Аляксандр Лукашэнка падпісаў Распараджэнне па падтрымцы таленавітай моладзі, адораных навучэнцаў і студэнтаў

    Кіраўнік дзяржавы Аляксандр Лукашэнка падпісаў Распараджэнне "Аб зацвярджэнні рашэння савета спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па падтрымцы таленавітай моладзі і аб выдзяленні сродкаў на фінансаванне расходаў гэтага фонду ў 2012 годзе".

    На фінансаванне расходаў, звязаных з дзейнасцю спецыяльнага фонду, у 2012 годзе накіравана Br1,4 млрд. Гэтыя сродкі ў бягучым годзе будуць зрасходаваны на матэрыяльнае заахвочванне лепшых прадстаўнікоў таленавітай моладзі, арганізацыю і правядзенне міжнародных і рэспубліканскіх конкурсаў, выставак, іншых мерапрыемстваў па выяўленні і прапагандзе творчасці маладых талентаў, набыццё музычных інструментаў, сцэнічных касцюмаў, матэрыялаў, абсталявання для заняткаў мастацкай творчасцю і іншыя мэты, звязаныя з пошукам, прафесійнай падрыхтоўкай і ўдасканаленнем майстэрства юных талентаў.

    Распараджэннем таксама зацверджана рашэнне савета фонду аб выдзяленні каля Br562,5 млн са сродкаў фонду. Гэтыя сродкі накіраваны на выплату прэмій, гранд-прэмій і стыпендый фонду, аказанне матэрыяльнай дапамогі навучэнцам (каля Br149 млн); набыццё абсталявання, музычных інструментаў (амаль Br231 млн); арганізацыю і правядзенне эстраднага канцэрта лаўрэатаў, стыпендыятаў і дыпламантаў спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па падтрымцы таленавітай моладзі (Br150 млн); накіраванне студэнтаў і выкладчыкаў на навучанне і стажыроўкі ў замежныя ВНУ (прыкладна Br32,7 млн).

    Яшчэ адным Распараджэннем Кіраўніка дзяржавы зацверджана рашэнне савета спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па сацыяльнай падтрымцы адораных навучэнцаў і студэнтаў, згодна з якім назначаны грашовыя прэміі з уручэннем нагруднага знака лаўрэата фонду пераможцам студэнцкага каманднага чэмпіянату свету па праграмаванні (Польшча, 2012 год).

    Грашовыя прэміі ў памеры Br4,5 млн назначаны членам каманды (3 чалавекі) Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта, якая заваявала сярэбраны медаль.

    Члены каманды (3 чалавекі) Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта інфарматыкі і радыёэлектронікі, якая заваявала бронзавы медаль, заахвочаны прэміямі ў памеры Br4 млн.

    Прыняцце распараджэнняў з'яўляецца сведчаннем пастаяннай дзяржаўнай падтрымкі адораных навучэнцаў і студэнтаў, лепшых прадстаўнікоў таленавітай моладзі.