Аляксандр Лукашэнка павіншаваў калектыў газеты "Звязда" з 95-годдзем выдання
Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь Аляксандр Лукашэнка павіншаваў калектыў рэдакцыі газеты "Звязда" з 95-годдзем з дня выхаду ў свет першага нумара выдання.
Газета "Звязда" з'яўляецца старэйшым грамадска-палітычным выданнем Беларусі і ёй належыць асаблівая роля ў станаўленні і развіцці айчынных друкаваных сродкаў масавай інфармацыі, гаворыцца ў віншаванні.
"Старонкі газеты са жніўня 1917 года і па сённяшні дзень - гэта сапраўдны гістарычны летапіс краіны. На працягу многіх дзесяцігоддзяў выданне аб'ектыўна асвятляе разнастайныя бакі штодзённага жыцця, уносячы значны ўклад у прапаганду лепшых духоўных традыцый нашага народа, - адзначыў Кіраўнік дзяржавы. - У гады Вялікай Айчыннай вайны "Звязда" выходзіла ў падполлі, мужным друкаваным словам аб'ядноўвала народ у імя Перамогі, заклікаючы да барацьбы з ворагам за свабоду і незалежнасць Радзімы".
Аляксандр Лукашэнка выказаў упэўненасць, што і ў далейшым калектыў рэдакцыі будзе гэтак жа плённа працаваць, ярка і з натхненнем адлюстроўваць падзеі сучаснасці і мінулага.