Аляксандр Лукашэнка зрабіў рабочую паездку ў Гомельскую вобласць

  • 10
 

Сельгаспрадпрыемствы, размешчаныя на высокаўрадлівых палескіх землях, павінны стаць узорнымі. Гэтага запатрабаваў Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь Аляксандр Лукашэнка 18 кастрычніка ў час наведвання ААТ "Тураўшчына".

Размову аб эфектыўным развіцці краіны, аграпрамысловага комплексу, пачатую 17 кастрычніка са студэнцкай моладдзю ў Магілёўскім дзяржаўным універсітэце імя А.А.Куляшова, Прэзідэнт прадоўжыў 18 кастрычніка на Гомельшчыне. Рабочая паездка пачалася з яго крытыкі ў адрас кіраўніцтва вобласці за недастаткова эфектыўнае вядзенне гаспадаркі.

Палескі рэгіён - асаблівы ў прыярытэтах Аляксандра Лукашэнкі. Ён не ўтойвае, што любіць палешукоў за працавітасць, уменне працаваць, адкрытасць. Кожны раз, бываючы ў гэтым рэгіёне, Прэзідэнт сустракаецца з людзьмі, наведвае канкрэтныя прадпрыемствы, сацыяльныя аб'екты, на прыкладах якіх можна прасачыць, як выконваюцца яго даручэнні па развіццю аграпрамысловага комплексу.

Першым пунктам рабочай праграмы Аляксандра Лукашэнкі была малочнатаварная ферма "Верасніца" адкрытага акцыянернага таварыства "Тураўшчына". Не сказаць, што ўсе фермы ўжо сталі такімі ў Беларусі, але іх з кожным годам і месяцам усё больш - сучасных, добраўпарадкаваных. Гэта таксама адно з важнейшых патрабаванняў Прэзідэнта - мадэрнізаваць гэты сектар АПК, каб зрабіць малочную і мясную прадукцыю яшчэ больш канкурэнтаздольнай на знешнім рынку.

Менавіта да гэтага імкнуцца і ў ААТ "Тураўшчына". А тое, што ўсё тут у асноўным атрымліваецца, становіцца відавочным адразу, як толькі трапляеш на тэрыторыю мясцовай фермы. Відаць, што ў МТФ "Верасніца" людзі з душой ставяцца да сваёй справы. Акуратна абсталяваная тэрыторыя фермы з яркімі кветкавымі клумбамі і альтанкамі для адпачынку акружае сучасныя жывёлагадоўчыя будынкі.

Прымяненне сучасных тэхналогій дало магчымасць мадэрнізаваць МТФ і стварыць умовы работы на ёй вельмі камфортнымі. Ды і ў зарплаце працаўнікі жывёлагадоўчай галіны сёння не пакрыўджаны - атрымліваюць да Br7-8 млн.

Як расказалі Аляксандру Лукашэнку, усе новаўвядзенні ў ААТ "Тураўшчына" сталі магчымымі дзякуючы Белаграпрамбанку, які з'яўляецца асноўным акцыянерам гаспадаркі. Банк з 2010 года інвесціраваў у яе развіццё амаль Br260 млрд., з якіх у вытворчасць - Br150 млрд., сацыяльную сферу - звыш Br23 млрд., аграэкатурызм - Br50,8 млрд. Дарэчы, новы гасцінічны комплекс "Струмень" на тэрыторыі гаспадаркі з гэтага лета стаў прымаць гасцей з Беларусі, Расіі, Аўстрыі, Літвы. А гэта значыць, што ўкладзеныя сродкі пачынаюць акупляцца і нават прыносіць валюту.

З тым, наколькі рацыянальна гаспадараць на Тураўшчыне з удзелам банкіраў, Аляксандр Лукашэнка грунтоўна азнаёміўся і па выніках наведвання прыйшоў да высновы: "Усё зроблена вельмі прадумана, па-гаспадарску, нічога лішняга. І такі падыход трэба браць на ўзбраенне іншым".

Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь запатрабаваў максімальна эфектыўнага выкарыстання на Палессі высакабальных урадлівых зямель. Як адзін з магчымых варыянтаў - маштабнае вырошчванне тут імпартазамяшчальнай, у прыватнасці, садаводчай прадукцыі.

Размова зайшла аб тым, як з найбольшай карысцю выкарыстоўваць гэты ўнікальны прыродны патэнцыял - землі з амаль стабальнай урадлівасцю глебы, якіх у Беларусі зусім няшмат.

Намеснік Кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта Валерый Іваноў выказаў меркаванне, што мэтазгодна развіваць садоўніцтва - менавіта гэты напрамак можа даць найбольшую аддачу. Ён лічыць, што на тэрыторыях ад Жыткавіч да Століна трэба масава саджаць сады. Таму што ўраджаі яблыкаў, груш тут павінны быць вельмі высокія. А паколькі развіццё садоўніцтва і агародніцтва спалучаецца з праблемай захоўвання, то разам з гэтым адразу ўзнікне пытанне будаўніцтва сучасных сховішчаў для прадукцыі.

Першае пытанне, якое ў сувязі з гэтым задаў Прэзідэнт: ці рэнтабельна развіваць садоўніцтва? Паколькі ёсць розныя меркаванні, у тым ліку на карысць развіцця жывёлагадоўлі, вытворчасці малака, усё трэба дакладна падлічыць.

"Малако - гэта добра. Але дзе гарантыя, што заўтра будзе такая рэнтабельнасць на малацэ, што такія цэны будуць? Гэта цяпер так, а калі заўтра сітуацыя з малаком зменіцца?" - разважаў Кіраўнік дзяржавы.

Пры гэтым прынцыпова важнае пытанне - наяўнасць попыту на айчынныя яблыкі, грушы, слівы. Пачуўшы доказы на карысць гэтага напрамку, Аляксанда Лукашэнка сказаў: "Добра, давайце свой рынак будзем напаўняць якаснай прадукцыяй яблыкаў. Гэта і як адзін са шляхоў імпартазамяшчэння, паколькі мы не будзем траціць валюту на іх закупку. Тое, што сёння можа забяспечыць імпартазамяшчэнне, трэба абавязкова выкарыстоўваць. І трэба ўсё падкарэкціраваць, пакуль яшчэ не позна", - сказаў Прэзідэнт.

Аляксандр Лукашэнка лічыць, што ўсім разам: практыкам, вучоным, тэхнолагам - трэба падключыцца да гэтай тэмы і ўсё грунтоўна прапрацаваць. Прэзідэнт выказаў меркаванне, што не лішнім будзе ў прыватнікаў павучыцца, як эфектыўна працаваць у гэтым напрамку. Тым больш што станоўчы вопыт стварэння новых вытворчасцей у вёсцы ёць.

Прэзідэнт закрануў таксама пытанне рэалізацыі Дзяржаўнай праграмы сацыяльна-эканамічнага развіцця і комплекснага выкарыстання прыродных рэсурсаў Прыпяцкага Палесся, разлічанай на 2010-2015 гады, запатрабаваўшы яе выканання ў поўным аб'ёме.

Аляксандр Лукашэнка пацікавіўся тым, што ўжо зроблена да гэтага часу.

Як адзначыў старшыня праўлення ААТ "Банк развіцця Рэспублікі Беларусь" Сяргей Румас, робіцца многае: будуецца шэраг аб'ектаў, рэканструююцца фермы, укладваюцца грошы ў развіццё турызму. Разам з тым з праграмы выключаны шэраг аб'ектаў. Так, напрыклад, у Тураве не сталі будаваць завод па замарозцы агародніны. У той жа час Сяргей Румас лічыць, што гэта прадпрыемства дало б штуршок развіццю сыравіннай базы. Паводле яго слоў, з Турава неабходна зрабіць "рэспубліканскі агарод". "Тут добрая зямля, тут усё расце. Тут можна вырошчваць агародніну, марозіць яе, гэта значыць замкнуць усё ў ланцужок", - сказаў ён, дадаўшы, што завод быў бы загружаны мінімум 8 месяцаў у год пачынаючы з замарозкі брокалі, потым ягад, грыбоў, іншай агародніны, а пры замарозцы бульбы - і круглы год. "Калі недзе і будаваць у краіне такі завод, то лепшага месца, чым у Тураве, не знайсці", - перакананы Сяргей Румас.

Як лічыць старшыня Гомельскага аблвыканкама Уладзімір Дворнік, стварэнне ў Тураве малочнага камбіната з'яўляецца больш актуальным для вобласці. На яго думку, сродкі неабходна ўкладваць у тое, што сёння дае вялікую аддачу, гэта значыць у развіццё ферм і зямлю, праводзячы на ёй меліярацыю і вырошчваючы збожжа. Губернатар адзначыў, што пры разумным вядзенні гаспадаркі можна ў два разы павялічыць выхад кармавых адзінак, і гэта можна зрабіць за адзін год.

"Так, трэба абапірацца на тое, што прыносіць сёння прыбытак, корміць людзей. Але які ўдой у вас на карову сёння? 4 тыс.кг. Гэта што, узровень 50-100-бальнай зямлі? Вы пабудавалі ферму, сабралі лепшую жывёлу і вы павінны сёння выходзіць на 7 тыс.кг малака мінімум! А што такое 4 тыс. кг? Радавая гаспадарка такое дае!" - сказаў Кіраўнік дзяржавы.

"Вы гаворыце: малако. Дзе яно? - адзначыў Прэзідэнт. - Калі будзе прадпрыемства, якое забяспечыць пастаўкі перспектыўнай прадукцыі - замарожанай агародніны на рынак, прычым неабсяжны, тады гэта прадпрыемства будзе стымуляваць вытворцу вырошчваць гэтыя культуры - ад брокалі да бульбы".

Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што яго цікавіць вынік, выручка, а для гэтага павінны быць добра наладжаны вытворчасць і рэалізацыя.

Кіраўнік дзяржавы закрануў таксама сітуацыю з наладжваннем вытворчасці мармуровага мяса. Як далажыў віцэ-прэм'ер Міхаіл Русы, гэту тэхналогію асвоілі восем камбінатаў. Цяпер робіцца ўсё магчымае, каб зменшыць затраты на яго вытворчасць. Сёння максімальна выкарыстоўваюцца магчымасці свабоднага выпасу жывёлы, аднак з-за ўмоў надвор'я практычна паўгода жывёлу неабходна трымаць у стойле.

Аляксандр Лукашэнка папярэдзіў чыноўнікаў, што ўсе абяцанні, якія яны давалі кіраўніку дзяржавы, павінны быць абавязкова выкананы. "Хопіць ужо абяцаць. Мяне цікавіць вынік. Паабяцаў - рабі. Я ж не буду бегаць па ўсёй краіне і за вас тут працаваць!", - сказаў Кіраўнік дзяржавы.

У сувязі з гэтым Аляксандр Лукашэнка нагадаў аб даручэнні па будаўніцтву і рэканструкцыі ў краіне 1200 ферм. Як было даложана кіраўніку дзяржавы, у бягучым годзе будзе канчаткова здадзена 1 тыс. ферм, не выконваюць даручэнне Прэзідэнта Віцебская, Брэсцкая і Магілёўская вобласці. Аляксандр Лукашэнка строга папярэдзіў чыноўнікаў аб адказнасці за хлусню.

"Некаторыя думаюць: а, буду чакаць, пакуль яшчэ хто-небудзь грошы прынясе, укладзе ў рэканструкцыю ферм. А мне прывезлі ўчора фатаграфіі з некаторых старых ферм. Слухайце - гэта ж каменны век! Дык што вы мне палацы гэтыя цяпер паказваеце, а што з тымі фермамі? Там жа таксама трэба прыкласціся", - сказаў Кіраўнік дзяржавы.

"Не рэалізуеце праграму - адкажаце галавой", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка, звяртаючыся да членаў урада. Ён таксама даручыў першаму намесніку старшыні КДК Леаніду Анфімаву і намесніку Кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта Валерыю Іванову кантраляваць выкананне як у цэлым праграмы, так і па кожнаму аб'екту, што было намечана і што зроблена. "Каб я не слухаў казкі і не хадзіў па музеях, якія мне падрыхтавалі да наведвання", - сказаў Прэзідэнт.

"Тураўшчыну загубіць не можам! Тут жа да 100 балаў зямля ёсць. Гэта ў свеце рэдкасць! І мы дамовіліся, што гэта будзе не толькі агарод - гэта будзе ўзорна-паказальная тэрыторыя", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка. "Гэта павінен быць маяк не сённяшняга, а будучага дня", - дадаў ён.

Як далажыў губернатар Гомельскай вобласці, у рэгіён былі ўкладзены вялікія сродкі, аднак вытворчасць пакуль не развіваецца належнымі тэмпамі. У той жа час вобласць апошнія тры гады па тэмпах развіцця сельскай гаспадаркі знаходзіцца ў лідарах. Так, за 8 месяцаў бягучага года ў гаспадарках усіх катэгорый Гомельшчыны аб'ём вытворчасці прадукцыі сельскай гаспадаркі ў параўнанні з аналагічным перыядам 2012 года павялічыўся на 2,7%. Выручка ад рэалізацыі прадукцыі, тавараў, работ, паслуг за 8 месяцаў вырасла на 10% у параўнанні з адпаведным перыядам мінулага года. Рэнтабельнасць продажаў у арганізацыях вобласці ў студзені-жніўні склала 8,6%.

У вобласці будуюцца 14 новых ферм, якія будуць уведзены ў канцы бягучага і наступным гадах, з прыцягненнем рэсурсаў Банка развіцця.
Аляксандр Лукашэнка строга папярэдзіў чыноўнікаў і кіраўнікоў аб адказнасці за невяртанне крэдытаў.

"Ніякай дапамогі ў гэтым плане не будзе! Пазычыў грошы - калі ласка, у тэрміны і вярні, - сказаў Кіраўнік дзяржавы. - Нават не разлічвайце, што хто-небудзь цяпер дасць адтэрміноўку, растэрміноўку па крэдытах. Грошы трэба вяртаць".

"Атрымалася ў цябе мармуровае мяса, не атрымалася - лаві дзікіх качак, прадавай і вяртай грошы. Хочаш ад турызму - давай ад турызму, ад прыватнага бізнесу - чаго хочаш, але грошы трэба аддаць", - падкрэсліў Прэзідэнт.

Як адзначыў старшыня праўлення ААТ "Банк развіцця Рэспублікі Беларусь", Гомельская вобласць у гэтым плане выконвае ўсе абавязацельствы.

У той жа час Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што ў некаторых "ёсць такія паводзіны: пачакаю, можа, дзе-небудзь што-небудзь здымуць, дапамогуць і г.д.".

"Ні ў якім выпадку нікому не даруй па грашах", - сказаў Прэзідэнт, звяртаючыся да Сяргея Румаса.

Наступным прадпрыемствам, якое наведаў Кіраўнік дзяржавы, стаў Тураўскі малочны камбінат. Гэта новае сучаснае прадпрыемства, пабудаванае ўсяго паўгода таму, выпускае сыры тыпу мацарэла, рыкота, сметанкавыя, вэнджаныя.

Прэзідэнт азнаёміўся з дзейнасцю і перспектывамі яго развіцця, сучаснымі тэхналагічнымі працэсамі перапрацоўкі малака, выстаўкай выпускаемай і перспектыўнай прадукцыі.

Новая прадукцыя папулярная ў пакупнікоў. Яна пастаўляецца як на ўнутраны рынак, так і ў Расію (па выніках года экспарт дасягне 60% аб'ёмаў вытворчасці). Эфектыўнасць работы камбіната, яго акупнасць (паводле разлікаў, складае амаль дзевяць гадоў) залежаць ад загрузкі магутнасцей.

Пакуль камбінат не выйшаў на поўную магутнасць з-за няхваткі сыравіны.

Кіраўніцтва прадпрыемства гатова ўзяць дзве гаспадаркі ў Жыткавіцкім раёне, пабудаваць там сучасныя фермы, каб развіваць уласную сыравінную базу для вытворчасці сыроў.

Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь падтрымаў гэтыя планы камбіната. Але пры гэтым ён папярэдзіў, што трэба знаходзіць агульныя інтарэсы з аграрыямі і ні ў якім выпадку не крыўдзіць вяскоўцаў. "Знайдзіце гэты агульны інтарэс, вызначцеся, што галоўнае, што другараднае, і пачынайце ўкладаць сродкі. Трэба развіваць гэту зямлю", - сказаў Кіраўнік дзяржавы.

"Калі гэта будзе эфектыўна, рабіце. Мой інтарэс у тым, каб было лепш, чым сёння, і не былі пакрыўджаны людзі", - заўважыў Прэзідэнт. Пры гэтым ён падкрэсліў: "Вы дадзіце штуршок развіццю не толькі сельгасвытворчасці, а частцы Палесся, цэлага рэгіёна".

Кіраўнік дзяржавы таксама папярэдзіў, каб усё было сумленна, празрыста і зразумела, ніякіх злоўжыванняў пры вырашэнні гэтых пытанняў быць не павінна.

У той жа дзень Аляксандр Лукашэнка азнаёміўся з ходам уборкі кукурузы на зерне, яго праінфармавалі таксама аб завяршэнні палявых работ у краіне і рэгіёне.