Аляксандр Лукашэнка наведаў Храм-помнік у гонар Усіх Святых у Мінску

    Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 7 студзеня ў светлае свята Ражджаства Хрыстовага наведаў Храм-помнік у гонар Усіх Святых у Мінску.

    Кіраўнік дзяржавы разам з Мітрапалітам Мінскім і Слуцкім Філарэтам, Патрыяршым Экзархам усяе Беларусі запаліў калядную свечку ў ніжнім прыдзеле ў гонар Іаана Хрысціцеля Храма-помніка.

    Аляксандр Лукашэнка і Мітрапаліт Філарэт з нагоды свята абмяняліся падарункамі. Кіраўнік дзяржавы перадаў у дар Мітрапаліту насценны гадзіннік, упрыгожаны разнымі карункавымі арнаментамі, выкананымі ва ўнікальнай тэхніцы Сожскай скані. У сваю чаргу Мітрапаліт Філарэт падарыў Прэзідэнту ікону Ражджаства Хрыстовага.

    Потым Аляксандр Лукашэнка паслухаў песнапенні ў выкананні хору выхаванцаў нядзельнай школы Усіхсвяцкага прыхода. Кіраўнік дзяржавы таксама азнаёміўся з планамі па завяршэнню будаўніцтва і стварэнню ўнутранага ўбрання Храма-помніка.

    Прэзідэнт Беларусі і Мітрапаліт Філарэт прадоўжылі сустрэчу за чаяпіццем.

    Аляксандр Лукашэнка разам з малодшым сынам Мікалаем перад наведваннем храма таксама ўсклаў кветкі да помніка Патрыярху Аляксію ІІ.

    Асвячэнне закладнога каменя Храма-помніка прайшло 4 чэрвеня 1991 года. 26 верасня 2006 года пры ўдзеле Кіраўніка дзяржавы адбыліся асвячэнне і пад'ём на званіцу Храма-помніка трох вялікіх званоў ад імя Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Аляксандра Лукашэнкі, Патрыярха Маскоўскага і ўсяе Русі Аляксія ІІ і Мітрапаліта Мінскага і Слуцкага Філарэта, Патрыяршага Экзарха ўсяе Беларусі. 2 ліпеня 2010 года Аляксандр Лукашэнка прыняў удзел ва ўрачыстай цырымоніі пахавання астанкаў невядомых воінаў у крыпце Храма-помніка.

    Кіраўнік дзяржавы ўжо наведваў Храм-помнік на Ражджаство ў 2011 годзе. Тады ён азнаёміўся з ходам будаўніцтва і аддзелачных работ у ім. На гэтым унікальным аб'екце многія будаўнічыя тэхналогіі і прыёмы выкарыстоўваліся ўпершыню. Храм-помнік стаў своеасаблівай эксперыментальнай пляцоўкай для ўкаранення новых будаўнічых ДАСТаў.