Аляксандр Лукашэнка падпісаў законы аб дзейнасці Парламента

    Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка падпісаў шэраг законаў, якімі карэкціруюцца з улікам норм абноўленай Канстытуцыі акты, што датычацца дзейнасці Парламента. 

    У прыватнасці, прыняты змяненні ў Закон "Аб Нацыянальным сходзе Рэспублікі Беларусь". Замест дзвюх парламенцкіх сесій устанаўліваецца адна - з верасня па чэрвень. Пры гэтым пазачарговыя сесіі будуць склікацца не Кіраўніком дзяржавы, а старшынямі палат. Замацаваны правы Парламента заслухоўваць Генеральнага пракурора, старшынь Камітэта дзяржаўнага кантролю і Нацыянальнага банка, прымаць меры па развіцці мясцовага самакіравання.

    Таксама прадугледжана, што членам Савета Рэспублікі пажыццёва з яго згоды з'яўляецца Прэзідэнт Беларусі, які спыніў выкананне сваіх паўнамоцтваў. Да ліку функцый Старшыні Савета Рэспублікі дадаткова аднесены ажыццяўленне паўнамоцтваў Прэзідэнта ў выпадку вакансіі пасады Кіраўніка дзяржавы.

    Акрамя таго, выключаны шэраг паўнамоцтваў Парламента, якія былі перададзены Усебеларускаму народнаму сходу, у тым ліку на выбранне суддзяў Канстытуцыйнага Суда і членаў Цэнтральнай выбарчай камісіі, зацвярджэнне асноўных напрамкаў унутранай і знешняй палітыкі, ваеннай дактрыны.

    Аляксандр Лукашэнка таксама падпісаў Закон "Аб змяненні Закона Рэспублікі Беларусь "Аб статусе дэпутата Палаты прадстаўнікоў, члена Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь". Дакументам у мэтах удасканалення дзейнасці парламентарыяў прадугледжаны ўдзел дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў, членаў Савета Рэспублікі ў рабоце Усебеларускага народнага сходу ў якасці дэлегатаў, магчымасць удзелу парламентарыяў у рабоце калегій рэспубліканскіх органаў дзяржаўнага кіравання, падпарадкаваных Ураду (з правам дарадчага голасу). У адпаведнасці з абноўленым Законам будуць спынены паўнамоцтвы дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў і членаў Савета Рэспублікі ў выпадку наяўнасці ў іх замежнага грамадзянства, а таксама дакументаў замежных дзяржаў, што даюць права на льготы і іншыя перавагі (раней такія дакументы дастаткова было здаць у кадравую службу).

    Нормы закона "Аб статусе дэпутата Палаты прадстаўнікоў, члена Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь" прыводзяцца ў адпаведнасць з заканадаўствам аб дзяржаўнай службе, выбарах і барацьбе з карупцыяй, Указам ад 16 сакавіка 2021 года № 107 "Аб біяметрычных дакументах", а таксама з правапрымяняльнай практыкай.