Аляксандр Лукашэнка зрабіў рабочую паездку ў Мінскую вобласць
- 13
- 2:50
Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 3 мая наведаў у Барысаве СЗАТ "Белджы", дзе зараджаецца беларуская аўтапрамысловая вытворчасць легкавых аўтамабіляў, і новы, самы сучасны ў краіне футбольны стадыён "Барысаў-Арэна".
Рабочую паездку ў Мінскую вобласць Кіраўнік дзяржавы пачаў з наведвання выпрабавальнага палігона ў Барысаве. Тут Прэзідэнту быў прадстаўлены мадэльны рад выпускаемых сумесным беларуска-кітайскім прадпрыемствам "Белджы" легкавых аўтамабіляў.
Аляксандр Лукашэнка вырашыў асабіста пратэсціраваць аўтамабілі Geely. Кіраўнік дзяржавы праехаў па горадзе на Geely SC7 (седан) і Geely LC Cross (кампактны хэтчбэк), а потым сеў за руль новага красовера Geely EX7, які выпрабаваў на спецыяльным палігоне, дзе максімальна адноўлены ўмовы бездарожжа. У цэлым Прэзідэнт застаўся задаволены тэхнічнымі характарыстыкамі машын. Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што лічыць Geely SC7 машынай, якая поўнасцю падыходзіць для пачынаючых вадзіцеляў, і вельмі добра адазваўся аб дзвюх пратэсціраваных марках аўтамабіляў.
"Для пачынаючых маленькія машынкі нядрэнныя, - ацаніў Прэзідэнт. Яны не такія хуткія, як больш "дарослыя", вялікія аўтамабілі. Знойдзе свайго спажыўца і гэты маленькі аўтамабіль, жучок так званы. Вялікія аўтамабілі, красоверы - гэта вельмі прыстойная, добрая машына", - даў сваю ацэнку Аляксандр Лукашэнка.
Прэзідэнт звярнуў асаблівую ўвагу на неабходнасць забяспечыць высокую якасць машын беларускай зборкі. Як запэўнілі Кіраўніка дзяржавы вытворцы, за час продажаў аўтамабіляў значных нараканняў ад пакупнікоў не паступала, паўторных дэфектаў не выяўлена.
Па выніках тэст-драйва Прэзідэнт даў даручэнне ўраду прадумаць сістэму стымулявання продажаў аўтамабіляў Geely на ўнутраным рынку.
Гэта тэма закраналася і ў час наведвання Кіраўніком дзяржавы "Барысаўскага завода Аўтагідраўзмацняльнік", на пляцоўцы якога арганізавана зборка аўтамабіляў Geely. Размаўляючы з працоўным калектывам, Аляксандр Лукашэнка паабяцаў, што ўрадам будзе прадумана сістэма стымулявання пакупной здольнасці на аўтамабілі беларускай зборкі ўнутры краіны. "Стымуляваць продаж аўтамабіляў мы будзем разам. Дзяржава будзе ствараць умовы і дапамагаць, падштурхоўваць насельніцтва, каб яно купляла", - сказаў Прэзідэнт, дадаўшы, што падтрымка можа быць аказана ў выглядзе крэдытаў на доўгі час. "Мы падумаем ва ўрадзе, як падтрымаць беларуса, які купляе тут аўтамабіль. Пакуль - беларуса. Падумаем і аб іншых, таму што якая розніца, хто будзе купляць аўтамабілі", - адзначыў Кіраўнік дзяржавы.
Пры гэтым Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што сам вытворца аўтамабіляў павінен прыкласці намаганні, каб забяспечыць высокую якасць аўтамабіля па прымальнай цане, а дадаткова да гэтага прадаставіць гарантыі і якаснае сэрвіснае абслугоўванне. Цяпер гарантыя на аўтамабілі Geely складае 3 гады або 100 тыс.км прабегу. На думку Прэзідэнта, гэта добрыя ўмовы, але яшчэ ёсць да чаго імкнуцца. У прыватнасці, Кіраўнік дзяржавы запэўніў, што будзе дадаткова прапрацавана пытанне наконт зніжэння цэны на аўтамабілі Geely і ўстаноўлены асаблівы кантроль за іх якасцю. "Вы мяне не павінны падвесці. Калі мы выпусцім дрэнны аўтамабіль і людзі пачнуць скардзіцца: там няякасна, дрэнна і іншае, вы мяне падставіце", - адзначыў Прэзідэнт. Разам з тым ён падкрэсліў, што, мяркуючы па арганізацыі зборкі і асабістым тэст-драйве, машына Geely добрай якасці. Гэта забяспечваецца яшчэ і тым, што галоўныя аўтамабільныя камплектуючыя - рухавік і трансмісія для гэтых аўтамабіляў - японскія і аўстралійскія.
Плануецца, што ў Беларусі будзе прадавацца каля 50 тыс. аўтамабіляў у год. Для забеспячэння такога аб'ёму продажаў будзе падтрымка з боку дзяржавы. Прэзідэнт лічыць, што пакупнікам лепш аддаць перавагу новаму аўтамабілю беларускай зборкі, чым прывозіць не новыя машыны з-за мяжы. Тым больш што суадносіны цаны і якасці поўнасцю прымальныя. Самы недарагі аўтамабіль Geely LC CROSS каштуе ад $10 590 да $11 500, а самы дарагі Geely EX7 (красовер) - $21,5 тыс. "Чаму мы павінны завозіць сюды хлам з Еўропы, былыя ва ўжытку аўтамабілі. Яны таксама не танныя. А калі і за бясцэнак купляюць аўтамабіль за 5 тыс. долараў, то праз 2-3 гады яшчэ 5 тыс. за яго плацяць, таму што гэта хлам", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.
Прэзідэнт таксама звярнуў увагу на неабходнасць пашырэння дылерскай сеткі СЗАТ "Белджы" ў Беларусі. Цяпер у краіне сем дылераў - па адным у кожнай вобласці і ў Мінску. На думку Прэзідэнта, трэба стварыць дадатковыя дылерскія цэнтры ў населеных пунктах, размешчаных далёка ад абласных цэнтраў.
У бягучым годзе плануецца вырабіць 18 тыс. аўтамабіляў Geely ў Беларусі, рэалізаваць - амаль 14,5 тыс., найбольшую частку (каля 11 тыс.) - у Расіі. Гандаль аўтамабілямі ў Расіі ў прыватнасці і ў ствараемым Еўразійскім эканамічным саюзе ў цэлым таксама закранаўся Прэзідэнтам у час сустрэчы з працоўным калектывам.
Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што калі Беларусь, Расія і Казахстан дамаўляюцца аб стварэнні саюза, "значыць, перашкод ужо быць не павінна і ўсе павінны працаваць на роўных умовах". "Так я паставіў пытанне перад сваімі калегамі-прэзідэнтамі", - сказаў Аляксандр Лукашэнка аб нядаўняй сустрэчы кіраўнікоў дзяржаў "тройкі" ў Мінску на пасяджэнні Вышэйшага Еўразійскага эканамічнага савета.
"У апошнія дні ў Мінску ішла вельмі не тое што строгая, жорсткая размова наконт будучага нашых легкавых аўтамабіляў. Зразумела, нашых партнёраў насцярожвае тое, што вы даволі паспяхова стартанулі, асабліва ў гэтым годзе, у першым квартале, - канстатаваў Прэзідэнт. - Вы ўжо на новым прадпрыемстве выйшлі на 10% рэнтабельнасці. Гэта нядрэнна. У мінулым годзе было крыху больш як адзін працэнт, цяпер у дзесяць разоў больш". Такіх паказчыкаў удалося дасягнуць, нягледзячы на тое, што назіраўся спад вытворчасці аўтамабіляў на расійскім рынку. "Але Geely дае рост - амаль 50% на расійскім рынку. Гэта, вядома, насцярожвае і расіян. Напэўна, думаюць аб тым, што кітайцы заб'юць расійскі аўтапрам з тэрыторыі Беларусі", - сказаў Прэзідэнт.
У сувязі з гэтым Кіраўнік дзяржавы лічыць неабходным да стварэння ЕАЭС вырашыць з краінамі-партнёрамі ўсе праблемныя пытанні. "Сёння мы, яшчэ раз падкрэсліваю, вядзём дыялог, перш за ўсё, з Расіяй, як вырашыць гэтыя пытанні. Яны ў бліжэйшы час будуць вырашаны, таму што ў канцы мая мы павінны падпісаць дагавор аб стварэнні эканамічнага саюза, таму ўсе пытанні павінны быць зняты. У адваротным выпадку мы не можам пайсці сабе на шкоду на няроўных умовах у гэты эканамічны саюз. Хоць, яшчэ раз гэта падкрэслю, мы вельмі ў гэтым зацікаўлены і нямала зрабілі для станаўлення гэтага эканамічнага саюза", - звярнуў увагу Аляксандр Лукашэнка.
На думку Кіраўніка дзяржавы, цалкам зразумела, што кожная краіна спрабуе абараняць свой рынак, але калі ствараць саюз, то трэба першапачаткова дамовіцца аб раўнапраўных умовах работы.
Пытанні, якія задавалі Прэзідэнту на прадпрыемстве, датычыліся не толькі вытворчасці. Так, у Кіраўніка дзяржавы пацікавіліся яго чаканнямі ад выступлення нацыянальнай зборнай на маючым адбыцца ў Мінску чэмпіянаце свету па хакеі. Аляксандр Лукашэнка адказаў: "Я вельмі перажываю за тое, як складзецца для нас чэмпіянат, але не страчваю надзеі". Прэзідэнт таксама звярнуў увагу на тое, што пры правядзенні чэмпіянату трэба максімальна задзейнічаць аўтамабілі Geely для арганізацыі паездак каманд і гасцей.
Наведаўшы сумеснае беларуска-кітайскае прадпрыемства па выпуску легкавых аўтамабіляў Geely, Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што менавіта тут зараджаецца беларуская аўтапрамысловая вытворчасць легкавых аўтамабіляў. У Беларусі ўжо даўно наладжана вытворчасць грузавых аўтамабіляў, сельгастэхнікі, грамадскага транспарту. І вось нарэшце ў нашай краіне пачалі выпускаць легкавы аўтамабіль. "Мы ўсё навучыліся вырабляць: аўтобусы, тралейбусы, трамваі, а легкавога аўтамабіля - няма", - адзначыў Прэзідэнт, гаворачы аб пачатку праекта па арганізацыі вытворчасці легкавых аўтамабіляў.
Цяпер сумеснае прадпрыемства "Белджы" паспяхова развіваецца. На базе Барысаўскага завода "Аўтагідраўзмацняльнік" арганізавана буйнавузлавая зборка легкавых аўтамабіляў магутнасцю 10 тыс. машын у год. У 2013 годзе тут было сабрана амаль 2,5 тыс. аўтамабіляў. У першым квартале бягучага года ўжо выраблена і адгружана больш як 1,6 тыс. аўтамабіляў. Рэнтабельнасць продажаў у студзені - сакавіку склала 8,9%, атрыманы чысты прыбытак у суме Br16,5 млрд. Рэнтабельнасць вытворчасці дасягнула 10%, а сярэдняя зарплата на прадпрыемстве складае Br7 млн.
"Наступны крок - гэта будаўніцтва пад Барысавам (паміж Жодзіна і Барысавам) магутнага завода", - сказаў Прэзідэнт, ацэньваючы перспектывы развіцця вытворчасці легкавых аўтамабіляў у Беларусі. Плануецца, што будаўніцтва новага завода па выпуску легкавых аўтамабіляў будзе праходзіць у два этапы, а агульны аб'ём інвестыцый складзе амаль паўмільярда долараў. На першым этапе запланавана будаўніцтва асобнага завода вытворчай магутнасцю 60 тыс. адзінак у год са стварэннем вытворчасці зваркі, фарбавання і зборкі кузаваў да 1 студзеня 2017 года. Да гэтага часу плануецца давесці ўзровень лакалізацыі да 30%. А да ліпеня 2018 года павялічыць гэты ўзровень да 50%. Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што развіццё айчыннага аўтамабілебудавання дасць штуршок развіццю многіх іншых сектараў прамысловасці.
Пад канец сваёй сустрэчы з працоўным калектывам прадпрыемства Прэзідэнт пажадаў: "Дай бог, каб мы ціха, спакойна жылі сваім нармальным жыццём і каб мы ніколі не выходзілі на вуліцы і плошчы з дубінамі, кактэйлямі Молатава. Ужо сёння і з ружжамі, і з кулямётамі выходзяць, самалёты збіваюць, самі ў сваіх страляюць". Ён падкрэсліў, што да гэтага нельга дайсці. "Вось гэта самае галоўнае. І не таму што, ведаеце, палохаюць: вось, Лукашэнка на гэтым ледзь не перадвыбарную кампанію праводзіць. Да выбараў яшчэ амаль два гады, мяне папракаюць ужо. Не, я проста хачу, каб мы спакойна працавалі. Няхай мы будзем 500-600 долараў атрымліваць, але мы будзем стабільна працаваць у цэхах", - сказаў Кіраўнік дзяржавы.
Потым Аляксандр Лукашэнка накіраваўся на новы спартыўны стадыён - "Барысаў-Арэну", дзе прайшла цырымонія яе ўрачыстага адкрыцця.
Кіраўнік дзяржавы звярнуў увагу на тое, што ў краіне стала добрай традыцыяй штогод уводзіць у строй новыя спартыўныя аб'екты. І гэты стадыён адкрываецца напярэдадні вялікага свята - Дня Перамогі.
"Мяне часта крытыкуюць, маўляў, вось, хакей. Сёння - футбол!" - сказаў Аляксандр Лукашэнка.
Ён адзначыў, што, пад'язджаючы да стадыёна, думаў аб тым, як хутка бяжыць час: "Здаецца, зусім нядаўна мы апусцілі капсулу ў фундамент стадыёна". І літаральна праз тры гады ў Барысаве адкрываецца самы сучасны футбольны стадыён у краіне. "Вашай камандзе ўжо не трэба будзе блукаць па гарадах і вёсках", - сказаў Кіраўнік дзяржавы, маючы на ўвазе барысаўскі футбольны клуб БАТЭ.
Прэзідэнт звярнуў увагу на тое, што стадыён не ўступае аналагічным збудаванням за мяжой і з'яўляецца добрым падарункам балельшчыкам, жыхарам Барысава і ў цэлым Міншчыны.
Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што комплекс адпавядае самым высокім стандартам УЕФА і можа прымаць любыя еўрапейскія спаборніцтвы аж да Лігі чэмпіёнаў і Лігі Еўропы. У той жа час суперсучасны стадыён будаваўся не толькі для гэтых мэт. "Акрамя сваёй асноўнай функцыі ён павінен выконваць і сацыяльнае прызначэнне. Паколькі здароўе беларускага народа застаецца адным з важнейшых прыярытэтаў нашай палітыкі", - сказаў Кіраўнік дзяржавы.
Паводле яго слоў, тут кожны знойдзе сабе занятак. У комплексе ёсць фітнес-клуб, гульнявы пакой для дзяцей, пункты грамадскага харчавання і многае іншае. На арэне створаны ўнікальныя магчымасці па правядзенні не толькі спартыўных, але і культурна-масавых і грамадска значных мерапрыемстваў, прыведзена ў парадак сумежная паркавая зона, якая, на думку Прэзідэнта, стане аблюбаваным месцам адпачынку. "Ды і ў цэлым "Барысаў-Арэна" зменіць штодзённае жыццё барысаўчан і гасцей Міншчыны", - упэўнены Кіраўнік дзяржавы.
"Па сваім эстэтычным увасабленні гэты неардынарны аб'ект можна аднесці да ўнікальных архітэктурных твораў, - сказаў Кіраўнік дзяржавы. - Упэўнены, што гэты футбольны стадыён сапраўды касмічных форм стане яшчэ адной візітнай карткай Беларусі, што будуць пазнаваць ва ўсім свеце". Аляксандр Лукашэнка выказаў словы ўдзячнасці праекціроўшчыкам, будаўнікам і спецыялістам, якія добрасумленна працавалі над яго ўзвядзеннем.
Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што вельмі рады праз вялікі прамежак часу пабываць на футбольным стадыёне і футбольным матчы. Вечарам на "Барысаў-Арэне" прайшоў першы футбольны матч - фінал Кубка Беларусі. За перамогу змагаліся футбольныя клубы "Нёман" з Гродна і "Шахцёр" з Салігорска.
"Спорт - футбол, хакей, іншыя віды - гэта ўжо не гульня, спаборніцтвы, барацьба, гэта вайна, і ты павінен змагацца за перамогу. Калі гэты настрой на перамогу будзе, мы абавязкова ўбачым тут зорак сусветнага футбола і іх пераможам", - сказаў Прэзідэнт.
"Аднак для таго, каб мы змаглі ўбачыць тут зорак сусветнага футбола, нашым камандам неабходна значна павысіць свой прафесійны ўзровень", - адзначыў Кіраўнік дзяржавы.
Ён падкрэсліў, што чакае самаадданай і бескампраміснай гульні, якая адпавядае ўзроўню ўзведзенага аб'екта. "Мне вельмі хацелася б, каб сёння фіналісты не расчаравалі нас як мінімум", - сказаў Прэзідэнт.
Аляксандр Лукашэнка з гумарам заўважыў, што гаспадары, каманда БАТЭ, зрабілі правільна, прадаставіўшы магчымасць згуляць у фінале гасцям. "Але як мне сказаў кіраўнік клуба БАТЭ: "Гэта апошняя наша ўступка", - адзначыў Прэзідэнт.
Ён таксама пажадаў усім аматарам спорту дабрабыту і здароўя, а спартсменам - выдатнай фізічнай формы, адсутнасці траўмаў і самае галоўнае - вялікіх перамог.
Прэзідэнт перадаў сімвалічны ключ ад футбольнага стадыёна "Барысаў-Арэна" юным футбалістам - выхаванцам футбольнага клуба БАТЭ. А капітаны каманд - фіналістак Кубка Беларусі па футболе ўручылі Кіраўніку дзяржавы мяч з аўтографамі ігракоў.
Аляксандр Лукашэнка азнаёміўся з інфраструктурай і функцыянальна-тэхнічнымі магчымасцямі стадыёна, паразмаўляў з ігракамі і трэнерам футбольнага клуба БАТЭ. Кіраўніку дзяржавы далажылі аб тым, як у далейшым плануецца выкарыстоўваць магчымасці комплексу для яго акупнасці і атрымання прыбытку. "Кожны метр павінен прыносіць грошы", - адзначыў Прэзідэнт. Аляксандру Лукашэнку расказалі, што ў планах - прадаць камерцыйную назву стадыёна, а таксама максімальна выкарыстоўваць арэну для матчаў рознага ўзроўню.
Прэзідэнт таксама з трыбуны паглядзеў фінальны матч Кубка Беларусі па футболе.
Афіцыйнае будаўніцтва новага стадыёна ў Барысаве пачалося 12 лістапада 2010 года. Праектаванне стадыёна было даручана славенскай фірме Ofis arhitekti. У якасці ўзору быў узяты стадыён "Людскі врт" у Марыбары. Работы над праектам завяршыліся летам 2010 года. "Барысаў-Арэна" - гэта футбольны стадыён, разлічаны больш як на 13 тыс. месц. Ён адпавядае патрабаванням чацвёртай катэгорыі УЕФА і дае магчымасць праводзіць не толькі паядынкі кваліфікацыйных стадый еўракубкаў, але і сустрэчы групавога этапу і плэй-оф Лігі чэмпіёнаў і Лігі Еўропы.
На футбольным стадыёне прадугледжаны самыя сучасныя сістэмы паліву і падагрэву поля, аўдыяапаратура высокага класа, і па тэхнічнай аснашчанасці ён з'яўляецца самым сучасным у краіне фізкультурна-спартыўным збудаваннем такога профілю.
Вялікая ўвага пры распрацоўцы праекта стадыёна была ўдзелена пытанням бяспекі. Дызайн аб'екта ўлічвае апошнія патрабаванні УЕФА і ФІФА ў гэтым аспекце. Ёсць дастатковая колькасць запасных выхадаў, колькасць сядзенняў у любым з радоў на сектары не перасягае 28. Важная асаблівасць арэны - функцыянальная гібкасць. У залежнасці ад колькасці прададзеных білетаў можна будзе дабавіць дадатковыя мабільныя пункты харчавання і продажу атрыбутыкі. Гасцявыя балельшчыкі могуць заходзіць на свой сектар праз асобны ўваход без кантакту з балельшчыкамі гаспадароў.
Стадыён размешчаны ў крокавай даступнасці ад чыгуначнай станцыі, якая мае зносіны з гарадамі Орша, Жодзіна, Смалявічы і Мінск.
"Барысаў-Арэна" пабудаваны ў адпаведнасці з Дзяржаўнай праграмай развіцця футбола ў Беларусі на 2011-2015 гады, сацыяльна значны інвестыцыйны праект рэалізаваны за кошт крэдытных рэсурсаў Банка развіцця Беларусі. Асноўным арандатарам фізкультурна-спартыўных збудаванняў аб'екта выступіць футбольны клуб БАТЭ.
![]()