Аляксандр Лукашэнка павіншаваў Вікторыю Азаранка з перамогай на турніры "Вялікага шлема" Australian Оpen
Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь Аляксандр Лукашэнка павіншаваў члена нацыянальнай каманды Беларусі па тэнісе Вікторыю Азаранка з перамогай на турніры "Вялікага шлема" Australian Оpen у Мельбурне.
"Дарагая Вікторыя! Ад усёй душы віншую цябе з выдатнай перамогай на прэстыжным турніры "Вялікага шлема" Australian Оpen у Мельбурне. Без перабольшання ўся краіна затаіўшы дыханне сачыла за гарачай барацьбой на корце, перажывала і балела за цябе. У гэтыя марозныя студзеньскія дні сваёй перамогай ты запаліла сэрцы беларусаў, прадэманстраваўшы сілу духу, узорную вытрымку, сапраўднае майстэрства і прыгожую гульню", - гаворыцца ў віншаванні.
"Віка, ты - гордасць нацыі! Радзіма захоплена тваім выдатным дасягненнем, якое ўжо ўпісана ў гісторыю беларускага і сусветнага спорту, - падкрэсліў Кіраўнік дзяржавы. - Яшчэ раз віншую цябе з перамогай, а таксама з высокай дзяржаўнай узнагародай - ордэнам Айчыны ІІІ ступені, якую ты па праву заслужыла".
Аляксандр Лукашэнка таксама пажадаў Вікторыі Азаранка ўдачы і новых здзяйсненняў, каб ёй і ў далейшым пакараліся новыя спартыўныя алімпы.
Спартсмен-інструктар нацыянальнай каманды па тэнісе, заслужаны майстар спорту Беларусі Вікторыя Азаранка рашэннем Кіраўніка дзяржавы ўзнагароджана ордэнам Айчыны ІІІ ступені. Гэтай узнагароды тэнісістка ўдастоена за высокае прафесійнае майстэрства, выдатныя спартыўныя дасягненні і за атрыманую перамогу ў турніры "Вялікага шлема" Australian Оpen у Мельбурне.