Аляксандр Лукашэнка наведаў Быхаўскі раён
Беларусь прадоўжыць актыўнае развіццё рэгіёнаў, што пацярпелі ад аварыі на Чарнобыльскай АЭС, ствараючы тут сучасныя высокаэфектыўныя вытворчасці, усебакова паляпшаючы жыццё людзей. Аб гэтым заявіў 26 красавіка Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь Аляксандр Лукашэнка, наведваючы Быхаўскі раён Магілёўскай вобласці.
Традыцыі наведваць у дзень чарговай гадавіны аварыі на ЧАЭС пацярпелыя рэгіёны Кіраўнік дзяржавы верны ўжо на працягу 18 гадоў.
Дзяржава ўклала шмат сродкаў у аднаўленне і адраджэнне гэтых зямель. З 1996 года на гэтыя мэты было накіравана каля $19 млрд. У цэлым урон, нанесены Беларусі ў выніку аварыі на ЧАЭС, ацэньваецца ў $235 млрд. У гэтай пяцігодцы на рэалізацыю дзяржпраграмы па пераадоленні наступстваў чарнобыльскай катастрофы плануецца накіраваць больш як $2,2 млрд.
Што датычыцца Магілёўскай вобласці, то пад радыяцыйнае заражэнне трапіла трэць тэрыторыі рэгіёну. Як далажыў Кіраўніку дзяржавы губернатар Пётр Руднік, у вобласці ў поўным аб'ёме выконваюцца ўсе сацыяльныя стандарты, праводзіцца газіфікацыя вёсак, вядзецца работа па аздараўленні і дыспансерызацыі насельніцтва. Так, у 2010 годзе быў адкрыты рэабілітацыйна-аздараўленчы цэнтр у Магілёўскім раёне, радыелагічны корпус абласнога анкалагічнага дыспансера ў Магілёве, дзе ўстаноўлена самае сучаснае абсталяванне коштам амаль 5,5 млн. еўра. У сістэме аховы здароўя і адукацыі практычна поўнасцю зняты пытанні ўкамплектавання персаналам.
"Мы нямала зрабілі апошнім часам, і я не шкадую часу і грошай, якія былі затрачаны на рэабілітацыю і аднаўленне чарнобыльскіх зямель. Мы ў гэтым напрамку будзем дзейнічаць і ў далейшым", - падкрэсліў Прэзідэнт.
Аляксандр Лукашэнка лічыць, што ў многім вырашыць праблему адраджэння зямель дапаможа мадэрнізацыя і стварэнне тут сучасных высокаэфектыўных вытворчасцей.
Яскравым прыкладам такога падыходу ў Быхаўскім раёне служыць дзейнасць Быхаўскага кансервава-агароднінасушыльнага завода, які з'яўляецца базавым прадпрыемствам па вытворчасці плодаагародніннай кансервавай прадукцыі Магілёўскай вобласці. З 2007 года ўся выпускаемая заводам прадукцыя рэалізуецца пад гандлёвай маркай "Хозяин-Барин". Яна карыстаецца попытам як у пакупнікоў унутры краіны, так і паспяхова пастаўляецца ў многія краіны свету, у тым ліку ў Расію, Казахстан, Туркменістан, ЗША, Канаду. Працаваць на такім заводзе імкнуцца многія мясцовыя жыхары, а таксама выпускнікі Магілёўскага ўніверсітэта харчавання, але трапляюць нямногія, паколькі набор ідзе ў адпаведнасці з конкурсам.
"Каб замацаваць спецыялістаў у чарнобыльскіх рэгіёнах, патрэбны вось такія сучасныя прадпрыемствы", - лічыць Кіраўнік дзяржавы.
Асаблівасць завода ў тым, што ён мае кааператыўна-інтэграцыйную структуру: пастаўшчыком сыравіны на прадпрыемства выступае яго філіял "Макранскі", на заводзе прадукцыя перапрацоўваецца, упакоўваецца і рэалізуецца ў гандлёвую сетку.
Прадпрыемства спецыялізуецца на вытворчасці кансерваванай натуральным спосабам прадукцыі, вырабленай з высакаякаснай сыравіны. Тут выпускаюцца джэмы, варэнні, таматная прадукцыя (кетчупы, соусы, таматныя сокі), абедзенныя стравы з агародніны, салаты, закускі, натуральныя і адноўленыя сокі шырокага асартыменту. Сістэма менеджменту якасці прадпрыемства сертыфікавана на адпаведнасць патрабаванням міжнародных стандартаў ІСО 9001-2009. Завод арыентуецца на работу на беларускай сыравіне.
У 2011 годзе атрымана чыстага прыбытку ў памеры Br4 млрд. пры рэнтабельнасці продажаў 8,6%. Экспартавана прадукцыі на суму $2,2 млн. У 2010 годзе завершана рэканструкцыя прадпрыемства, у якую было ўкладзена амаль Br64 млрд. У планах завода – павелічэнне экспартных паставак і давядзенне выручкі да Br100 млрд.
Што датычыцца ў цэлым развіцця кансервавай галіны, то ў апошнія гады ў краіне было створана 13 новых вытворчасцей і праведзена тэхнічнае перааснашчэнне 21 арганізацыі па вытворчасці плодаагароднінных кансерваў.
Для раўнамернай загрузкі магутнасцей айчыннай якаснай сыравінай на працягу года, падтрымання асартыментнай лінейкі выпускаемай прадукцыі на 10 прадпрыемствах устаноўлены лініі па вытворчасці пюрэ - паўфабрыкатаў асептычнага захоўвання. Іх магутнасці даюць магчымасць выпускаць за год каля 30 тыс. т асептычнага прадукту.
У выніку гэтых работ у 2011 годзе ў параўнанні з 2006 годам аб'ём вытворчасці плодаагароднінных кансерваў павялічыўся больш як у 1,8 раза, а імпартазамяшчальнай прадукцыі - у 2,5 раза. За апошнія 6 гадоў на рэканструкцыю і тэхнічнае перааснашчэнне галіны накіравана амаль Br500 млрд., што дало магчымасць ужо ў 2011 годзе дадаткова вырабіць пладаагароднінных кансерваў на суму амаль Br 500 млрд.
Спажыванне айчынных кансерваў у 2011 годзе павялічылася больш як у 2 разы ў параўнанні з 2006 годам, пры гэтым імпарт скараціўся ў 1,9 раза. У 2011 годзе забяспечана патрэбнасць краіны ў сокавай прадукцыі на 89%, кансерваў з зялёнага гарошку - на 80%, агурках кансерваваных і марынаваных - на 78%, дзіцячым харчаванні - на 95%.
Адбыўся значны рост аб'ёмаў нарыхтовак сыравіны, што выкарыстоўваецца для вытворчасці імпартазамяшчальных плодаагароднінных кансерваў: зялёнага гарошку, таматаў, фасолі звычайнай, грыбоў. Асвоены выпуск прадукцыі са спаржавай фасолі, цукровай кукурузы, квяцістай капусты, брокалі, больш перапрацоўваецца перцу, баклажанаў, шчаўя, розных відаў зялёных культур. Выраслі аб'ёмы перапрацоўкі гарбузоў (у 2,7 раза), кабачкоў (у 1,5 раза), морквы (у 1,1 раза).
У галіне вядзецца фарміраванне сыравінных зон кансервавых прадпрыемстваў (іх маюць 15 з 33 прадпрыемстваў), стварэнне кааперацыйна-інтэграцыйных структур.
У 2011 годзе арганізацыямі галіны атрыманы чысты прыбытак Br42,1 млрд. пры рэнтабельнасці продажаў 11,5%. Аднак у галіне існуе шэраг праблем, якія патрабуюць вырашэння. З мэтай павышэння эфектыўнасці работы арганізацый распрацавана і знаходзіцца на ўзгадненні праграма вытворчасці плодаагародніннай кансерваванай прадукцыі ў 2012-2015 гадах. У ёй прадугледжваецца пастаўка на экспарт не менш як 25% вырабленай прадукцыі, што дасць магчымасць атрымаць выручку каля $30 млн.
Як адзначыў Аляксандр Лукашэнка, "жыццё падказала яшчэ адзін напрамак у развіцці АПК - перапрацоўку сельгаспрадукцыі". "Навошта баяцца: прададзім сельгаспрадукцыю ці не? Адправім лішкі на перапрацоўку. Тым больш, як паказала практыка, гэта рэнтабельна. Галоўнае, каб уся прадукцыя была рэалізавана", - лічыць Прэзідэнт. Ён таксама дадаў, што ўнутраны рынак павінен быць забяспечаны сельгаспрадукцыяй да новага ўраджаю.
Кіраўніку дзяржавы таксама было даложана аб ходзе вясенняй пасяўной кампаніі. Аляксандр Лукашэнка папярэдзіў, што ўсе работы трэба праводзіць па магчымасці максімальна хутка. "Лета можа быць засушлівае, таму трэба хутчэй пасеяць, - сказаў Прэзідэнт. – Азімыя цудоўныя. Трэба звярнуць увагу на хімічную ахову раслін. Ад гэтага будзе залежаць ураджай. Я думаю, што нам трэба быць гатовымі да сухога лета. Бо ў прыродзе ўсё ўраўнаважана. Калі зіма была ў нас снежная, вясна мокрая, то рэдка бывала, што лета было таксама мокрае".
Аляксандр Лукашэнка таксама звярнуў увагу на той факт, што сёння мяняецца псіхалогія працаўніка вёскі. "Калі сяляне пачынаюць прасіць сабе зямлю - гэта перамога! Раней як было: дайце грошай, дайце цэны, дыспарытэты і іншае... Зразумела, што сельскую гаспадарку заўсёды падтрымлівалі, ніколі яна не паспявала за цэнамі на нафту, на прамысловыя тавары, заўсёды гэты дыспарытэт нейкі будзе. Але сёння яны ўжо не скардзяцца на дыспарытэт, а просяць зямлю. Ведаюць, што ў зямлі грошы. Гэта перамога!" - лічыць Прэзідэнт.
Аляксандр Лукашэнка азнаёміўся з тэхналагічнай вытворчасцю прадпрыемства, агледзеў выстаўку выпускаемай прадукцыі, паспрабаваў сок, адзначыўшы, што "калі сок не ўтрымлівае радыенуклідаў, то і зямля чыстая".
Кіраўнік дзяржавы таксама сустрэўся з работнікамі Быхаўскага кансервава-агароднінасушыльнага завода. Размова ішла аб развіцці прадпрыемства, Быхава і Быхаўскага раёна, аб газіфікацыі сельскай мясцовасці.
Тлумачачы, чаму ён прыехаў менавіта ў Быхаўскі раён, Прэзідэнт сказаў, што хацеў паглядзець, як жывуць тут людзі, як працуе прамысловасць. "Я вельмі рады, што мы адрадзілі гэты цудоўны куток і паціху пераадольваем гэты чарнобыльскі сіндром", - дадаў Кіраўнік дзяржавы.
Прэзідэнт лічыць, што грошы не дарма ўкладзены ў развіццё як раёна, так і, у прыватнасці, Быхаўскага кансервава-агароднінасушыльнага завода. Але ўкладзеныя ў мадэрнізацыю прадпрыемства крэдыты трэба вяртаць, паколькі ў работнікаў завода ёсць магчымасць зарабляць грошы, пашыраючы вытворчасць прадукцыі.
Аляксандр Лукашэнка заявіў, што ў Беларусі зарплаты будуць павышацца з ростам прадукцыйнасці працы. "Будзеце вырабляць больш прадукцыі і прадаваць яе - будзе больш грошай, а значыць - і большая зарплата. Ніхто незаробленых грошай нікому не дасць, кажу вам адкрыта. Друкаваць грошы мы не будзем для таго, каб плаціць зарплату", - адзначыў Прэзідэнт.
На яго думку, "трэба самім прыкладаць намаганні і думаць, як зарабляць". А калі спатрэбіцца дапамога дзяржавы - дапаможам, падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.
Мясцовыя жыхары пацікавіліся, ці можа стаць Быхаў горадам-спадарожнікам Магілёва. У сувязі з гэтым Прэзідэнт расказаў аб тым, што ў Мінску будаўніцтва, у тым ліку і жылля, скарачаецца, каб разгрузіць мегаполіс. Асноўная нагрузка па будаўніцтве будзе класціся на суседнія гарады, інфраструктуру якіх плануецца развіваць больш актыўна. Што датычыцца Быхава як прапанаванага мясцовымі жыхарамі горада-спадарожніка Магілёва, то абласныя і раённыя ўлады павінны на месцы вызначыць мэтазгоднасць такой ініцыятывы.
Быхаўчане пацікавіліся таксама, ці будзе прадоўжана ў краіне газіфікацыя. Як адзначыў Прэзідэнт, цяпер у Беларусі газіфікаваны ўсе райцэнтры.
"У рамках падтрымкі вёскі мы будзем прадаўжаць газіфікацыю. Стаіць задача - кожны аграгарадок павінен атрымаць прыродны газ. І там, дзе мы аб'ядноўвалі гаспадаркі, мы павінны будзем газіфікаваць іх цэнтры. Зразумела, калі ў нейкай вёсачцы засталіся жыць два-тры чалавекі, туды прыродны газ мы не пацягнем", - адзначыў Кіраўнік дзяржавы.
Прэзідэнт запэўніў, што дзяржава не будзе пакідаць так званыя неперспектыўныя вёскі, жыць у якіх засталіся толькі старыя.
Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу на неабходнасць больш актыўнага выкарыстання мясцовых відаў паліва, паколькі газ - гэта дарагая выгода, і ён будзе даражэць. Цяпер у Беларусі распрацоўваюць праект маленькай кацельні, якая будзе абслугоўваць аграгарадкі або невялікія вёсачкі, што дасць магчымасць вырашыць у іх праблему ацяплення дамоў і наяўнасці гарачай вады.
Работнікі Быхаўскага завода падзякавалі Кіраўніку дзяржавы за тую вялікую ўвагу, якую ён удзяляе развіццю чарнобыльскіх рэгіёнаў.
У той жа дзень Прэзідэнт адказаў на пытанні прадстаўнікоў СМІ.
Адно з пытанняў датычылася тэмы замацавання кадраў у чарнобыльскіх рэгіёнах. Як лічыць Аляксандр Лукашэнка, мадэрнізацыя і стварэнне сучасных высокаэфектыўных вытворчасцей дасць магчымасць вырашыць гэту праблему. "Каб замацаваць спецыялістаў у чарнобыльскіх рэгіёнах, патрэбны вось такія сучасныя мадэрнізаваныя прадпрыемствы, як Быхаўскі кансервава-агароднінасушыльны завод, - адзначыў Кіраўнік дзяржавы. - Будуць у нас такія прадпрыемствы - пытанне кадраў закрыецца раз і назаўсёды".
Прэзідэнт прапанаваў больш шырока паглядзець на гэту праблему. Ён нагадаў, што яшчэ тры гады таму губернатары ўзнімалі пытанне няхваткі настаўнікаў, медыкаў. Цяпер гэта праблема практычна знята – на Магілёўшчыне ўкамплектаванасць настаўнікамі і ўрачамі складае 99,7%. "Калі дзесьці не хапае якіх-небудзь спецыялістаў, то мы ў гэтым годзе павінны поўнасцю ўкамплектаваць усе ўстановы", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.
Прэзідэнт лічыць, што спецыялістам, якія прыязджаюць на работу, трэба дапамагаць, у тым ліку з жыллём.
Кіраўнік дзяржавы нагадаў, што яму ў свой час даводзілася прымаць рашэнні па пераарыентацыі сродкаў па чарнобыльскіх праграмах. "Тады ўсе крычалі, калі я заявіў, што ўсё, хопіць рэабілітаваць, давайце адраджаць нашу краіну і тыя тэрыторыі, якія мы (часам палітычна) проста загубілі. На Быхаўшчыне некаторыя балбатуны паднімаліся і ішлі ў парламент. На якой тэме? Чарнобыльскай. Потым яны хутка забывалі аб гэтым, ішлі на вуліцы. Сёння некаторыя там збіраюцца на вуліцах пахадзіць. Але гэта іх справа. Кожнаму сваё".
Аляксандр Лукашэнка сказаў, што з таго часу зроблена нямала : "Мы пачалі адраджаць чарнобыльскія землі. І сёння мясцовыя жыхары пацвярджаюць, што гэта было правільнае рашэнне. Мы сабралі ўсе грошы, якія ішлі па чарнобыльскай праграме, і кінулі іх на адраджэнне зямель, у развіццё вытворчасці. За кошт акумуляваных сродкаў мы пачалі ствараць новыя прадпрыемствы, будаваць станцыі па ачыстцы вады ад прымесей жалеза, дарогі, газіфікавалі рэгіёны. Як бачыце, мы атрымалі добры вынік", - сказаў Кіраўнік дзяржавы.
Ён прадоўжыў: "Сёння Быхаўскі раён - гэта ўжо раён высокага ўзроўню". Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што дзякуючы рэалізацыі чарнобыльскай праграмы ўдалося ўзняць на належны ўзровень і іншыя раёны Магілёўскай вобласці.
"Я думаю, за гэту пяцігодку мы з вамі ў асноўным спынім размовы аб тым, што ў нас чарнобыльская рэспубліка", - сказаў Прэзідэнт. Кіраўнік дзяржавы растлумачыў, што цяпер у краіне вядзецца статыстыка ў ахове здароўя. Яна паказвае, што чарнобыльскія праблемы ў нас на чацвёртым-сёмым месцах, на першым месцы сардэчнасасудзістыя захворванні, траўмы, але не праблемы, звязаныя з Чарнобылем, не анкалогія, паказчыкі якой у нас не вышэйшыя, чым у суседніх дзяржавах.
Вяртаючыся да праблемы кадраў у рэгіёне, Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што яна ў асноўным вырашана або вырашаецца. "Няма катастрофы, трэба спакойна жыць і працаваць і думаць аб будучым", - рэзюмаваў ён.
Па просьбе журналістаў Прэзідэнт пракаменціраваў выказванні аб тым, што нейкія еўрапейскія сілы могуць прымусіць Беларусь прыпыніць будаўніцтва АЭС.
"Наконт нейкіх еўрапейскіх сіл, якія спрабуюць нас нахіліць не першы год і прымусіць нас рабіць так, як яны хочуць, а не так, як мы хочам жыць, вы ўжо ведаеце аб гэтых выніках", - заўважыў беларускі лідар.
"Палітыка вызначана, і я дакладна прытрымліваюся гэтай палітыкі. Мы тут гаспадары на гэтай зямлі і мы будзем вызначаць, дзе будаваць і што будаваць", - заявіў Аляксандр Лукашэнка.
"Ёсць міжнародныя стандарты. Атамная энергія нават мірная - гэта не жарт. Мы бяром самыя перадавыя тэхналогіі ў расіян, такіх станцый ужо нямала пабудавана Расіяй па ўсім свеце. Гэта самы высокі ўзровень абароненасці і бяспекі станцыі", - адзначыў Прэзідэнт.
Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што АЭС будзе пабудавана ў Беларусі па міжнародных стандартах. Ён адзначыў, што нават МАГАТЭ не мае да Беларусі пытанняў па бяспецы і тэхналогіях будаўніцтва АЭС.
"У нас быў генеральны дырэктар МАГАТЭ, і спецыялісты агенцтва прысутнічаюць пастаянна, яны манітораць сітуацыю і да нас не маюць пытанняў па тэхналогіях будаўніцтва і бяспекі станцыі", - сказаў Кіраўнік дзяржавы.
"Літоўцы крычаць, што яны таксама на тым жа месцы хочуць пабудаваць сваю атамную станцыю. На такой жа адлегласці ад нашай граніцы", - дадаў Прэзідэнт.
"Дарэчы, тая станцыя, якую яны нібыта закрылі і вывелі, яшчэ пыхкае там. Яна пабудавана ўвогуле на нашай граніцы. І ваду яны бяруць з нашых азёр. Чаму тады не крычалі, скідваючы нам бруд у гэтыя азёры? Што гэта станцыя была небяспечная, яны самі ў гэтым распісаліся, закрыўшы яе па патрабаванні сваіх кампаньёнаў", - сказаў Кіраўнік дзяржавы.
"Таму атамнай станцыі ў Беларусі быць, і мы яе пабудуем па міжнародных стандартах", - падкрэсліў Прэзідэнт. "Мы яе ўжо будуем", - дадаў ён.
Наконт будаўніцтва ў Беларусі другой АЭС Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што гэта пытанне пакуль неактуальнае.
"Я паўжартам сказаў, што нядрэнна было б, каб МАГАТЭ нам дапамагло тэхналогіямі пабудаваць другую АЭС. Калі б на ўмовах, як Расія ў нас будуе гэту станцыю, была б пабудавана яшчэ адна атамная станцыя на другой пляцоўцы (вы ведаеце, яна гатова і даследавана - у Магілёўскай вобласці), мы былі б значна багацейшыя, таму што мелі б поўную энергетычную бяспеку, знікла б залежнасць па электраэнергіі", - сказаў Кіраўнік дзяржавы.
"Але пакуль мы яшчэ прыкідваем, думаем, глядзім. Гэта пытанне пакуль неактуальнае", - адзначыў Прэзідэнт.
"Але калі знойдзецца інвестар на такіх умовах, як Расія ў нас будуе, я быў бы рады. Можа, японцы, карэйцы, французы з немцамі, амерыканцы... Пажывём - пабачым. Але хацелася б, зразумела", - дадаў Аляксандр Лукашэнка.
Журналісты пацікавіліся маючым адбыцца візітам у Беларусь Прэзідэнта Туркменістана Гурбангулы Бердымухамедава.
У час перагавораў з Кіраўніком Туркменістана плануецца абмеркаваць увесь комплекс двухбаковага супрацоўніцтва, адзначыў Аляксандр Лукашэнка. Ён таксама падкрэсліў: "Магчыма, мы выйдзем на нейкія новыя тэмы. Але дай бог рэалізаваць тое, пра што мы раней дамаўляліся з Гурбангулы Бердымухамедавым, калі я быў з візітам у Ашхабадзе".
Пры гэтым, як растлумачыў Кіраўнік беларускай дзяржавы, гэта будзе візіт у адказ, аднак не проста візіт ветлівасці. Ён нагадаў аб тым, што ёсць дамоўленасць з Прэзідэнтам Туркменістана сустракацца адзін раз у год-паўтара і кантраляваць, як рэалізуюцца даручэнні.
Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што Туркменістан - важны і перспектыўны партнёр для Беларусі.
"У Туркменістана ёсць вялікія сродкі, але няма тых тэхналогій, якія ёсць, напрыклад, у Беларусі, Украіне, Расіі. Мы гэта захавалі, і яны вельмі зацікаўлены ў тым, што мы можам рабіць, - адзначыў Прэзідэнт.- Мы пачалі будаваць у іх калійны камбінат, і яны задаволены нашай работай. Мы прапанавалі ім будаваць аўтадарогі, жыллё, пастаўляем туды тэхніку".
Адно з пытанняў журналістаў датычылася санкцый з боку ЕС адносна Беларусі. У сувязі з гэтым Аляксандр Лукашэнка выказаў думку, што, напэўна, у Еўрасаюзе зразумелі бесперспектыўнасць такой палітыкі.
Прэзідэнт задаў рытарычнае пытанне: "Вось калі б еўрапейцы разумелі, што санкцыі дзейнічаюць і нас можна нахіліць у той бок, у які яны хочуць, вы думаеце, яны ад іх адмовіліся б? Ніколі. Яны нас душылі б, на калені ставілі, потым яшчэ закапалі б па калена ў зямлю, а можа і глыбей. Напэўна, зразумелі, што санкцыі - гэта шлях нікуды, гэта бесперспектыўна. Яны, напэўна, зразумелі, што Беларусь для іх вельмі важна".
Прэзідэнт лічыць, што на Захадзе разумеюць неабходнасць супрацоўніцтва з Беларуссю, як у эканамічнай галіне, так і ў сферы процідзеяння нелегальнай міграцыі. Кіраўнік дзяржавы нагадаў, што ў Беларусі нядаўна было прынята рашэнне з больш умацаваных заходніх граніц перакінуць частку пагранічных сіл на паўднёвы напрамак. Гэта было звязана з правядзеннем ва Украіне чэмпіянату Еўропы па футболе.
"Цяпер мы ў асноўным кантралюем тыя пытанні, якія цікавяць Беларусь, і працуем у асноўным з кантролем на ўезд у краіну. А на выезд мы сталі працаваць менш, паколькі ў нас не хапае ні сіл, ні сродкаў", - сказаў Кіраўнік дзяржавы.
"Сумежныя дзяржавы ўжо звярнуліся да нас: дапамажыце, вы ж фактычна адкрылі граніцу. Я ім адкрыта сказаў: так, я магу павялічыць колькасць мытных і пагранічных пастоў, колькасць пагранічнікаў магу павялічыць, але вы, калі ласка, нам заплаціце за гэта. Гэта таксама сведчыць аб тым, што Беларусь важна", - адзначыў Прэзідэнт.
Аляксандр Лукашэнка канстатаваў, што калі Беларусь аслабіла кантроль на выезд у Еўропу, на Захадзе атрымалі цэлую хвалю міграцыі з Афганістана, Пакістана, Азіі, у тым ліку і цераз нашы граніцы.
Прэзідэнт таксама звярнуў увагу на магчымыя вялікія эканамічныя страты краін ЕС у выпадку пашырэння санкцый. "Я не кажу аб тых буйных эканамічных стратах, якія панясуць парты Балтыі. Не буду таіць: мы вядзём перагаворы з Расіяй, каб яны панізілі чыгуначныя тарыфы з тым, каб мы загрузілі іх парты на Балтыцы, яны былі б рады бачыць мільёны тон нашых грузаў", - адзначыў Прэзідэнт.
Кіраўнік дзяржавы таксама сказаў, што Беларусь дамовілася з украінцамі аб павелічэнні аб'ёмаў паставак праз паўднёвыя парты. Ён рэзюмаваў: "Калі мы не патрэбны ў краінах ЕС, то мы будзем шукаць сваё шчасце далей".
"Калі ЕС сёння гатовы без папярэдніх умоў, не нахіляючы нас налева, направа, з намі размаўляць і па-чалавечы сябе весці, не махаючы сякерай санкцый, то мы гатовы ў любы час вярнуцца да любога пытання за сталом перагавораў. Я яшчэ раз хачу паўтарыць: мы не ястрабы. Ястрабінай палітыкі ў Беларусі не было і не будзе, наш народ не прыме гэту ястрабіную палітыку. Таму мы гатовы садзіцца і абмяркоўваць гэтыя праблемы. Але будуць націскаць - мы будзем адказваць", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.
Кіраўнік дзяржавы па просьбе журналістаў расказаў аб перспектывах супрацоўніцтва Беларусі і Расіі, перш за ўсё ў ваенна-тэхнічнай сферы.
Прэзідэнт падкрэсліў, што Беларусь і Расія знялі ўсе вострыя эканамічныя і грамадска-палітычныя пытанні і будуць супрацоўнічаць па ўсіх напрамках двухбаковага ўзаемадзеяння. Гэта датычыцца і супрацоўніцтва ў ваенна-тэхнічнай сферы. "Закрытых тэм у нас няма ў ваенна-тэхнічнай галіне, у абароне нашых граніц, і мы з расіянамі будзем выбудоўваць агульную абаронную палітыку, стратэгію, тактыку і на практыцы будзем гэта ажыццяўляць", - сказаў Прэзідэнт.
Кіраўнік дзяржавы нагадаў, што калі існавалі праблемныя пытанні ў эканамічным супрацоўніцтве Беларусі і Расіі, абмяркоўваўся і напрамак абароны агульнай прасторы. "Помніце, калі нам за 5 гадоў чатыры разы павысілі цэны на газ, калі яны былі такія, як у Германіі, а то і вышэй, помніце, як з нафтай нам цяжка было, мы ў Венесуэлу ездзілі? Але паралельна ішлі кантакты з Расіяй у АДКБ. І там заўсёды абмяркоўвалася пытанне, як мы будзем абараняць нашу агульную прастору", - сказаў Прэзідэнт. Ён адзначыў, што ў Саюзнай дзяржаве ў Беларусі і Расіі сумесная групоўка на заходнім напрамку. Паводле яго слоў, пытанне сумесных дзеянняў і абароны тут таксама абмяркоўвалася. "Тады я і публічна гэта гаварыў, і Пуціну, і Мядзведзеву: так, мы гатовы і сумесную ППА зрабіць, мы да ўсяго гатовы. Але я павінен сваім людзям растлумачыць, што ж мы будзем абараняць, калі Расія, брацкая, блізкая краіна, прадае нам па такіх цэнах тое, у чым мы маем патрэбу? Навошта нам сёння напружвацца, калі мы можам гандляваць і так?" - сказаў Аляксандр Лукашэнка.
Паводле яго слоў, цяпер сітуацыя змянілася. "Паглядзіце, што адбылося цяпер. Цэны мы маем прыкладна $165-170 на газ, такіх цэн у свеце практычна няма ў Расіі з іншымі дзяржавамі. Бяспошлінная пастаўка нафты, калі нафта каштуе сёння на рынках, дапусцім, $800, то мы маем магчымасць атрымліваць па $400-450", - сказаў Кіраўнік дзяржавы.
"Мы стварылі Адзіную эканамічную прастору, дзе ўсе роўныя, ужо няма гэтых войнаў: ні малочных, ні іншых. Мы маем вялікі рынак: каля 170 млн. чалавек, перш за ўсё за кошт Расіі. Гэта значыць зняты ўсе эканамічныя і грамадска-палітычныя пытанні, якія былі ў нас з Расіяй", - сказаў Кіраўнік дзяржавы.
Ён нагадаў, што ў той час ён адразу падпісаў дакумент аб стварэнні адзінай групоўкі проціпаветранай абароны. "Гэта вельмі цікавіла расіян, і гэта вельмі важна, бо беларуская ППА эфектыўна працуе ад Чорнага мора да Балтыкі", - дадаў Прэзідэнт.
Беларусь пайшла на супрацоўніцтва і ў іншых сферах, асабліва актывізаваўшы адносіны ў плане сумеснай беларуска-расійскай групоўкі войскаў. Сёння Расія поўнасцю аснашчае беларускія сілы хуткага рэагавання ўзбраеннем і абмундзіраваннем. Беларусь сёння за паўцаны атрымлівае ўзбраенне з Расіі. "Інакш кажучы, ужо ёсць, што абараняць", - адзначыў Прэзідэнт.
"Расія многія пытанні вырашыла, і гэта не адзін мільярд долараў, - рэзюмаваў Аляксандр Лукашэнка. - Расія прыняла нашы ўмовы - мы прымаем іх умовы. Таму такіх наогул няма напрамкаў, дзе мы не можам супрацоўнічаць", - дадаў ён.
Аляксандр Лукашэнка выказаў сваё бачанне далейшых інтэграцыйных працэсаў на прасторы ЕўрАзЭС.
Прэзідэнт упэўнены, што Беларусь, Казахстан і Расія выйдуць да 2015 года на падпісанне дакументаў аб стварэнні Еўразійскага эканамічнага саюза.
"Ніякіх сістэмных супярэчнасцей у гэтым няма. Карысць у тым, што ў 2015 годзе дакладна будзе Еўразійскі саюз", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.
"Адзінае, мы гаворым аб тым, што тое, што датычыцца нашых суверэнных правоў як дзяржаў і тое, што мы можам вырашаць самі, Расія і Беларусь, мы не павінны заганяць у гэту агульную бочку. Мы не павінны ўсе пытанні суверэнітэту аддаваць пакуль яшчэ, можна сказаць, вельмі слабаму наднацыянальнаму органу - Еўразійскай камісіі. Мы самі можам пакуль вырашаць пытанні, узгадняючы іх з Расіяй, Казахстанам", - лічыць беларускі лідар. Ён расказаў, што ў гэтым плане былі пярэчанні Казахстана. "Але важна тое, што Казахстан сказаў: да 2015 года мы дакладна падпішам гэты дагавор. Раней такога не было. Таму ў 2015 годзе дакладна будзе Еўразійскі саюз", - падкрэсліў Прэзідэнт. "Сістэмных ніякіх супярэчнасцей няма, ёсць толькі пэўныя часавыя рамкі", - дадаў ён.
Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што гэтыя пытанні сярод іншых плануе абмеркаваць з Прэзідэнтам Казахстана Нурсултанам Назарбаевым у час яго візіту ў бліжэйшы час у Беларусь. Прэзідэнт Беларусі расказаў, што лідары дзвюх краін маюць намер пракантраляваць, як рэалізуюцца двухбаковыя дамоўленасці. Паводле яго слоў, Беларусь удзельнічае прыкладна ў 30 з 35 казахстанскіх праграм мадэрнізацыі. Беларусь пастаўляе ў гэту краіну не толькі тэхніку, але і мае намер прымаць удзел у праектах па развіцці сельскай гаспадаркі. Паводле слоў Аляксандра Лукашэнкі, беларускі вопыт вельмі цікавы Казахстану. "Мы гатовы будаваць аграгарадкі, пастаўляць тэхніку, вяртаць у севазварот землі: мы шмат чаго гатовы рабіць і гатовы дзяліцца вопытам са сваімі казахстанскімі сябрамі, як працаваць на зямлі", - сказаў Кіраўнік дзяржавы.