Аляксандр Лукашэнка зрабіў рабочую паездку ў Гомельскую вобласць

    Без росту прадукцыйнасці працы ў краіне не павінна быць павышэння заработных плат. Аб гэтым 12 красавіка заявіў Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка, наведваючы ў Мазырскім раёне КСУП "Саўгас-камбінат "Зара", якое з'яўляецца адным з перадавых сельгаспрадпрыемстваў у краіне.

    Гэта прадпрыемства займаецца ўсімі асноўнымі відамі сельгасвытворчасці, якія развіваюцца ў Беларусі. Пры гэтым па шэрагу паказчыкаў яно знаходзіцца ў лідарах, у разы перасягаючы сярэднерэспубліканскія значэнні. Сярэдняя зарплата на прадпрыемстве ў 2012 годзе перавысіла Br3,3 млн.

    Губернатар Гомельскай вобласці Уладзімір Дворнік далажыў Прэзідэнту аб сацыяльна-эканамічным развіцці рэгіёну. Паводле яго слоў, рэнтабельнасць продажаў у вобласці адна з самых высокіх па краіне - 10,6%. Па ўзроўні зарплат Гомельшчына на другім месцы. "Але мы бачым патэнцыял, працуем з малымі прадпрыемствамі і, думаю, у бліжэйшы час мы яшчэ падцягнем", - адзначыў ён.

    У сувязі з гэтым Прэзідэнт нагадаў, што павышэнне зарплат павінна абавязкова суправаджацца ростам прадукцыйнасці працы. "Апошнім часам назіраю, у тым ліку і праз сродкі масавай інфармацыі, што ўсё больш і больш працоўныя калектывы і людзі ўзнімаюць пытанне аб росце заработнай платы. Мы жалезна дамовіліся: ёсць прадукцыйнасць працы, ёсць рост продажаў - калі ласка, павышайце заработную плату. Няма гэтай прадукцыйнасці працы - няма зарплаты", - падкрэсліў Кіраўнік дзяржавы. "Інакш мы паўторым яшчэ раз гэты фінансава-эканамічны крызіс, які прайшоўся па нас зусім нядаўна. Ніякіх адступленняў ад гэтага быць не павінна", - дадаў Аляксандр Лукашэнка.

    У той жа час Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што трэба разбірацца з кіраўнікамі прадпрыемстваў, якія не выплачваюць заработную плату. "Трэба імі займацца, каб мне потым не давялося. Хачу папярэдзіць, што ніхто работу не знойдзе ў краіне ў цёплым крэсле. Кіраўнік, вызвалены ад гэтай пасады, не мае права працаваць кіраўніком. Дай бог, каб па спецыяльнасці знайшоў. Калі не - мятлу ў рукі і месці вуліцы".

    "Калі мы гэтага не зробім, будзем пастаянна адзін за адным хадзіць і крычаць, што ў нас няма грошай, прадукцыйнасці, зарплат", - падкрэсліў Прэзідэнт.

    Наведваючы саўгас-камбінат "Зара", Аляксандр Лукашэнка даручыў да канца гэтай пяцігодкі прывесці ў парадак усе сельгасугоддзі і арганізаваць на іх высокаэфектыўную вытворчасць. "Да канца пяцігодкі ўсе землі трэба прывесці ў парадак, каб было, як тут, - сказаў Прэзідэнт. - Вось узор. Больш нічога не трэба. Трэба ў адпаведнасці з гэтым узорам выбудаваць усю работу".

    Асаблівую ўвагу Аляксандр Лукашэнка звярнуў на неабходнасць эфектыўнага выкарыстання меліяраваных зямель, уключэнне іх у сельгасабарот. "Злачынна не выкарыстоўваць землі так, як трэба, - сказаў Кіраўнік дзяржавы. - І мы будзем тут працаваць, скарачаючы ў цэлым датацыі вёсцы. Таму што вы ведаеце (дзякуй богу, што пакуль не ў СГА) - мы ў АЭП маем абавязацельствы: Казахстан, Расія і мы павінны быць на адным узроўні дзяржпадтрымкі сельгасвытворцаў. Трэба больш накіраваць грошай на тое, каб увесці ў абарот землі. Трэба больш кінуць грошай на вытворчасць - будаўніцтва ферм, комплексаў, іх рэканструкцыю".

    "Знімайце сродкі з іншых напрамкаў. Але памяшканні для жывёлы трэба пабудаваць. Год-два мы без датацый на тэхніку абыдземся. Сёння тэхнікі хапае, дай бог яе нармальна выкарыстоўваць", - сказаў Прэзідэнт.

    "Цяпер схопім гэту работу, рынкі, якія сёння свабодныя, тады мы будзем штосьці мець", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

    У якасці прыкладу Прэзідэнт прывёў невялікую па тэрыторыі Галандыю, якая, тым не менш, накіроўвае на экспарт значныя аб'ёмы сельгаспрадукцыі. Аляксандр Лукашэнка выказаў упэўненасць, што калі ўсе сельгаспрадпрыемствы ў краіне будуць даведзены да такога ж узроўню, як саўгас-камбінат "Зара", то і Беларусь зможа заняць адно з лідзіруючых месц у свеце па экспарце сельгаспрадукцыі.

    У час наведвання аддзялення па гадоўлі свіней Аляксандру Лукашэнку далажылі аб ходзе выканання Рэспубліканскай праграмы рэканструкцыі, тэхнічнага перааснашчэння і будаўніцтва комплексаў па свінагадоўлі ў 2011-2015 гадах. Па выніках 2011 года заданне праграмы не было выканана цалкам у асноўным з-за фінансавых цяжкасцей. Тым не менш, Аляксандр Лукашэнка запатрабаваў рэалізаваць яе ў поўным аб'ёме. "Давайце будзем планаваць, што ў 2012-2013 гадах мы 100% выконваем і ліквідуем адставанне крызіснага года. Іншай праграмы быць не можа, як бы нам ні было цяжка", - сказаў Кіраўнік дзяржавы.

    За 2011 год вытворчасць свініны ў жывой вазе склала амаль 442 тыс. т, або 99% да даведзенага праграмай задання. Да 2015 года плануецца павялічыць вытворчасць да 630 тыс. т, што дасць магчымасць у поўнай ступені загрузіць магутнасці беларускіх перапрацоўчых прадпрыемстваў і павялічыць пастаўкі на экспарт.

    Рэнтабельнасць продажаў свініны ў 2011 годзе склала ў сярэднім па рэспубліцы 9,9%. Найбольшая рэнтабельнасць атрымана ў гаспадарках Брэсцкай і Гомельскай абласцей - 13,7%.

    Прэзідэнт таксама даручыў наладзіць у Беларусі вытворчасць і перапрацоўку мармуровага мяса. "Мармуроваму мясу быць. Мы наладзім асобную перапрацоўку, разам знойдзем рынкі рэалізацыі і будзем прадаваць", - сказаў Кіраўнік дзяржавы.

    Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што беларускія спецыялісты ўжо вывучаюць замежны вопыт у гэтай справе: "Цяпер мы купляем лінію, гэта нядорага для дзяржавы, усё па еўрапейскіх стандартах упакуем і будзем прадаваць. Сёння вельмі вялікі попыт на такую прадукцыю ў Расіі. Таму будзем гэтым займацца, у нас прападае вялікая колькасць угоддзяў".

    Кіраўнік дзяржавы даручыў Віцэ-прэм'еру Міхаілу Русаму да канца года вывучыць гэта пытанне і арганізаваць перапрацоўку мармуровага мяса.

    Асобна Аляксандр Лукашэнка спыніўся на пытанні падрыхтоўкі кваліфікаваных кіруючых кадраў у сферы сельгасвытворчасці. На яго думку, перадавыя прадпрыемствы рэспублікі, такія як саўгас-камбінат "Зара", павінны стаць цэнтрамі па практычнай падрыхтоўцы. Гэта звязана з тым, што праграмы ВНУ часам значна адстаюць ад практыкі. "Патрэбны моцныя кіраўнікі, а вакол іх будзе цэлая плеяда", - адзначыў Прэзідэнт.

    Наступным аб'ектам, які наведаў Кіраўнік дзяржавы, стала кукурузнае поле сельгаспрадпрыемства, дзе ён азнаёміўся з арганізацыяй сяўбы кукурузы на зерне. Тут Прэзідэнту далажылі аб ходзе веснавых палявых работ у Беларусі. Цяпер вядуцца работы па падкормцы азімых культур, шматгадовых траў, сенажацей і пашы. Усе вобласці пачалі сяўбу яравых культур. Размова таксама ішла аб унясенні змяненняў у структуру севазвароту за кошт пашырэння пасеваў кукурузы. Дзякуючы будаўніцтву двух кукурузакалібровачных заводаў у Івацэвічах і Мазыры Беларусь цалкам забяспечыла сябе насеннем гэтай культуры.

    Затым Прэзідэнт наведаў птушкафабрыку саўгаса-камбіната "Зара", дзе ішла размова аб стане і перспектывах развіцця птушкагадоўлі ў краіне, у час выканання Праграмы развіцця птушкагадоўлі ў Беларусі ў 2011-2015 гадах. Кіраўнік дзяржавы азнаёміўся з арганізацыяй вытворчасці яек і мяса бройлера па рэсурсазберагальных тэхналогіях.

    Як было даложана Прэзідэнту, мясная птушкагадоўля ў краіне прадстаўлена 57 сельскагаспадарчымі арганізацыямі, яечная птушкагадоўля - 46 сельгасарганізацыямі. Гэта адна з галін сельскай гаспадаркі, якія дынамічна развіваюцца. У 2011 годзе ў мясной птушкагадоўлі атрыманы самыя высокія вытворчыя паказчыкі ў гісторыі. Атрымана 396,2 тыс. т птушкі ў жывой вазе (27,4% усёй вытворчасці мяса), што амаль на 50 тыс. т, або на 14%, больш, чым у 2010 годзе. Такім чынам быў перавышаны аб'ём прамысловай вытворчасці мяса свініны.

    Экспарт мяса птушкі вырас да 75 тыс. т, што складае 195% да 2010 года. Рэнтабельнасць продажу птушкі ў 2011 годзе склала 14%.

    За 2 месяцы бягучага года атрымана 74,1 тыс. т птушкі ў жывой вазе, што на 17% больш за аналагічны перыяд 2011 года. Пры гэтым рост назіраецца ва ўсіх абласцях.

    Да 2015 года плануецца атрымаць 569 тыс. т птушкі ў жывой вазе. Сярэднясутачныя прыбаўленні ў вазе бройлераў па краіне павінны скласці 60 г. Экспарт мяса птушкі павінен павялічыцца да 100 тыс. т, або на 33% да ўзроўню 2011 года.

    Што датычыцца яечнай вытворчасці, то тут таксама назіраецца рост паказчыкаў. У 2011 годзе экспарт курыных яек склаў 609 млн. штук і вырас на 10% да 2010 года, рэнтабельнасць продажаў яек склала 10,4%. Пры гэтым лепшая яйцаноскасць курэй-нясушак дасягнута на птушкафабрыцы саўгаса-камбіната "Зара" - 337 штук.

    Птушкафабрыка была далучана да саўгаса-камбіната "Зара" ў 2004 годзе. З тых часоў тут штогод растуць паказчыкі эфектыўнасці. З 2004 года ў 6,5 раза павялічана вытворчасць яек. Акрамя таго, тут адзначаецца самы нізкі расход корму.

    Сярод асноўных задач птушкагадоўлі на бліжэйшыя гады – пашырэнне бройлернай фабрыкі ў Стоўбцах, будаўніцтва завода па вытворчасці яек, а таксама па вытворчасці мяса індычкі. Для задавальнення патрэб унутранага рынку і паставак на экспарт плануецца гадаваць 18 тыс. т індычкі.

    Аляксандр Лукашэнка агледзеў вытворчыя памяшканні птушкафабрыкі, азнаёміўся з арганізацыяй вытворчасці яек.

    Яшчэ адной цэнтральнай тэмай сённяшняга рабочага дня Кіраўніка дзяржавы стала развіццё сацыяльнай сферы ў вёсцы. Аляксандр Лукашэнка наведаў аграгарадок Рудня, пабываў у мясцовай школе. Прэзідэнту далажылі аб сацыяльным развіцці і добраўпарадкаванні аграгарадка і населеных пунктаў Мазырскага раёна.

    "Хіба мы маглі калі-небудзь думаць, што ў нас так зменяцца раёны: Мазырскі і ўсе іншыя", - адзначыў Кіраўнік дзяржавы.

    Прэзідэнт падкрэсліў, што ў гэтай пяцігодцы павінен быць завершаны працэс стварэння аграгарадкоў: "Цяпер важна не спыняцца. Кожны аграгарадок ужо сам павінен кожны год дабаўляць, пачынаючы ад дарог, будаўніцтва домікаў. Тут ужо гаспадаркі самі павінны шавяліцца. Аграгарадкі абавязкова трэба развіваць. Ні ў якім разе нельга застыць на гэтым узроўні. А то ж часта бывае так, што ўзяліся за іншую праблему і забыліся".

    "За бягучую пяцігодку трэба ўтрэсці гэтыя пытанні, каб у будучай мы не гаварылі ўжо аб будаўніцтве, пераўтварэнні, рэканструкцыі аграгарадкоў. У гэтай пяцігодцы мы павінны завяршыць гэты працэс", - падкрэсліў Прэзідэнт.

    У якасці аднаго з узорных Аляксандр Лукашэнка прывёў у прыклад аграгарадок Рудня. З пераўтварэннем вёскі Рудня ў аграгарадок у 2008 годзе тут адбыліся прыкметныя паляпшэнні ў сацыяльна-бытавым развіцці.

    Выкананы вялікі аб'ём работ па добраўпарадкаванні тэрыторыі, рэканструяваны стадыён, пабудаваны тэнісны корт, праведзены капітальныя рамонты дзіцячага сада, школы, амбулаторыі, сельскага Дома культуры, аптэкі, аддзялення паштовай сувязі, вядзецца работа па добраўпарадкаванні возера. У 2007-2011 гадах у Рудні пабудаваны і заселены 27 жылых дамоў сядзібнага тыпу.

    "Трэба давесці ўсе аграгарадкі да ўзроўню Рудні. Тут ёсць усё неабходнае для жыцця. Са школы тут усе ідуць у тэхнічныя ВНУ і сельскую гаспадарку. Можна толькі марыць пра гэта", - сказаў Кіраўнік дзяржавы.

    Аляксандр Лукашэнка азнаёміўся з арганізацыяй навучальна-выхаваўчай работы ў Руднянскай сярэдняй агульнаадукацыйнай школе і яе аснашчэннем, пабываў на ўроках працы, паназіраў за трэніроўкай юных футбалістаў. У якасці падарунка Кіраўнік дзяржавы ўручыў камандзе школьных футбалістаў камплект футбольнага рыштунку.