Аляксандр Лукашэнка назначыў Ігара Петрышэнку Паслом Рэспублікі Беларусь у Расійскай Федэрацыі

    Кіраўнік дзяржавы Аляксандр Лукашэнка назначыў Ігара Петрышэнку Надзвычайным і Паўнамоцным Паслом Рэспублікі Беларусь у Расійскай Федэрацыі.

    Прэзідэнт таксама даў згоду на назначэнне Першым намеснікам Міністра замежных спраў Беларусі Аляксандра Міхневіча, вызваліўшы яго ад пасады Надзвычайнага і Паўнамоцнага Пасла Рэспублікі Беларусь у Злучаным Каралеўстве Вялікабрытаніі і Паўночнай Ірландыі.

    Назначаючы Ігара Петрышэнку, Кіраўнік дзяржавы асабліва падкрэсліў, што, працуючы паслом, ён таксама будзе прадстаўляць Беларусь у розных інтэграцыйных структурах: "Гэта датычыцца і палітыкі, і эканомікі, і ваенна-тэхнічнага супрацоўніцтва, у тым ліку абароннага супрацоўніцтва нашых дзяржаў".

    "Прычыны такога сумяшчэння, у свой час гэта было маё рашэнне, розныя. Але галоўнае - нам няма сэнсу на некаторыя пасады накіроўваць асобнага чалавека, бо там не такі аб'ём работы, - адзначыў Аляксандр Лукашэнка. - Больш таго, Міністру і Кіраўніку Адміністрацыі даручана ў бліжэйшы час унесці прапановы па скарачэнню нашага прадстаўніцтва там, дзе мы можам абысціся. А так у нас прыкладна дзве сотні чалавек, якія сёння прадстаўляюць краіну ў структурах, а працуюць, напэўна, каля палавіны. Таму ў бліжэйшы час мы ўпарадкуем гэту сістэму, у тым ліку такім чынам, як тут".

    Разам з тым Кіраўнік дзяржавы не выключыў, што на расійскім напрамку з-за актыўнага развіцця інтэграцыйных працэсаў гэты падыход можа быць зменены: "Усё ж такі аб'ём работы тут вялікі. Інтэграцыя ў нас цяпер не проста аднавілася, а ідзе вельмі актыўна ў сувязі з пазіцыяй Расіі, нацэленай на інтэграцыю. Таму, калі гэта будзе неабходна, мы па Вашай прапанове гатовы перагледзець гэты парадак".

    Як адзначыў Прэзідэнт, Ігар Петрышэнка раней працаваў у пасольстве ў Расіі, а таму ведае гэту работу знутры. "Па-другое, Вас вельмі добра ведаюць у Расійскай Федэрацыі і добра ацэньваюць Вашу работу", - канстатаваў Аляксандр Лукашэнка. Акрамя таго, новы пасол непасрэдна знаёмы з інтэграцыйнай тэматыкай і ў тым ліку прымаў удзел у фарміраванні і выпрацоўцы нарматыўна-прававой базы гэтых адносін.

    "Хачу, каб вы разумелі, што пасол у Расійскай Федэрацыі, як, дапусцім, пасол у Венесуэле, іншых апорных рэгіёнах, - гэта не проста пасол, гэта нешта большае, - падкрэсліў Кіраўнік дзяржавы. - Расійская Федэрацыя - гэта важнейшы наш партнёр у знешнепалітычнай і знешнеэканамічнай дзейнасці. Вельмі спадзяюся, што вы дастойна будзеце прадстаўляць інтарэсы беларускай дзяржавы ў Расійскай Федэрацыі".