Наведванне дзіцячага дома №2 у Мінску
- 4
- 1:42
Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь Аляксандр Лукашэнка 28 снежня наведаў дзіцячы дом №2 у Мінску.
Ужо стала традыцыяй, што напярэдадні навагодніх свят Кіраўнік дзяржавы разам з малодшым сынам Мікалаем прыязджае з падарункамі да выхаванцаў дзіцячых дамоў.
Прэзідэнт азнаёміўся з умовамі выхавання дзяцей, сустрэўся з імі. Дзеці запрасілі гасцей на чаяпіцце, у час якога Аляксандр Лукашэнка паразмаўляў з дзецьмі. Ён цікавіўся іх жыццём, поспехамі ў вучобе, захапленнямі. Сярод выхаванцаў дзіцячага дома нямала таленавітых дзяцей, яны займаюцца ў розных гуртках, захапляюцца спортам, вучацца шыць, вязаць, рабіць розныя рэчы, гатаваць.
На сустрэчы з Прэзідэнтам прысутнічалі не ўсе выхаванцы, паколькі многія ў гэтыя навагоднія святы знаходзяцца на аздараўленні ў Італіі. Аляксандр Лукашэнка пацікавіўся ўмовамі аздараўлення і тым, ці задаволены дзеці адпачынкам.
Прэзідэнт нагадаў, што ў час яго візіту ў Ватыкан і сустрэчы з Папам Рымскім ішла размова ў тым ліку аб аздараўленні беларускіх дзяцей у Італіі. Аляксандр Лукашэнка сказаў, што важна, каб з дзецьмі ўсё было ў парадку, і на сустрэчы з Папам Рымскім ён атрымаў запэўненні ў гэтым.
Выхаванцы дзіцячага дома не толькі сустрэліся з Кіраўніком дзяржавы, але і разам з ім сталі гледачамі святочнага шоу, якое падрыхтавалі артысты Беларускага дзяржаўнага цырка.
Ад Прэзідэнта ўсім дзецям былі ўручаны падарункі, ласункі, тарты. А дзеці ўручылі гасцям зробленыя сваімі рукамі падарункі.
У дзіцячым доме №2 выхоўваюцца 74 дзіцяці ва ўзросце ад 3 да 13 гадоў, у тым ліку 16 дзяцей з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця і тры інваліды дзяцінства. За апошнія 4 гады 41 выхаванец дзіцячага дома ўладкаваны ў сем'і.
Усяго ў Беларусі налічваецца 24 тыс. 210 дзяцей-сірот і дзяцей, якія засталіся без апекі бацькоў. З іх 18 981 дзіця (78,4%) выхоўваецца ў апякунскіх і прыёмных сем'ях, дзіцячых вёсках, дамах сямейнага тыпу, 5 229 (21,6%) – у інтэрнацкіх установах. Акрамя таго, у сем'я'х усынавіцеляў жывуць 6 736 дзяцей.