
Як далажыў Старшыня Камітэта дзяржаўнага кантролю Аляксандр Якабсон, створаны ў Гомельскай вобласці холдынг дэманструе нядрэнныя вынікі гаспадарчай дзейнасці. Так, у 2011 годзе прыбытак ад рэалізацыі прадукцыі вырас у 4,3 раза, рэнтабельнасць продажаў - у 2,4 раза, матэрыяльныя затраты зменшыліся ў 6,8 раза.
Да 2013 года ўсе ствараемыя ў краіне холдынгі павінны выйсці на перапрацоўку малака ў аб'ёме не меншым за 1 млн. т. штогод.
Ён таксама лічыць, што інвестар, які прыходзіць у гэту галіну, павінен укладваць або жывыя грошы, або прыцягваць рэсурсы еўрапейскіх банкаў.
"Нам не важна, хто ён - наш, чужы, але пажадана, вядома, каб быў наш інвестар, але галоўнае - гэта грошы: хто больш унясе, той і прыйдзе", - адзначыў Кіраўнік дзяржавы.
Віцэ-прэм'ер Валерый Іваноў бачыць неабходнасць у стварэнні адзінага аператара па рэалізацыі прадукцыі.
Памочнік Прэзідэнта Сяргей Ткачоў выказаў меркаванне, што малакаперапрацоўчыя холдынгі павінны быць у поўным кіраванні дзяржавы.
"Я вам скажу адно: не дай бог мы зробім няправільныя захады. Гэта будзе не памылка, гэта будзе з нашага боку злачынства", - папярэдзіў Прэзідэнт.
"Столькі мы мучыліся з сельскай гаспадаркай, а цяпер камусьці за бясцэнак прадаць! Ды не трэба нічога прадаваць! Наадварот трэба кансалідаваць у руках дзяржавы, раскруціць гэтыя кампаніі ва ўмовах Адзінай эканамічнай прасторы. Хто сёння вам перашкаджае прадаваць у Расіі? Ніхто. У Казахстане хто перашкаджае? Ніхто", - сказаў Кіраўнік дзяржавы.
Аляксандр Лукашэнка адзначыў рост попыту ў свеце на прадукты харчавання. "Людзі прададуць што хочаце, але купяць прадукты харчавання. Таму што калі няма прадуктаў харчавання - вось яны і бунты потым, і рэвалюцыі. Навошта мы са сваіх рук вы пускаем найвялікшы козыр, як і мы маем?! Мы раскруцілі сельскую гаспадарку, і яна ж будзе пакрысе прыбаўляць. Мы ж будзем сапраўды да 2015 года мець у кожнай вобласці нават не тое што мільённікі!", - лічыць Прэзідэнт.
Падводзячы вынікі нарады, Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што ўсе ствараемыя холдынгі павінны быць пад кіраваннем дзяржавы.
"Мы абавязкова ўзбуйняем малочныя і мясныя кампаніі, ствараем іх у кожнай вобласці, але гэта будуць дзяржаўныя кампаніі. Калі ў кагосьці ёсць акцыі нейкіх заводаў, калі ласка, заплаціце ім па намінальным кошце. Усе пытанні да мая ўрэгуляваць", - даручыў Прэзідэнт.
Кіраўнік дзяржавы таксама падкрэсліў, што павінны быць вырашаны ўсе пытанні па ўласнасці, лішнія структуры ліквідаваны.
Пры гэтым Прэзідэнт асабліва звярнуў увагу на тое, што пры працэдуры ўзбуйнення не павінна адбыцца павелічэння колькасці чыноўнікаў.
Аляксандр Лукашэнка даручыў Старшыні КДК узяць на кантроль усе пытанні ў гэтай сферы.
"Усё павінна быць па-дзяржаўнаму", - падкрэсліў Прэзідэнт.
"У кампаніях павінна быць строгая дысцыпліна па сабекошце, па затратах, - папярэдзіў Аляксандр Лукашэнка. - Усё павінна быць пад кантролем: ад заробкаў, аўтамабіляў, раз'ездаў, пераездаў да рэалізацыі гатовай прадукцыі. Бачыце, што пэўная сума ёсць - аддайце на ферму, няхай будуюць фермы, развіваюць сыравінныя зоны, купляюць жывёлу, кормавытворчасць і гэтак далей. Усё гэта трэба бачыць, ніякі рынак тут нічога не адрэгулюе".
"А калі ёсць інвестар - будзем абмяркоўваць", - дадаў Прэзідэнт.