Аляксандр Лукашэнка заслухаў даклад па пытанні забяспечанасці сталіцы бальнічнымі месцамі

    Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 15 мая заслухаў даклад па пытанні забяспечанасці сталіцы бальнічнымі месцамі.

    "Гораду патрэбна бальніца. Немалая бальніца. Я, вядома, вельмі акуратна і асцярожна стаўлюся да будаўніцтва новых бальніц, трэба было б нармальна загрузіць існуючыя, але тым не менш", - адзначыў Кіраўнік дзяржавы.

    У якасці аднаго з варыянтаў прапануецца разгледзець перадачу ў веданне гарадскіх улад будынка Рэспубліканскага клінічнага медыцынскага цэнтра Кіраўніцтва справамі Прэзідэнта Беларусі, размешчанага ў цэнтры Мінска, і будаўніцтва новага, больш кампактнага, будынка для лячкамісіі ў прыгарадзе.

    "У нас ёсць так званая прэзідэнцкая бальніца ў веданні Кіраўніцтва справамі Прэзідэнта, таму, каб не будаваць новыя бальніцы, мы маглі б гэту махіну перадаць гораду, а пабудаваць невялікі клінічны цэнтр для выканання тых функцый, якія сёння выконвае бальніца пры Кіраўніцтве справамі Прэзідэнта, пабудаваць дзесьці пад горадам або ў горадзе", - сказаў Прэзідэнт.

    Кіраўнік дзяржавы нагадаў, што такія прапановы гучалі і раней.

    Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу на тое, што такі варыянт запатрабуе меншых фінансавых затрат: "Гэта было б значна танней для краіны: мы аддаём Ладуцьку (мэр Мінска Мікалай Ладуцька) гэту бальніцу, а замест яе, каб горад не траціў $500 млн на будаўніцтва новай бальніцы, маглі б у пяць разоў танней пабудаваць невялікі кампактны цэнтр".

    Прэзідэнт запатрабаваў далажыць аб прапрацоўцы гэтага пытання, цане будаўніцтва, а таксама месцы, забудоўшчыку і тэрмінах.

    Па выніках даклада Аляксандр Лукашэнка даручыў дэталёва падлічыць усё па прапановах і ўнесці на яго разгляд найбольш аптымальны варыянт.