Аляксандр Лукашэнка заслухаў даклад аб сітуацыі ў перыяд правядзення чэмпіянату свету па хакеі ў Мінску

    Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь Аляксандр Лукашэнка 19 мая заслухаў даклад аб сітуацыі ў перыяд правядзення чэмпіянату свету па хакеі ў Мінску.

    Кіраўнік дзяржавы, у прыватнасці, цікавіўся пытаннямі бяспекі, медыцынскага забеспячэння і ў цэлым арганізацыйным бокам правядзення чэмпіянату свету, наяўнасцю прэтэнзій, якіх-небудзь пытанняў.

    Як адзначыў прэм'ер-міністр Міхаіл Мясніковіч, няма ніякіх праблем ні з размяшчэннем удзельнікаў і гасцей чэмпіянату, ні з харчаваннем, ні з медыцынскім абслугоўваннем, ні з транспартным забеспячэннем. Паводле яго слоў, па ўсіх пытаннях, якія ўзнікаюць, аператыўна прымаюцца рашэнні ў залежнасці ад сітуацыі.

    Запаўненне гасцініц цяпер складае 56-60 працэнтаў, аднак асноўны прыток гасцей чакаецца на бягучым тыдні, да канца чэмпіянату, калі будуць праходзіць заключныя матчы. Усяго ў мінскіх гасцініцах на гэтым тыдні забраніравана звыш 90 працэнтаў месц.

    На базе галоўнага ўпраўлення ўнутраных спраў Мінгарвыканкама створаны аператыўна-сітуацыйны штаб, у склад якога ўваходзяць не толькі сілавікі, але і прадстаўнікі медыцынскіх і транспартных службаў, МНС. У аэрапорце, на вакзалах і ў зонах гасціннасці таксама знаходзяцца спецыялісты, гатовыя вырашаць узнікаючыя праблемы на месцах.

    Аляксандр Лукашэнка асобна акцэнтаваў увагу на пытаннях медыцынскага абслугоўвання гасцей сусветнага першынства. "Я так разумею, мы дазволілі ўезд грамадзянам замежных дзяржаў без медыцынскай страхоўкі. На якім узроўні мы тут працуем, ці былі такія звароты, якія водзывы?" - запытаў Прэзідэнт.

    Як адзначыў прэм'ер-міністр, бясплатна аказваецца толькі неадкладная медыцынская дапамога.

    Паводле слоў першага намесніка міністра аховы здароўя Дзмітрыя Піневіча, усяго па медыцынскую дапамогу звярнуліся 138 чалавек, у тым ліку 24 хакеісты. Ва ўсіх клінічных бальніцах і РНПЦ узмоцнены дзяжурныя службы, праблемных пытанняў таксама не ўзнікала. З-за гарачага надвор'я ў краіне ў асаблівым рэжыме працуюць санітарныя службы і хуткая меддапамога. З боку дзяржаўнага санітарнага нагляду заўваг таксама няма.

    Аналагічна Кіраўнік дзяржавы пацікавіўся сітуацыяй у забеспячэнні бяспекі пры правядзенні чэмпіянату, тым, як працуе міліцыя і іншыя спецыяльныя службы.

    Прэзідэнта запэўнілі, што па забеспячэнні грамадскай бяспекі работа вядзецца ў штатным рэжыме, праблемных пытанняў таксама няма, госці чэмпіянату адзначаюць культуру і добрую зладжаную работу службаў, высокую арганізацыю мерапрыемстваў.

    Паводле слоў старшыні КДБ Валерыя Вакульчыка, дзейнасць дзяржорганаў па забеспячэнні бяспекі ЧС і яго арганізацыі вызначаецца даволі высокім узроўнем каардынацыі і ўзаемадзеяння. Не зафіксавана фактаў неналежнага выканання абавязкаў. Кругласутачная работа аператыўна-сітуацыйнага штаба дае магчымасць своечасова ўстараняць недахопы.

    Як адзначыў міністр унутраных спраў Ігар Шуневіч, работа штаба не патрабуе карэкціроўкі. У месцах правядзення чэмпіянату было ўчынена 10 правапарушэнняў, якія не ўяўлялі вялікай грамадскай небяспекі. Усе яны раскрыты на працягу 2-3 гадзін, чаму садзейнічала ў тым ліку ўстаноўленая на спартыўных аб'ектах новая відэасістэма.

    "Паводле нашай ацэнкі, пагроз грамадскай бяспецы і парадку сёння няма", - падвёў вынік ён.

    "У мяне па рабоце міліцыі водзывы нядрэнныя, у тым ліку ад замежных грамадзян. Гавораць, што так, міліцыя ёсць, як належыць, але без усялякіх празмернасцей", - адзначыў Прэзідэнт.

    У той жа час ён заклікаў праваахоўныя органы не расслабляцца, прадаўжаць працаваць акуратна, у штатным рэжыме. "Людзі павінны бачыць, што сістэма бяспекі працуе, людзі ў форме прысутнічаюць, але іх нямнога", - сказаў Кіраўнік дзяржавы.

    Старшыня Мінскага гарвыканкама Мікалай Ладуцька далажыў аб арганізацыі мерапрыемстваў у зонах гасціннасці. Гэтыя месцы карыстаюцца папулярнасцю як у гасцей сталіцы, так і ў мінчан. Мэр Мінска расказаў, што тут таксама няма заўваг ні па забеспячэнні прадуктамі харчавання, ні па іх якасці. Зняты абмежаванні па часе работы кафэ на праспектах Пераможцаў і Незалежнасці. Мікалай Ладуцька прывёў прыклад, што толькі ў зоне гасціннасці Студэнцкай вёскі штодзень прадаецца 300 кг дранікаў. Што датычыцца айчыннага піва, то нараканняў на яго якасць няма.

    "Скарыстайце гэты момант з півам, каб людзі прывыкалі да беларускага", - адзначыў Кіраўнік дзяржавы.

    Мікалай Ладуцька таксама расказаў пра праграму, якая рыхтуецца ў зоне гасціннасці каля Палаца спорту ў ноч з 25-га на 26-е мая, пасля фінальнага матчу.

    Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу на тое, што не менш важным пытаннем з'яўляецца эканамічнае. На яго думку, неабходна скарыстацца момантам і максімальна прадаваць беларускую прадукцыю, тым больш калі яна карыстаецца попытам.

    Прэзідэнт звярнуўся і да мінчан, папрасіўшы іх у выпадку ствараемых ім нязручнасцей "пацярпець гэты тыдзень". "Калі прынялі ўжо гэта мерапрыемства, трэба прасіць людзей, мінчан, каб яны пацярпелі, адзін тыдзень застаўся гэтых нязручнасцей", - сказаў ён.

    "Гэта вялікі вопыт арганізацыі такіх мерапрыемстваў. Трэба адпрацаваць усе дэталі. Гэта павінна быць для нас навукай", - адзначыў Кіраўнік дзяржавы.

    Прэзідэнт прапанаваў пакінуць у крыху скарочаным выглядзе работу так званых фан-зон як месцы адпачынку і актыўнага гандлю. "Думаю, і арганізацыі будуць зацікаўлены ў такім гандлі. Трэба стварыць гэтыя ўмовы і захаваць гэта. Больш таго, вопыт Мінска павінен быць перанесены на іншыя вялікія гарады - вось вам і ўнутраны рынак", - адзначыў Аляксандр Лукашэнка.

    Прэзідэнт пацікавіўся далейшымі перспектывамі выступлення беларускай зборнай на хакейным першынстве.

    "Як вядома, 19 мая ключавы матч у беларускай зборнай, - адзначыў Аляксандр Лукашэнка. - Прайграем - значыць мы сваё жыццё значна ўскладнім і, магчыма, закончым наша выступленне на гэтым чэмпіянаце свету. І змажам усё, што было зроблена добрага, сапсуём настрой нашым людзям".

    "Увогуле, трэба сёння паміраць на пляцоўцы. Іншага шляху няма", - рэзюмаваў Прэзідэнт.

    Кіраўнік арганізацыйнага камітэта чэмпіянату свету-2014, старшыня Федэрацыі хакея Беларусі Яўген Ворсін адзначыў добрую гатоўнасць беларускай каманды. "Адчуваецца, з'явілася ўпэўненасць, што асабліва радуе. Матывацыя вельмі добрая, ігракі добра разумеюць, што гэта адзіны шанц для гэтай каманды трапіць у чвэрцьфінал", - сказаў ён.

    Яўген Ворсін таксама адзначыў высокую арганізацыю, пачынаючы ад службаў у аэрапорце і да лядовых арэн: "Заўваг у адрас аргкамітэта, краіны няма, даюць самую высокую ацэнку чэмпіянату. Але сур'ёзныя мерапрыемствы наперадзе".

    Ён таксама расказаў, што 46 праведзеных матчаў наведалі 436 тыс. гледачоў. Увогуле чакаецца, што колькасць балельшчыкаў па выніках усіх гульняў складзе звыш 600 тыс. Ад продажу білетаў выручана амаль Br150 млрд.

    Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што свабодных глядацкіх месц на такіх мерапрыемствах быць не павінна, тым больш калі ёсць жадаючыя трапіць на прагляд матчаў.

    "Я ўчора і Рэнэ Фазелю сказаў, што ў нас не прынята, калі на вуліцы стаяць людзі і хочуць трапіць на матч, а тут свабодныя месцы. Гэта ж для іх гістарычны момант!" - адзначыў Кіраўнік дзяржавы.

    Падводзячы вынікі нарады, Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу на добрую арганізацыю, у той жа час падкрэсліўшы, што наперадзе яшчэ асноўныя гульні чэмпіянату.

    "Папрашу не расслабляцца, таму што асноўныя дні наперадзе. Няхай іх засталося няшмат, але гэта асноўныя дні, і на гэтыя дні прыедуць заўзятыя балельшчыкі і спецыялісты, - сказаў Прэзідэнт. - Таму ўсё павінна быць даведзена да розуму. Не дапускаць ні ў якім выпадку празмернага росту цэн. Таму што ўсё можам змазаць апошнімі днямі".