Аляксандр Лукашэнка павіншаваў народнага мастака Беларусі Уладзіміра Стальмашонка з 85-годдзем

    Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь Аляксандр Лукашэнка павіншаваў народнага мастака Беларусі Уладзіміра Стальмашонка з 85-годдзем.

    "У гісторыю беларускай культуры Вы ўвайшлі як прызнаны майстар жывапісу і манументальнага мастацтва, які праславіў незабыўныя старонкі мінулага нашай Радзімы і яркія здзяйсненні сучаснікаў. Дзякуючы Вашаму таленту на свет з’явіліся цудоўныя творы, якія сёння ўпрыгожваюць музейныя калекцыі і інтэр’еры грамадскіх будынкаў у Беларусі і за яе межамі", – гаворыцца ў віншаванні.

    Кіраўнік дзяржавы пажадаў Уладзіміру Стальмашонку здароўя, доўгіх гадоў жыцця, невычэрпнай энергіі, бадзёрасці і аптымізму. "Няхай і ў далейшым Ваш шлях у мастацтве, пранізаны любоўю да Радзімы і самаадданым служэннем аднойчы і назаўсёды выбранай справе, будзе добрым прыкладам для адоранай моладзі", – падкрэсліў Прэзідэнт.