Аляксандр Лукашэнка назначыў Старшынёй Дзяржпагранкамітэта Аляксандра Баечку

    Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь Аляксандр Лукашэнка назначыў палкоўніка Баечку Аляксандра Дзмітрыевіча Старшынёй Дзяржаўнага пагранічнага камітэта.

    Палкоўнік Загародні Аляксей Валер'евіч назначаны першым намеснікам Старшыні Дзяржаўнага пагранічнага камітэта - начальнікам галоўнага аператыўнага ўпраўлення.

    Генерал-маёр Андрэй Гарулька вызвалены ад пасады першага намесніка Старшыні Дзяржаўнага пагранічнага камітэта - начальніка галоўнага аператыўнага ўпраўлення за неналежнае выкананне службовых абавязкаў па забеспячэнню нацыянальнай бяспекі Рэспублікі Беларусь.

    Прымаючы рашэнне аб назначэнні Аляксандра Баечкі, Прэзідэнт адзначыў, што пэўнай памылкай стала прыняцце раней шэрагу рашэнняў, якія садзейнічалі адыходу Дзяржаўнага пагранічнага камітэта ад непасрэднай задачы па ахове граніцы да нейкай пагранічнай палітыкі. "Гэтыя рашэнні прымаліся па пэўнаму патрабаванню кіраўніцтва Дзяржпагранкамітэта. Аднак гэта не азначала, што не трэба трымаць на замку нашу граніцу. Няправільна, што мы пагранічнікаў зрабілі больш палітыкамі, чым ваеннымі людзьмі. Галоўная іх задача - ахова дзяржаўнай граніцы", - сказаў Прэзідэнт.

    Кіраўнік дзяржавы пракаменціраваў апошнія прынятыя рашэнні. "Што датычыцца апошніх рашэнняў, у тым ліку кадравых, ніякай надзвычайшчыны ў гэтым няма. Наадварот - яшчэ мала пакаралі. У савецкія часы за такія рэчы пасадзілі б за краты. У тым, што здарылася, вінаватыя перш за ўсё пагранічнікі, бо пагранатрад выявіў самалёт, але адпаведная каманда аб пакаранні парушальнікаў граніцы не прайшла", - сказаў Прэзідэнт.

    "Беспакаранымі парушэнні дзяржаўнай граніцы быць не павінны. Іх неабходна спыняць усімі сіламі і сродкамі, у тым ліку зброяй, нягледзячы ні на што, - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка. - Пагранічнікам трэба даказаць сваю адданасць айчыне. Маё асабістае стаўленне да пагранічных войскаў вы ведаеце, і я не дазволю ганьбіць пагоны, якія насіў сам і насілі мае дзеці".

    "Свой, чужы, прыбліжаны да Прэзідэнта - усё гэта пустыя размовы. Прафесіянал або не прафесіянал - вось адзіны крытэрый, па якім буду меркаваць аб рабоце пагранічнікаў", - дадаў Кіраўнік дзяржавы.

    Гаворачы аб назначаным кіраўніку Дзяржаўнага пагранічнага камітэта, Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што яго станоўча характарызуе тая акалічнасць, што ён з'яўляецца пагранічнікам "з зялёнай паласы, ведае знутры пагранічную службу і пагранічны дух".

    "Абараніць дзяржаву на крайнім рубяжы - галоўная задача пагранічнікаў. Міжнародная дзейнасць, іншыя пытанні - другарадныя. Не пагранічнікі павінны шукаць сродкі па Еўропе, а еўрапейцы павінны да вас прыйсці, калі хочуць, каб мы ахоўвалі іх граніцы. Мы павінны абараняць перш за ўсё свае інтарэсы, - падкрэсліў Прэзідэнт. - На любыя правакацыі павінен быць дастойны адказ з нашага боку".