Аляксандр Лукашэнка правёў нараду па пытаннях інфармацыйна-камунікацыйных тэхналогій
Беларусь павінна знайсці сваё дастойнае месца ў інфармацыйным грамадстве 21 стагоддзя, атрымаўшы максімальныя выгады ад развіцця інфармацыйна-камунікацыйных тэхналогій. Аб гэтым заявіў Кіраўнік дзяржавы Аляксандр Лукашэнка 27 верасня на нарадзе па актуальных пытаннях развіцця інфармацыйна-камунікацыйных тэхналогій у Беларусі.
"Рабіць гэта мы павінны не таму, што хочам паказаць, якія разумныя і нешта можам рабіць. А таму, што гэта павінна прыносіць пэўныя даходы, дывідэнды для нашага грамадства і дзяржавы, - адзначыў Аляксандр Лукашэнка. - Таму ў Беларусі пытанням інфарматызацыі, развіцця інфармацыйна-камунікацыйных тэхналогій мы ўдзяляем пэўную ўвагу, але, магчыма, недастатковую".
Кіраўнік дзяржавы сказаў, што, напэўна, гэта першае такое "мерапрыемства, на якім мы дасканала і прынцыпова падыходзім да гэтых пытанняў". Але не апошняе, запэўніў ён.
Аляксандр Лукашэнка канстатаваў: "Інтэрнэт, які апошнія гады развіваецца вельмі бурна, змяніў аблічча людзей, грамадства і дзяржаў на планеце. Пры ўсіх недахопах Інтэрнэту ў ім шмат станоўчага, і гэта станоўчае трэба выкарыстаць. Мы абмяркуем, што нам дадаткова для гэтага трэба зрабіць".
Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў: "Будаўніцтва ў Беларусі сетак новага пакалення, магутных цэнтраў апрацоўкі даных і, магчыма, развіццё на іх базе новых сектараў эканомікі - гэта вельмі важна для нашай краіны".
Прэзідэнт акцэнтаваў увагу на тым, што Беларусь, якая знаходзіцца ў цэнтры Еўропы, з'яўляецца транзітнай дзяржавай: "Мы таксама можам атрымаць ад гэтага пэўную выгаду. Я кажу гэта зыходзячы з таго, што мы маем ужо сёння. Давайце абмяркуем гэту праблему з таго пункту гледжання, што ў нас зроблена па названым напрамку, якія ёсць магчымыя праекты, праблемы і як мы іх будзем вырашаць".