Увод у эксплуатацыю Бярозаўскага рудніка ААТ "Беларуськалій"

  • 4

Беларусь не мае намеру прадаваць кантрольны пакет акцый ААТ "Беларуськалій", а развіццё калійнай галіны краіны будзе ажыццяўляцца выключна зыходзячы з інтарэсаў дзяржавы і беларускага народа. Аб гэтым Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заявіў 17 ліпеня пры наведванні ў Салігорскім раёне Бярозаўскага рудніка ААТ "Беларуськалій".

"Я не збіраўся і не збіраюся прадаваць "Беларуськалій" некаму за бясцэнак. Калі хто-небудзь захоча - плаціце грошы, цана названа, ніхто яе змяншаць не будзе", - сказаў Аляксандр Лукашэнка. Пры гэтым ён падкрэсліў, што размова ідзе аб магчымасці продажу толькі пэўнай долі акцый, але не кантрольнага пакета.

Як адзначыў Прэзідэнт, апошнім часам гучыць шмат меркаванняў аб прыватызацыі "Беларуськалія". "Лічыў і лічу, што гэта жамчужына Беларусі, якая належыць беларускаму народу. Цяпер шмат размоў і нават націску, і націск ідзе з розных бакоў, нават з тых дзяржаў, ад якіх мы вельмі залежныя. І гэтаму націску процістаяць складана", - сказаў Прэзідэнт.

Аляксандр Лукашэнка нагадаў, што раней даручаў правесці ацэнку прадпрыемства, і цана склала $30-32 млрд. "Ніжэй ніяк. Хочаце - калі ласка, мы вам прададзім не кантрольны пакет акцый, каб кіраванне не страціць. Давайце 10%, 20%, 25%, але плаціце, - адзначыў Кіраўнік дзяржавы. - 25% - гэта $8,5-9 млрд. Хто хоча, прыходзьце, плаціце. Такіх пакупнікоў не знайшлося. Усе хочуць за $8 млрд. купіць увесь камбінат. Я кажу: бывайце, такіх цэн няма. Гэта мая прынцыповая пазіцыя. Мне няма сэнсу спяшацца прадаваць "Беларуськалій".

Наконт нежадання прадаваць кантрольны пакет Аляксандр Лукашэнка ўдакладніў: "Гэта не таму, што я баюся страціць кіраванне, уладу, як некаторыя пішуць. Справа не ў тым: я яго не будаваў, не ствараў - тут цэлае пакаленне ўклала сваю працу, і прадаваць за бясцэнак ніхто яго не будзе. Вось маё цвёрдае слова, сказанае публічна".

У ходзе рабочай паездкі Аляксандр Лукашэнка азнаёміўся з планамі па развіццю калійнай галіны Беларусі, вынікамі работы па экспарту калійных угнаенняў у 2011-м і экспартнымі пастаўкамі ў бягучым годзе. У тым ліку абмяркоўваліся некаторыя праблемныя пытанні ва ўзаемаадносінах з расійскімі партнёрамі. Прэзідэнт не выключыў, што адносіны з расійскім акцыянерам Беларускай калійнай кампаніі могуць быць перагледжаны. "Усе пытанні, якія датычацца БКК, павінны быць да 1 верасня вырашаны ў той ці іншы бок. Больш валтузні вакол гэтага быць не павінна, нават калі нам трэба будзе нашы адносіны з расіянамі перагледзець. Давайце будзем разбірацца капітальна ў гэтым. Нам патрэбна поўная яснасць", - даручыў Кіраўнік дзяржавы.

"Хочуць працаваць асобна, няхай працуюць. БКК павінна быць захавана ў любым выпадку. Таму што калійная кампанія павінна займацца не толькі продажам калійных угнаенняў, але таксама складанымі, змешанымі ўгнаеннямі", - лічыць Прэзідэнт.

Як падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка, Беларуская калійная кампанія - гэта брэнд, і сёння наўрад ці хтосьці можа ад яго адмовіцца. "Ці яны (расійскі партнёр) працуюць разам, ці ідуць у вольнае плаванне, - сказаў Аляксандр Лукашэнка. - Але яны на гэта не пойдуць. Ім не патрэбны гэты разрыў. Значыць, трэба ісці сумленным шляхам".

"Таму да 1 верасня ўсе пытанні павінны быць зняты. Я аб гэтым буду гаварыць з Прэм'ер-міністрам Расіі", - дадаў Прэзідэнт.

Як далажылі Кіраўніку дзяржавы, на 1 студзеня 2012 года вытворчыя магутнасці ААТ "Беларуськалій" па выпуску калійных угнаенняў склалі 10,3 млн.т за год, што на 1,5 млн.т больш, чым на 1 студзеня мінулага года. Асваенне магутнасцей Чырвонаслабодскага рудніка і запуск у эксплуатацыю Бярозаўскага рудніка дадуць магчымасць прадпрыемству ў 2013 годзе павялічыць вытворчую магутнасць да 11 млн.т мінеральных угнаенняў.

У перспектыве вытворчыя магутнасці таксама будуць нарошчвацца за кошт будаўніцтва новага горна-абагачальнага комплексу магутнасцю не менш як 1,5 млн.т хларыду калію за год на базе Петрыкаўскага радовішча калійных солей. Генеральны дырэктар ААТ "Беларуськалій" Валерый Кірыенка далажыў, што пачата рэалізацыя гэтага інвестпраекта, вядзецца распрацоўка бізнес-плана, тэхніка-эканамічнага абгрунтавання, па міжнародных стандартах праводзіцца ацэнка запасаў на радовішчы. У далейшым плануецца аб'явіць конкурс па выбару суінвестараў для рэалізацыі праекта, уклад якога павінен скласці 50% ад кошту. Яшчэ адну палавіну ўнясе "Беларуськалій".

Разам з тым у ходзе абмеркавання гэтага пытання Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што калі "Беларуськалій" можа ажыццявіць праект толькі за кошт сваіх сродкаў, то няма сэнсу запрашаць інвестара звонку і аддаваць яму палавіну будучага прадпрыемства. Як было адзначана, гэта магчыма зрабіць за кошт крэдытных рэсурсаў. "Аб тым і размова. Таму што суінвестар, які прыйдзе, свае грошы з кішэні не дастане. Ён таксама возьме крэдыт, і гэта будзе тая ж нагрузка. Дык няхай лепш гэта радовішча будзе ў дзяржаўных руках", - сказаў Прэзідэнт.

У цэлым з улікам рэалізацыі ўсіх праектаў у калійнай прамысловасці пачынаючы з 2020 года аб'ём вытворчасці калійных угнаенняў у Беларусі можа скласці больш як 15 млн.т за год.

Аляксандр Лукашэнка ажыццявіў сімвалічны ўвод у эксплуатацыю Бярозаўскага рудніка ААТ "Беларуськалій", сустрэўся з працоўным калектывам прадпрыемства.

Работнікі прасілі пабудаваць больш школ і дзіцячых садоў у новых мікрараёнах Салігорска, добраўпарадкаваць тэрыторыю каля Салігорскага вадасховішча, цікавіліся ў Кіраўніка дзяржавы яго чаканнямі ад беларускіх алімпійцаў.

"Мы ставім для сябе планку: 25 медалёў - героі. Але нядаўна спартсмены кажуць: 25 медалёў - цяжка. Добра, давайце 20, але з іх 5 залатых. Таксама, кажуць, цяжка. Але ўсе кажуць пра 25 медалёў - я згодны" - адзначыў Прэзідэнт.

У гэты ж дзень Аляксандр Лукашэнка наведаў Рэспубліканскую бальніцу спелеалячэння. Гэта ўстанова нараўне з традыцыйнымі метадамі на працягу 22 гадоў праводзіць спецыялізаванае курсавое лячэнне пацыентаў з хваробамі органаў дыхання метадам спелеатэрапіі. Пацыенты праходзяць лячэнне ў спелеалячэбніцы, размешчанай на глыбіні 420 м у масіве каменнай солі і калійзмяшчальным пласце на базе калійнага рудніка першага рудаўпраўлення ААТ "Беларуськалій". Пасля рэканструкцыі лячэбніца можа прыняць да 120 пацыентаў. Тут заўсёды стабільны мікраклімат, аптымальны аэразольны, газавы і іонны састаў паветра, што з'яўляецца вядучым лячэбным фактарам. Акрамя падземнага аддзялення ў бальніцы ёсць наземны корпус.

Спусціўшыся ў падземнае аддзяленне, Прэзідэнт агледзеў палаты, дзе праходзяць лячэнне пацыенты як у дзённы, так і ў начны час. Тут жа размешчаны спартыўныя залы з магчымасцю займацца валейболам, тэнісам.

Кіраўнік дзяржавы выказаў меркаванне, што колькасць месц для спелеалячэння можна значна павялічыць. "Тут можна ўшчыльняцца. Магчымасці для гэтага ёсць. Напрыклад, для дзяцей можна ўстанавіць двух'ярусныя ложкі", - лічыць Прэзідэнт.

"Трэба існуючыя плошчы выкарыстоўваць па максімуму. Падыдзіце да вырашэння пытання па-гаспадарску, - паставіў задачу Кіраўнік дзяржавы. - Тут не тое што ўсё да канца не прадумана, гэтым проста ніхто не займаўся. Неадкладна трэба выправіць! Мы гэта не разгарнулі як мае быць".

Аляксандр Лукашэнка заўважыў, што памяшканне пабудавана капітальна, але не да канца загружана. На яго думку, аздараўленне тут магло б праходзіць больш дзяцей, тым больш што плошчы падземнай лячэбніцы даюць для гэтага магчымасць.

"Да 1 верасня тут усё павінна быць ідэальна", - падкрэсліў Кіраўнік дзяржавы.

За ўвесь перыяд дзейнасці бальніцы лячэнне тут прайшлі больш як 32 тыс. чалавек з Беларусі, а таксама Казахстана, краін Балтыі, Расіі, Украіны і іншых дзяржаў. Штогод бальніца прымае каля 2 тыс. пацыентаў, з іх 20% складаюць дзеці 10-17 гадоў. Пасля рэканструкцыі бальніца можа прымаць каля 4 тыс. пацыентаў за год.

Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу на тое, што паслугі бальніцы запатрабаваны не толькі сярод беларусаў, але і жыхароў замежжа. Прэзідэнт лічыць, што тут ёсць магчымасці для павелічэння экспарту медыцынскіх паслуг і даручыў уважліва вывучыць гэта пытанне.