Аляксандр Лукашэнка зрабіў рабочую паездку ў Магілёўскую вобласць

    У Беларусі неабходна максімальна павялічыць экспарт цэменту і пашырыць выпуск новай прадукцыі з высокай дабаўленай вартасцю на цэментных прадпрыемствах. Такую задачу паставіў Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 10 жніўня ў час наведвання Беларускага цэментнага завода, размешчанага ў Касцюковіцкім раёне Магілёўскай вобласці.

    Асноўныя тэмы рабочай паездкі Кіраўніка дзяржавы ў паўднёвы рэгіён краіны - сацыяльна-эканамічнае развіццё, ход уборкі, а таксама перспектывы цэментнай галіны краіны, паколькі ў рэгіёне - у Касцюковічах і Крычаве - размешчаны два буйныя цэментныя прадпрыемствы, на якіх рэалізуюцца маштабныя інвестыцыйныя праекты.

    Як далажылі Прэзідэнту, па стану на 10 жніўня ў Магілёўскай вобласці пераадолены мільённы рубеж ва ўборцы збожжавых пры ўраджайнасці больш як 38 цэнтнераў з гектара. Ужо ўбрана каля 80% збожжавых плошчаў. А што датычыцца Касцюковіцкага раёна, то фактычна ўборка тут падыходзіць да завяршэння.

    Кіраўнік дзяржавы цікавіўся праблемамі, якія ўзнікаюць у ходзе сёлетняй уборачнай кампаніі, у сувязі з чым губернатар Магілёўскай вобласці Пётр Руднік запэўніў, што жніво ідзе добрымі тэмпамі і значных праблем няма.

    Кола тэм, якія абмяркоўваліся, выйшла далёка за рамкі жніва і датычылася ў цэлым развіцця Магілёўскай вобласці.

    У прыватнасці, Прэзідэнт звярнуў увагу на неабходнасць больш эфектыўнага выкарыстання зямель у рэгіёне. "Тут шмат зямель, якія трэба тэрмінова меліяраваць, - адзначыў Кіраўнік дзяржавы. - Першапачатковы этап меліярацыі - "выхапіць" яшчэ не зарослыя землі і хутка вярнуць іх у севазварот, а потым ужо (можа, у наступнай пяцігодцы) ісці далей, на запушчаныя землі".

    Прэзідэнт таксама адзначыў, што непасрэдна на месцах самі гаспадаркі, не чакаючы дзяржпадтрымкі, хоць пакрыху павінны праводзіць простыя меліярацыйныя мерапрыемствы.

    Кіраўнік дзяржавы ў час сустрэчы з кіраўніцтвам вобласці асаблівы акцэнт зрабіў на неабходнасці большай актывізацыі развіцця паўднёва-ўсходняй часткі Магілёўскай вобласці, якая ўключае шэсць раёнаў. Як канстатаваў Аляксандр Лукашэнка, гэты рэгіён пакуль з'яўляецца адстаючым, і неабходна выпрацаваць праграму дзеянняў для таго, каб вывесці на больш высокі ўзровень сацыяльна-эканамічнае развіццё рэгіёну.

    У сувязі з гэтым Прэзідэнт закрануў праблемы развіцця Гомельскай вобласці, дзе таксама ёсць нізкапрадукцыйныя землі. "Гэта не прычына, што Гомельская вобласць "боўтаецца". Мы даўно вызначыліся, што вырошчваць на гэтых землях. Цяпер трэба хутчэй дзейнічаць", - адзначыў Аляксандр Лукашэнка.

    Пётр Руднік звярнуўся да Прэзідэнта з просьбай перагледзець крытэрыі выдзялення чарнобыльскіх сродкаў пацярпелым рэгіёнам, каб яны справядліва размяркоўваліся паміж абласцямі. На яго думку, сёння тут існуюць праблемы. Кіраўнік дзяржавы даручыў Старшыні Камітэта дзяржкантролю Аляксандру Якабсону ўнікнуць у сутнасць праблемы і ўнесці адпаведныя прапановы.

    Асноўную ўвагу ў час рабочай паездкі ў Касцюковічы Аляксандр Лукашэнка ўдзяліў перспектывам развіцця цэментнай галіны ў краіне. У Беларусі цэментная прамысловасць прадстаўлена трыма заводамі: "Краснасельскбудматэрыялы", "Крычаўцэментнашыфер" і Беларускі цэментны завод, на якіх працуюць каля 6 тыс. чалавек.

    У мінулым годзе на прадпрыемствах выпушчана каля 4,6 млн.т цэменту, чвэрць з якіх - на Беларускім цэментным заводзе. Асноўную частку вырабленага цэменту ў літаральным сэнсе паглынуў унутраны рынак, што сведчыць аб бурным будаўніцтве ў краіне як прадпрыемствамі, так і прыватнікамі. У мінулым годзе ўсяго 0,5 млн.т на суму $41,2 млн. экспартаваліся, у тым ліку ў суседнія Расію і Польшчу.

    У першым паўгоддзі 2012 года на трох прадпрыемствах краіны выраблена 2,2 млн.т (104% да аналагічнага перыяду мінулага года), у тым ліку на Беларускім цэментным заводзе - 0,52 млн.т.

    Пераломным этапам у развіцці цэментнай прамысловасці краіны стала нарада ў Прэзідэнта ў ліпені 2007 года. Тады Кіраўнік дзяржавы даручыў Ураду прыняць меры па павелічэнню штогадовай вытворчасці цэменту на беларускіх прадпрыемствах да 10 млн.т.

    Для вырашэння гэтай задачы на трох цэментных прадпрыемствах пачалі рэалізацыю інвестыцыйных праектаў з удзелам Кітая. Гэтыя праекты прадугледжвалі стварэнне новых тэхналагічных ліній па вытворчасці цэменту "сухім" спосабам магутнасцю 1,8 млн.т кожная і вуглепадрыхтоўчых аддзяленняў з пераводам дзеючых ліній клінкеру з прыроднага газу на вугаль. Такая лінія вясной здадзена на "Краснасельскбудматэрыялы".

    У адпаведнасці з даручэннем Прэзідэнта да 1 ліпеня будаванне ў Касцюковічах такой лініі фактычна завершана.

    У ходзе наведвання Беларускага цэментнага завода Кіраўнік дзяржавы агледзеў новую лінію, азнаёміўся з тэхналагічным працэсам і ўзорамі выпускаемай прадукцыі. Аляксандр Лукашэнка ажыццявіў сімвалічны пуск новай лініі. Такім чынам, дадзены старт сучаснай вытворчасці цэменту, якая наладжана з прыцягненнем кітайскіх інвестыцый.

    Па сутнасці, будаўнічая галіна Беларусі атрымала новае прадпрыемства магутнасцю каля 2 млн.т цэменту за год. Рэнтабельнасць выпускаемай прадукцыі складае каля 26%. Новая лінія дасць магчымасць павялічыць штогадовую вытворчасць цэменту ў Касцюковічах прыблізна да 3 млн.т. Гэта дапаможа вырашыць праблему дэфіцыту цэменту на ўнутраным рынку, значна павялічыць яго экспарт, а таксама адкрые новыя перспектывы для развіцця прадпрыемства. Немалаважна, што дзякуючы рэалізацыі гэтага інвестыцыйнага праекта 255 чалавек атрымалі работу, прычым добра аплатную.

    Як расказалі Прэзідэнту, з новай лініі Беларускага цэментнага завода ўжо адгружаны першыя вагоны цэменту. Лабараторныя аналізы паказваюць, што якасць атрыманага цэменту высокая. Прычым расходы электраэнергіі пры яго вытворчасці істотна зніжаны.

    Калі ў Краснасельску і Касцюковічах новыя тэхналагічныя лініі па вытворчасці цэменту "сухім" спосабам ужо запушчаны, то ў Крычаве, на жаль, тэрміны стварэння новай лініі па шэрагу аб'ектыўных і суб'ектыўных прычын не ўдалося вытрымаць. Прэзідэнт, уважліва вывучыўшы праблему, згадзіўся прадоўжыць тэрмін уводу новай лініі ў ААТ "Крычаўцэментнашыфер" да 1 мая 2013 года.

    Як праінфармавалі Аляксандра Лукашэнку, увод новых тэхналагічных ліній па вытворчасці цэменту "сухім" спосабам дасць магчымасць істотна нарасціць вытворчасць канкурэнтаздольнай на знешніх рынках прадукцыі. А гэта значыць - будзе павялічаны прыток у краіну валюты, новы імпульс атрымае развіццё рэгіёну.

    Прэзідэнт запатрабаваў максімальна хутка выйсці на праектныя магутнасці ўжо запушчаных новых цэментных ліній.

    У 2012 годзе з улікам уводу ў эксплуатацыю новых магутнасцей у "Краснасельскбудматэрыялах" і на Беларускім цэментным заводзе плануецца выпусціць 5,5 млн.т цэменту. Пры гэтым яго спажыванне на ўнутраным рынку прагназуецца ў аб'ёме каля 4 млн.т. Пастаўкі на экспарт - 1,5 млн.т.

    Да 2013 года выпуск цэменту перасягне 8 млн.т, а ў 2014 годзе дасягне 10 млн.т.

    Такім чынам, яшчэ нядаўна актуальная тэма няхваткі ў краіне цэменту хутка адыдзе ў мінулае, а на першае месца выйдзе пытанне рэалізацыі беларускага цэменту за мяжой. Укладзеныя ў галіну вялікія сродкі павінны акупляцца. Гэтай тэме Кіраўнік дзяржавы таксама ўдзяліў асаблівую ўвагу. Прэзідэнта запэўнілі, што тэрмін акупнасці новай тэхналагічнай лініі не перавысіць 8 гадоў, што з'яўляецца добрым паказчыкам для такіх праектаў. Акрамя таго, важна ўлічыць, што новая тэхналагічная лінія дасць магчымасць значна эканоміць электраэнергію.

    У час наведвання завода размова ішла аб далейшым яго развіцці. Прэзідэнт Беларусі прапанаваў Кітаю стварыць вытворчасць жалезабетонных вырабаў на базе пустуючых плошчаў побач з Беларускім цэментным заводам.

    Кіраўніка дзяржавы праінфармавалі аб тым, што кітайская карпарацыя "Сіцік", якая дапамагала мадэрнізаваць беларускія цэментныя прадпрыемствы, ажыццяўляе ў некаторых еўрапейскіх краінах праекты, жалезабетонныя вырабы для якіх прывозяцца з КНР. Прэзідэнт у размове з кітайскімі прадстаўнікамі сказаў, што, магчыма, больш выгадна было б наладзіць выпуск жалезабетонных вырабаў у Беларусі, у тым ліку і для іх пастаўкі на экспарт.

    "Калі жалезабетон патрэбны Еўропе, чаму б не будаваць новую вытворчасць?" - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

    Прэзідэнт запэўніў, што ўмовы для рэалізацыі новага перспектыўнага праекта кітайскаму боку будуць створаны добрыя. "Калі вы гатовы сюды прыходзіць - прыходзьце. Калі патрэбны жалезабетон - вырабляйце яго. Калі не, то мы будзем самі рабіць", - сказаў Кіраўнік дзяржавы.

    Міністр будаўніцтва і архітэктуры Анатоль Нічкасаў далажыў, што ў структуры актыўна ўзрастаючага экспарту беларускіх будматэрыялаў вялікую долю складаюць менавіта жалезабетонныя канструкцыі. Попыт на гэту прадукцыю стабільна высокі. У 2012 годзе ад агульнага аб'ёму экспарту будматэрыялаў доля жалезабетонных вырабаў складзе прыблізна 45%.

    Улічваючы высокі попыт на жалезабетонныя вырабы як за мяжой, так і ў краіне, Аляксандр Лукашэнка даручыў Ураду дакладна падлічыць магчымасць рэалізацыі гэтага праекта і беларускім бокам.

    "Да канца бягучага года павінен быць гатовы бізнес-план - наш або сумесны з Кітаем - па вытворчасці жалезабетонных вырабаў", - рэзюмаваў Аляксандр Лукашэнка.

    "Мэта - не проста заняць пляцоўку, а вырабляць прадукцыю з высокай дабаўленай вартасцю. Новая вытворчасць дасць штуршок развіццю горада, рэгіёну", - перакананы Прэзідэнт.

    Як плануецца, прадукцыя новай вытворчасці будзе пастаўляцца ў асноўным на экспарт. А гэта значыць, што будуць створаны новыя рабочыя месцы, краіна і рэгіён атрымаюць валюту. Такім чынам, эфектыўна наладжаная работа аднаго асобна ўзятага прадпрыемства - звяно ў вырашэнні важных праблем рэгіёну.