Цырымонія закладкі капсулы з пасланнем будучым пакаленням на пляцоўцы будаўніцтва беларускай АЭС

  • 3
  • 1:16

Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь Аляксандр Лукашэнка запатрабаваў максімальна патанніць будаўніцтва беларускай атамнай электрастанцыі без урону для якасці. У выніку праз некалькі гадоў Беларусь павінна атрымаць новы напрамак у эканоміцы, які нараўне з развіццём іншых высокатэхналагічных галін створыць аснову для якаснага інтэлектуальнага і тэхналагічнага імпульсу ў развіцці краіны, забяспечыць дадатковыя гарантыі ўмацавання дзяржаўнай незалежнасці, энергетычнай і эканамічнай самастойнасці краіны. Адпаведную задачу Кіраўнік дзяржавы паставіў 9 жніўня ў ходзе рабочай паездкі ў Астравецкі раён Гродзенскай вобласці.

Ініцыятыва развіцця ў Беларусі атамнай энергіі належыць менавіта Кіраўніку дзяржавы. У 2008 годзе Савет Бяспекі прыняў рашэнне аб будаўніцтве АЭС.

Верталёт Прэзідэнта прызямліўся на будаўнічай пляцоўцы будучай беларускай АЭС. Азнаёміўшыся з паветра з ходам работ, Аляксандр Лукашэнка адразу перайшоў да канкрэтных даручэнняў: "Станцыя павінна быць не толькі якасным аб'ектам. Гэта не абмяркоўваецца. Яна павінна быць самай таннай з усіх тых, якія расіяне і іншыя пабудавалі ў свеце".

Гаворачы аб стварэнні інфраструктуры для будаўніцтва станцыі, Аляксандр Лукашэнка даручыў: "Мы павінны выкарыстоўваць матэрыялы, якія потым без вялікіх затрат можна выключыць і выкарыстоўваць далей".

"Няхай мы заключылі з імі (Расіяй) дагавор на $10 млрд. Але плаціць мы будзем, мы ўзялі ў іх крэдыт і павінны за яго разлічвацца", - адзначыў Кіраўнік дзяржавы, падкрэсліўшы, што канчатковы кошт таго або іншага этапу работ павінен вызначацца па факту. "Па факту мы павінны значна сэканоміць. Мы гэта можам", - упэўнены Аляксандр Лукашэнка.

"Я не пацярплю ніякага разгільдзяйства, расхлябанасці і залішніх тут імперскіх замашак з вашага боку - Міністэрства энергетыкі. З гэтага дня АЭС - адзін з пунктаў маёй работы, можа, на цэлую пяцігодку (прынамсі, да канца майго цяперашняга прэзідэнцкага тэрміну), - папярэдзіў Кіраўнік дзяржавы. - Вы ведаеце маё стаўленне - парадак павінен быць усюды. Не павінна быць ніякай лішняй безгаспадарнай зямлі, ніводнага гектара. Тут павінна быць узорнае будаўніцтва і ўзорная АЭС, каб людзі прыязджалі і захапляліся бяспекай і знешнім выглядам".

Аляксандр Лукашэнка даручыў прапрацаваць усе гэтыя пытанні ў частцы эфектыўнага выкарыстання зямельных рэсурсаў са спецыялістамі: "Не павінна быць ніводнага кавалачка лішняй невыкарыстоўваемай зямлі".

Кіраўнік дзяржавы таксама даў даручэнні адносна інфраструктуры, якая ствараецца для АЭС: "Не выносьце сюды ў поле, калі яна можа быць размешчана ў Астраўцы або побач. Бо там жывуць людзі, не трэба будзе іх сюды вазіць. Гэта ім будзе зручна. Тое, што тут павінна быць каля энергаблока, - будуйце. Тое, што можна пабудаваць у горадзе для людзей, - будуйце там".

Першы віцэ-прэм'ер Уладзімір Сямашка далажыў Аляксандру Лукашэнку аб падыходах па цэнаўтварэнню пры будаўніцтве АЭС. Так, паводле яго слоў, расійскі бок першапачаткова прадставіў каштарыс на 58 млрд. расійскіх рублёў у цэнах 2001 года. Пасля Беларусі ўдалося дабіцца зніжэння гэтай лічбы да 45,5 млрд. расійскіх рублёў.

Уладзімір Сямашка таксама прывёў шэраг аргументаў на карысць зніжэння кошту будаўніцтва атамнай станцыі. Беларуская АЭС аналагічная Балтыйскай АЭС, а таму кошт павінен быць, прынамсі, не вышэй, чым на тым аб'екце. Акрамя таго, беларуская станцыя па тэрмінах будаўніцтва адстае на адзін-паўтара года, і адпаведна затраты на распрацоўку праектнай дакументацыі таксама павінны быць ніжэйшыя. Плануецца, што яе распрацоўка завершыцца ў маі 2013 года, аднак большая яе частка, магчыма, будзе гатова ўжо да лютага.

Кіраўніку дзяржавы далажылі аб выбраным праекце АЭС, этапах будаўніцтва, стварэнні ўсёй неабходнай інфраструктуры, у тым ліку сацыяльнай для будаўнікоў і будучага абслуговага персаналу станцыі. Спецыялісты гарантуюць бяспеку і надзейнасць АЭС, а таксама правільнасць выбранай пляцоўкі, якая размешчана на трывалай гранітнай аснове.

Для рэалізацыі ў Беларусі выбраны расійскі праект "АЭС-2006" новага пакалення "тры плюс". Праект адпавядае самым строгім нормам і рэкамендацыям МАГАТЭ і вызначаецца павышанымі характарыстыкамі бяспекі, а па наяўнасці актыўных і пасіўных сістэм бяспекі гэты праект перасягае замежныя аналагі. Прататыпы будучай беларускай АЭС працуюць у іншых краінах і добра сябе зарэкамендавалі.

Магчыма, тэрміны рэалізацыі праекта ўдасца крыху скараціць. Зацікаўленасць у гэтым выказалі і прадстаўнікі расійскага боку. Прэзідэнт Беларусі таксама запэўніў, што па пытаннях да беларускага боку і выконваемых ім работ будзе зроблена ўсё магчымае для больш хуткай рэалізацыі.

Цяпер у мэтах будаўніцтва беларускай АЭС з расійскім бокам падпісаны неабходныя міжурадавыя пагадненні. Генеральны кантракт на ўзвядзенне станцыі заключаны 18 ліпеня 2012 года. Ажыццявіць будаўніцтва плануецца ў некалькі этапаў.

Пры ўдзеле Прэзідэнта Беларусі адбылася цырымонія закладвання капсулы з пасланнем будучым пакаленням. Ва ўрачыстай абстаноўцы Аляксандр Лукашэнка заклаў капсулу ў памятны камень, устаноўлены на пляцоўцы будаўніцтва беларускай АЭС. Потым Кіраўнік дзяржавы разам з Першым віцэ-прэм'ерам Уладзімірам Сямашкам, губернатарам Гродзенскай вобласці Сямёнам Шапірам, першым намеснікам генеральнага дырэктара Дзяржкарпарацыі па атамнай энергіі "Расатам" Аляксандрам Лакшыным і іншымі службовымі асобамі замацаваў на камені памятную таблічку. "Увасабляючы ў жыццё дэвіз аб пабудове моцнай і квітнеючай Беларусі - дзяржавы для народа, мы пачынаем рэалізацыю буйнога сумеснага з брацкай Расіяй інвестыцыйнага праекта - будаўніцтва першай атамнай электрастанцыі на нашай тэрыторыі", - гаворыцца ў падпісаным Аляксандрам Лукашэнкам пасланні. - Стварэнне нацыянальнай ядзернай энергетыкі - значны крок ва ўмацаванні энергетычнай бяспекі краіны, моцны стымул паскарэння навукова-тэхнічнага прагрэсу і інавацыйнага развіцця".

У час сустрэчы з будаўнікамі АЭС і жыхарамі Астравецкага раёна, Аляксандр Лукашэнка яшчэ раз падкрэсліў значнасць гэтага праекта і заявіў аб зацікаўленасці Беларусі разам з Расіяй удзельнічаць у будаўніцтве атамных электрастанцый.

"Мы спыняем усялякія размовы ў нашай краіне наконт атамнай энергетыкі. Ужо калі некаму хочацца пагаварыць аб бяспецы, аб тым, трэба або не трэба, няхай б'юць языкі аб зубы, але мы больш у гэта ўцягвацца не павінны. Рашэнне прынята беспаваротна і канчаткова. Самай разумнай, самай сучаснай, магутнай атамнай электрастанцыі ў Беларусі быць, і раней, чым мы нават гэта планавалі", - сказаў Кіраўнік дзяржавы.

Прэзідэнт расказаў, што цяпер размова ідзе аб тым, каб беларускія спецыялісты працавалі на такіх аб'ектах не толькі ў Беларусі, але і за яе межамі. "Усюды следам за рускім чалавекам павінен ісці беларус. Ён павінен навучыцца не толькі будаваць і праектаваць разам з расіянамі, але і пастарацца зрабіць так, каб расіяне нас прыцягнулі і ў тэхналогіі. Трэба даказаць, што мы можам, каб яны маглі прыцягнуць нас да магчымага стварэння і будаўніцтва ў будучым станцый разам Беларуссю і Расіяй у краінах, дзе ёсць вялікі попыт на такія атамныя станцыі, - адзначыў Аляксандр Лукашэнка. - А попыт вельмі вялікі, і расіяне ўжо не паспяваюць яго задавольваць. І мы павінны разам з рускім чалавекам, падставіўшы плячо, аб'яднаўшыся, ісці і будаваць гэтыя станцыі. Гэта значыць, мы павінны асвоіць гэтыя высокія тэхналогіі".

Паводле слоў Аляксандра Лукашэнкі, сфера атамнай энергетыкі ў Беларусі будзе развівацца аналагічна таму, як гэта адбывалася з касмічнымі тэхналогіямі. У свой час гэты напрамак таксама атрымаў значны імпульс у развіцці ў немалой ступені дзякуючы прынцыповай пазіцыі Кіраўніка дзяржавы. "Сёння ўжо ва Урадзе кажуць, што не хапае магутнасцей, і трэба будаваць новы завод па стварэнню касмічнай тэхнікі. Бо тое, што мы робім для космасу, аказалася запатрабаваным і ў іншых краінах", - канстатаваў Прэзідэнт.

"Я хачу, каб мы былі запатрабаваны і ў ядзернай энергетыцы з часам менавіта так, як у касмічнай прамысловасці, - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка, адзначыўшы, што гэтыя сферы адносяцца да высокіх тэхналогій. - Гэта інтэлектуальны патэнцыял нацыі, будучаае нашага беларускага народа".

Як было даложана Кіраўніку дзяржавы, расійскі бок высока ацэньвае якасць выконваемых беларусамі работ на будаўніцтве АЭС і зацікаўлены ў максімальным прыцягненні беларускіх матэрыялаў і абсталявання для рэалізацыі гэтага праекта. Для атрымання вопыту работы на больш позніх стадыях будаўніцтва ўжо ў бліжэйшы час у Расію на такія аб'екты адправяцца беларускія спецыялісты.

Будучая АЭС штогод будзе замяшчаць для Беларусі 5-7 млрд.куб.м прыроднага газу. "Мы гэтым самым (будаўніцтвам АЭС) прабурылі свідравіну ў зямлі і адтуль пайшоў прыродны газ, якога ў нас не было і ніколі не будзе, - вобразна выказаўся Аляксандр Лукашэнка. - Гэта значыць, гэта станцыя будзе замяшчаць мінімум 5-7 млрд.куб.м прыроднага газу, які мы сёння расходуем на выпрацоўку электраэнергіі".

"Мы пачалі будаваць атамную станцыю. Настане час, мы пабудуем і другую, не толькі адну", - адзначыў Прэзідэнт.

Што датычыцца запатрабаванасці электраэнергіі, якая будзе выпрацоўвацца на АЭС, Аляксандр Лукашэнка сказаў: "У нас у краіне дэфіцыт электраэнергіі. Таму ўсю электраэнергію з улікам развіцця нашай дзяржавы мы выкарыстаем з гэтай станцыі самі. Рынак для нашай электраэнергіі будзе. Гэта перш за ўсё ўнутраны рынак".

Каменціруючы з'яўленне інфармацыі аб незапатрабаванасці электраэнергіі з будучай АЭС, Аляксандр Лукашэнка растлумачыў гэта фактарам канкурэнцыі: "Відавочныя праціўнікі - гэта палякі і літоўцы, якія будуюць свае атамныя станцыі. Таму гэта ўжо канкурэнцыя".

У час сустрэчы з жыхарамі Астравецкага раёна Кіраўнік дзяржавы пракаменціраваў яшчэ адну злабадзённую тэму - падзеі Алімпіяды ў Лондане і ўдзел у ёй беларускіх спартсменаў. "Спорт не проста хворы, ён ушчэнт карумпіраваны. Гэтыя суддзі, якія прымаюць рашэнні, бяруць грошы і аддаюць перамогу таму, хто дае больш", - сказаў Прэзідэнт.

Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што правілы правядзення спаборніцтваў многіх відаў спорту хутка змяняюцца, каб дагадзіць асобным спартыўным чыноўнікам: "Усё мяняецца на вачах. Напрыклад, умовы, правілы барацьбы ў спорце мяняюцца пад суддзю, чыноўніка, каб умяшацца і, на гэтым зарабіўшы грошы, некага загубіць, некага выкінуць".

Пры гэтым прадстаўнікі Міжнароднага алімпійскага камітэта робяць выгляд, што не заўважаюць таго, што адбываецца, лічыць Прэзідэнт. "МАКаўскія начальнікі прыехалі туды нібыта толькі для таго, каб каралеве медаль уручыць. Іх жа нідзе не відаць і не чуваць. Чаму яны не ўмешваюцца? Ходзяць, пальцы растапырыўшы, грошы на гэтым зарабляюць, знішчаючы спартсменаў і зневажаючы дзяржавы, якія туды прыязджаюць. Вось у чым праблема".

У якасці прыкладу Аляксандр Лукашэнка прывёў сітуацыю з беларускім кідальнікам молата Іванам Ціханам. Паводле слоў Прэзідэнта, калі б аб нядопуску Ціхана папярэдзілі загадзя, Беларусь магла б зрабіць замену. Аднак яму адмовілі ва ўдзеле ў Алімпіядзе непасрэдна перад стартам, і Аляксандр Лукашэнка выказаў сваё меркаванне, чаму гэта адбылося, і расказаў, як фактычна была расчышчана дарога да алімпійскага золата для венгерскага спартсмена.

"Вось што такое сёння спорт - гэта не палітыка, гэта бруд і карупцыя па ўсіх напрамках, дзе толькі магчыма. Я нават публічна не магу гаварыць пра ўсе факты, якія ведаю, - сказаў Аляксандр Лукашэнка. - Але, думаю, у мяне будзе яшчэ магчымасць (не ў Англіі, дык у іншай краіне) усё, што я вам цяпер сказаў, сказаць гэтым функцыянерам".

У той жа час Кіраўнік дзяржавы выказаў незадаволенасць удзелам беларускай дэлегацыі ў Алімпійскіх гульнях у Лондане. "Мы разам з расіянамі пакуль правальваем Алімпіяду. Яны, вядома, шмат медалёў заваявалі, але не столькі, колькі павінны былі. І мы таксама". Прэзідэнт лічыць, што ў беларускім спорце хапае праблем і недастаткова выкарыстоўваецца існуючы патэнцыял, ёсць прэтэнзіі да трэнераў, спартсменаў, арганізатараў. "У нас ёсць і аб'екты, і магчымасць, і сродкі выдзелены, але веславанне, цяжкую атлетыку, спартыўную гімнастыку - мы ўжо страцілі гэтыя пазіцыі. А база ж добрая, трэнеры ёсць, чаму не працуем?" - адзначыў Аляксандр Лукашэнка.

Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што ўсё, сказанае аб спорце, можна аднесці і да сельскай гаспадаркі і прамысловасці: "Тут спуску нікому не будзе. Няхай крыўдзяцца або не крыўдзяцца на мяне губернатары за апошнюю селектарную нараду, а шкуру спускаць буду з усіх. Прыйшоў працаваць - працуй, каб людзі сказалі дзякуй".

Акрамя таго, у ходзе рабочай паездкі Кіраўніку дзяржавы далажылі аб ходзе ўборачных работ у Гродзенскай вобласці і Астравецкім раёне, сацыяльна-эканамічным развіцці рэгіёну.

Губернатар Гродзенскай вобласці Сямён Шапіра праінфармаваў Прэзідэнта аб тым, што ўборачная кампанія ў рэгіёне выходзіць на завяршальны этап і на працягу тыдня вобласць плануе завяршыць уборку збожжавых. Чакаецца, што па аб'ёму валавога збору збожжа Гродзенская вобласць перасягне паказчыкі мінулага года, а па ўраджайнасці выйдзе на рэкордныя для рэгіёну паказчыкі.

Размова таксама ішла аб рэканструкцыі малочнатаварных ферм. Прэзідэнт зноў пацвердзіў сваё патрабаванне рэканструяваць фермы, пераабсталяваўшы іх у сучасныя малочнатаварныя комплексы. Для Гродзенскай вобласці і асабіста для губернатара Кіраўнік дзяржавы паставіў задачу да канца пяцігодкі завяршыць мадэрнізацыю і будаўніцтва малочнатаварных комплексаў.

Асаблівую ўвагу Аляксандр Лукашэнка ўдзяліў перспектывам развіцця Астравецкага раёна і тэрыторыі вакол будучай АЭС. Прэзідэнт падкрэсліў, што неабходна загадзя прадумаць, як будуць выкарыстоўвацца другасныя рэсурсы, якія з'явяцца з увядзеннем у строй атамнай станцыі. У правытнасці, Кіраўнік дзяржавы станоўча ацаніў ініцыятыву мясцовых улад па будаўніцтву паблізу АЭС цяпліц, дзе будуць вырошчваць агародніну і кветкі.

На думку Прэзідэнта, мясцовым уладам цяпер ужо трэба задумвацца на тэму занятасці насельніцтва ў раёне АЭС. Гэта праблема мае некалькі аспектаў. Так, спатрэбяцца новыя рабочыя месцы для членаў сем'яў супрацоўнікаў АЭС. Разам з тым, прыцягваючы спецыялістаў для работы на станцыі, нельга дапусціць значнага адтоку кадраў на АЭС з вёскі. "Сюды прыедзе дастатковая колькасць людзей. Штучна трымаць людзей у вёсцы нельга, але і бегчы працаваць на АЭС ніхто не павінен, паколькі мы агалім вакол усю тэрыторыю", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

Потым Аляксандр Лукашэнка адказаў на пытанні прадстаўнікоў сродкаў масавай інфармацыі.

Першым прагучала пытанне аб тым, наколькі выканальныя планы Беларусі па захаванню тэмпаў эканамічнага росту і павелічэнню сярэдняй заработнай платы да памеру $500 ва ўмовах неабходнасці выплаты знешніх пазык.

Аляксандр Лукашэнка выказаў упэўненасць у тым, што ў Беларусі дастаткова сродкаў для выплаты знешніх пазык і павышэння заработнай платы: "Для таго каб пару мільярдаў гэтых даўгоў выплаціць - праблем ніякіх няма. Гэтыя грошы ўжо ёсць сёння без выкарыстання золатавалютных рэзерваў". Прэзідэнт нагадаў, што Нацыянальнаму банку Беларусі даведзена заданне па нарошчванню аб'ёму ЗВР, і ён спраўляецца з апярэджаннем, а Ураду дадзена заданне "зарабіць грошы на развіццё краіны, на павышэнне зарплаты людзям і на вяртанне знешніх пазык".

Прэзідэнт пракаменціраваў апасенні наконт магчымасці адначасова выплачваць знешнія пазыкі і павышаць зарплату: "Абсалютна дакладна заяўляю: калі не хопіць (фінансавых рэсурсаў у дзяржавы), зарплату павышаць не будзем. Але тое, што павінны вярнуць па даўгах, вернем". "Калі б не было гэтых даўгоў, вядома ж, эканоміка развівалася б больш высокімі тэмпамі. Яны і так прымальныя, але былі б больш высокія", - дадаў Аляксандр Лукашэнка.

Кіраўнік дзяржавы яшчэ раз нагадаў, што для павышэння заработнай платы неабходна перш за ўсё павысіць прадукцыйнасць працы, а пасля заробленыя грошы аддаць людзям у выглядзе павышанага памеру заработнай платы. "Я бачу, што гэта зрабіць можна. І патрабаванні невялікія - $500. Таму страху ў гэтым няма".

Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што калі б не хапала грошай для забеспячэння і абслугоўвання знешніх пазык, то не магло б ісці і размовы аб павышэнні заработнай платы, і растлумачыў чаму. "Калі мы хоць на адну прыступку самі свой рэйтынг панізім, нам ніхто ніколі не пазычыць грошы і крэдытаў не дасць".

Беларусь спраўляецца з выплатай абавязацельстваў па знешніх пазыках. Больш таго, магчыма датэрміновае вяртанне некаторых з іх. "У бліжэйшы час будзем весці перагаворы з адным з банкаў, каб датэрмінова аддаць грошы", - адзначыў Прэзідэнт.

Журналісты таксама пацікавіліся перспектывамі па стварэнню холдынга на базе "Гомсельмаша" і расійскага "Растсельмаша": ці сапраўды Беларусь мае намер купіць расійскае прадпрыемства, ці заявы аб гэтым былі хутчэй піярам? Прэзідэнт адказаў на гэта пытанне так: "Калі гэта і піяр, то добры. Згадзіцеся".

"Калі яны нам прададуць завод, які спынены (мы з Дзмітрыем Анатольевічам Мядзведзевым абмяркоўвалі гэта пытанне), мы з задавальненнем яго забяром, зробім холдынг, вытворчае аб'яднанне і будзем выпускаць розныя камбайны і іншую тэхніку", - адзначыў Аляксандр Лукашэнка. Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што Беларусь цікавіць не столькі "Растсельмаш" сам па сабе, колькі вялікі расійскі рынак. "Калі станем яшчэ і расійскім прадпрыемствам, у нас не будзе праблем у рабоце на гэтым рынку".

Яшчэ адно пытанне датычылася ўступлення Расіі ў СГА і апасенняў некаторых экспертаў, што гэта можа негатыўна паўплываць на Беларусь.

"Уступленне Расіі ў СГА і на нашых вытворцаў і эканоміку абавязкова паўплывае. Але патрэбна будзе працаваць яшчэ больш якасна і з меншымі затратамі. Больш нічога не трэба, - сказаў Прэзідэнт. - А рэзервы ў нас каласальныя".

Гаворачы аб таварах з краін СГА, Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што яны ўжо даўно хлынулі на тэрыторыю Расіі, а адпаведна, і ўсяго Мытнага саюза. "І мы з імі там канкурыруем ужо дзясятак гадоў. І гэту канкурэнцыю мы ў іх выйгралі", - адзначыў Кіраўнік дзяржавы.

"Мы зможам канкурыраваць. Але, каб не страціць тое, што ёсць, патрэбна скарачаць састаўныя часткі па сабекошту і паляпшаць якасць, што мы, дарэчы, і робім. І за кошт будаўніцтва АЭС, якая дасць электраэнергію на палавіну таннейшую, чым цяпер, мы таксама будзем скарачаць гэтыя затраты", - лічыць Прэзідэнт.

Акрамя таго, Аляксандр Лукашэнка нагадаў, што Расія, уступаючы ў СГА, узяла на сябе абавязацельствы падтрымаць у гэтым плане Казахстан і Беларусь: "Мы і з Уладзімірам Пуціным, і з Дзмітрыем Мядзведзевым гэта пытанне абмяркоўвалі".

Як адзначыў Кіраўнік дзяржавы, Расія таксама атрымала для сябе даволі добрыя прэферэнцыі ў сельскай гаспадарцы, прамысловасці, іншых сферах. "Гэта і нашы прэферэнцыі. І рана ці позна, калі мы хочам мець нешта ад СГА, мы, туды ўступіўшы, усё роўна вымушаны будзем з імі канкурыраваць, - сказаў Аляксандр Лукашэнка. - Гэта значыць гэты этап падрыхтуе нашу краіну і эканоміку да ўступлення ў СГА. Таму не трэба яго дэманізаваць, усё роўна мы будзем канкурыраваць і канкурыруем".

"Калі ў іх няма метадаў разумнай канкурэнцыі, яны, ведаеце, як робяць - санкцыі ўводзяць і іншае. Нам ніколі не было лёгка. Таму трэба шавяліць мазгамі, прыкладаць намаганні, бачыць свой лёс і маляваць яго ў добрых фарбах. Нічога страшнага не будзе, будзем жыць, змагацца па ўсіх напрамках і абараняць сваіх людзей. Я не бачу тут катастрофы", - запэўніў Кіраўнік дзяржавы.

Журналісты папрасілі пракаменціраваць ход парламенцкай выбарчай кампаніі і асабліва паводзіны так званай апазіцыі, якая чарговы раз яшчэ да правядзення выбараў заяўляе аб іх нелегітымнасці.

Як адзначыў Кіраўнік дзяржавы, ён не ўдзяляе асаблівай увагі тэме парламенцкіх выбараў і нават спецыяльна папрасіў не ўцягваць яго ў гэты працэс. Тым не менш, ён згадзіўся пракаменціраваць сітуацыю.

Аляксандр Лукашэнка лічыць, што, робячы такія заявы, апазіцыя зноў выкарыстоўвае адну і тую ж тактыку, "прычым гэта пласцінка настолькі заезджана і настолькі надакучыла, што за іх дзеяннямі ўжо сочаць хіба што толькі журналісты, паколькі гэта ўваходзіць у іх прафесійныя абавязкі".

На думку Аляксандра Лукашэнкі, гэта робіцца з адзінай мэтай - апраўдаць свой відавочны пройгрыш. "Калі б сёння наша пятая калона з апазіцыяй адчувалі, што яны перамогуць, тады не гаварылі б, што выбары нелегітымныя, бо тады і яны былі б нелегітымныя. А калі так кажуць, значыць, яны разумеюць, што ў гэтай сітуацыі яны праляцяць як фанера над Парыжам", - сказаў Прэзідэнт.

Кіраўнік дзяржавы таксама падзяліўся сваім меркаваннем аб тым, чым тлумачыцца выбар менавіта такой тактыкі паводзін у час выбараў. "Якую тактыку яны выберуць - гэта іх мышкаванне і звязана яно толькі з адным (другога, трэцяга няма) - атрымаць грошы, хоць маленькія, цяпер Захад мала ім дае", - сказаў Аляксандр Лукашэнка. - Хоць бы гэту долю ім даў Захад, яны гатовы тут шумець, крычаць, узрываць, страляць, што заўгодна рабіць - гэта іх палітыка. Гэта ведаюць усе. Ужо просты народ гэта ведае".

Гаворачы аб прапанаваных ад апазіцыі кандыдатах, Аляксандр Лукашэнка сказаў: "Усё тыя ж асобы, завэдзганыя, зашмальцаваныя, якія ездзілі і здраджвалі краіне і цкавалі народ. Гэтыя завэдзганыя асобы зноў просяцца ва ўладу і зразумела, якую палітыку яны будуць праводзіць".

Кіраўнік дзяржавы таксама закрануў тэму ацэнкі выбараў у Беларусі з боку міжнародных наглядальнікаў. Ён нагадаў, што нягледзячы на відавочную неаб'ектыўнасць іх папярэдніх ацэнак, у бягучым годзе Беларусь свядома прыняла рашэнне ўсё ж запрашаць міжнародных наглядальнікаў. "Запрасілі, як вы бачыце, усіх гэтых наглядальнікаў, хто быў і хто не быў у нас, няхай глядзяць. Мы ведаем, што яны напішуць. Мы першыя даклады іх ужо атрымліваем, - сказаў Аляксандр Лукашэнка. - Мы ведаем, што яны будуць нас дзяўбаць, як бы ні правялі гэтыя выбары, але мы ідзём на гэта, таму што мы адкрытыя: ідзіце і глядзіце".

Аляксандр Лукашэнка зрабіў акцэнт на неабходнасці арганізаваць і правесці гэтыя парламенцкія выбары ў Беларусі сумленна і адкрыта. "Я шчыра сказаў чыноўнікам і тым, хто мае дачыненне да парламенцкіх выбараў: не рабіце таго, што выкліча нейкія падазрэнні і дасць падставу гаварыць пра нелегітымнасць цяперашняга парламента. Мы будзем праводзіць, і на гэта нацэлены, сумленныя выбары. І мы іх правядзём!".

Акрамя таго, прадстаўнікі СМІ папрасілі Кіраўніка дзяржавы пракаменціраваць беларуска-шведскі дыпламатычны скандал і ўнесці яснасць у гэтыя падзеі. Як адзначыў Прэзідэнт, пасол Стэфан Эрыксан у Беларусі працаваў на працягу 7 гадоў, хоць звычайна тэрмін работы дыпламата ў краіне знаходжання абмяжоўваецца 3 гадамі. Такім чынам, Беларусь ішла насустрач просьбам шведскага боку аб прадаўжэнні акрэдытацыі іх пасла.

Разам з тым Аляксандр Лукашэнка расказаў, што амаль год таму яму было даложана аб немагчымасці далейшага прадаўжэння акрэдытацыі Стэфана Эрыксана з-за той дзейнасці, якой ён займаўся ў Беларусі. "Мы гэта бачылі. Я не кажу аб тым, што ён на чале нашай пятай калоны хадзіў, вывучаў нашу мову i гiсторыю беларускага народа. Дай бог, цяпер часу больш будзе, - адзначыў Аляксандр Лукашэнка. - Пытанне ў тым, што ён разбураў усялякі пазітыў у адносінах Швецыі і Беларусі".

"Гэта было год таму. Я выслухаў і кажу: не трэба пазбаўляць яго акрэдытацыі, яму засталося працаваць менш як год, давайце пацерпім. Яго акрэдытацыя завяршаецца вясной 2012 года. Няхай ён дасядзіць. Без скандалу прышлюць яны новага пасла, і паспрабуем пачаць з новага ліста адносіны са Швецыяй".

"Мы праз міністра замежных спраў Карла Більта, праз Штэфана Фюле (еўракамісар па пытаннях пашырэння і еўрапейскай палітыкі суседства) дамовіліся, што спакойна разрулім гэту сітуацыю і будзем працаваць. Яны прышлюць новага пасла, - прадоўжыў Кіраўнік дзяржавы. - Настаў час, завяршылася акрэдытацыя, і мы ім сказалі: ёсць дамоўленасць, мы не будзем прадаўжаць акрэдытацыю вашаму паслу. Ён жа ў парушэнне дамоўленасцей, і для таго, каб стварыць скандальную сітуацыю, з краіны не выехаў і некалькі месяцаў тут знаходзіўся фактычна нелегальна, без дазволу".

Паводле слоў Прэзідэнта, недзе месяц таму Стэфан Эрыксан выехаў у Швецыю, беларускі бок чарговы раз нагадаў аб папярэдніх дамоўленасцях: "Пажадана, каб вы прыслалі новага пасла, а гэтаму мы акрэдытацыю не прадоўжым". "Яго ў Беларусі ў гэты час не было, таксама зрабілі карэктна, каб не давялося яму несці сумкі ў аэрапорт і выязджаць. Зрабілі па-чалавечы. Яны з гэтага ўчынілі скандал. У чым жа мы вінаваты?" - задаў пытанне Аляксандр Лукашэнка.

Шведскі бок, канстатаваў Кіраўнік дзяржавы, не толькі беларускаму паслу, але і іншым дыпламатам забараніў знаходзіцца на сваёй тэрыторыі. "І нашы дыпламаты, акрамя двух маладых хлопцаў, вымушаны былі пакінуць Швецыю", - адзначыў беларускі лідар.

Прэзідэнт расказаў, што даручыў МЗС унікнуць у сітуацыю і вызначыць, ці ёсць магчымасць адрэагаваць у спакойным ключы. "Мне далажылі, што такіх магчымасцей няма, і я сказаў: вывозьце пасольства, эвакуіруйце са Швецыі. У нас нуль тавараабароту, нуль інтарэсу ў Швецыі. У шведаў большы да нас інтарэс. Чыя віна - мяркуйце самі", - сказаў Прэзідэнт.

Наконт пасольства Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што ў выпадку неабходнасці Беларусь можа размясціць яго ў іншых суседніх са Швецыяй краінах, такіх як Фінляндыя, Нарвегія, Данія і іншыя, і праз яго працаваць са Швецыяй. "Захочаце вы з намі супрацоўнічаць, калі ласка, мы ў любы момант вернемся на вашу зямлю і запросім вас у Беларусь", - падкрэсліў Кіраўнік дзяржавы.

"Некаторыя звязваюць гэту праблему не то з плюшавымі мядзведзямі, не то са сланамі. Але гэта абсалютна розныя рэчы", - прадоўжыў Аляксандр Лукашэнка. - Гэта іншая тэма. І яна патрабуе адказу па міжнародных стандартах ад Швецыі і Літвы, чым мы сёння і займаемся. І калі гэтых адказаў згодна з міжнароднымі нормамі не будзе, мы знойдзем адэкватны адказ на плюшавыя справы".

"І няхай моляць бога, што нашы памяркоўныя беларусы пашкадавалі гэтых летуноў, - заўважыў Кіраўнік дзяржавы. - Іх зарэгістравалі адразу над граніцай. Пашкадавалі, бачыце, фанерны самалёт, а з гэтага атрымаўся скандал. Але гэта было парушэнне ўсіх дамоўленасцей".

"І Літва няхай не сядзіць, як мышы пад венікам, павінна адказаць, чаму прадаставіла сваю тэрыторыю для парушэння дзяржаўнай граніцы", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

Разам з тым Прэзідэнт адзначыў: "Калі мы пачалі расследаваць (пасол няхай не круціцца, што ён дэмакратыю ў нас абараняе), тыя, хто прыязджаў і рыхтаваў парушэнне дзяржаўнай граніцы, працавалі разам з пасольствам. У нас ёсць доказы. Следчыя іх прадставілі". "Таму мы яшчэ разбяромся, якую ролю адыграла былое шведскае пасольства ў гэтым інцыдэнце", - дадаў Кіраўнік дзяржавы.