Афіцыйны візіт у Туркменістан

  • 20

Беларусь і Туркменістан пацвярджаюць імкненне да цеснага і шматпланавага супрацоўніцтва, якое мае характар стратэгічнага партнёрства, будуецца на доўгатэрміновай аснове і валодае вялікім патэнцыялам. На гэтым акцэнтавалі ўвагу прэзідэнты дзвюх краін Аляксандр Лукашэнка і Гурбангулы Бердымухамедаў у час перагавораў у Ашхабадзе.

Кіраўнік беларускай дзяржавы, які знаходзіўся 4-5 лістапада з афіцыйным візітам у Туркменістане, сустрэўся з Гурбангулы Бердымухамедавым у фармаце сам-насам і ў пашыраным складзе з удзелам дэлегацый дзвюх краін, па выніках перагавораў быў падпісаны пакет дакументаў.

Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што штогадовыя кантакты і сустрэчы прэзідэнтаў дзвюх дзяржаў даюць магчымасць трымаць на кантролі рэалізацыю значных сумесных праектаў. "І гэта дае вельмі добры эканамічны эфект", - лічыць ён.

Кіраўнік беларускай дзяржавы падкрэсліў, што гандлёва-эканамічныя адносіны Беларусі і Туркменістана развіваюцца вельмі паспяхова: "За пяць гадоў у пяць разоў вырас тавараабарот. Гэта вельмі добрыя тэмпы для нашых краін". Аляксандр Лукашэнка запэўніў, што Беларусь і ў далейшым будзе ўважліва рэагаваць на просьбы калег з Туркменістана і садзейнічаць стварэнню і развіццю сумесных вытворчасцей як у Беларусі, так і Туркменістане.

Ён канстатаваў, што ў няпростых кліматычных умовах Туркменістана добра зарэкамендавала сябе тэхніка такіх прадпрыемстваў, як МАЗ, МТЗ, "Амкадор". "Пры гэтым мы гатовы забяспечыць яе ўсім спектрам навяснога і прычапнога абсталявання самай высокай якасці", - сказаў беларускі лідар.

Прэзідэнты абмеркавалі пытанні паставак беларускай сельскагаспадарчай, аўтамабільнай тэхнікі і гарадскога транспарту ў Туркменістан на чарговы двухгадовы перыяд.

Гурбангулы Бердымухамедаў звярнуўся да беларускага боку з прапановай аб стварэнні сэрвіснага цэнтра ў Туркменістане. "Мы шмат закупляем у вас тэхнікі, а таму было б нядрэнна, каб мы арганізавалі сэрвісныя цэнтры", - адзначыў ён, пры гэтым запэўніўшы, што Туркменістан і ў далейшым мае намер закупляць беларускую тэхніку.

Аляксандр Лукашэнка падтрымаў гэту ініцыятыву: "Мы разумеем, што калі мы прыйшлі ў краіну, то павінны стварыць цэнтры абслугоўвання. Будзьце ўпэўнены, што мы ў бліжэйшы час гэта пытанне не проста разгледзім, мы яго вырашым". Чакаецца, што ў цэнтры будзе абслугоўвацца ўся гама беларускай тэхнікі, якая пастаўляецца ў Туркменістан, а ў далейшым па меры яго развіцця не выключана адкрыццё філіялаў у розных рэгіёнах краіны.

"Мы вам вельмі ўдзячныя, што ў той гаме прапаноў, якія вам паступаюць з усяго свету, вы па многіх напрамках аддаяце перавагу нашым таварам і тэхніцы. Мы і ў далейшым гатовы ў гэтым напрамку дзейнічаць", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Найбольш маштабным двухбаковым праектам з'яўляецца будаўніцтва беларускімі спецыялістамі пад ключ Гарлыкскага горна-абагачальнага камбіната. Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што Беларусь надае прыярытэтнае значэнне якаснаму выкананню гэтага кантракта.

"Мы дамовіліся, што ў бліжэйшы час у Туркменістан прыбудзе група спецыялістаў на чале з Прэм'ер-міністрам, якая канчаткова ўрэгулюе ўсе праблемы, што, магчыма, існуюць пры будаўніцтве Гарлыкскага камбіната, і даложыць канчатковы графік увядзення яго ў строй", - адзначыў беларускі лідар.

У сваю чаргу Гурбангулы Бердымухамедаў падкрэсліў, што грандыёзны праект па будаўніцтву камбіната з'яўляецца сімвалам двухбаковага эканамічнага супрацоўніцтва: "Мы будзем удзяляць ходу будаўніцтва самую пільную ўвагу, каб дасягнутыя дамоўленасці былі якасна выкананы".

Што датычыцца сферы палітыкі і дыпламатыі, Кіраўнік беларускай дзяржавы падкрэсліў, што ў Беларусі і Туркменістана ніколі не было наконт гэтага рознагалоссяў, бакі маюць адзіныя погляды на міжнародны парадак дня і актыўна падтрымліваюць адзін аднаго на пляцоўках міжнародных арганізацый.

Абодва прэзідэнты адзначылі актыўнае развіццё супрацоўніцтва ў гуманітарнай сферы. Цяпер адукацыю ў Беларусі атрымліваюць больш як 8 тыс. туркменскіх студэнтаў. Акрамя таго, у сувязі з будаўніцтвам Гарлыкскага горна-абагачальнага камбіната праводзіцца падрыхтоўка спецыялістаў сярэдняга звяна. Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што Беларусь гатова пашырыць экспарт адукацыйных паслуг у Туркменістан. У сувязі з гэтым ён прапанаваў стварыць у Беларусі своеасаблівы маладзёжны "туркменскі астравок", дзе былі б, напрыклад, інтэрнаты або гасцініцы.

Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь таксама падкрэсліў, што супрацоўніцтва ў гуманітарнай сферы садзейнічае ўмацаванню ўзаемаразумення і дружалюбных адносін паміж народамі. Асобны акцэнт ён зрабіў на супрацоўніцтве ў галіне культуры. Аляксандр Лукашэнка ў прыватнасці згадаў аб праведзеных у Беларусі гастролях групы "Туркменскія джыгіты" дзяржаўнага цырка Туркменістана. Дасягнута дамоўленасць аб чарговым абмене Днямі культуры Беларусі і Туркменістана ў 2014-2015 гадах.

Кіраўнік беларускай дзяржавы лічыць важным захаванне дружалюбных адносін паміж Беларуссю і Туркменістанам, якія з'яўляюцца асновай у развіцці двухбаковага супрацоўніцтва. "Наша ідэалогія - звязаць народы так, каб ніхто ніколі не пасмеў парушыць нашу дружбу, - сказаў Аляксандр Лукашэнка. - Я лічу, у нас добрыя адносіны, нават, можна сказаць, узорныя. З іх можна браць прыклад".

У сваю чаргу Гурбангулы Бердымухамедаў адзначыў, што ў бягучым годзе споўнілася 20 гадоў з моманту ўстанаўлення дыпламатычных адносін паміж Беларуссю і Туркменістанам і за гэты перыяд бакам удалося многае зрабіць у развіцці адносін па розных напрамках, заявіў аб зацікаўленасці да далейшага развіцця супрацоўніцтва з Беларуссю ў сферы культуры, адукацыі, навукі, правядзення сумесных навукова-даследчых работ.

Кіраўнік беларускай дзяржавы звярнуў увагу на актывізацыю сумеснай работы ў навукова-тэхнічнай сферы, што адбылася за апошнія гады. "Вядуцца перагаворы аб пастаўцы туркменскаму боку распрацаваных Нацыянальнай акадэміяй навук Беларусі шматфункцыянальных беспілотных авіяцыйных комплексаў з далейшай арганізацыяй у Туркменістане іх сумеснай вытворчасці", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь падкрэсліў, што ўзаемавыгаднае навукова-тэхнічнае супрацоўніцтва з'яўляецца важным фактарам якаснага эканамічнага росту дзвюх краін. Ён адзначыў, што акадэміі навук Беларусі і Туркменістана рыхтуюць да падпісання праграму супрацоўніцтва ў галіне навукі і тэхналогій, якая ўключае 21 сумесны праект. Чакаецца, што ў бліжэйшы час у Мінску пройдзе першае пасяджэнне адпаведнай міжурадавай камісіі. "Мы вашым спецыялістам пакажам нашы магчымасці. Мы гатовы вам прадставіць і паказаць усё, на што здольныя", - адзначыў беларускі лідар.

Асобная ўвага на перагаворах была ўдзелена супрацоўніцтву ў галіне спорту. Аляксандр Лукашэнка запрасіў спартсменаў Туркменістана часцей прыязджаць у Беларусь не толькі для спаборніцтваў, але і з мэтай сумеснай падрыхтоўкі з беларускімі спартсменамі. Прэзідэнт Туркменістана прыняў гэту прапанову.

"Мы чакаем істотную актывізацыю двухбаковых спартыўных сувязей, асабліва пасля падпісання ў час цяперашняга візіту чарговай двухгадовай праграмы супрацоўніцтва ў гэтай сферы", - заявіў беларускі лідар.

Гурбангулы Бердымухамедаў пацікавіўся меркаваннем Аляксандра Лукашэнкі аб праведзеным напярэдадні ў Ашхабадзе таварыскім матчы па хакеі паміж юнацкай зборнай Туркменістана і камандай - пераможцай рэспубліканскіх спаборніцтваў "Залатая шайба". "Я ўчора паглядзеў, праўда, не ўвесь матч. Нашы хлопцы, вядома, маладзейшыя, чым вашы. Але я як чалавек, які крыху разбіраецца ў хакеі, павінен сказаць, што ваша юнацкая зборная - гэта моцная каманда, - адзначыў беларускі лідар. - Хацелася б убачыць іх у Беларусі, каб яны згулялі са сваімі равеснікамі". Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь даў высокую ацэнку поспехам Туркменістана па развіццю хакея: "Я ніколі не думаў, што тут, дзе летам тэмпература плюс 45 градусаў па Цэльсію, могуць за такі кароткі час пабудаваць лядовыя палацы і навучыць людзей гуляць у хакей".

Па выніках перагавораў прэзідэнты падкрэслілі, што Туркменістан і Беларусь яшчэ раз прадэманстравалі сваю прыхільнасць і імкненне да цеснага і шматпланавага супрацоўніцтва, разлічанага на доўгатэрміновую перспектыву.

Кіраўнікі дзяржаў адзначылі наяўнасць неабходнага патэнцыялу для інтэнсіфікацыі міждзяржаўнага дыялогу ў розных сферах. "Мы яшчэ раз пацвердзілі імкненне нашых краін садзейнічаць умацаванню міру і стабільнасці. Паглыбленне ўзаемадзеяння дзвюх краін служыць інтарэсам забеспячэння бяспекі ў глабальным маштабе", - сказаў Гурбангулы Бердымухамедаў.

Абодва бакі гатовы развіваць супрацоўніцтва як у двухбаковым фармаце, так і ў рамках міжнародных арганізацый, у тым ліку на пляцоўцы ААН.

Прэзідэнты дамовіліся аб актывізацыі сувязей у гандлі, паліўна-энергетычным комплексе, будаўніцтве, сферы транспарту і камунікацый, перапрацоўчай і хімічнай прамысловасці, сельскай гаспадарцы, лёгкай прамысловасці.

"Наша супрацоўніцтва мае характар сапраўднага стратэгічнага партнёрства, будуецца на доўгатэрміновай аснове і валодае значным патэнцыялам", - заявіў Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь.

Бакі падпісалі пакет дакументаў аб развіцці супрацоўніцтва паміж Беларуссю і Туркменістанам у розных сферах. Чакаецца, што рэалізацыя ўсіх дамоўленасцей прынясе значны эканамічны эфект.

Так, паміж Урадам і Нацыянальным банкам Беларусі і Урадам і Цэнтральным банкам Туркменістана заключана пагадненне аб урэгуляванні ўзаемных абавязацельстваў і фінансавых патрабаванняў.

Падпісана таксама пагадненне аб супрацоўніцтве паміж Нацыянальным банкам Беларусі і Цэнтральным банкам Туркменістана.

Паміж урадамі дзвюх краін заключаны мемарандум аб супрацоўніцтве ў галіне аховы здароўя, медыцынскай (фармацэўтычнай) навукі, адукацыі і аб аказанні паслуг медыцынскай дапамогі грамадзянам Беларусі і Туркменістана.

Падпісаны праграмы супрацоўніцтва на 2014-2015 гады ў галіне фізічнай культуры і спорту, турызму, а таксама паміж міністэрствамі замежных спраў.

У сферы навукі і адукацыі двухбаковая дагаворна-прававая база папоўнілася праграмай супрацоўніцтва паміж Нацыянальнай акадэміяй навук Беларусі і Акадэміяй навук Туркменістана ў галіне навукі і тэхналогій, дагаворам аб навукова-тэхнічным супрацоўніцтве паміж Інстытутам хіміі новых матэрыялаў НАН Беларусі і Інстытутам хіміі Акадэміі навук Туркменістана. Падпісаны таксама дагавор аб супрацоўніцтве паміж Беларускім дзяржаўным універсітэтам і туркменскім дзяржаўным універсітэтам імя Махтумкулі.

Акрамя таго, пагадненне аб супрацоўніцтве заключана паміж ААТ "Беларуская ўніверсальная таварная біржа" і Дзяржаўнай таварна-сыравіннай біржай Туркменістана.

Прэзідэнты Беларусі і Туркменістана Аляксандр Лукашэнка і Гурбангулы Бердымухамедаў па выніках перагавораў у Ашхабадзе прынялі сумесную заяву аб паглыбленні адносін дружбы і супрацоўніцтва паміж дзвюма краінамі.

У заяве адзначаецца высокая дынаміка палітычнага міждзяржаўнага дыялогу, дадзена станоўчая ацэнка рэалізацыі раней дасягнутых дамоўленасцей і падпісаных дакументаў.

Прэзідэнты Беларусі і Туркменістана канстатавалі блізкасць або супадзенне пазіцый па ключавых пытаннях міжнароднай палітыкі, пацвердзілі намер актывізаваць узаемавыгаднае супрацоўніцтва на сусветнай арэне. Адзначана неабходнасць пашырэння двухбаковага і шматбаковага ўзаемадзеяння па забеспячэнню рэгіянальнай бяспекі і стабільнасці.

У дакуменце падкрэсліваецца, што ўзаемапавага, давер, адкрытасць і ўзаемная выгада з'яўляюцца асноватворнымі прынцыпамі развіцця двухбаковых адносін. Кіраўнікі дзяржаў выказаліся аб неабходнасці далейшага ўзмацнення палітычнага дыялогу на вышэйшым узроўні, паглыблення супрацоўніцтва ў гандлёва-эканамічнай, энергетычнай, фінансавай, транспартнай, навукова-тэхнічнай, культурна-гуманітарнай і іншых сферах.

Прэзідэнты таксама выказалі ўзаемнае імкненне да забеспячэння пастаяннага росту аб'ёмаў двухбаковага гандлю, дыверсіфікацыі яго структуры, развіцця доўгатэрміновых форм эканамічнага супрацоўніцтва, паглыблення інвестыцыйнага ўзаемадзеяння паміж Беларуссю і Туркменістанам на аснове агульнапрызнаных норм і правіл міжнароднага гандлю.

У сувязі з гэтым адзначана важная роля і неабходнасць актывізацыі дзейнасці сумеснай міжурадавай беларуска-туркменскай камісіі па эканамічнаму супрацоўніцтву.

Акрамя таго, прэзідэнты падкрэслілі важнасць актывізацыі супрацоўніцтва ў сельскагаспадарчай сферы, у прыватнасці, па стварэнню сумесных прадпрыемстваў па вытворчасці і перапрацоўцы сельскагаспадарчай прадукцыі.

Асобная ўвага ўдзелена ўзаемадзеянню ў гуманітарнай сферы. Дасягнута дамоўленасць аб істотнай актывізацыі супрацоўніцтва ў сферы аховы здароўя і медыцыны, спорту і турызму. Кіраўнікі дзяржаў дамовіліся прыняць неабходныя меры для арганізацыі ў 2014-2015 гадах Дзён культуры Беларусі ў Туркменістане, а таксама аб правядзенні Дзён культуры Туркменістана ў Беларусі.

Лідары дзвюх краін таксама пацвердзілі гатоўнасць да ўмацавання супрацоўніцтва ў сферы барацьбы з тэрарызмам, палітычным і рэлігійным экстрэмізмам, наркатрафікам, нелегальнай міграцыяй, трансгранічнай арганізаванай злачыннасцю, незаконным гандлем зброяй як на двухбаковым узроўні, так і ў рамках адпаведных міжнародных арганізацый.

Аляксандр Лукашэнка выказаў Прэзідэнту Туркменістана падзяку за аказаную беларускай дэлегацыі гасціннасць, цёплы і дружалюбны прыём і запрасіў яго наведаць Беларусь з афіцыйным візітам. "Мы будзем вас сустракаць як самага дарагога госця, як нашага сябра і брата", - сказаў Кіраўнік беларускай дзяржавы.

У гэты ж дзень Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь усклаў вянкі ў Маўзалеі Туркменбашы, да манумента Канстытуцыі Туркменістана, а таксама пасадзіў дрэва на Алеі пачэсных гасцей каля манумента Канстытуцыі Туркменістана.