Аляксандр Лукашэнка павіншаваў Ху Цзіньтаа з 20-годдзем устанаўлення дыпламатычных адносін
Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь Аляксандр Лукашэнка павіншаваў Старшыню Кітайскай Народнай Рэспублікі Ху Цзіньтаа і кітайскі народ з 20-годдзем устанаўлення беларуска-кітайскіх дыпламатычных адносін.
"Умацаванне шматпланавых сувязей з Вялікім Кітаем з'яўляецца адным з прыярытэтных напрамкаў знешняй палітыкі беларускай дзяржавы, - падкрэсліў Прэзідэнт. - На фундаменце традыцыйнай дружбы нашых народаў за мінулыя два дзесяцігоддзі мы выбудавалі цеснае стратэгічнае партнёрства".
У віншаванні гаворыцца, што ў Беларусі задаволены беспрэцэдэнтным ростам узаемнага гандлю, які за мінулыя гады павялічыўся ў дзясяткі разоў - з $34 млн. у 1992 годзе да $3 млрд. па выніках 2011 года. Нашы краіны пачалі рэалізацыю маштабных інвестыцыйных праектаў, уключаючы стварэнне сумесных прадпрыемстваў у Кітаі і Беларусі, запусцілі механізмы крэдытнага і міжбанкаўскага супрацоўніцтва.
Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што беларуска-кітайскае плённае ўзаемадзеянне ў галіне культуры, навукі, адукацыі пашыраецца з кожным годам, прыносячы значныя вынікі.
Прэзідэнт выказаў перакананне, што патэнцыял беларуска-кітайскага супрацоўніцтва далёка не вычарпаны. Вялікія перспектывы ёсць у развіцці крэдытна-інвестыцыйных сувязей і прамых кантактаў паміж рэгіёнамі і прадпрыемствамі дзвюх краін.
"Мы ганарымся тым, што ў нашых дзяржаў склаліся сапраўды брацкія адносіны, у якіх выдатнае будучае, паколькі ў іх аснове ляжаць прынцыпы ўзаемавыгаднага супрацоўніцтва, павагі і раўнапраўя. Спадзяюся, што дзякуючы далейшай актывізацыі дружалюбнага дыялогу на вышэйшым і высокім узроўнях беларуска-кітайскія сувязі стануць узорам адносін паміж дзяржавамі ў ХХІ стагоддзі", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.
Старшыня КНР Ху Цзіньтаа таксама павіншаваў Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Аляксандра Лукашэнку і беларускі народ з юбілеем дыпламатычных адносін.
У віншаванні гаворыцца, што на працягу 20 гадоў супрацоўніцтва паміж Кітаем і Беларуссю бесперапынна, стабільна і эфектыўна развіваецца. У 2005 годзе лідары дзяржаў аб'явілі, што адносіны дзвюх краін уступілі ў новы этап усебаковага развіцця і стратэгічнага партнёрства.
"Практыка сведчыць, што Кітай і Беларусь - сябры, якія давяраюць адзін аднаму, шчырыя і надзейныя партнёры. Двухбаковыя сувязі развіваюцца з улікам узаемных інтарэсаў абедзвюх краін і адыгрываюць важную ролю ў падтрыманні міру і стабільнасці ў рэгіёне і ва ўсім свеце", - заявіў Ху Цзіньтаа.
Старшыня КНР адзначыў: "Цяпер паміж Кітаем і Беларуссю – найлепшы перыяд узаемаадносін. 20-гадовы юбілей адкрывае новыя магчымасці і шырокія перспектывы. Я маю намер разам з Вамі прыкладаць намаганні для павышэння ўзроўню двухбаковых сувязей, усебаковага развіцця ўзаемавыгаднага супрацоўніцтва на карысць народаў дзвюх краін".
Кіраўнік Кітайскай Народнай Рэспублікі пажадаў Беларусі працвітання і магутнасці, а яе народу - шчасця.