Аляксандр Лукашэнка прадставіў Андрэя Кабякова на пасадзе Кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта

    Ва ўладу павінны прыходзіць толькі высокапрафесійныя і адданыя краіне людзі. Гэта было і застаецца асновай праводзімай у Беларусі кадравай палітыкі. Аб гэтым Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь Аляксандр Лукашэнка заявіў 30 жніўня, прадстаўляючы Андрэя Кабякова на пасадзе Кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта.

    Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што Андрэй Кабякоў з гонарам служыў краіне і народу на самых розных участках: і ў кантрольных органах, і на высокіх пасадах ва Урадзе, у Адміністрацыі Прэзідэнта, на дыпламатычным полі дзейнасці. "У Беларусі ўлада народная, і мы імкнёмся зрабіць так, каб ва ўладу прыходзілі толькі адданыя краіне людзі, самыя высокія прафесіяналы, з глыбокім дзяржаўным мысленнем, - сказаў Прэзідэнт. - Выпадковых людзей тут быць не можа".

    "Падбор кадраў - галоўны напрамак дзейнасці любога кіраўніка, у тым ліку і Прэзідэнта. Вырашэнне кадравых пытанняў заўсёды патрабуе асаблівай увагі, удумлівасці, часам ювелірнага падыходу. Тым больш калі размова ідзе аб назначэнні на самыя высокія дзяржаўныя пасады нашай краіны, у тым ліку і пасаду Кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта", - адзначыў беларускі лідар.

    Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што Адміністрацыя Прэзідэнта - не проста адна з многіх дзяржаўных устаноў, гэта па сутнасці прэзідэнцкі штаб, аналітычны мазгавы цэнтр, дзе рыхтуюцца праекты рашэнняў, што вызначаюць лёс краіны. На думку Кіраўніка дзяржавы, тым вышэйшая адказнасць пры назначэнні начальніка гэтага штаба. "Гэта павінен быць не проста прафесіянал, а сістэмны, унутрана высокаарганізаваны, адказны, сумленны чалавек, патрыёт сваёй краіны", - перакананы Прэзідэнт.

    Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што рашэнне аб назначэнні на пасаду Кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта Андрэя Кабякова было прынята зыходзячы менавіта з гэтых крытэрыяў.

    Пасля ўручэння Андрэю Кабякову пасведчання Кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта Беларусі Аляксандр Лукашэнка коратка абазначыў асноўныя прыярытэты ў дзейнасці Адміністрацыі і выказаўся па сутнасці яе работы. "Наогул няма такой праблемы ў краіне, якая так ці інакш, непасрэдна або ўскосна не датычылася б Адміністрацыі Прэзідэнта. Тым не менш і ў вашай асабістай рабоце, і ў рабоце ўсёй Адміністрацыі заўсёды неабходна бачыць галоўнае, правільна расстаўляць прыярытэты", - адзначыў Прэзідэнт.

    Паводле яго слоў, адным з галоўных прыярытэтаў Адміністрацыі Прэзідэнта павінны быць пытанні дзяржаўнай кадравай палітыкі, якая пакуль далёкая ад дасканаласці. У прыватнасці, Кіраўнік дзяржавы акцэнтаваў увагу на тым, што марудна ідзе абнаўленне кіруючых кадраў, вельмі слаба задзейнічаны так званы кадравы рэзерв, а падыход да яго часта застаецца вельмі фармальны. "Няма дакладных і зразумелых крытэрыяў ацэнкі работы кіраўнікоў. Пакуль яшчэ слаба працуе сістэма выяўлення і адбору таленавітых людзей, якіх можна было б прыцягнуць у дзяржаўныя структуры. Між тым ва ўмовах сучаснай жорсткай канкурэнцыі мы ўсё больш востра адчуваем патрэбнасць у кіраўніках новага тыпу, - сказаў Аляксандр Лукашэнка. - І адна з ключавых задач Адміністрацыі - выбудаваць такую сістэму работы, якая дасць магчымасць па ўсёй краіне сфарміраваць корпус кіраўнікоў, якія могуць вытрымаць канкурэнцыю ва ўмовах глабальнай эканомікі".

    Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што ў гэтым пытанні нельга абысціся разавымі мерамі і асобнымі ўдачнымі кадравымі знаходкамі. Размова павінна ісці менавіта аб сістэме - прадуманай, зладжанай, гібкай і сучаснай. "Адначасова ў самы бліжэйшы час Адміністрацыі Прэзідэнта неабходна вывучыць лепшы вопыт іншых краін і распрацаваць канкрэтную сістэму мер па павышэнню прэстыжу дзяржаўнай службы, - даручыў Прэзідэнт. - Шмат разумнага было і ў савецкай сістэме, нешта можна ўзяць на Захадзе, вельмі павучальны вопыт КНР".

    Другі важны напрамак работы - ідэалагічны. "Адміністрацыя Прэзідэнта - гэта ідэалагічны, палітычны штаб краіны. Вы павінны тонка адчуваць настрой грамадства, ведаць патрэбы людзей і неадкладна рэагаваць на іх. Менавіта Адміністрацыя Прэзідэнта павінна пастаянна сачыць за тым, каб рашэнні і дзеянні ўсіх органаў улады - Урада, міністэрстваў, "вертыкалі" - не ішлі ўразрэз з інтарэсамі народа, са справядлівымі патрабаваннямі простых людзей", - падкрэсліў Кіраўнік дзяржавы.

    Адной з ключавых задач у рабоце Адміністрацыі Прэзідэнта таксама з'яўляецца інфармацыйная палітыка. "Работа са зваротамі грамадзян, сустрэчы ў працоўных калектывах, пастаянная зваротная сувязь дзяржапарату з простым чалавекам - усё гэта павінна заставацца ў фокусе ўвагі Адміністрацыі Прэзідэнта", - адзначыў Аляксандр Лукашэнка.

    Асаблівую ўвагу Прэзідэнт звярнуў на пытанні эканамічнага развіцця краіны: "Важнейшым напрамкам работы Адміністрацыі павінен стаць строгі кантроль за рэалізацыяй сацыяльна-эканамічнага курсу, вызначанага чацвёртым Усебеларускім сходам і зацверджанага ў пяцігадовай праграме. Як зрэнку вока мы павінны берагчы сацыяльна-эканамічную і палітычную стабільнасць у Беларусі".

    У сувязі з гэтым Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што Андрэй Кабякоў добра ведае работу Урада знутры і разбіраецца ў эканамічных пытаннях. "Таму вам трэба не проста інфармаваць мяне аб праблемах, але і прапаноўваць для прыняцця неабходныя кіраўніцкія рашэнні, тонка вывераныя і прапрацаваныя". Разам з тым Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што ў гэтай рабоце Адміністрацыя не павінна і падмяняць функцыі Урада. Яшчэ адзін напрамак, які павінны знаходзіцца ў полі зроку Адміністрацыі Прэзідэнта, - знешнепалітычная дзейнасць, асабліва ў праламленні з унутрыпалітычнай сітуацыяй у краіне, яе сацыяльна-эканамічным развіццём. Гэта работа павінна праводзіцца пры цесным узаемадзеянні з Міністэрствам замежных спраў.

    Аляксандр Лукашэнка заўважыў, што таксама разлічвае на вопыт Андрэя Кабякова ў пытаннях інтэграцыйнага будаўніцтва і ўзаемадзеяння Беларусі з міжнароднымі эканамічнымі і фінансавымі інстытутамі. "Сёння актыўна развіваецца АЭП. Мы на парозе стварэння магутнага рэгіянальнага інтэграцыйнага праекта - Еўразійскага эканамічнага саюза. Якім будзе ў гэтых працэсах месца Беларусі? Наколькі будуць забяспечаны правы нашых суб'ектаў гаспадарання і простых грамадзян? Гэта ключавыя пытанні, і таму яны патрабуюць пільнай увагі і кантролю", - сказаў Прэзідэнт.

    Кіраўнік дзяржавы паставіў перад Адміністрацыяй і яе новым кіраўніком шэраг канкрэтных задач па забеспячэнню належнага кантролю за якасцю падрыхтоўкі прававых актаў і маніторынгу іх выканання. "Пры гэтым трэба разумець, што заканадаўства ствараецца не для юрыстаў, яно для народа, для грамадства. І гэта датычыцца не толькі юрыстаў, але і эканамістаў, ідэолагаў, адным словам - усіх спецыялістаў Адміністрацыі", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

    Таксама важна прадоўжыць барацьбу з бюракратызмам, наладзіць дакладную, строгую сістэму праходжання любых дакументаў без затрымак і валакіты. "Прынцып аднаго акна для фізічных асоб павінен дзейнічаць як наладжаны механізм. Але трэба ісці далей. Неабходна вырашаць задачу па рэалізацыі гэтага прынцыпу і для юрыдычных асоб. Гэта і інвестыцыі, і рэальная барацьба з карупцыяй", - даручыў Прэзідэнт.

    Больш эфектыўным павінна быць і ўзаемадзеянне Адміністрацыі з мясцовымі органамі ўлады. Неабходна забяспечыць дакладнае ўзаемадзеянне мясцовых і рэспубліканскіх органаў улады. Гэта першая задача памочнікаў Прэзідэнта - галоўных інспектараў па рэгіёнах.

    "Адміністрацыя Прэзідэнта - гэта месца, куды вылучаюць падрыхтаваных, адукаваных і разумных людзей. Гэта можа быць і вяршыняй работы любога дзяржаўнага служачага", - асабліва адзначыў Кіраўнік дзяржавы.

    Аляксандр Лукашэнка таксама пракаменціраваў існуючыя апошнім часам розныя развагі і домыслы наконт кадравых рашэнняў, якія прымаюцца Прэзідэнтам. Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што ў аснове яго кадравай палітыкі заўсёды былі такія крытэрыі, як прафесіяналізм і адданасць сваёй краіне. "Тут няма ніякіх закулісных інтрыг і гульняў, - сказаў Прэзідэнт. - Кажуць, Макея накіраваў у МЗС, бо з Захадам трэба размаўляць, а Кабякова - бо з Усходам. Але і Кабякоў, і Макей будуць размаўляць і з Захадам, і з Усходам і праводзіць палітыку, якая вызначана Прэзідэнтам краіны".

    "Мы гэту палітыку выпакутавалі, і пад яе ідзе падбор кадраў. Напэўна, некаму пісаць няма чаго, гаварыць няма аб чым, таму пачынаюць перамываць, хто назначаны, якой нацыянальнасці, - адзначыў Аляксандр Лукашэнка. - У нас, рускіх, беларусаў, усіх грамадзян Беларусі, ёсць свой кавалак зямлі. Мы яго нікому не аддадзім. Ні Захаду, ні Усходу, ні Поўдню, ні Поўначы. Гэта наш кавалак зямлі".

    Прэзідэнт падкрэсліў, што паняцце "свой чалавек" для яго перш за ўсё вызначаецца такімі якасцямі, як розум, талент і абавязкова адданасць Радзіме: "Крытэрый адзін для ўсіх - прафесіянал, адданы сваёй краіне".

    Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што заўсёды чакае ад службовых асоб аб'ектыўных ацэнак па тых або іншых пытаннях: "Я не закасцянеў да такой ступені, каб не слухаць непрыемныя рэчы. Лепш іх пачуць і прыняць адпаведныя рашэнні".

    "Новаму кіраўніку Адміністрацыі і ўсяму калектыву трэба будзе вырашаць шмат адказных задач. Упэўнены, што вам гэта пад сілу", - даў наказ Прэзідэнт.