Аляксандр Лукашэнка павіншаваў Прэзідэнта Расіі Уладзіміра Пуціна з Днём Расіі

    Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь Аляксандр Лукашэнка ад імя беларускага народа і сябе асабіста павіншаваў Прэзідэнта Расійскай Федэрацыі Уладзіміра Пуціна і ўвесь расійскі народ з Днём Расіі.

    Як адзначыў Кіраўнік беларускай дзяржавы, гэта свята сімвалізуе яднанне і агульную адказнасць грамадзян Расіі за сучаснасць і будучае сваёй Айчыны.

    "Беларусаў і расіян звязваюць шматвяковая брацкая дружба і добрасуседства, якія сталі сёння трывалай асновай для развіцця шматпланавага стратэгічнага партнёрства", - гаворыцца ў віншаванні.

    Аляксандр Лукашэнка выказаў упэўненасць, што даверлівы палітычны дыялог, эфектыўнае гандлёва-эканамічнае ўзаемадзеянне, шырокія гуманітарныя сувязі будуць і ў далейшым садзейнічаць паглыбленню саюзніцкіх адносін, паспяховай рэалізацыі патэнцыялу міждзяржаўнай інтэграцыі ў інтарэсах народаў Беларусі і Расіі.