Аляксандр Лукашэнка зацвердзіў Рашэнне на правядзенне дзяржаўнай пагранічнай палітыкі

    Кіраўнік дзяржавы Аляксандр Лукашэнка 28 лютага зацвердзіў Рашэнне на правядзенне дзяржаўнай пагранічнай палітыкі і забеспячэнне пагранічнай бяспекі Рэспублікі Беларусь у 2012 годзе.

    Адкрываючы нараду па гэтым пытанні, у якой прынялі ўдзел кіраўнікі сілавых ведамстваў краіны, Прэзідэнт адзначыў, што мерапрыемствы невыпадкова праводзяцца ў такім складзе. "Гэта выклікана, па-першае, значнасцю забеспячэння пагранічнай бяспекі ў сучасных умовах. Па-другое, неабходнасцю эфектыўнай каардынацыі работы розных ведамстваў па выкананні гэтай задачы. І, па-трэцяе, патрабаваннямі па паляпшэнні якасці дзейнасці самога Дзяржаўнага пагранічнага камітэта", - сказаў Кіраўнік дзяржавы.

    Паводле даручэння Аляксандра Лукашэнкі Дзяржаўны сакратарыят Савета Бяспекі вывучыў асобныя напрамкі аператыўна-службовай дзейнасці і працэсы, што адбываюцца ў пагранічным ведамстве. "Вынікі работы мне даложаны. Шчыра кажучы, не ўсё, што адбываецца ў органах пагранічнай службы, адпавядае ўзросшым патрабаванням сучаснасці. Характар існуючых недахопаў сведчыць аб тым, што недастаткова глыбока ацэньваецца аператыўная абстаноўка і, як вынік, не зусім правільна вызначаюцца асноўныя задачы будучай дзейнасці", - сказаў Прэзідэнт.

    Аляксандр Лукашэнка папрасіў кіраўніка беларускага пагранведамства Ігара Рачкоўскага далажыць аб тым, якія выклікі і пагрозы на граніцы найбольш небяспечныя для дзяржавы і што прадугледжваецца для іх нейтралізацыі і папярэджання. "У сваю чаргу прысутныя на нарадзе кіраўнікі сілавых структур павінны ацаніць, наколькі абгрунтавана вызначаны пагрозы ў гэтай сферы, а таксама канкрэтызаваць ступень свайго ўдзелу ў ахове дзяржграніцы", - адзначыў Прэзідэнт.

    "Прашу не забываць, што пагранічнае ведамства - гэта не проста сілавая структура. Гэта структура, якая знаходзіцца па перыметры таго кавалка зямлі, суверэнітэт якога мы абавязаны забяспечыць" - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.