Аляксандр Лукашэнка правёў нараду аб стане Узброеных Сіл і Дзяржпагранкамітэта
Сістэма нацыянальнай бяспекі Беларусі павінна забяспечваць адэкватнае і аператыўнае рэагаванне на любыя выклікі і пагрозы. Аб гэтым заявіў 26 ліпеня Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь Аляксандр Лукашэнка на нарадзе аб стане работы па прывядзенню Узброеных Сіл і Дзяржпагранкамітэта Беларусі ў адпаведнасць з сучаснымі патрабаваннямі.
Кіраўнік дзяржавы нагадаў, што ў пачатку года была дамоўленасць на працягу прыкладна паўгода разгледзець пытанні рэфармавання і прывядзення сіл забеспячэння нацыянальнай бяспекі ў адпаведнасць з сучаснымі патрабаваннямі. Прэзідэнт дадаў, што ў хуткім часе плануецца разгледзець таксама пытанні ўдасканалення структуры органаў пракуратуры і іх узаемадзеяння са Следчым камітэтам, рыхтуюцца канкрэтныя прапановы па рэфармаванню сістэмы органаў унутраных спраў, выпрацоўваюцца шляхі далейшага ўдасканалення дзейнасці іншых сілавых органаў і структур.
У цэнтры ўвагі гэтай нарады былі пытанні забеспячэння ваеннай і пагранічнай бяспекі.
"Тое, што мы ўдзяляем вялікую ўвагу гэтай рабоце, абумоўлена перш за ўсё міжнароднай абстаноўкай. Мы жывём у вядомы час. З'яўленне новых геапалітычных выклікаў, эканамічных і палітычных пагроз бяспецы сталі характэрнымі рысамі сучаснага свету. Ва ўмовах глабалізацыі любыя негатыўныя тэндэнцыі распаўсюджваюцца вельмі хутка, нягледзячы на геаграфічныя межы", - сказаў Прэзідэнт. На думку Кіраўніка дзяржавы, прыкладаў дастаткова - сітуацыя на Блізкім Усходзе, у Сірыі, націск на Іран і г.д.
"На змену традыцыйным спосабам вядзення вайны прыходзяць спецыяльныя, у тым ліку інфармацыйна-псіхалагічныя, аперацыі і падрыўныя акцыі. У іх усё часцей задзейнічаны добра падрыхтаваныя групы экстрэмісцкай накіраванасці. Пад патранажам шматлікіх арганізацый, фармальна дзеючых пад флагам распаўсюджвання дэмакратыі, вырошчваюцца, кансалідуюцца і накіроўваюцца ў патрэбнае замежным гаспадарам рэчышча ўнутраныя дэструктыўныя сілы", - адзначыў Прэзідэнт.
Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што такія рэаліі вымушаюць кіраўніцтва Беларусі больш пільна сачыць за станам сістэмы забеспячэння нацыянальнай бяспекі і аператыўна прымаць рашэнні па ключавых пытаннях.
"Гэта асабліва важна ў перыяд правядзення палітычных кампаній, калі найбольш актывізуюцца знешнія і ўнутраныя нядобразычліўцы, мякка кажучы", - лічыць Прэзідэнт.
"Восенню нам трэба будзе правесці чарговыя парламенцкія выбары. Гэта якраз той момант, калі адбываецца актывізацыя як за межамі краіны, так і ўнутры тых, хто страшна ненавідзіць нашу Беларусь і каму не падабаецца існуючы стан спраў. Задача ўсіх тут прысутных забяспечыць магчымасць свабоднага волевыяўлення грамадзян у спакойнай абстаноўцы і ў строгай адпаведнасці з беларускімі законамі", - сказаў Кіраўнік дзяржавы.
Прэзідэнт запатрабаваў ад Міністра абароны далажыць аб бягучым стане спраў беларускай арміі. "Неабходна даць прынцыповую ацэнку, наколькі яе аблічча адпавядае патрабаванням сучаснасці, якія існуюць праблемныя пытанні ў яе мадэрнізацыі і развіцці, якія шляхі іх вырашэння найбольш мэтазгодныя ў кантэксце нашых эканамічных магчымасцей", - сказаў Кіраўнік дзяржавы. Аляксандр Лукашэнка таксама пацікавіўся, як выконваюцца яго даручэнні, дадзеныя пры зацвярджэнні рашэння на забеспячэнне дзяржаўнай пагранічнай палітыкі і забеспячэнне пагранічнай бяспекі краіны на бягучы год, ці ўсё робіцца ў тэрмін, з належнай актыўнасцю і ініцыятывай.
"Канкрэтна быў дадзены шэраг даручэнняў, каб мы пільна паглядзелі на ўжо рэфармаваную некалькі гадоў таму беларускую армію, таму што сітуацыя, мы гэта бачым і па арабскай вясне, і па Сірыі, сёння імгненна змяняецца, і армія павінна быць прыстасавана да гэтай сітуацыі, калі не дай бог што здарыцца", - адзначыў Прэзідэнт.
Як падкрэсліў Кіраўнік дзяржавы, сённяшняя сітуацыя не надзвычайная, аднак ёсць некаторыя насцярожваючыя моманты: "Адзначаны рост злачыннасці, у тым ліку карупцыйнай, у тым жа пагранічным ведамстве, што недапушчальна".
"Як растлумачыць правакацыю з лёгкаматорным самалётам, які не толькі перасёк граніцу, але і беспакарана праляцеў на тэрыторыю Беларусі? Гэта ж у першую чаргу - бяспека нашых грамадзян. Гэты самалёт быў своечасова выяўлены. Але чаму начальнікі не спынілі яго палёт? Каго шкадавалі? Гэта галавацяпства канкрэтных выканаўцаў або памылкі ў самой сістэме аховы дзяржаўнай граніцы ў паветранай прасторы? Я хацеў бы пачуць адказы на гэтыя пытанні", - сказаў Кіраўнік дзяржавы.
"Пры гэтым хачу сумленна і адкрыта сказаць тым, хто вельмі цікавіцца гэтым пытаннем, і прысутным тут: вінаватыя ў гэтым павінны адказваць, - заявіў Аляксандр Лукашэнка. - З прыняццем рашэнняў, як бачыце, я не спяшаўся па вашай просьбе. Вы хацелі гэты выпадак дасканала расследаваць. На гэты момант, як я бачу, ён расследаваны, і вінаватыя за гэта павінны панесці адказнасць. Мною будзе прынята рашэнне пасля гэтай нарады, у тым ліку і кадравыя рашэнні".
"Вынікам комплексу мер, што прымаюцца, павінна стаць паслядоўнае ўмацаванне сістэмы нацыянальнай бяспекі і забеспячэнне адэкватнага аператыўнага рэагавання на любыя выклікі і пагрозы, адкуль бы яны ні ішлі", - дадаў Аляксандр Лукашэнка.
Кіраўнікі Міністэрства абароны і Дзяржаўнага пагранічнага камітэта далажылі Прэзідэнту аб прывядзенні Узброеных Сіл і падраздзяленняў пагранведамства ў стан, адпаведны сучаснай абстаноўцы.
Па выніках нарады вызначаны канкрэтныя меры па эфектыўнаму забеспячэнню нацыянальнай бяспекі Беларусі.