Афіцыйны візіт у Азербайджан
- 27
Беларусь і Азербайджан вызначылі новыя перспектыўныя напрамкі развіцця супрацоўніцтва і пацвердзілі імкненне да далейшага паглыблення традыцыйна дружалюбных адносін паміж дзвюма краінамі. Такі вынік праведзеных 21 лістапада афіцыйных перагавораў Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Аляксандра Лукашэнкі з Прэзідэнтам Азербайджана Ільхамам Аліевым.
Перагаворы кіраўнікоў дзяржаў прайшлі ў рэзідэнцыі Прэзідэнта Азербаджайна спачатку ў фармаце сам-насам, а потым у пашыраным складзе. Лідары дзвюх краін і члены дэлегацыі падрабязна абмеркавалі ўвесь спектр двухбаковых адносін. Аднымі з галоўных тэм сталі далейшае развіццё вытворчай кааперацыі і выхад з сумеснай прадукцыяй на рынкі трэціх краін, а таксама актывізацыя інвестыцыйнага ўзаемадзеяння.
Аляксандр Лукашэнка адзначыў добрую дынаміку ў развіцці гандлёва-эканамічнага супрацоўніцтва паміж Беларуссю і Азербайджанам, аб чым сведчыць павелічэнне тавараабароту. З 2006 года па 2012-ы гэты паказчык павялічыўся ў шэсць разоў. Разам з тым Кіраўнік беларускай дзяржавы падкрэсліў, што цяперашні аб'ём тавараабароту, які ў хуткім часе дасягне $300 млн., не адпавядае патэнцыялу дзвюх дзяржаў. "У нас магчымасці большыя, і мы можам нарасціць гэтыя аб'ёмы за кошт стварэння тут ужо не зборачных, а сумесных вытворчасцей, лакалізацыя якіх 40-60%", - сказаў Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь.
"Вядома, тое, што мы можам вырабіць на азербайджанскай зямлі, ніяк у Азербайджане не ўмяшчаецца. Вельмі важна, каб мы разам гандлявалі ў трэціх краінах, актыўна выходзілі на міжнародныя рынкі і прадавалі прадукцыю сумесных вытворчасцей, атрымліваючы ад гэтага адпаведную выгаду", - сказаў Кіраўнік беларускай дзяржавы.
У гэтым плане Аляксандр Лукашэнка агучыў прапанову стварыць рабочую групу па прамысловай кааперацыі ў рамках існуючай міжурадавай камісіі.
"Асаблівасць гэтага візіту ў тым, што мы знайшлі новыя напрамкі супрацоўніцтва. Мы атрымалі сёння падтрымку ад Прэзідэнта Азербайджана ў плане больш шырокага інвесціравання ў праекты, якія могуць цікавіць азербайджанскую дзяржаву і бізнесменаў на беларускай тэрыторыі. Мы гатовы і чакаем вас з прапановамі", - заявіў Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь.
У якасці перспектыўных для азербайджанскіх інвестыцый сфер Аляксандр Лукашэнка назваў нафтахімію, сельскую гаспадарку, хімічную вытворчасць, фармацэўтыку.
Паводле слоў Аляксандра Лукашэнкі, Беларусь можа аказаць садзейнічанне Азербайджану ў развіцці фармацэўтычнай прамысловасці. "Перад намі таксама калісьці стаяла такая задача, яна і цяпер не здымаецца, - забяспечыць фармацэўтычную незалежнасць. Ільхам Гейдаравіч сёння пацвердзіў, што гатовы падтрымаць праект будаўніцтва тут вытворчасці медыцынскіх прэпаратаў. Мы гатовы прапанаваць свае тэхналогіі і таксама прайсці гэты шлях, пачынаючы ад расфасоўкі, завяршаючы вытворчасцю лекавых прэпаратаў, якія, зразумела, будзем прадаваць і ў трэціх краінах, выкарыстоўваючы аўтарытэт і ўплыў Прэзідэнта Азербайджана", - сказаў беларускі лідар.
Беларусь і Азербайджан таксама дамовіліся і далей развіваць кааперацыйныя сувязі ў прамысловасці.
Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь падкрэсліў, што ў адносінах паміж Беларуссю і Азербайджанам няма ніякіх праблем ні ў палітыцы, ні ў дыпламатыі. "Мы вельмі цесна супрацоўнічаем у міжнародных арганізацыях. Вы заўсёды падтрымліваеце нас, мы заўсёды падтрымлівалі і будзем падтрымліваць вас", - сказаў беларускі лідар.
Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што развіццё супрацоўніцтва па многіх напрамках было б немагчыма, калі б бакі не ўдзялялі вялікую ўвагу пытанням адукацыі. Кіраўнік беларускай дзяржавы адзначыў, што ў Беларусі цяпер атрымліваюць адукацыю прыкладна паўтары сотні азербайджанскіх студэнтаў. "Гэтыя спецыялісты кожны год уліваюцца ў народную гаспадарку Азербайджана і прыносяць значны вынік. Без гэтага не можа быць нармальнага супрацоўніцтва", - заўважыў беларускі лідар.
Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь таксама адзначыў, што краіны паспяхова супрацоўнічаюць у культурнай і гуманітарнай сферах. Так, гэтымі днямі ў Мінску адбудзецца прэм'ера балета Кара Караева "Сем прыгажунь".
Кіраўнік беларускай дзяржавы таксама падзякаваў азербайджанскаму боку за гасціннасць, шчырасць, з якімі ў Азербайджане прымаюць не толькі высокіх гасцей і дэлегацыі з Беларусі, але і беларусаў у цэлым. "Думаю, і ў вас няма і не можа быць прэтэнзій у плане адносін у нашай краіне да прадстаўнікоў вашага народу", - адзначыў Аляксандр Лукашэнка.
У сваю чаргу Ільхам Аліеў падкрэсліў, што ў Азербайджане высока цэняць адносіны з Беларуссю і разлічваюць на іх далейшае развіццё і паглыбленне. "За апошнія некалькі гадоў Беларусь і Азербайджан умацавалі свае адносіны, якія выйшлі на вельмі высокі ўзровень у эканоміцы, прамысловай вытворчасці, энергетыцы, гуманітарнай сферы, - сказаў Прэзідэнт Азербайджана. - Гэтыя гады актыўнага ўзаемадзеяння настолькі нас зблізілі, што Беларусь і Азербайджан ужо і ў рэгіёне, і ў свеце ўспрымаюцца як вельмі блізкія і дружалюбныя краіны".
"Аснова нашых адносін - шчырасць, узаемная павага і падтрымка. На гэтай базе мы пабудавалі ўжо салідны будынак нашых адносін", - падкрэсліў Ільхам Аліеў.
Паводле яго слоў, цяпер актыўна пашыраюцца сувязі паміж прадпрыемствамі, рэалізуюцца інвестыцыйныя праекты, вядзецца абмен вопытам. Адносіны з Беларуссю напаўняюцца сур'ёзным зместам і ахопліваюць многія сферы. "Сёння мы абмяркоўвалі важныя пытанні супрацоўніцтва ў сферы адукацыі, навукі, высокіх тэхналогій, сельскай гаспадаркі, вытворчасці, ваенна-тэхнічнага супрацоўніцтва, энергетыкі. Толькі пералічэнне гэтых напрамкаў гаворыць само за сябе, і па кожным з іх ёсць добрыя вынікі, ёсць канкрэтныя праекты і праграмы", - адзначыў Ільхам Аліеў.
Бакі на перагаворах дамовіліся нарошчваць намаганні па развіццю супрацоўніцтва ў тых сферах, дзе ўжо ёсць добрыя напрацоўкі, а таксама задзейнічаць новыя перспектыўныя напрамкі. "Сярод новых тэм нашых двухбаковых адносін мы вызначылі магчымасці інвестыцый, удзелу азербайджанскіх прадпрыемстваў у прыватызацыі ў Беларусі, а таксама сумесны выхад на рынкі трэціх краін з прадукцыяй сумеснай вытворчасці. Мы будзем імкнуцца да таго, каб і гэтыя напрамкі сталі часткай нашага шырокага двухбаковага парадку дня", - заявіў Ільхам Аліеў.
Прэзідэнт Азербайджана канстатаваў, што за апошнія гады двухбаковыя адносіны з Беларуссю прайшлі вялікі шлях і выйшлі на вельмі высокі ўзровень. Краіны актыўна супрацоўнічаюць як у гандлёва-эканамічнай сферы, так і падтрымліваюць адна адну на міжнароднай арэне.
Ільхам Аліеў падкрэсліў, што ўсе прынятыя рашэнні рэалізуюцца ў тэрмін і якасна. "У аснове нашых адносін - вельмі вялікі ўзаемны давер. Нашы словы не разыходзяцца са справамі, а іншы раз нават няма неабходнасці фармалізоўваць нашы дамоўленасці подпісамі. Хоць сёння падпісаны важныя дакументы, якія і далей будуць садзейнічаць збліжэнню нашых краін і народаў", - сказаў Прэзідэнт Азербайджана.
Па выніках перагавораў прэзідэнты Беларусі і Азербайджана падпісалі сумесную дэкларацыю, у якой пацвердзілі ўзаемнае імкненне да далейшага паглыблення і ўмацавання традыцыйна дружалюбных адносін паміж дзвюма краінамі на аснове даверу і ўзаемнай падтрымкі.
Кіраўнікі дзяржаў выказалі задавальненне характарам узаемадзеяння дзвюх краін у двухбаковым і шматбаковым фарматах. Пры гэтым асабліва адзначана, што за 20 гадоў з моманту ўстанаўлення дыпламатычных адносін краіны дасягнулі высокага ўзроўню ў развіцці супрацоўніцтва.
Бакі выказалі зацікаўленасць і ў далейшым актыўна развіваць палітычны дыялог на розных узроўнях, паглыбляць двухбаковыя адносіны ў эканамічнай, гандлёвай, ваеннай і ваенна-тэхнічнай, турыстычнай, навуковай, адукацыйнай, культурнай галінах, а таксама ў сферах аховы здароўя, аховы навакольнага асяроддзя і іншых.
Прэзідэнты адзначылі супадзенне пазіцый па многіх актуальных міжнародных пытаннях, падкрэслілі важнасць паглыблення ўзаемадзеяння на міжнароднай арэне, у тым ліку ў рамках ААН, АБСЕ, Руху недалучэння, "Усходняга партнёрства". Бакі адзначылі важнасць хутчэйшага вырашэння нагорна-карабахскага канфлікту ў адпаведнасці з агульнапрызнанымі прынцыпамі і нормамі міжнароднага права.
У сумеснай дэкларацыі даецца высокая ацэнка дзейнасці Азербайджана ў якасці непастаяннага члена Савета Бяспекі ААН на перыяд 2012-2013 гадоў і заяўлена аб важнасці ўмацавання ролі ААН у вырашэнні стратэгічных пытанняў міжнароднай бяспекі і ўстойлівага развіцця.
Асобная ўвага ў дакуменце ўдзелена развіццю гандлёва-эканамічнага супрацоўніцтва. Падкрэслена асаблівае значэнне беларуска-азербайджанскіх эканамічных праектаў, якія забяспечваюць доўгатэрміновы характар двухбаковых сувязей. Бакі заявілі аб неабходнасці прадоўжыць работу ў напрамку паслядоўнага пашырэння вытворчай кааперацыі, умацавання інавацыйнага кампанента развіцця. Пры гэтым будзе заахвочвацца стварэнне спрыяльных эканамічных, фінансавых і прававых умоў для прадпрымальніцкай дзейнасці.
Акрамя таго, у сумеснай дэкларацыі гаворыцца аб гатоўнасці развіваць навукова-тэхнічнае супрацоўніцтва, адзначана важнасць паглыблення ўзаемных сувязей у сферы культуры, адукацыі, інфармацыі і садзейнічання ўстанаўленню шырокіх кантактаў паміж навуковымі, творчымі і іншымі саюзамі, фондамі.
Плённыя перагаворы і сустрэчы з азербайджанскімі калегамі правялі ў Баку і члены беларускай дэлегацыі. Дасягнуты канкрэтныя дамоўленасці, якія закладуць аснову ў дасягненне больш высокіх вынікаў двухбаковага ўзаемадзеяння.
У ходзе афіцыйнага візіту Аляксандра Лукашэнкі ў Азербайджан паміж дзвюма краінамі падпісаны пакет дакументаў аб развіцці супрацоўніцтва ў розных сферах.
Падпісаны пратакол аб унясенні змяненняў і дапаўненняў у пагадненне паміж урадамі аб супрацоўніцтве і ўзаемнай дапамозе па пытаннях выканання падатковага заканадаўства ад 5 лістапада 2004 года.
Таксама падпісаны пратакол аб унясенні змяненняў у міжурадавае пагадненне аб супрацоўніцтве ў галіне стандартызацыі, метралогіі і сертыфікацыі.
Заключана міжурадавае пагадненне аб супрацоўніцтве ў галіне пенсійнага забеспячэння.
Паміж Дэпартаментам фінансавага маніторынгу КДК Беларусі і Службай фінансавага маніторынгу пры Цэнтральным банку Азербайджана заключана пагадненне аб супрацоўніцтве ў сферы процідзеяння легалізацыі грашовых сродкаў і іншай маёмасці, атрыманых злачынным шляхам, і фінансаванню тэрарызму.
Шэраг падпісаных дакументаў датычыцца развіцця ўзаемадзеяння ў адукацыйнай сферы. У іх ліку пагадненне аб супрацоўніцтве паміж Беларускім дзяржаўным універсітэтам і Азербайджанскай дыпламатычнай акадэміяй. Аналагічнае пагадненне аб супрацоўніцтве з дыпакадэміяй заключыў Парк высокіх тэхналогій. Акрамя таго, паміж міністэрствамі адукацыі Беларусі і Азербайджана падпісаны пратакол аб стварэнні новых адукацыйных устаноў на тэрыторыі Азербайджанскай Рэспублікі.
Атрымала развіццё і дагаворна-прававая база міжрэгіянальнага супрацоўніцтва. Адпаведныя пагадненні заключаны паміж гарадамі Гомель і Гянджа, а таксама паміж Ашмянскім раённым выканаўчым камітэтам Гродзенскай вобласці і выканаўчай уладай Шэмахінскага раёна.
Акрамя таго, падпісаны план кансультацый паміж міністэрствамі замежных спраў Беларусі і Азербайджана.
Аляксандр Лукашэнка запрасіў Ільхама Аліева наведаць з візітам Беларусь у рамках існуючай практыкі рэгулярных кантактаў паміж лідарамі дзвюх краін.
"Хачу яшчэ раз пацвердзіць, што закрытых тэм у супрацоўніцтве паміж нашымі дзяржавамі няма, - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка. - Мы ні ад каго не ўтойваем, што мы супрацоўнічаем, пачынаючы ад вытворчасці прадуктаў харчавання да пытанняў, якія цікавяць міністэрствы абароны. Мы гэта ні ад каго не ўтойваем і ўтойваць не будзем".
"У нас вельмі даверныя адносіны з Прэзідэнтам Азербайджана, і я ўпэўнены, што такія адносіны будуць паміж нашымі дзяржавамі. Мы стварылі аснову гэтых адносін, і таму перад намі стаіць адна задача: дынаміка, дынаміка і толькі наперад. Мы да гэтага гатовы. Бачу, што і нашы калегі з азербайджанскага боку таксама да гэтага гатовы", - сказаў на заканчэнне беларускі лідар.