Аляксандр Лукашэнка зрабіў рабочую паездку ў Мінскую вобласць
- 6
Беларусь у 2013 годзе атрымае больш як 9 млн.т ураджаю збожжавых з улікам кукурузы і поўнасцю забяспечыць сябе фуражным збожжам. Аб гэтым Прэзідэнту Беларусі Аляксандру Лукашэнку было даложана 2 жніўня ў час яго рабочай паездкі ў Мінскую вобласць.
Паводле слоў Міністра сельскай гаспадаркі і харчавання Леаніда Зайца, ужо намалочана больш як 3 млн.т збожжа пры сярэдняй ураджайнасці 33 ц/га. У папярэднія дні тэмпы ўборкі былі крыху зніжаны з-за ўмоў надвор'я, аднак аграрыі разлічваюць завяршыць уборку збожжавых культур у аптымальныя тэрміны. Для гэтага ёсць неабходная тэхнічная магчымасць - значна абнавіўся парк камбайнаў, вырашаны пытанні па забеспячэнню палівам. "Ніякіх стрымальных фактараў няма. Самы галоўны фактар - умовы надвор'я", - канстатаваў Міністр. "Што датычыцца валавога збору збожжа, то ў гэтым годзе адзначаецца зніжэнне па той прычыне, што вельмі сур'ёзны ўплыў аказала зіма. Гэта прывяло да недабору ўраджаю на азімых збожжавых культурах. Аднак ёсць даволі нядрэнны яравы палетак. За кошт таго, што ўраджай яравых будзе крыху вышэйшы, чым у мінулым годзе, мы забяспечым валавы намалот з улікам кукурузы не ніжэй за 9 млн.т", - сказаў Леанід Заяц.
Акрамя таго, у бягучым годзе ў Беларусі няма неабходнасці закупляць фуражнае збожжа, яго ў дастатковай колькасці нарыхтуюць айчынныя гаспадаркі.
"Увесь свет лічыць збожжавыя, каласавыя і кукурузу разам. Мы павінны за 9 млн.т выйсці, як у мінулым годзе", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.
Прэзідэнт у Мінскім раёне наведаў саўгас "Мінскі" ААТ "ДарОРС", дзе ў тым ліку азнаёміўся з арганізацыяй уборкі ячменю і тэхналагічнымі працэсамі нарыхтоўкі травяных кармоў. Кіраўніку дзяржавы паведамілі, што ў гэтым годзе ў палімерныя матэрыялы запакавана сенажу амаль у два разы больш за мінулагодні ўзровень, хоць гэта пакуль і значна менш, чым запланавана. У будучым годзе такім чынам будзе нарыхтоўвацца каля трэці сенажу, для чаго гаспадаркі набываюць неабходную тэхніку. Прэзідэнта запэўнілі, што менавіта такая форма нарыхтоўкі кармоў садзейнічае іх максімальнай захаванасці, што ў канчатковым выніку ўплывае на прадукцыйнасць у жывёлагадоўлі. "Тады трэба гэтым шляхам ісці: 30% у будучым годзе, палавіну ў 2015-м, а потым і поўнасцю, як гэта ўвесь свет робіць, загортваць у рулоны", - зрабіў вывыд Аляксандр Лукашэнка.
Асобна размова вялася аб стане спраў у льнаводчай галіне. Прэзідэнт нагадаў, што даручаў у бягучым годзе ўважліва заняцца гэтым напрамкам. "Я хачу пры строгім кантролі за вырошчваннем лёну паглядзець, можам мы з ільном працаваць і вынік даваць або не. Жалезна на кантроль і даклад мне, што атрымаем па восені", - даручыў Кіраўнік дзяржавы.
Аляксандр Лукашэнка таксама адзначыў, што паралельна ў Беларусі праводзіцца мадэрнізацыя льнозаводаў, гэта работа павінна быць завершана ў 2015 годзе.
Леанід Заяц далажыў, што ў бягучым годзе лён вырас на парадак лепшы, чым у 2012 годзе, ёсць у наяўнасці неабходныя механізмы і тэхніка для яго ўборкі і апрацоўкі.
Прэзідэнту далажылі і аб вытворча-эканамічным стане ААТ "ДарОРС", падведамным Міністэрству транспарту і камунікацый. Асноўнымі сферамі дзейнасці прадпрыемства з'яўляецца сельская гаспадарка, вытворчасць харчовых тавараў, гандаль і грамадскае харчаванне. За 2012 год выручка па ўсіх відах дзейнасці склала больш як Br1,5 трлн., чысты прыбытак - Br66,8 млрд. Пры гэтым прадпрыемства не атрымлівае ні рубля датацыйнай або спонсарскай дапамогі. Рэнтабельна працуюць і астатнія гаспадаркі, якія знаходзяцца ў падпарадкаванні Мінтранса.
Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што такія вынікі могуць служыць добрым прыкладам для іншых: "А чаму ў краіне нельга так працаваць, як ён працуе? Вопыт ёсць, узор - калі ласка".
Потым Кіраўнік дзяржавы наведаў малочнатаварную ферму гаспадаркі. Тут размова вялася аб выкананні даручэнняў па рэканструкцыі і тэхнічнаму перааснашчэнню МТФ у Мінскай воблаці, рабоце жывёлагадоўчай галіны.
Паводле слоў Старшыні Мінаблвыканкама Барыса Батуры, з 323 ферм у поўным аб'ёме ўжо ўведзены 209, што складае каля 65% плана. Губернатар адзначыў, што вобласць можа завяршыць рэканструкцыю ўсіх ферм ужо да 1 верасня бягучага года
Аляксандр Лукашэнка агледзеў новую ферму, пабудаваную з выкарыстаннем найноўшых будаўнічых канструкцый, матэрыялаў і аснашчаную робатамі даення. Чакаецца, што прыбытак ад рэалізацыі малака на ферме за год складзе Br6,7 млрд.
Як далажылі Прэзідэнту, тэмп росту аб'ёмаў вытворчасці ў мясной жывёлагадоўлі ў 2013 годзе можа скласці 106% да ўзроўню мінулага года. Аб'ёмы вытворчасці малака на гэты час крыху ўступаюць мінулагоднім, аднак аграрыі плануюць за кошт росту ў наступныя месяцы выйсці па году на ўзровень 103%.
Кіраўніку дзяржавы таксама далажылі аб тым, як ідзе продаж мясной і малочнай прадукцыі. "На рынку сітуацыя з малаком добрая. Ідзе ў плюс і аб'ём рэалізацыі, і цана ўзрастае, і рэнтабельнасць", - адзначыў Леанід Заяц. Што датычыцца мясной прадукцыі, яна таксама прадаецца, і на яе ёсць попыт, аднак ёсць пэўныя цяжкасці ў рэалізацыі гатовых вырабаў. Разам з тым чакаецца, што гэта сітуацыя ў хуткім часе нармалізуецца.
Наступным аб'ектам наведвання стала цяплічная гаспадарка ААТ "ДарОРС". Кіраўнік дзяржавы азнаёміўся з тэхналагічнымі працэсамі вырошчвання агародніннай і кветкавай прадукцыі ў цяпліцах па сучасных тэхналогіях, яму далажылі аб выкананні даручэнняў па развіццю цяплічнага агародніцтва і кветкаводства.
У гаспадарцы на плошчы 34,5 га вырошчваецца агароднінная, зялёная, ягадная і кветкавая прадукцыя. Выручка ад рэалізацыі за 2012 год склала больш як Br180 млрд., або $60 тыс. на аднаго работніка. Прадпрыемства пастаўляе на экспарт каля 55% атрыманай прадукцыі. Рэнтабельнасць вытворчасці цяплічнай прадукцыі ў мінулым годзе перавысіла 40%, у тым ліку кветак - 20%.
Цяплічны комплекс рэспублікі ўключае 24 буйныя гаспадаркі, кветкавая прадукцыя вырошчваецца ва ўсіх абласцях і Мінску. Калі яшчэ некалькі гадоў таму абсалютная большасць неабходнай Беларусі кветкавай прадукцыі даводзілася імпартаваць, то на сёння завозіцца з-за мяжы каля 20 млн. штук кветак, а ў краіне вырошчваецца каля 30 млн. штук.
Аляксандр Лукашэнка даў высокую ацэнку дасягнутаму выніку, нагадаўшы, што некалькі гадоў таму даваў даручэнне па развіццю цяплічных гаспадарак, і ў прыватнасці па развядзенню кветак, хоць многія сумняваліся ў поспеху. "Гэта вынік беларускай "дыктатуры", - з іроніяй адзначыў Кіраўнік дзяржавы. - Гэта яшчэ і рэнтабельна. Трэба сваё мець і паволі развіваць. Цяпер 20 млн. завозім, 30 млн. ужо вырошчваем. Паступова выйдзем на 50 млн. і забяспечым экспарт".
Прэзідэнт таксама азнаёміўся з выстаўкай прадукцыі, што выпускаецца ў ААТ "ДарОРС".