Аляксандр Лукашэнка зацвердзіў рашэнне фонду Прэзідэнта Беларусі па падтрымцы культуры і мастацтва

    Кіраўнік дзяржавы зацвердзіў рашэнне савета фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па падтрымцы культуры і мастацтва, у адпаведнасці з якім са сродкаў гэтага фонду выдзелена Br996,486 млн. на рэалізацыю шэрагу сацыяльна значных творчых і культуралагічных праектаў. Адпаведнае распараджэнне Аляксандр Лукашэнка падпісаў 30 жніўня.

    Беларускаму дзяржаўнаму акадэмічнаму музычнаму тэатру выдзелена Br125,5 млн. на пастаноўку балета "Пад парусамі мары", ТАА "Цэнтр візуальных і выканальніцкіх мастацтваў" - Br60 млн. на ажыццяўленне пастаноўкі спектакля "Ладдзя роспачы" паводле аповесці У.Караткевіча.

    Таксама за кошт сродкаў фонду будзе выплачаны ганарар кампазітару В.Кузняцову за стварэнне партытуры балета "Вітаўт". На гэтыя мэты Нацыянальны акадэмічны Вялікі тэатр оперы і балета атрымае Br51 млн.

    Падтрыманы і хадайніцтвы Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь і Музея гісторыі Мінска на выпуск мастацкіх альбомаў "Павел Масленікаў. Партрэт мастака ў люстэрку часу" (Br190,553 млн.) і "Іван Міско" (Br221,8 млн.).

    Выдзелены гранты Дзяржаўнаму музею гісторыі тэатральнай і музычнай культуры Рэспублікі Беларусь на аднаўленне музейнай калекцыі кінаплакатаў (Br24,273 млн.), Нацыянальнаму Полацкаму гісторыка-культурнаму музею-запаведніку на закупку твораў з выстаўкі "Мастакі Беларусі - Полацку" (Br127 млн.), Смаргонскаму гісторыка-краязнаўчаму музею на набыццё бюста народнага артыста СССР і БССР Роўды В.У. (Br15 млн.), Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі на куплю старадрукаваных карт (Br77,4 млн.), Гомельскаму дзяржаўнаму цырку на набыццё музычных інструментаў (Br59,36 млн.).

    За кошт сродкаў фонду таксама будуць прафінансаваны замежныя стажыроўкі выкладчыкаў і дактаранта Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў (Br44,6 млн.).

    Падпісанне распараджэння з'яўляецца сведчаннем пастаяннай увагі Кіраўніка дзяржавы да пытанняў развіцця беларускай культуры і мастацтва, мэтанакіраванай адраснай падтрымкі найбольш важных і значных праектаў у гэтых сферах.