Аляксандр Лукашэнка зрабіў рабочую паездку ў Магілёўскую вобласць
- 5
Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь Аляксандр Лукашэнка адобрыў стварэнне нацыянальнай холдынгавай структуры "Беларуская цэментная карпарацыя". Аб гэтым ішла размова ў час рабочай паездкі Кіраўніка дзяржавы 16 жніўня ў Магілёўскую вобласць.
Аляксандр Лукашэнка наведаў філіял "Крычаўцэмент" ААТ "Крычаўцэментнашыфер", дзе азнаёміўся з сітуацыяй у цэментнай галіне.
Прэзідэнту было даложана аб выкананні яго даручэнняў па рэалізацыі інвестыцыйнага праекта будаўніцтва новай тэхналагічнай лініі па вытворчасці цэменту.
Перад галіной стаіць задача да 2015 года давесці вытворчасць цэментнай прадукцыі да 10 млн.т. Як расказаў Міністр архітэктуры і будаўніцтва Анатоль Нічкасаў, задача па павелічэнню магутнасцей цэментнай галіны выканана: у 2012 годзе запушчаны дзве лініі па вытворчасці цэменту ў ААТ "Краснасельскбудматэрыялы" і Беларускім цэментным заводзе, а ў 2013 годзе - у ААТ "Крычаўцэментнашыфер". Агульны аб'ём інвестыцый у цэментную галіну ў 2008-2013 гадах склаў $1,227 млрд. Плануецца, што ў 2013 годзе аб'ём вытворчасці прадукцыі складзе 6,1 млн.т.
У 2012 годзе было выпушчана 4,9 млн.т цэменту і ліквідаваны яго дэфіцыт. Цяпер цэмент выпускаецца ў дастатковай колькасці як для ўнутранага рынку, так і для паставак на экспарт. У мінулым годзе быў экспартаваны 1 млн.т прадукцыі, што ў два разы вышэй, чым у 2011 годзе. За 6 месяцаў бягучага года на экспарт пастаўлена 750 тыс.т цэменту. Чакаецца, што да канца 2013 года аб'ём паставак складзе 1,5 млн.т. Прадукцыя цэментнай галіны ў асноўным рэалізуецца ў Расію, Польшчу і краіны Балтыі. Паводле слоў Міністра, у 2012 годзе Расія ад усяго аб'ёму імпарту цэментнай прадукцыі закупіла ў Беларусі 19%.
Анатоль Нічкасаў адзначыў, што цяпер перад галіной стаіць задача выпуску прадукцыі з дабаўленай вартасцю, у прыватнасці, вытворчасць дэкаратыўнага, штучнага каменю і інш.
У гэтых мэтах плануецца будаўніцтва двух заводаў па вытворчасці жалезабетонных канструкцый і штучнага каменю.
Аляксандр Лукашэнка даручыў, каб да лістапада 2014 года прадпрыемствы былі запушчаны ў строй. На думку Прэзідэнта, ва ўмовах высокага попыту на такую прадукцыю неабходна як мага хутчэй рэалізоўваць праекты.
Як далажылі Кіраўніку дзяржавы, абодва праекты плануецца рэалізаваць на базе Беларускага цэментнага завода.
У прыватнасці, кошт будаўніцтва завода па вытворчасці штучнага каменю складае $38 млн. Рэалізаваць праект плануецца з прыцягненнем кітайскага крэдыту. Інвестыцыі кітайскага боку складуць 15%. Паводле слоў Міністра архітэктуры і будаўніцтва, плануецца адкрыць дзве лініі па выпуску 1 млн.кв.м і 2 млн.кв.м прадукцыі за год. Ёмістасць беларускага рынку складае 3 млн.кв.м, пры гэтым 50-60% прадукцыі плануецца пастаўляць на экспарт.
Што датычыцца завода па вытворчасці жалезабетонных канструкцый, то кошт гэтага праекта ацэньваецца ў памеры $50 млн. Як адзначыў Міністр, тут будзе наладжаны выпуск энергазберагальных канструкцый еўрапейскага ўзроўню.
Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што 7 лістапада 2014 года - крайні тэрмін рэалізацыі гэтых праектаў. Кіраўнік дзяржавы даручыў старшыні Камітэта дзяржкантролю Аляксандру Якабсону ўзяць пад кантроль гэтыя пытанні. "Усе гэтыя планы не павінны быць манілаўшчынай, - сказаў Прэзідэнт. - Каб у нас не атрымалася тое, што цяпер адбываецца ў будаўніцтве: намецілі, камень заклалі і 5-7 гадоў будуем. Калі такі вялікі попыт на гэту прадукцыю, то трэба хутка ў гэту нішу ўскочыць".
У сувязі з гэтым Кіраўнік дзяржавы таксама звярнуў увагу на тое, што ў час рэалізацыі любых інвестпраектаў пакуль у прадпрыемстваў ёсць даўгі, кіраўнікам не трэба фарсіраваць рост заработнай платы работнікаў.
Аляксандр Лукашэнка даручыў таксама наладзіць вытворчасць жалезабетонных канструкцый і штучнага каменю ў філіяле "Крычаўцэмент" у ААТ "Крычаўцэментнашыфер".
Што датычыцца стварэння холдынга, то плануецца, што ў яго склад увойдуць 3 беларускія заводы па вытворчасці цэменту - Беларускі цэментны завод, ААТ "Краснасельскбудматэрыялы" і ААТ "Крычаўцэментнашыфер", а таксама транспартна-лагістычная кампанія. Стварэнне гэтай структуры прадугледжваецца ў 2014 годзе, у 2015-м - прыцягненне стратэгічнага інвестара.
У выніку такой інтэграцыі чакаецца зніжэнне сабекошту будаўнічых матэрыялаў, што вырабляюцца на аснове цэменту і вапны, рост валавой дабаўленай вартасці, рэнтабельнасці продажаў, выручкі на аднаго працуючага, асваенне новых відаў канкурэнтаздольнай прадукцыі з цэменту з высокай дабаўленай вартасцю, пашырэнне рынкаў збыту, рост аб'ёмаў продажаў і валютнай выручкі.
"Калі вы вырашылі ствараць такі холдынг, кіраўнікі прадпрыемстваў не супраць, гэта прынясе эфектыўнасць, - дзейнічайце", - сказаў Кіраўнік дзяржавы.
"Але калі вы такім чынам думаеце зарэтушаваць праблемы - не атрымаецца. У канцы павінна быць эканоміка, эфектыўнасць. Я не буду ў вас пытацца, па якой цане закупляеце сыравіну, прадаяце гатовую прадукцыю, мяне будзе цікавіць агульны вынік. Таму, робячы гэты крок, адразу думайце, як вы будзеце даваць справаздачу па эканоміцы", - адзначыў Прэзідэнт.
Паводле яго слоў, холдынг павінен паказваць эфектыўную работу. "Прыбытак, рэнтабельнасць - гэта добра, але павінны быць грошы", - дадаў Аляксандр Лукашэнка.
Прэзідэнт таксама папярэдзіў, што стварэнне такога холдынга павінна быць неабходнасцю, а не данінай модзе.
Кіраўнік дзяржавы азнаёміўся з вытворча-эканамічным станам прадпрыемства, сучасным тэхналагічным працэсам вытворчасці цэменту.
Аляксандр Лукашэнка ажыццявіў сімвалічны пуск новай тэхналагічнай лініі па вытворчасці цэменту.
Яе магутнасць складзе 1,8 млн.т цэменту за год. Рэалізацыя маштабнага інвестыцыйнага праекта ажыццяўлялася з прыцягненнем крэдытаў кітайскага боку і крэдытных рэсурсаў, што прадастаўляюцца беларускімі банкамі.
Філіял "Крычаўцэмент" у адрозненне ад раней уведзеных у дзеянне аналагічных тэхналагічных ліній па вытворчасці цэменту "сухім спосабам" у ААТ "Краснасельскбудматэрыялы" і Беларускім цэментным заводзе ўяўляе сабой асобнае навастворанае прадпрыемства з усёй інфраструктурай. Паводле ацэнкі спецыялістаў, за кошт выкарыстання пры вытворчасці каменнага вугалю ўдзельныя затраты на паліўныя рэсурсы будуць зніжаны амаль на 30%, што зробіць выпускаемы цэмент канкурэнтаздольным па цане на экспарт.
Аляксандр Лукашэнка пацікавіўся ў прысутных, ці правільным было рашэнне аб пераходзе на прымяненне вугалю. Прэзідэнта запэўнілі, што гэта больш эканамічны варыянт у параўнанні з выкарыстаннем прыроднага газу. Акрамя таго, прагучала прапанова аб неабходнасці больш шырокага выкарыстання цвёрдых бытавых адходаў. Так, на еўрапейскіх цэментных заводах іх доля ў спальванні складае 60-70%, шын - каля 15% і амаль 15% - каменнага вугалю. Аднак у Беларусі недастаткова смеццеперапрацоўчых заводаў для выхаду на такія паказчыкі.
Міністр архітэктуры і будаўніцтва Анатоль Нічкасаў лічыць, што ў краіне неабходна пашыраць напрамкі прымянення цэменту. У прыватнасці, яго можна выкарыстоўваць у дарожнай галіне, а таксама пры развіцці маналітнага домабудавання. Цяпер па тэхналогіі маналітнага домабудавання ў краіне ўзводзіцца 15% аб'ектаў, у той час як у свеце гэта практыка шырока распаўсюджана. Міністр адзначыў, што для больш шырокага ўкаранення такой тэхналогіі ў Беларусі неабходна стварыць сістэму апалубкі. Па такому тыпу беларусы будуюць жыллё ў Венесуэле, тэхналогія дае магчымасць узводзіць будынкі ў сціслыя тэрміны і практычна любой паверхавасці.
Прэзідэнт закрануў таксама праблему неабгрунтаванага пасрэдніцтва, запатрабаваўшы яго ліквідаваць.
Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што яму паступае інфармацыя аб фактах работы нядобрасумленных пасрэдніцкіх структур. "Навошта вы праз пасрэднікаў бераце нават беларускую сыравіну?" - спытаў Кіраўнік дзяржавы, звяртаючыся да прысутных. Як далажыў Анатоль Нічкасаў, такія факты мелі месца ў галіне, аднак пасля правядзення праверак былі прыняты адпаведныя меры.
Прэзідэнт звярнуў увагу на тое, што ўжо неаднаразова папярэджваў аб недапушчальнасці сітуацыі, калі падкантрольныя прадпрыемству фірмы пастаўляюць якую-небудзь сыравіну. "Кіраўнік - у турму, фірма - ліквідуецца, і больш такі прыватнік не будзе займацца прадпрымальніцтвам. Я папярэджваю ўжо трэці раз. Гэта ж састаўная частка сабекошту. Калі вы па больш высокай, чым можаце, цане закупляеце сыравіну, а гэта галоўная састаўная частка ў сабекошце (70%), зразумела, вы не зможаце канкурыраваць на рынках", - сказаў Кіраўнік дзяржавы.
"Пара ўжо такое пасрэдніцтва прыкрыць. Гэтага быць не павінна. І той, хто гэта дапусціў, не проста павінен быць звольнены, а кампенсаваць урон", - падкрэсліў Прэзідэнт. Ён даручыў кантралюючым органам заняцца гэтым пытаннем. "Мне проста выяўленне факта і доказы не трэба. Патрэбна кампенсацыя ўрону прадпрыемства", - дадаў ён.
"Прабачэння за гэта не будзе, які статус вы ні займалі б", - папярэдзіў Аляксандр Лукашэнка.
Прэзідэнт даручыў старшыні Камітэта дзяржкантролю Аляксандру Якабсону і памочніку Кіраўніка дзяржавы па Магілёўскай вобласці Генадзю Лаўранкову вывучыць сітуацыю з неабгрунтаваным пасрэдніцтвам на прадпрыемствах у цэлым па ўсёй вобласці. Кіраўнік дзяржавы, звяртаючыся да кіраўнікоў прадпрыемстваў, адзначыў, што яны "павінны змагацца за любую капейку, якая эканоміць рэсурсы і зніжае сабекошт прадукцыі".
У час рабочай паездкі размова ішла таксама аб завяршальным этапе ўборачных работ у Магілёўскай вобласці, сацыяльна-эканамічным развіцці рэгіёна.
Як далажыў старшыня Магілёўскага аблвыканкама Пётр Руднік, у рэгіёне ўбрана 98% плошчаў, за выключэннем зернебабовых культур.
Такім чынам, Магілёўская вобласць першая завяршае ўборку ўраджаю ў 2013 годзе.
Прэзідэнт адзначыў, што Магілёўшчына ў бягучым годзе дэманструе як высокія тэмпы ўборкі, так і добрую ўраджайнасць. Па стану на раніцу 16 жніўня Магілёўская вобласць намалаціла 1,1 млн.т збожжа. Паводле слоў Пятра Рудніка, чакаецца, што ўраджай збожжавых у вобласці складзе 1,13 млн.т збожжа і 250 тыс.т кукурузы. Паводле яго слоў, у 2011 годзе ўраджай склаў 1,122 млн.т збожжа, а ў 2012-м, самым высокім па ўраджайнасці годзе, - 1,285 млн.т збожжа без уліку кукурузы.
Аляксандр Лукашэнка пахваліў Пятра Рудніка за добрую арганізацыю ўборачнай кампаніі. "Я, шчыра кажучы, сумняваўся, што такое сапраўды рэальна ў вобласці. Але я яшчэ да пачатку ўборкі гаварыў, што калі ты нармальна арганізуеш, то будзеш мець збожжа. Так яно і атрымалася. Таму што на полі было вельмі добрае збожжа. Малайчына ў гэтым плане. Калі, вядома, выцягнеш яшчэ і прамысловасць так, як намечана, тады можна лічыць, што Руднік адбыўся як кіраўнік. Таму што гэта не просты год, гэта паказчык работы для любога губернатара", - сказаў Кіраўнік дзяржавы, звяртаючыся да старшыні Магілёўскага аблвыканкама.
Што датычыцца ў цэлым уборачнай кампаніі ў краіне, то чакаецца, што ўраджай складзе каля 9,7 млн.т збожжа з улікам кукурузы і больш як 10 млн.т з улікам асабістых гаспадарак грамадзян.
Аляксандр Лукашэнка закрануў таксама тэму імпарту піваварнага ячменю ў Беларусі. Ён папярэдзіў, што ніводная тона піваварнага ячменю не павiнна быць імпартавана ў краіну. "Мы недарма ўклалі такія грошы ў праграму нарыхтоўкі піваварнага ячменю. Да таго ж у гэтым годзе ён нядрэнны", - сказаў Прэзідэнт.
Пётр Руднік далажыў таксама аб выніках эксперыменту па засяванню поля па сістэме дакладнага земляробства. Паводле яго слоў, на такім полі значна вышэйшая ўраджайнасць, а таксама ніжэйшы сабекошт збожжа ў параўнанні з вырошчваннем культур традыцыйным спосабам. Аляксандр Лукашэнка лічыць, што гэта добры прыклад, і такую сістэму трэба ўкараніць у некалькіх гаспадарках па ўсёй краіне, каб мець магчымасць параўноўваць атрыманыя вынікі.