Аляксандр Лукашэнка зрабіў рабочую паездку ў Магілёўскую вобласць
Дзяржава і ў далейшым будзе аказваць вёсцы ўсялякую падтрымку. Беларускі селянін не застанецца сам-насам са складанымі праблемамі аграрнай вытворчасці. Аб гэтым заявіў Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь Аляксандр Лукашэнка 21 верасня, адкрываючы Рэспубліканскі фестываль-кірмаш працаўнікоў вёскі "Дажынкі-2012" у горадзе Горкі Магілёўскай вобласці.
Аляксандр Лукашэнка наведаў з рабочым візітам Магілёўскую вобласць, дзе азнаёміўся з сацыяльна-эканамічным развіццём Горацкага раёна, добраўпарадкаваннем раёна і горада да фестывалю-кірмашу.
Як далажыў губернатар Магілёўскай вобласці Пётр Руднік, у Горках да свята праведзена вялікая работа па рамонту дарог, добраўпарадкаванню цэнтральных вуліц, плошчаў, сквераў і паркаў, дваровых тэрыторый. Усе з запланаваных 246 аб'ектаў уведзены ў эксплуатацыю. На гэтыя мэты расходавана амаль Br745 млрд.
Акрамя таго, у раёне праведзена маштабная работа па пахаванню непатрэбных вытворчых памяшканняў, зносу ў вёсках старых будынкаў, якія не выкарыстоўваюцца, узбуйненню гаспадарак, меліярацыі. Тут будуецца 8 новых малочнатаварных комплексаў, плануецца пачаць узводзіць свінагадоўчы комплекс, шмат зроблена па культуры земляробства, рэканструявана 5 зернесушыльных комплексаў, няма ніводнай стратнай гаспадаркі.
Як заўважыў беларускі лідар, раён за кароткі прамежак часу прайшоў рэвалюцыйны шлях. Сёння Горацкі раён - узор вядзення гаспадаркі, і да гэтага павінны імкнуцца ўсе рэгіёны краіны. "Мы дамаўляліся, што тут будзе зроблены ідэальны раён. І мы прывялі яго ў парадак. Калі ласка, капіруйце", - сказаў Кіраўнік дзяржавы.
Аляксандр Лукашэнка наведаў вучэбна-вытворчую малочнатаварную ферму і рыбагадавальнік на базе сельгасакадэміі ў Горках.
МТФ створана як вучэбна-навукова-вытворчы цэнтр, дзе студэнты, спецыялісты і кіраўнікі сельгасвытворчасці будуць атрымліваць практычныя веды ў сферы малочнай жывёлагадоўлі, а таксама тут будуць весціся распрацоўка новых метадаў і тэхналогій малочнай жывёлагадоўлі, апрабацыя і адаптацыя да ўмоў Беларусі замежных тэхналогій.
Аляксандр Лукашэнка азнаёміўся з арганізацыяй вучэбнага працэсу на ферме, агледзеў вучэбныя даільныя залы, кароўнік, аснашчаны сучасным тэхналагічным абсталяваннем. Сярэднегадавое пагалоўе фермы складае 557 галоў, а сярэднегадавы ўдой на карову - 7 тыс. кг. Школа-ферма па аснашчэнню і арганізацыі работы не мае аналагаў у СНД і большасці краін Еўропы. На ферме ёсць 4 тыпы аўтаматызаваных даільных установак: карусель-ёлачка, паралель-ёлачка, даільны робат, стацыянарны малакаправод на манарэйцы, якія забяспечваюць кантроль працэсу даення, атрыманне і маніторынг вынікаў даследаванняў, кантроль якасці малака і маніторынг здароўя кожнай жывёлы. Для атрымання электраэнергіі ўстаноўлены ветрагенератар і камплект сонечных батарэй. Ва ўсіх вытворчых памяшканнях устаноўлена сістэма відэанагляду, якая дае магчымасць кругласутачна назіраць за тэхналогіяй атрымання малака.
У рыбагадавальніку Аляксандр Лукашэнка азнаёміўся з аснашчэннем і тэхналагічным працэсам вырошчвання рыбапасадачнага матэрыялу ласасёвых відаў рыб, у прыватнасці радужнай фарэлі.
Тут размова ішла аб выкананні раней дадзеных Кіраўніком дзяржавы даручэнняў па стварэнню айчыннага індустрыяльнага комплексу па вырошчванню рыбапасадачнага матэрыялу ласасёвых відаў рыб, а таксама аб стане і перспектывах развіцця рыбаводства ў краіне.
У Беларусі ў 2015 годзе плануецца вырошчваць каля 4 тыс. т ласасёвых рыб. Цяпер вырошчваецца ўсяго 150 т. Як было даложана Прэзідэнту, у 2013 годзе плануецца стварыць яшчэ 3 падобныя Горацкаму комплексы.
Рыбаводны індустрыяльны комплекс, створаны на базе сельгасакадэміі ў Горках, спецыялізуецца на вырошчванні радужнай фарэлі і іншых каштоўных відаў рыб. Тут створаны ўмовы вырошчвання, у якіх забяспечваецца максімальны рост і тэмп назапашвання прадукцыі практычна любых відаў у мінімальныя тэрміны. Акрамя таго, забяспечваецца поўны кантроль і кіраванне вытворчым працэсам незалежна ад знешніх умоў пры захаванні экалагічнай чысціні вытворчасці за кошт вырошчвання рыбы ў адным і тым жа аб'ёме вады з прымяненнем сістэмы поўнай ачысткі і рэгенерацыі якасці вады да зыходнага ўзроўню. Атрыманы рыбапасадачны матэрыял будзе пастаўляцца для далейшага вырошчвання ў таварныя рыбгасы і спецыялізаваныя гаспадаркі Беларусі, а таксама экспартавацца ў краіны блізкага замежжа. Рыбаводны індустрыяльны комплекс дасць магчымасць вырошчваць малявак рэдкіх і знікаючых відаў рыб для далейшага выпуску ў натуральныя вадаёмы з мэтай узнаўлення прыроднай папуляцыі.
Рыбагадавальнік разлічаны на вытворчасць 3 млн. штук малявак радужнай фарэлі за год. У склад рыбаводнага індустрыяльнага комплексу ўваходзяць 4 модулі: інкубацыі, падрошчвання лічынкі да 5 грамаў і два модулі вырошчвання маляўкі да 50 грамаў. Кожны модуль мае незалежную сучасную сістэму водападрыхтоўкі і рэгенерацыі вады.
Тэхналогія, якая прымяняецца тут, поўнасцю адпавядае міжнародным стандартам і практыцы сучаснай аквакультуры. Тэхналагічнае абсталяванне было распрацавана фінскай кампаніяй сумесна з кампаніяй з Галандыі, якія прынялі ўдзел у праектаванні больш як 30 аналагічных рыбаводных комплексаў у Еўропе, Азіі і Паўднёвай Амерыцы. Плануецца стварыць яшчэ 3 такія комплексы.
На базе і рыбаводнага індустрыяльнага комплексу, і вучэбна-вытворчай МТФ будзе праходзіць практычная падрыхтоўка спецыялістаў Горацкай сельгасакадэміі, а таксама фундаментальныя і прыкладныя навуковыя даследаванні, ажыццяўляцца перападрыхтоўка спецыялістаў і правядзенне курсаў павышэння кваліфікацыі.
Кіраўнік дзяржавы лічыць, што ў сучасных умовах трэба рабіць акцэнт на стварэнні магутнай аграрнай галіны. "Мы бачым, што на сусветным харчовым рынку складаная сітуацыя. Міжнародныя эксперты гавораць аб вялікім дэфіцыце сельгаспрадукцыі ў гэтым годзе. Назіраецца значнае зніжэнне збору збожжавых і іншых культур у нашых традыцыйных партнёраў - Расіі, Украіне, Казахстане, іншых краінах СНД. Істотны недабор ураджаю збожжавых культур прагназуецца ў буйнейшай жытніцы свету - Злучаных Штатах Амерыкі. Не лепшыя разлікі на ўраджай і ў многіх еўрапейскіх дзяржавах", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.
У такой сітуацыі відавочна, што цэны на прадукцыю сельскай гаспадаркі ў свеце будуць павялічвацца, падкрэсліў Прэзідэнт. "Гэта тэндэнцыя пачынае праяўляцца ўжо цяпер. Таму нам трэба не толькі забяспечваць свае ўнутраныя патрэбнасці і скараціць імпарт прадуктаў харчавання, але і максімальна нарошчваць экспартны патэнцыял, умацоўваючы тым самым эканоміку аграрнай галіны і краіны ў цэлым. Тым больш што нам удалося вырасціць рэкордны ўраджай збожжа і агародніны", - адзначыў Прэзідэнт.
Прыярытэтнымі напрамкамі, на яго думку, становяцца не толькі нарошчванне экспарту, але і імпартазамяшчэнне. "Мы павінны вырошчваць усё, што расце ў нас, стварыць дастойную канкурэнцыю імпарту і выцесніць яго. Рэальныя перадумовы для гэтага ў нас ёсць. За апошнія гады мы змаглі ў дзесяць разоў скараціць імпарт збожжа. Ёсць добрыя зрухі і па іншых пазіцыях", - лічыць Прэзідэнт.
Аляксандр Лукашэнка выказаў упэўненасць у тым, што Беларусь у бліжэйшы час выйдзе на ўзровень сярэднееўрапейскіх паказчыкаў у аграрным комплексе. "Гэта задача нам пад сілу!" - перакананы Прэзідэнт.
У той жа час перад аграрнай галіной ставіцца задача не толькі нарошчваць аб'ёмы вытворчасці, але і павялічваць рэнтабельнасць. "Хачу асабліва падкрэсліць: аграрная галіна можа і павінна паказваць не толькі ўзрастаючыя аб'ёмы вытворчасці, але і добры прыбытак. Механізм рэнтабельнасці даўно вядомы - зніжэнне затрат, разумная эканомія, гаспадарлівы падыход да справы. Мы павінны раз і назаўсёды ўсвядоміць, што гэта аснова канкурэнтаздольнасці нашай аграрнай прадукцыі і галоўная ўмова павышэння дабрабыту нашых сялян", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.
Як адзначыў Прэзідэнт, сяляне ў бягучым годзе маюць права ганарыцца сваімі поспехамі: краіна атрымала найбольшую за сваю гісторыю ўраджайнасць збожжавых, аб'ём вырашчанага збожжа поўнасцю пакрывае патрэбнасці Беларусі ў гэтай прадукцыі. "З улікам кукурузы, а ў сусветнай практыцы гэта культура ўлічваецца ў агульнай ураджайнасці, яна складзе 45 цэнтнераў з гектара, у тым ліку больш як 37 цэнтнераў збожжавых. У цэлым па ўсіх катэгорыях гаспадарак валавы збор збожжавых і зернебабовых культур склаў амаль 9 млн. 200 тыс. т, гэта больш за мінулагодні на мільён тон. Гэта амаль па тоне на жыхара краіны. Аб гэтым раней мы маглі толькі марыць, а сёння мары сталі явай", - адзначыў Аляксандр Лукашэнка, дадаўшы, што ўсе вобласці краіны павялічылі вытворчасць збожжа і перасягнулі мільённую мяжу.
У Беларусі, на думку Прэзідэнта, створана арганізацыйная і матэрыяльная база для інтэнсіўнага вядзення сельскай гаспадаркі. "Развітое машынабудаванне дае магчымасць нам поўнасцю вырашаць нацыянальныя патрэбнасці ў сродках механізацыі ў гэтай сферы. У краіне вырабляюцца сучасныя трактары, камбайны, увесь комплекс кормаўборачнай тэхнікі, а таксама шлейф прычапных машын і механізмаў", - сказаў Кіраўнік дзяржавы.
"Мы чарговы раз пераканаліся, што намі выбраны правільны курс на інтэнсіўнае развіццё буйнатаварнай сельскагаспадарчай вытворчасці, - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка. - Паглядзіце, што адбылося ў краіне: мы не падзялілі краіну на кавалкі і не раздалі фермерам". У якасці прыкладу Прэзідэнт прывёў Горацкі раён, на тэрыторыі якога размешчаны гаспадаркі плошчай па 8-11 тыс. га кожная. "Сёння многія гаспадаркі маюць 12 тыс. га і просяць яшчэ зямлю, таму што гэта свае танныя кармы для жывёлагадоўлі. Гэта значыць мы стварылі буйнатаварныя сельскагаспадарчыя аб'яднанні, і яны сёння даюць эфект. Калі б мы толькі гадоў 12-15 таму пайшлі па шляху, па якім нас штурхалі ў тым ліку і з Захаду, мы знішчылі б краіну, у нас не было б сельскай гаспадаркі. Але ў нас была б цераспалосіца, кавалкі зямлі, якія ніколі не далі б таго эфекту, які мы атрымліваем сёння", - упэўнены Аляксандр Лукашэнка.
Па традыцыі Аляксандр Лукашэнка ўручыў заслужаныя ўзнагароды пераможцам рэспубліканскага спаборніцтва па ўборцы ўраджаю збожжавых і зернебабовых культур, якія занялі ў 2012 годзе першыя месцы.
Прэзідэнт таксама адказаў на пытанні прадстаўнікоў СМІ. Адно з іх датычылася добраўпарадкавання Горак і Горацкага раёна да свята.
Аляксандр Лукашэнка з задавальненнем заўважыў, што сёння гэта мясцовасць поўнасцю змянілася. "Тое, што мы зрабілі з Горацкага раёна, мы павінны зрабіць з кожным раёнам, гэта ўзор", - лічыць Прэзідэнт. "Для мяне Горацкі раён важны не толькі ўспамінамі, а як базавы раён на поўначы, паўночным усходзе Беларусі", - дадаў Кіраўнік дзяржавы. Прэзідэнт звярнуў увагу на тое, што для сённяшняга выгляду Горацкага раёна праведзена вялікая работа: "Не трэба ў Данію, Галандыю ездзіць - мы праехалі па свеце і сюды прывезлі лепшае".
"Горацкі раён - гэта апора, будучае, узор развіцця раёнаў нашай Беларусі. Усе раёны павінны быць такія, як Горкі. Для мяне сёння Горацкі раён - гэта той узор, той ідэал, да якога мы павінны імкнуцца", - падкрэсліў Прэзідэнт. У той жа час Аляксандр Лукашэнка дадаў, што тут ёсць яшчэ над чым працаваць.
Прадстаўнікі СМІ, у прыватнасці, пацікавіліся ў Кіраўніка дзяржавы, ці лічыць ён рэальна выканальнымі задачы, пастаўленыя перад Урадам на нядаўняй нарадзе, якая датычылася мадэрнізацыі прадпрыемстваў краіны і дасягнення ў 2013 годзе сярэдняй зарплаты $600.
Наконт даручэння па мадэрнізацыі прадпрыемстваў Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што, магчыма, у СМІ не зусім правільна зразумелі яго словы. "За адзін год нельга мадэрнізаваць прадпрыемствы. Я прагматык і добра гэта разумею, - сказаў Кіраўнік дзяржавы. - Таму была пастаўлена задача, каб у кожнага кіраўніка прадпрыемства, ад маленькага да БелАЗа, на стале ляжаў план мадэрнізацыі і фінансавы разлік. Гэта можа быць год, два, тры, пяць. Але ў кожнага кіраўніка павінен быць план, і яго ўжо з гэтага года трэба рэалізоўваць. Гэта значыць няхай бягучы год пойдзе на складанне гэтых планаў, у каго іх няма".
Прэзідэнт прывёў прыклад, што ў многіх беларускіх прадпрыемстваў ужо ёсць план мадэрнізацыі, як у ААТ "Нафтан". "Але некаторыя сядзяць і нечага чакаюць", - адзначыў беларускі лідар.
Ён таксама падкрэсліў, што мадэрнізацыя прадпрыемстваў нацэлена на тое, каб выпускаць канкурэнтаздольную прадукцыю. А даход ад яе продажу, у сваю чаргу, дасць магчымасць павялічваць заработную плату работнікам. "Гэта задача рэальная, і яна цалкам выканальная, - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка. - Калі невыканальная, значыць ні адзін кіраўнік працаваць не будзе. Сёння задачу паставілі. Яе трэба выканаць і далажыць народу, што яна выканана. Тады мы маем права на жыццё як улада".
Яшчэ адно пытанне датычылася навядзення парадку са спісамі чаргавікоў на жыллё. "Трэба навесці тут канчаткова парадак. І мы гэта зробім, чаго б нам гэта ні каштавала", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.
Гаворачы аб ільготным крэдытаванні жылля, Прэзідэнт адзначыў, што сярод насельніцтва ёсць тыя катэгорыі, якія дзяржава абавязана або льгатаваць, або нават забяспечваць жыллём. Напрыклад, шматдзетныя сем'і, ваенныя.
Асаблівы акцэнт Кіраўнік дзяржавы зрабіў на неабходнасці вырашэння дэмаграфічнай праблемы: "Калі мы хочам гэту праблему вырашыць, трэба людзям дапамагчы з жыллём. Гэта самае галоўнае. Таму аж да бясплатнага або з вялікай адтэрміноўкай па льготных крэдытах".
"Фарміруюцца адпаведныя чэргі для тых, хто не можа пабудаваць, каму дзяржава павінна дапамагчы. І што атрымліваецца? Кожны год у чэргах павялічваецца колькасць людзей, пры тым, што будуюцца мільёны квадратных метраў жылля", - канстатаваў Аляксандр Лукашэнка, адзначыўшы, што многія знаходзяць спосабы неаднаразова звяртацца па дзяржпадтрымку пры жыллёвым будаўніцтве. "Але дзяржава ім ужо аказала паслугу, дапамагла пабудаваць, у тым ліку па льготах. Такіх людзей трэба адсеяць. Дзяржава - гэта не аддзел сацыяльнага забеспячэння, каб мы кожны год хто прыйшоў таму і далі, - падкрэсліў Прэзідэнт. - Таму размова ішла аб тым, што калі ты ўжо атрымаў адзін раз дапамогу ад дзяржавы, а гэта немалая дапамога, - усё, ты ўжо не выдумляй і не прыходзь. Такія будуць прыцягвацца да адказнасці аж да таго, што мы будзем забіраць кватэры".
"Таму я і даручыў да 2 красавіка гэту чаргу праверыць, канчаткова яе ўтрэсці і паглядзець, каму трэба дапамагчы. Гэта нескладана ўлічыць", - сказаў беларускі лідар.
Аляксандр Лукашэнка расказаў і аб некаторых злоўжываннях і парушэннях закону з боку асобных чыноўнікаў: "Некаторыя чыноўнікі, як гэта здарылася ў Гомелі, бралі дзясяткамі кватэры і перапрадавалі, а грошы клалі сабе ў кішэнь. Сёння крымінальная справа заведзена, і не адзін чыноўнік са сваімі сваякамі і прыбліжанымі сядуць на лаву падсудных".
Акрамя таго, Аляксандр Лукашэнка закрануў тэму будаўніцтва арэнднага жылля ў якасці аднаго з варыянтаў вырашэння жыллёвых пытанняў грамадзян: "Гэта новы від паслуг, і мы пачалі ўжо гэтыя паслугі аказваць. Нядаўна было дадзена даручэнне Мікалаю Ладуцьку максімум, што мы можам, увесці арэнднага жылля. Мы масіравана пачынаем уводзіць такое жыллё". Разам з тым Прэзідэнт падкрэсліў, што такі варыянт падыходзіць не для ўсіх, і асобным катэгорыям грамадзян дзяржава будзе і ў далейшым аказваць падтрымку па льгатаванню будаўніцтва жылля.
"А арэнднаму жыллю быць. Мы ўжо маем некалькі дамоў у Мінску, дзе здаём у арэнду жыллё. Думаю, што мы вельмі хутка гэты рынак разаўём у Мінску і іншых гарадах нашай краіны", - дадаў Прэзідэнт.
Што датычыцца аплаты паслуг ЖКГ, то як заявіў Кіраўнік дзржавы, у Беларусі не будуць яе дыферэнцыраваць аплату паслуг ЖКГ па ўзроўню даходаў. "Мы не зможам узяць у сярэдняга чалавека сёння і нават у будучым годзе 100% платы за камунальныя паслугі. Ён проста не заплаціць. А што рабіць? - сказаў Кіраўнік дзяржавы. - Мы думаем, як вельмі багатых людзей папрасіць, каб яны нам дапамаглі па камуналцы".
"Мне многія бізнесмены гаварылі, якія маюць за год даход ад $2 млн. да $20 млн. Што ім заплаціць? У іх дамы добрыя, кватэры добрыя, плацяць $200 за камунальныя паслугі. Ён што, $400 не заплаціць? Гэта ўжо 200%, а я гаварыў аб 120%. Ды ён і 300% заплаціць. Але трэба ўлічыць кожнага чалавека", - сказаў Кіраўнік дзяржавы. "Вядома, калі мы бабахнем 150 урачу, для яго гэта будзе дорага. А ў нас 350 тысяч, пад 400 тысяч індывідуальных прадпрымальнікаў і бізнесменаў. Яны ж могуць заплаціць нават крыху больш за 100%", - лічыць Кіраўнік дзяржавы. "Але гэтых людзей трэба ведаць. Трэба арганізаваць гэты ўлік, і яны проста дапамогуць", - дадаў ён.
"Гэта не значыць, што мы павінны дыферэнцыраваць паслугі па заработнай плаце: у каго $300 - той 20%, у каго $500 - той 80% павінен плаціць, хто тысячу долараў атрымлівае за месяц - той павінен плаціць 150%. Не!" - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.
"Але паколькі гэта быў экспромт, мы цяпер думаем, а як жа вельмі багатых людзей папрасіць, каб яны нам дапамаглі па камуналцы. Гэта часовы перыяд", - адзначыў Кіраўнік дзяржавы.
Прэзідэнт таксама дадаў, што над гэтым пытаннем трэба будзе яшчэ сур'ёзна падумаць. "Будзе ў нас сярэдняя зарплата пад $1 тыс., мы забудзем гэту праблему. Людзі будуць плаціць самі за сябе", - адзначыў Прэзідэнт.
Аляксандр Лукашэнка лічыць таксама, што сёння некаторыя людзі вельмі марнатраўна ставяцца да камунальных паслуг. "Не цэняць ні газ, ні ваду, ні цяпло. А гэта ж вялікія грошы. Ну, ёсць у нас сёння аддушына па прыроднаму газу, па нафце бяспошлінна з Расіі атрымліваем, мы якраз з Уладзімірам Пуціным абмяркоўвалі гэту праблему, але гэта ж часова. Паколькі заўтра мы будзем на еўрапейскім узроўні, як у мінулым годзе былі. Таму да гэтага трэба рыхтавацца. Калі ты гэта спажываеш, трэба быць гатовым плаціць", - сказаў Прэзідэнт.
"Чалавек павінен разумець, чаго гэта каштуе, і павінен усяляк да гэтага імкнуцца. Але яму трэба даць магчымасць па часе", - адзначыў Кіраўнік дзяржавы. "Тут усе метады добрыя. Той, хто мае звышдаходы, крыху больш заплаціць, той, хто іх не мае, - менш, той, хто наогул на хлеб і ваду мае, што з яго возьмеш, патрэбны нейкі час, каб яго падцягнуць вышэй", - дадаў Прэзідэнт.
"Таму не трэба перажываць, што заўтра з вашых кішэней пазабіраюць усе грошы для аплаты камунальных паслуг", - рэзюмаваў Аляксандр Лукашэнка.
Гаворачы на тэму маючых адбыцца ў нядзелю 23 верасня парламенцкіх выбарах, Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што канчаткова вызначыцца, за каго будзе галасаваць у дзень галасавання. "Але адназначна буду галасаваць за чалавека, які мае жыццёвы вопыт, які сваімі рукамі нешта паспрабаваў зрабіць. Гэта для мяне прынцыпова, я заўсёды з гэтых пазіцый зыходзіў і хачу, каб такія са мной працавалі людзі, тым больш парламентарыі", - сказаў Кіраўнік дзяржавы.
"Яны павінны быць вопытныя. Яны павінны прыйсці і пісаць законы. Не гвалтам крычаць у Парламенце і на плошчах - пісаць законы", - падкрэсліў Прэзідэнт. "Таму буду абавязкова галасаваць за чалавека з вопытам. Але, гаворачы гэта, я і іншых заклікаю галасаваць за тых, хто сваімі рукамі паспрабаваў нешта зрабіць", - дадаў Кіраўнік дзяржавы.
Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што ён аказаўся ўбаку ад гэтай перадвыбарнай кампаніі. "Я зусім не быў пагружаны ў гэту кампанію. І добра. Вось паглядзім, што скажуць, як скажуць, што дыктатар уплываў на гэтыя выбары", - дадаў Кіраўнік дзяржавы. "У нас Андрэйчанка і Ярмошына займаюцца выбарамі, больш ніхто. Губернатары і Адміністрацыя Прэзідэнта дапамагаюць ім, Урад наогул не далучаны да гэтага, гэта не іх справа, - сказаў Прэзідэнт. - Паверце, мы зусім не лезем туды, дзе нам не трэба быць. Дзе я быў патрэбны ў гэту перадвыбарную кампанію? Ні разу за гэты час яны да мяне не звярнуліся".
"Гэта значыць я не лезу залішне ў перадвыбарную кампанію. Ёсць каму займацца канкрэтнай справай", - рэзюмаваў Прэзідэнт. "Я павінен забяспечыць галоўнае ў гэтай сітуацыі - каб было спакойна ў краіне, каб ніхто нікому не перашкаджаў жыць", - падкрэсліў Кіраўнік дзяржавы.
Прэзідэнт Беларусі лічыць, што, байкатуючы выбары, апазіцыя дэманструе сваю слабасць. "Значыць, такія гэта партыі. Яны паказалі, што яны нішто", - сказаў беларускі лідар. "Яны страцяць наогул той дзясятак чалавек, якія яшчэ на іх арыентаваліся, поўнасцю", - дадаў ён. "А з іншага боку, і правільна зрабілі, таму што якія там кандыдаты? Вы ведаеце, што гэта за партыі, такія там і кандыдаты", - адзначыў Прэзідэнт.
"Калі вы не гатовы сёння змагацца, а ў цябе што, страляюць тут, душаць, прыціскаюць, цкуюць? Нават за каўнер бяром і цягнем да людзей: станавіся разам з кандыдатам, як яны кажуць, ад улады, станавіся побач і агітуй людзей. Але яны баяцца да людзей ісці", - лічыць Кіраўнік дзяржавы.
На думку Аляксандра Лукашэнкі, "ім не патрэбна гэта ўлада". "Ім крыху даюць там на хлеб, на соль. Асабнякі раней пабудавалі, калі шмат абяцалі, аўтамабілі яны купілі, цяпер Захад не дае, бо няма вынікаў для Захаду, якіх яны хацелі. А навошта ім улада? Трэба ж адказваць перад народам" , - адзначыў Кіраўнік дзяржавы.
"Яны думалі, што ціхенька або гучна здымуцца і пакажуць, што супраць той сістэмы, якая сёння дзейнічае. А сістэма сёння не перашкаджае выбірацца, - сказаў Прэзідэнт. - Краіну яны ўжо не падзеляць, нават калі прыйдуць да ўлады, вы ўжо не дасце, не згадзіцеся на гэта, таму што ўбачылі, да чаго гэта прыводзіць".
Аляксандр Лукашэнка таксама дадаў, што аб выбарах яшчэ будзе размова па выніках.
Кіраўнік дзяржавы расказаў журналістам і падрабязнасці нядаўняй сустрэчы ў Сочы з Прэзідэнтам Расіі Уладзімірам Пуціным. Асноўнай тэмай на іх было маючае адбыцца пасяджэнне Вышэйшага Дзяржсавета Саюзнай дзяржавы. "Мы дамовіліся, што Вышэйшы Дзяржсавет пройдзе прыкладна 18-19 снежня, а напярэдадні - пасяджэнне Саўміна Саюзнай дзяржавы. Па-першае, мы павінны ўтрэсці фінансавыя пытанні, зацвердзіць бюджэт Саюзнай дзяржавы на будучы год, - адзначыў Аляксандр Лукашэнка. - І там, на гэтым Саўміне, прыняць рашэнні па злабадзённых пытаннях у беларуска-расійскіх адносінах". Акрамя таго, гэтымі ж днямі ў Маскве павінен прайсці саміт АДКБ, сустрэча лідараў краін Адзінай эканамічнай прасторы. Магчымыя пытанні, якія будуць на іх абмяркоўвацца, таксама былі закрануты ў ходзе сустрэчы двух прэзідэнтаў.
"Потым мы абмеркавалі цэлы блок ваенна-палітычных пытанняў, - прадоўжыў Аляксандр Лукашэнка. - Абмяркоўвалі сітуацыю на нашай граніцы. Яна цяпер няпростая. Міграцыя (нелегальная) страшэнная ў Еўропу. Мне і сілавікі дакладваюць - яны ўжо стаміліся лавіць на граніцы людзей з узрыўчаткай".
Прэзідэнт Беларусі, у прыватнасці, звярнуў увагу на фінансавы бок у пытанні забеспячэння аховы дзяржаўнай граніцы: "Я ўжо еўрапейцам сігнал даваў, што мы не можам абараніць іх за ўласны кошт ад усяго гэтага хламу, які перамяшчаецца праз нашу граніцу, хоць мы стараемся штосьці зрабіць. З іншага боку, зноў жа не ўтойваў: плаціце грошы - будзем лавіць. Яны ж не ў Беларусь прыйшлі. Яны ідуць да іх, туды, куды іх запрашалі".
Адной з асноўных на перагаворах таксама была тэма ваенна-тэхнічнага супрацоўніцтва Беларусі і Расіі, і ў гэтым плане дасягнуты шэраг канкрэтных дамоўленасцей. Бакі дамовіліся аб сумесных планавых дзеяннях у сферы антытэрарыстычнай барацьбы.
"У нас сумесная ППА. Мы па ваенна-паветраных сілах агаворвалі шмат пытанняў. Я папрасіў падтрымкі і яе атрымаў. У бліжэйшы час мы атрымаем сучасныя самалёты для таго, каб несці дзяжурства на граніцы", - сказаў Прэзідэнт Беларусі.
Аляксандр Лукашэнка растлумачыў, што ў ваенных самалётаў, якія ёсць у Беларусі, завяршаецца рэсурс: "У ваенны час мы іх падняць можам, але ў мірны час патрэбны новыя нармальныя самалёты. Мы аб гэтым дамовіліся. Мы сваю граніцу разам з Прэзідэнтам Расіі дамовіліся забяспечваць належным чынам".
"Ішла размова аб ваенна-тэхнічным супрацоўніцтве. Мы дамовіліся аб тым, што ўсе нашы прадпрыемствы будуць удзельнічаць у тэндарах у дзяржабаронзаказе Расійскай Федэрацыі. Гэта значыць, калі ствараецца нейкая тэхніка ў Расіі і ў нас ёсць для яе камплектуючыя і вузлы, мы маем свабоднае права дамаўляцца непасрэдна з гэтымі прадпрыемствамі. І яны таксама", – расказаў Кіраўнік дзяржавы.
Як адзначыў Аляксандр Лукашэнка, раней і цяпер дзейнічае парадак, у адпаведнасці з якім беларускія камплектуючыя, што пастаўляюцца для расійскай ваеннай тэхнікі, лічацца замежнымі. "Мы дамовіліся, што гэтага быць не павінна", - падкрэсліў беларускі лідар.
"Прынята рашэнне па абмену зямельнымі ўчасткамі. Мы яшчэ дадаткова папрасілі 7 га на Краснай Паляне. Нам трэба да Алімпійскіх гульняў там дабудаваць комплекс, мы яго завяршаем. Гэта пытанне было вырашана", - расказаў Прэзідэнт Беларусі.
Шмат увагі на перагаворах было ўдзелена абмеркаванню сітуацыі ў розных рэгіёнах адказнасці АДКБ. "Уладзімір Уладзіміравіч шмат расказваў аб Расіі, што там адбываецца, якая цяпер сітуацыя, - сказаў Аляксандр Лукашэнка. - Сустрэча прадаўжалася амаль 5 гадзін. І мы закранулі ўсе пытанні, якія нам трэба было абмеркаваць, і нават тыя, якія мы не планавалі".
Аляксандр Лукашэнка таксама пракаменціраваў некаторыя домыслы, якія выказваліся як у Беларусі, так і ў Расіі пасля сустрэчы прэзідэнтаў: "Поўная выдумка, там нават пытанні не абмяркоўваліся тыя, якія яны прапісалі".
"Гэта была вельмі плённая сустрэча ў абсалютна добразычлівым ключы. Я паехаў з настроем, што нарэшце мы зразумелі, што нам у гэтым свеце сяброў будзе знайсці цяжка. І нам трэба трымацца адзін за аднаго, двум, скажам так, рускім, па вялікім рахунку, народам, таму што будзем бітыя паасобку", - падкрэсліў Кіраўнік дзяржавы.