Аляксандр Лукашэнка знаходзіцца з рабочай паездкай у Магілёўскай вобласці

  • 12

Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь Аляксандр Лукашэнка даручыў забяспечыць аграрыяў усёй неабходнай якаснай корманарыхтоўчай тэхнікай. Адпаведнае даручэнне Кіраўнік дзяржавы даў, наведваючы з рабочай паездкай Магілёўскую вобласць.

У ААТ "Александрыйскае" Шклоўскага раёна Прэзідэнт азнаёміўся з сучаснымі тэхналогіямі, айчыннымі і замежнымі комплексамі машын для нарыхтоўкі травяных кармоў. "За гэты сезон мы павінны вызначыцца, і, вядома ж, пажадана выпускаць усю гаму неабходнай тэхнікі. Мы павінны нарыхтаваць якасныя кармы. Якім чынам - гэта справа практыкаў, але мы ім павінны прапанаваць рацыянальны эканамічны варыянт. Трэба грошы лічыць і вырабляць аптымальную, рацыянальную і эканамічную тэхніку", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Разам з тым Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што на першым месцы ў любым выпадку павінна быць якасць выпускаемай тэхнікі. Ад Міністра сельскай гаспадаркі і харчавання Леаніда Зайца Прэзідэнт запатрабаваў самым прынцыповым чынам падыходзіць да гэтага пытання і ні ў якім выпадку не набываць для гаспадарак сумніўную ў плане якасці тэхніку.

Аляксандру Лукашэнку далажылі аб ходзе работ па нарыхтоўцы травяных кармоў у Магілёўскай вобласці і Беларусі ў цэлым. Як і ў пытанні вытворчасці тэхнікі, галоўнае патрабаванне Прэзідэнта, - гэта якасць работ, выкананне неабходных тэхналогій, тэрмінаў, працоўнай дысцыпліны, паколькі ад стану кармоў у канчатковым выніку залежыць здароўе жывёлы і прадукцыйнасць. "Кармы павінны быць якасныя, і Вы, Аляксандр Серафімавіч (старшыня КДК Аляксандр Якабсон), вазьміце гэта на кантроль", - даручыў Кіраўнік дзяржавы.

Размова таксама ішла аб тым, на які ўраджай збожжавых культур разлічваць. "Акадэмія навук падлічыла, што аб'ём збожжавых у свіране будзе прыкладна на ўзроўні мінулага года", - далажыў Віцэ-прэм'ер Міхаіл Русы.

Леанід Заяц растлумачыў, што з-за зацяжной зімы ўраджайнасць азімых месцамі будзе ніжэйшая, чым чакалася, у той жа час стан яравых пасеваў даволі добры. "Гэта значыць, 9 млн.т з кукурузай вы атрымаеце?" - пацікавіўся Аляксандр Лукашэнка. Міністр пацвердзіў, што гэты ўзровень павінен быць дасягнуты.

Асобныя даручэнні Прэзідэнт даў адносна неабходнасці якаснай і своечасовай уборкі рапсу. Як чакаецца, ураджайнасць гэтай культуры ў бягучым годзе значна перавысіць мінулагоднія паказчыкі.

Са Шклоўскага раёна Аляксандр Лукашэнка накіраваўся ў Круглянскі, дзе наведаў малочнатаварную ферму "Храпы" ЗАТ "АСБ-Агра Цяцерына". Тут размова ішла аб выкананні даручэння Кіраўніка дзяржавы па рэканструкцыі ў Беларусі 1208 малочнатаварных ферм. Леанід Заяц далажыў, што на сёння ўведзены ў эксплуатацыю толькі 362 аб'екты, работы па рэканструкцыі яшчэ трэба завяршыць на 846 фермах. "Задача няпростая, але яна выканальная. Ёсць упэўненасць, што да 1 кастрычніка бягучага года фермы павінны быць уведзены. Многія аб'екты знаходзяцца ў вялікай ступені гатоўнасці", - сказаў Міністр. Разам з тым ён паскардзіўся на некаторую няхватку фінансавых сродкаў і працоўных рэсурсаў.

Адначасова з рэканструкцыяй Кіраўнік дзяржавы звярнуў увагу адказных чыноўнікаў на неабходнасць максімальнай загрузкі магутнасцей малочнатаварных ферм. "Не павінна быць ніводнага свабоднага жывёламесца. Гэтыя фермы неабходна запоўніць, і гэта павінна даць прырост пагалоўя і вытворчасці малака", - запатрабаваў Прэзідэнт.

Аляксандру Лукашэнку таксама далажылі аб дынаміцы вытворчасці малака. Пасля пэўнага спаду ў апошнія месяцы сітуацыя выраўноўваецца, і па выніках года плануецца забяспечыць прырост у памеры некалькі працэнтаў.

Традыцыйна ў цэнтры ўвагі Кіраўніка дзяржавы былі і пытанні сацыяльна-эканамічнага развіцця Магілёўскай вобласці, навядзення парадку на зямлі. Прэзідэнт, у прыватнасці, закрануў тэму развіцця аграгарадкоў, у якіх, паводле яго слоў, будзе канцэнтравацца ўсё жыццё ў вёсцы. Гэта прадыктавана сучаснымі тэхналогіямі вядзення сельскай гаспадаркі. Землі, на якіх размешчаны пустуючыя вёскі, Аляксандр Лукашэнка даручыў паступова рэкультываваць.

Плануецца, што 9 ліпеня Прэзідэнт прадоўжыць работу на Магілёўшчыне.