Наведванне ААТ "Беларуськалій"

  • 12
  • 3:54
Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка арыентуе калійшчыкаў акуратна рэагаваць на існуючыя на рынку тэндэнцыі. Такую задачу Кіраўнік дзяржавы паставіў 19 чэрвеня, наведваючы ААТ "Беларуськалій".

"Я так разумею, нашы канкурэнты ў свеце захваляваліся, яны ўжо нам прапануюць да іх у абдымкі. Ні ў якім выпадку мы ў тактыцы не павінны прайграць. Калі яны нам прайграюць, няхай прыходзяць і гавораць: мы прайгралі. І з гэтага будзем зыходзіць", - адзначыў Кіраўнік дзяржавы.

"Калі мы выходзім на аб'ёмы сусветных паставак, значыць, давайце дамаўляцца, - сказаў Прэзідэнт. - Не - значыць, ні на якія дагаворы ні з "Уралкаліем", ні з кім не ісці".

"Усё павінна быць у нашых інтарэсах. Але ні ў якім выпадку не павінна быць і асабістых амбіцый. Усё павінна быць акуратна, - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка. - Не трэба завальваць рынак танным каліем, таму што гэта нашы страты. Трэба вельмі тонка, акуратна рэагаваць на тэндэнцыі, якія ёсць на рынку".

Прэзідэнт азнаёміўся з вынікамі фінансава-гаспадарчай дзейнасці ААТ "Беларуськалій", бягучай сітуацыяй на сусветным рынку калійных угнаенняў, перспектывамі развіцця прадпрыемства, а таксама праблемнымі пытаннямі, прапановамі па іх вырашэнні і выкананнем раней дадзеных даручэнняў.

Як было даложана Кіраўніку дзяржавы, у 2014 годзе ў Беларусі адзначаюцца рэкордныя аб'ёмы вытворчасці і экспарту калійных угнаенняў. У бягучым годзе прададзена больш як 4 млн т калійных угнаенняў, ёсць кантракты на ліпень, фарміруецца праграма на жнівень. Беларускі бок шчыльна працуе па пастаўках калійных угнаенняў у Бразілію, Кітай, Паўднёва-Усходнюю Азію, развівае еўрапейскі напрамак і пастаўкі ў Афрыку як вельмі перспектыўны рэгіён у будучым. Што датычыцца тэндэнцый на сусветным рынку калійных угнаенняў, то адзначаецца рост як попыту, так і цаны.

Прэзідэнту таксама было даложана аб рэалізацыі інвестыцыйных праектаў у ААТ "Беларуськалій". У прыватнасці, у верасні бягучага года запланаваны ўвод у эксплуатацыю хімічнага камбіната па глыбокай комплекснай перапрацоўцы хлорзмяшчальнай мінеральнай сыравіны. Акрамя таго, вядзецца будаўніцтва Петрыкаўскага горна-абагачальнага комплексу.

Кіраўнік дзяржавы азнаёміўся з тэхналагічнай схемай работы Чырвонаслабодскага рудніка, а непасрэдна ў шахце - з тэхналогіяй селектыўнай выемкі. Аляксандр Лукашэнка наведаў завод па вытворчасці комплексных NPK-угнаенняў. Прадукцыя завода запатрабавана на рынку, і практычна ўвесь аб'ём вырабленых складаназмешаных комплексных угнаенняў экспартуецца.
 
У час наведвання прадпрыемства Аляксандр Лукашэнка пацікавіўся ў губернатара Мінскай вобласці Сямёна Шапіры вынікамі веснавых палявых работ, а таксама развіццём Салігорска. Прэзідэнт падкрэсліў, што пры будаўніцтве ў горадзе жылля ні ў якім выпадку не павінны быць задзейнічаны ўрадлівыя ворныя землі, а развіццё Салігорска павінна ажыццяўляцца па шляху стварэння гарадоў-спадарожнікаў, забудовы суседніх пасёлкаў.

Аляксандр Лукашэнка сустрэўся з працоўным калектывам ААТ "Беларуськалій" і адказаў на пытанні прадстаўнікоў рэгіянальных сродкаў масавай інфармацыі. Кіраўнік дзяржавы асобна спыніўся на рабоце прадпрыемства і перспектывах развіцця калійнай галіны, адзначыўшы стабілізацыю і паступовы рост цэн на адпаведную прадукцыю. "Вядома, гэта добра і для дзяржавы, і для канкрэтнага прадпрыемства. Ужо нас просяць вядучыя кампаніі: "Давайце разам". Я кажу: "А дзе вы былі ў мінулым годзе?" І той жа "Уралкалій" просіць ужо", - сказаў Прэзідэнт, нагадаўшы ў сувязі з гэтым аб сустрэчы са старшынёй савета дырэктараў ААТ "Аб'яднананая хімічная кампанія "Уралхім" Дзмітрыем Мазепіным.

"Зразумела, прыватнік бачыць свае выгады. Я ім кажу адкрыта: хабары сюды не вазіце, мы будзем дбаць аб уласных дзяржаўных інтарэсах. Мінула тры месяцы - яны яшчэ больш да нас бягуць, ужо амаль паўзуць на каленях. Мы пакуль абыходзімся без іх", - заўважыў Аляксандр Лукашэнка.

Прэзідэнт выказаў перакананне, што любая дзяржава - спажывец калійнай прадукцыі, ці гэта Індыя, Кітай, Бразілія і іншыя, у першую чаргу аддасць перавагу супрацоўніцтву з дзяржкампаніямі, паколькі ў гэтым выпадку ёсць пэўныя гарантыі.

Закранаючы сітуацыю на калійным рынку, Аляксандр Лукашэнка канстатаваў, што і раней, і ў нядаўнім канфлікце спатрэбілася шмат працы і барацьбы, каб адстаяць інтарэсы як дзяржавы, так і канкрэтнага прадпрыемства: "І на калені нас спрабавалі паставіць, і купіць за хабары і без іх. Усё было, і мы гэтага не ўтойвалі ад людзей".

Аляксандр Лукашэнка нагадаў, што яго першая сустрэча з работнікамі "Беларуськалія" адбылася яшчэ 20 гадоў таму ў цяжкія часы. "Я тады вам паабяцаў, што калі стану Прэзідэнтам, то ніколі інтарэсам шахцёраў не здраджу, і што ваша прадпрыемства, як і многія іншыя, будзе працаваць у інтарэсах краіны, і мы яго будзем заўсёды падтрымліваць. Думаю, праз 20 гадоў вам мяне няма ў чым папракнуць. Мы робім усё для таго, каб было сумленна і прыстойна і на знешніх рынках, і на ўнутраным", - падкрэсліў беларускі лідар.

Паводле слоў Прэзідэнта, цяпер канкурэнцыя на рынку калійных угнаенняў вельмі высокая і працаваць на ім вельмі складана. Гэта пацвярджаецца таксама абвалам рынку, што адбыўся ў выніку канфлікту з "Уралкаліем", ад чаго пацярпеў не толькі беларускі бок, але і іншыя сусветныя вытворцы. "Нам было нялёгка. Прапаноў было шмат: і аддаць каму-небудзь, і прадаць. Я сказаў: не, мы будзем рабіць гэта самі", - дадаў Аляксандр Лукашэнка.

Прэзідэнт падкрэсліў, што дзякуючы праведзенай рабоце ўдалося не толькі паспяхова процістаяць асноўным канкурэнтам, але нават пашырыць існуючыя рынкі збыту. "Няхай па цане крыху ніжэйшай, але аб'ёмы ў гэтым годзе мы чакаем гістарычныя. Мы столькі ніколі не прадавалі, колькі прададзім у гэтым годзе", - сказаў Кіраўнік дзяржавы.

Эфектыўную работу калійшчыкаў па пашырэнні прадукцыі на сусветныя рынкі Прэзідэнт прывёў у якасці прыкладу для іншых валаўтваральных прадпрыемстваў краіны, якія працуюць з недастатковай аддачай.

"У бліжэйшы час мы правядзём сур'ёзную ратацыю кадраў і заменім, пачынаючы ад урада да кіраўніцтва буйных прадпрыемстваў, якія забяспечваюць дабрабыт нашай краіны, калі не будзе належнага выніку", - заявіў Кіраўнік дзяржавы.

Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што адпаведнае пытанне нядаўна разглядалася на пасяджэнні Савета бяспекі. "Я адкрыта ім сказаў, каб не было крыўд: не будзе выніку - мы з вамі будзем расставацца", - падкрэсліў беларускі лідар.

"У вельмі цяжкіх умовах "Беларуськалій" паказаў, як трэба працаваць на міжнародных рынках. Чаму не можа БелАЗ, МТЗ, МАЗ? Могуць! Напэўна, няма жадання або ўжо выпрацаваліся", - дадаў Прэзідэнт.