Аляксандр Лукашэнка запатрабаваў павысіць эфектыўнасць дзейнасці рабочай групы па праблемных пытаннях будаўнічай галіны

    Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь Аляксандр Лукашэнка патрабуе павысіць эфектыўнасць дзейнасці рабочай групы па праблемных пытаннях будаўнічай галіны. Аб гэтым Кіраўнік дзяржавы заявіў 23 ліпеня, прымаючы з дакладам аб ходзе работы групы Кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Андрэя Кабякова, Старшыню Камітэта дзяржаўнага кантролю Аляксандра Якабсона і Старшыню Камітэта дзяржаўнай бяспекі Валерыя Вакульчыка.

    Аляксандр Лукашэнка нагадаў, што перад групай была пастаўлена задача - вызначыць глыбінныя праблемы будаўнічай галіны і навесці ў ёй парадак. "Мы дамовіліся: працуем па прынцыпу "выявілі праблему і неадкладна яе вырашылі". Прытым жалезна і жорстка. Таму што гэта праблема ўжо зашкальвае. Насельніцтва вельмі не задаволена, асабліва тыя, хто вядзе будаўніцтва, прад'яўляе абгрунтаваныя скаргі. Скардзяцца ва ўсе інстанцыі. Гэта ненармальна, недапушчальна ў той час, калі працуе камісія", - сказаў Прэзідэнт.

    "Ёсць праблема - бяром яе і вырашаем. Прытым пачынаючы ад канкрэтнага дома, які не будуецца або будаўніцтва якога пратэрмінавана па віне будаўнікоў або забудоўшчыкаў, і заканчваючы рашэннямі на заканадаўчым узроўні, калі для гэтага ёсць нейкая неабходнасць", - падкрэсліў Кіраўнік дзяржавы.

    Дзейнасць рабочай групы знаходзіцца пад пастаянным кантролем Прэзідэнта. "Скажу шчыра, я не вельмі задаволены работай групы. Можа, я памыляюся, не ўсё бачу", - адзначыў Аляксандр Лукашэнка.

    Прэзідэнт запатрабаваў актывізаваць работу групы, павысіць эфектыўнасць, павялічыць патрабаванні да адказных асоб. "Убачылі ў СМІ які-небудзь зварот групы нашых грамадзян або пачулі аб гэтым - неадкладна праверылі. Калі нехта не выпраўляе - дадзена каманда праваахоўным органам: наручнікі - і ў камеру. І няхай тады думаюць, як працаваць з народам", - сказаў Кіраўнік дзяржавы.

    Аляксандр Лукашэнка папярэдзіў, што маніторынг праблем будаўнічай галіны - гэта толькі пачатак. "І такім чынам пройдземся па ўсёй краіне, па ўсіх праблемных пытаннях, якія хвалююць людзей, пачынаючы з будаўніцтва і завяршаючы цэнаўтварэннем. Мы вымушаны прымаць радыкальныя меры, калі людзі не разумеюць, калі ім проста, зразумела, спакойна гавораць", - падкрэсліў Кіраўнік дзяржавы.