Урачысты сход, прысвечаны Дню Незалежнасці Рэспублікі Беларусь
- 4
Беларусь навучылася спраўляцца з традыцыйнымі пагрозамі незалежнасці і зможа абараніць свой суверэнітэт у новым, імкліва зменлівым свеце. Аб гэтым заявіў Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь Аляксандр Лукашэнка, выступаючы 1 ліпеня на ўрачыстым сходзе з нагоды Дня Незалежнасці.
"3 ліпеня наша галоўнае дзяржаўнае свята - Дзень Незалежнасці. Дзень, прызначаны аб'яднаць усю нацыю. Дзень нашай славы і гонару, памяці аб мінулым, гордасці за сучаснае і надзеі на будучае", - адзначыў Кіраўнік дзяржавы.
Аляксандр Лукашэнка заявіў, што гэты дзень стаў двайным сімвалам: "Сімвалам маладосці Рэспублікі Беларусь - дзяржавы, якой усяго два дзесяцігоддзі. І адначасова сімвалам тысячагадовай гісторыі беларускага народа, які шмат стагоддзяў захоўваў і зберагаў сваю зямлю".
Прэзідэнт падкрэсліў, што мы адзначаем галоўнае дзяржаўнае свята ў дзень, "калі чорны нацысцкі сцяг быў скінуты на палітую крывёю зямлю сталіцы - горада-героя Мінска".
"На працягу стагоддзяў наш народ хацеў аднаго - свабодна жыць і мірна працаваць, - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка. - Але гісторыя, на жаль, распарадзілася па-іншаму. З веку ў век мы са зброяй у руках баранілі родны парог. У гэтых словах сімвалічна раскрываецца святы сэнс беларускай гісторыі. Ніколі беларусы не прыходзілі з мячом на чужую зямлю. Але кожны, хто прыходзіў са зброяй да нас, назаўсёды ў нашай зямлі і заставаўся".
Беларусь праз войны і рэвалюцыі, праз разруху і спаленыя хаты, праз голад і холад, праз кроў, пот і слёзы многіх пакаленняў ішла да незалежнасці, адзначыў Прэзідэнт.
"У канцы мінулага стагоддзя нам выпала ўнікальная магчымасць - удзельнічаць у будаўніцтве беларускай дзяржавы, наладжваць жыццё ў ёй, абараняць яе незалежнасць і суверэнітэт", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.
Пры гэтым ён адзначыў: "За плячыма ў нас не было ніякага вопыту, ніхто не мог даць нам падказкі". "Ды і часу на роздумы гісторыя не пакідала - трэба было не проста будаваць дзяржаву, а вырашаць штодзённыя праблемы элементарнага выжывання. Мы выстаялі, мы не толькі пабудавалі дзяржаву, але і ў першыя два дзесяцігоддзі жыцця суверэннай Беларусі навучыліся спраўляцца з традыцыйнымі пагрозамі нашай незалежнасці", - падкрэсліў Кіраўнік дзяржавы.
"Перш за ўсё, мы забяспечылі адзінства нацыі, унутраны мір і спакой. Менавіта аб наша адзінства разбіваюцца ўсе знешнія спробы распаліць пажар мяцяжу або разбуральнай рэвалюцыі ў Беларусі. І менавіта адзінства нацыі складае фундамент нашага эканамічнага развіцця", - сказаў Прэзідэнт.
Разам з гэтым Кіраўнік дзяржавы адзначыў: "Сумесна з нашымі бліжэйшымі саюзнікамі, перш за ўсё брацкай Расіяй, мы забяспечваем знешнюю бяспеку нашай краіны і ахову заходніх рубяжоў Саюзнай дзяржавы. Лічу, сёння нікому не прыйдзе ў галаву пагражаць Беларусі вайной". Прэзідэнт падкрэсліў, што, стварыўшы ўласную сацыяльна-эканамічную мадэль, мы забяспечылі і эканамічную бяспеку - Беларусь корміць сябе і пастаўляе прадукты іншым. "Наша прамысловая прадукцыя, нягледзячы на жорсткую канкурэнцыю, прабіваецца на знешнія рынкі. Краіна дастойна жыве, зарабляючы сваім розумам і працай, а не распродажам народнага багацця і надзіманнем фінансавых бурбалак", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.
Але сёння мы падышлі да новага, пераломнага этапу нашай гісторыі. Беларусь павінна навучыцца спраўляцца з новымі пагрозамі незалежнасці і абараніць свой суверэнітэт у новым, імкліва зменлівым свеце, заявіў Прэзідэнт.
"Умоўна гэтыя пагрозы мы можам падзяліць на дзве часткі - аб'ектыўныя, якія ад нас не залежаць, і суб'ектыўныя, якія залежаць ад нас саміх. З аднаго боку - тыя, якія прадвызначаны знешнім светам, нашай гісторыяй і геаграфіяй, а з іншага боку - тыя, якія закладзены ў нас саміх, у нашых уласных недахопах", - сказаў Кіраўнік дзяржавы.
"Для любой нацыі, як, зрэшты, і для любога асобнага чалавека, заўсёды важна правільна разумець суадносіны гэтых рэчаў. Нельга хавацца за так званымі аб'ектыўнымі прычынамі, маскіруючы тым самым уласныя памылкі, коснасць і ляноту. Але адначасова важна разумець і межы ўласных магчымасцей, каб не будаваць паветраныя замкі і не захапляцца пустым пражэкцёрствам", - адзначыў Аляксандр Лукашэнка.
Пры гэтым Прэзідэнт падкрэсліў, што частка аб'ектыўных пагроз незалежнасці ляжыць на паверхні: "Па-першае, гэта дэфіцыт прыродных рэсурсаў і энерганосьбітаў. Па-другое, пастаянна ўзрастаючая канкурэнцыя на знешніх рынках. Па-трэцяе, аб'ектыўная залежнасць Беларусі ад агульнага стану сусветнай эканомікі, якая так і не выбралася з зацяжнога крызісу".
Аляксандр Лукашэнка лічыць, што наша краіна паступова вучыцца спраўляцца з гэтымі пагрозамі. Але мы робім гэта вельмі павольна, не паспяваючы за знешняй сітуацыяй, якая імкліва змяняецца, заўважыў Кіраўнік дзяржавы.
Прэзідэнт выказаў меркаванне, што ва ўмовах сучасных пагроз ключавым рашэннем павінна стаць паскораная дыверсіфікацыя нашай энергетыкі, гандлю і эканомікі ў цэлым.
"Трэба адыходзіць ад залежнасці ад аднаго віду энергіі, аднаго рынку або аднаго пастаўшчыка, - упэўнены Аляксандр Лукашэнка. - У энергетыцы мы нездарма зрабілі стаўку на будаўніцтва атамнай станцыі. Гэты праект - фундамент нашай энергабяспекі".
"Але нараўне з ім ужо сёння мы павінны актыўна займацца альтэрнатыўнай энергетыкай, якая выкарыстоўвае тэрмальныя воды, сілу ветру, невычарпальныя запасы сонечнага цяпла", - лічыць Прэзідэнт.
"Навуковы прагрэс імклівы. Магчыма, што менавіта ў гэтых сферах чалавецтва ў бліжэйшае дзесяцігоддзе зробіць гіганцкі прарыў. І Беларусь не павінна застацца ўбаку ад гэтага працэсу", - упэўнены Кіраўнік дзяржавы.
На думку Прэзідэнта, гэтак жа неабходна дзейнічаць у асваенні новых рынкаў. "Нашы кантакты з краінамі Азіі, Афрыкі, Лацінскай Амерыкі, якія яшчэ ўчора здаваліся экзатычнымі, сёння рэальна ўмацоўваюць суверэнітэт", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.
"Узмацненне канкурэнцыі на традыцыйных рынках - гэта відавочны выклік нам, - выказаў меркаванне Кіраўнік дзяржавы. - І мы павінны даць на яго двайны адказ - што б там ні было адстаяць старыя рынкі і разам з тым любымі спосабамі прарвацца на новыя".
Прэзідэнт прадоўжыў: "Трэба разумець - сусветны рынак вельмі капрызны. Цяжка прадказаць паводзіны спажыўцоў, на якія адначасова хаатычна ўздзейнічаюць сотні фактараў. У гэтых умовах трэба рабіць стаўку на вытворчасць прадукцыі, якая ў найменшай ступені зведвае ўплыў зменлівай кан'юнктуры". Аляксандр Лукашэнка нагадаў, што калісьці нас крытыкавалі за стаўку на сельскую гаспадарку - маўляў, гэта прорва, якая паглыне любыя ўкладанні, лепш, нібыта, закупіць усе прадукты за мяжой.
"Сёння мы бачым, што сельская гаспадарка не проста становіцца адной з асноў нашага экспарту. Развітая сельская гаспадарка - гэта краевугольны камень нашай незалежнасці, - падкрэсліў Прэзідэнт. - Мы забяспечваем уласную харчовую бяспеку. І адначасова выпускаем такі экспартны прадукт, які будзе заўсёды запатрабаваны чалавецтвам. Таму што попыт, умоўна кажучы, на аўтамабілі або тэлевізары можа то ўзрастаць, то спадаць, а ежа патрэбна чалавеку кожны дзень. І таму попыт на якасныя прадукты харчавання, як на адзенне і жыллё, будзе пастаянны".
"Усё тое, аб чым толькі што гаварылася, - і ўзмацненне канкурэнцыі, і сусветная фінансавая ліхаманка, і абвастрэнне барацьбы за рэсурсы - з'яўляюцца вынікам глабалізацыі, каласальнага працэсу планетарнага маштабу", - заявіў Аляксандр Лукашэнка.
Як лічыць Прэзідэнт, сам па сабе гэты працэс пакуль нікім не асэнсаваны: "Чалавецтва яшчэ толькі пачынае пазнаваць і салодкія, і горкія плады глабалізацыі. Яно толькі пачынае асвойвацца ў новым для сябе свеце, дзе імкліва змяняюцца такія паняцці, як незалежнасць краіны, суверэнітэт, сэнс і змест якіх заставаліся нязменнымі на працягу стагоддзяў".
Аляксандр Лукашэнка акцэнтаваў увагу на тым, што глабалізацыя няўмольна ўключае краіны і народы ў сусветны вір інфармацыі, тавараў і тэхналогій, ідэй і рэсурсаў. Разбураюцца гандлёвыя бар'еры, знікаюць візавыя перашкоды, сціраюцца культурныя адрозненні. Перамясціцца на край свету можна менш як за суткі, а абмяняцца інфармацыяй з чалавекам, які знаходзіцца там, мы можам за лічаныя секунды.
Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што глабалізацыя выводзіць працэс абмену ведамі і ідэямі на беспрэцэдэнтны ўзровень, што ў сваю чаргу падганяе навукова-тэхнічны прагрэс. "Глабалізацыя рэзка ўзмацняе канкурэнцыю, з'яўляючыся вельмі магутным рухавіком сусветнага эканамічнага развіцця. Яна прадастаўляе новыя тавары і паслугі сотням мільёнаў новых спажыўцоў, павышаючы якасць жыцця чалавецтва", - падкрэсліў Прэзідэнт.
Разам з тым Кіраўнік дзяржавы звярнуў увагу, што глабалізацыя нясе ў сабе шэраг скрытых пагроз, частку з якіх мы нават не ўсведамляем.
"Бясконца ўскладняючыся, свет становіцца ўсё больш неабароненым, - адзначыў Прэзідэнт. - Атака тэрарыстаў у адным толькі горадзе можа паставіць пад пагрозу бяспеку цэлага рэгіёна. Адна дэманстрацыя можа падпаліць агонь грамадзянскай вайны ва ўсёй краіне, а потым перакінуцца на суседзяў. Спекуляцыі некалькіх ананімных біржавых трэйдараў могуць абваліць эканоміку многіх, нават развітых дзяржаў".
Як лічыць Аляксандр Лукашэнка, будучыня можа аказацца яшчэ больш змрочнай: "Хакерскія атакі, здольныя паралізаваць жыццё цэлых мегаполісаў, ужо заўтра могуць перайсці з галівудскіх фільмаў у рэальнае жыццё. Ужо заўтра можна будзе выводзіць са строю гіганцкія прадпрыемствы, пастукваючы пальцам па клавіятуры камп'ютара за тысячы кіламетраў ад іх".
Адэкватнай абароны ад гэтых пагроз пакуль няма ні ў асобных краін, ні ў чалавецтва ў цэлым, сказаў Прэзідэнт.
На яго думку, усе гэтыя рэчы непасрэдна ўплываюць на нашу незалежнасць. З кожным днём мы ўсё больш становімся залежнымі ад знешніх фактараў, паўплываць на якія мы часам проста не можам. Прэзідэнт растлумачыў, што размова ідзе не толькі аб энергетычнай залежнасці. Хітрыя біржавыя і банкаўскія спекуляцыі ўплываюць на сусветную эканоміку не менш, а то і больш, чым суадносіны рэальных прадукцыйных сіл. "Ад гэтых скрытых фінансавых гульняў залежаць кан'юнктура рынкаў, цэны на тавары, рух капіталаў. І наша арыентаваная на экспарт эканоміка аказваецца невялікай лодкай у гэтым бурным сусветным акіяне", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.
Паводле слоў Прэзідэнта, Беларусь уключана ў агульны імклівы інфармацыйны паток. Інфармацыйная цывілізацыя са сферы духоўнай і інтэлектуальнай даўно перамясцілася ў віртуальны свет, на планеце засталося зусім мала рэчаў, якія не залежаць ад Інтэрнэту. "Усё - ад фінансавых плацяжоў і біржавога гандлю да энергетычных сістэм і кіравання транспартам - так ці інакш завязана на Сусветную сетку. І чым далей, тым больш будзе ўзмацняцца гэта залежнасць. А значыць, і бяспека нашай краіны ва ўсіх рэальных сферах будзе ўсё больш залежаць ад бяспекі ў віртуальнай сферы", - адзначыў Кіраўнік дзяржавы.
Прэзідэнт перакананы, што новыя інфармацыйныя тэхналогіі і Інтэрнэт нараўне з нябачнымі раней магчымасцямі тояць таксама прамыя пагрозы суверэнітэту не толькі асобных дзяржаў, але і кожнага асобнага чалавека. І таму ёсць пацвярджэнні. "Апошнія гучныя выкрыцці толькі пацвердзілі тое, што экспертам было вядома даўно. Злучаныя Штаты, абапіраючыся на вядучыя хай-тэк-карпарацыі, будуюць нябачную ў гісторыі чалавецтва сістэму татальнага нагляду і кантролю", - сцвярджае Аляксандр Лукашэнка. Пры такім развіцці падзей гадоў праз дзесяць у звычайнага чалавека, дзе б ён ні знаходзіўся, ужо не застанецца прыватнага жыцця. Кожны яго рух, учынак, прыхільнасць будуць фіксавацца ўсёпранікальнай электронікай. "Яшчэ ўчора гэта здавалася фантастыкай. Але сёння мы бачым, што заўтра гэта можа стаць явай", - адзначыў Кіраўнік дзяржавы.
"Мяне часта крытыкавалі за тое, што я часам называю Злучаныя Штаты сучаснай дыктатурай. Мне ніколі не хацелася пакрыўдзіць або зняважыць гэту вялікую краіну. Але няўжо спробы татальнага сачэння ў сусветным маштабе не з'яўляюцца прыкметай дыктатарскіх і таталітарных замашак? І не толькі з боку ЗША, як мы бачылі апошнім часам", - сказаў Прэзідэнт.
Прадоўжыўшы, Аляксандр Лукашэнка адзначыў: "Мы ў Беларусі не імкнёмся кантраляваць прыватнае жыццё грамадзян. Больш таго, недатыкальнасць прыватнага жыцця, абарона асабістай прасторы чалавека былі, ёсць і будуць фундаментальнымі прынцыпамі нашай палітыкі. У гэтым праяўляецца наша прыхільнасць да сапраўдных дэмакратычных прынцыпаў і, галоўнае, наша павага годнасці чалавечай асобы", - запэўніў Прэзідэнт.
Кіраўнік дзяржавы лічыць, што Беларусі ў садружнасці з іншымі краінамі, партнёрамі і саюзнікамі трэба навучыцца процістаяць спробам заснаваць сусветную электронную дыктатуру. "Нашы сеткі, базы даных, каналы камунікацый, дзяржаўныя сакрэты, а таксама прыватнае жыццё нашых грамадзян павінны быць надзейна абаронены ад любога іншаземнага замаху", - падкрэсліў Кіраўнік дзяржавы.
Разам з тым Аляксандр Лукашэнка прызнаў, што ў сучасных умовах гэта лягчэй сказаць, чым зрабіць. "Але іншага выйсця ў нас няма - планета ўжо ўступіла ў эпоху неаб'яўленых кібервойнаў, і прайграць тут мы не маем права. Вядома, паасобку мы не зможам процістаяць у поўным аб'ёме глабальным тэхналогіям. Таму ў гэтай сферы мы павінны рэзка нарасціць супрацоўніцтва з нашымі саюзнікамі, перш за ўсё з Кітайскай Народнай Рэспублікай - краінай, якая змагла стварыць эфектыўную сістэму абароны нацыянальнай кіберпрасторы", - сказаў Прэзідэнт, дадаўшы, што ў бліжэйшы час плануе абмеркаваць гэта пытанне з кіраўніцтвам Кітая.
Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што сярод усіх новых выклікаў і пагроз інфармацыйная бяспека ў шырокім сэнсе гэтага слова з'яўляецца галоўнай. "Гэта не азначае, што мы жадаем адгарадзіцца ад усяго свету або нейкім чынам абмежаваць законныя свабоды нашых грамадзян у Інтэрнэце. Наадварот", - сказаў Прэзідэнт. Аляксандр Лукашэнка растлумачыў, што ў Беларусі аб'яўлены стратэгічны курс на паскораную інфарматызацыю: "У бліжэйшы час мы рэзка прыбавім тут абароты. Тэхналагічнае адставанне ў інфармацыйнай сферы - гэта таксама вельмі сур'ёзны выклік незалежнасці. Мы не толькі не павінны дапусціць адставання, але ў бліжэйшыя гады паспрабуем зрабіць Беларусь як мінімум рэгіянальным лідарам у развіцці лічбавай эканомікі і інфарматызацыі ўсіх бакоў жыцця".
"Менавіта ў гэтай сферы ў бліжэйшыя гады будзе праходзіць, калі можна так сказаць, адзін з галоўных франтоў барацьбы за нашу незалежнасць", - упэўнены Кіраўнік дзяржавы. На яго думку, здольнасць паспяхова вырашаць гэтыя задачы будзе вызначаць далейшае захаванне рэальнай незалежнасці Беларусі.
"Я як Прэзідэнт павінен вам сказаць, што нас чакае заўтра, - адзначыў Аляксандр Лукашэнка. - Тое небяспечнае, што сёння скрыта, што відаць нямногім, - аб гэтым я вымушаны вам сказаць. І хачу, каб мяне грамадства правільна зразумела, таму што пасля майго выступлення, як гэта часта бывае, на асобных сайтах інфармацыя будзе пададзена так, што, маўляў, Лукашэнка кагосьці запалохвае. Лукашэнка ад чагосьці хоча адгарадзіцца". У сувязі з гэтым Кіраўнік дзяржавы растлумачыў: "Мы ні ад чаго не адгароджваемся і не думаем адгароджвацца, таму што толькі слабы будзе хавацца пад мятлу, бегчы за вугал і паглядаць. Гісторыя сучаснасці гэтага не дапускае". Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што Беларусь, будучы ўключанай у глабальныя інфармацыйныя працэсы, не будзе хавацца, а будзе "вучыцца змагацца ў гэтым віры, каб застацца незалежнай". "Вось увесь сэнс сказанага", - рэзюмаваў Кіраўнік дзяржавы.
Прэзідэнт таксама звярнуў увагу на яшчэ адну важную пагрозу: "Глабалізацыя стандартызуе не толькі вытворчасці і тэхналогіі. Яна відавочна размывае ранейшыя духоўныя каштоўнасці, на якіх грунтавалася чалавечая цывілізацыя, знішчае самабытнасць асобных краін і народаў, і вельмі хутка - тых, хто не ўмее або не хоча процістаяць".
Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што з кожным годам свет становіцца ўсё больш яркім і энергічным, але адначасова - усё больш сумным і аднастайным: распаўсюджваюцца сеткі аднолькавых магазінаў, рэстаранаў, гасцініц, на вуліцах - адны і тыя ж маркі машын, людзі апрануты ў адзенне адных і тых жа брэндаў і г.д. "Стандартызацыя вытворчасці і спажывання, строга кіруемая мода, уключанасць соцень мільёнаў людзей у адзіную інфармацыйную сетку павольна, але дакладна знішчаюць разнастайнасць чалавечай цывілізацыі", - перакананы Кіраўнік дзяржавы.
Прэзідэнт падкрэсліў, што ў гэтых умовах для Беларусі асабліва важна захаваць традыцыі, культурную і ментальную самабытнасць, "не ператварыцца ў чалавека без імя, роду і племені". "Вось таму мы апошнім часам усё больш праводзім розных мерапрыемстваў на зямлі - фестывалі, конкурсы - каб захаваць тое, што да нас напрацоўвалася стагоддзямі", - растлумачыў Кіраўнік дзяржавы.
"Усе мы павінны зразумець: незалежнасць - гэта ў тым ліку права адстойваць уласныя маральныя каштоўнасці, права жыць сумленна, у адпаведнасці з законамі прыроды і чалавечай маралі", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.
"Дыскусіі вакол аднаполых шлюбаў, якія нядаўна ўспыхнулі з новай сілай, - сказаў Прэзідэнт, - не з'яўляюцца проста непрыемным асобным эпізодам. Гэта трагічны знак агульнага духоўнага крызісу і асляплення заходняга свету. Гэта таксама сведчанне аслаблення ўнутранай волі". Кіраўнік дзяржавы са шкадаваннем канстатаваў, што адбываецца адмова ад базавых, традыцыйных каштоўнасцей еўрапейскай цывілізацыі, разбураецца інстытут сям'і як натуральнага саюза паміж мужчынам і жанчынай.
Адначасова грамадства спажывання заганяе чалавека ў замкнутае кола бесперапыннай пагоні за новымі прадуктамі і тэхнічнымі навінкамі, якія імкліва змяняюцца, зусім пазбаўляючы яго жыццё спакою і душэўнай раўнавагі. "Нядзіўна, што ўсё гэта спараджае ў многіх пачуццё пратэсту. Еўрапейская моладзь пачынае шукаць выйсце з удушлівага свету спажывальніцтва і, на жаль, усё часцей знаходзіць яго ў радыкальных вучэннях", - адзначыў Прэзідэнт. Паводле яго слоў, відавочным становіцца крызіс нацыянальнай, чалавечай ідэнтычнасці, які можа прывесці да гібелі цывілізацыі, як гэта ўжо здаралася ў гісторыі. "Адмова грамадства ад традыцыйнай маралі забівае яго і выпускае на волю самыя цёмныя інстынкты, якія тояцца ў чалавечай душы. Тое ж пагражае і сучаснай цывілізацыі, калі яна і ў далейшым будзе ісці па шляху адмовы ад чалавечай прыроды, каб дагадзіць ненармальным парушэнням", - лічыць Аляксандр Лукашэнка.
Прэзідэнт зрабіў акцэнт на тым, што ў сучасных умовах для забеспячэння незалежнасці краіны недастаткова, як раней, фізічна кантраляваць яе тэрыторыю, мець армію, надзейную сістэму нацыянальнай бяспекі. "Новы час прыбавіў новыя патрабаванні. І калі мы не пераасэнсуем новыя выклікі і пагрозы, то рызыкуем страціць незалежнасць не таму, што нас фізічна заняволяць, а таму, што нас заваююць тэхналагічна і ідэалагічна", - упэўнены Аляксандр Лукашэнка. У сувязі з гэтым ён нагадаў аб ролі кожнага грамадзяніна ў пабудове і захаванні незалежнасці краіны: "Мы павінны дакладна разумець: незалежнасць краіны - клопат кожнага з нас". "І нават калі дзяржава напружвае ўсе свае сілы, а народ застаецца пасіўным і абыякавым, то справа гэта асуджана", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка, дадаўшы, што ўклад у абарону незалежнасці Беларусі, у забеспячэнне яе бяспекі можа і павінен зрабіць кожны.
Прэзідэнт нагадаў, што беларуская дзяржава шмат зрабіла для абароны сваіх грамадзян: "Мы не дазволілі кінуць грамадства ў бездань дзікага рынку ўзору ліхіх 90-х. Не маючы прыродных рэсурсаў, мы пабудавалі сацыяльную эканоміку, дзе на першым месцы - клопат аб чалавеку, аб тым, каб ён заўсёды меў работу, даступную медыцыну, адукацыю, жыў у міры і бяспецы, каб быў абаронены ў старасці. Мы пастаянна аказваем і будзем аказваць строгі, каласальны націск на дзяржапарат, на чыноўнікаў, прымушаючы іх служыць людзям, не браць чужога, жыць сціпла".
Але моцная дзяржава, на думку Аляксандра Лукашэнкі, мае і свой адваротны бок: яна заспакойвае і расслабляе нацыю: "Трэба глядзець праўдзе ў вочы. Усё шырэй распаўсюджваюцца ў нас лянота і ўтрыманства. Усё часцей можна пачуць словы: "А навошта мне самому штосьці рабіць? Вось ёсць дзяржава - няхай яна аба мне і клапоціцца". Вось тут і крыюцца суб'ектыўныя пагрозы нашай незалежнасці, аб якіх гаварылася ў пачатку выступлення. Гэта нашы коснасць і лянота, недасведчанасць і хамства, адсутнасць парадку і дысцыпліны, разгільдзяйства, п'янства, наркаманія, наплявацельскія адносіны да работы і шмат іншага".
Прэзідэнт назваў некалькі прычын, якія, на яго думку, перашкаджаюць айчынным таварам канкурыраваць на знешніх рынках, акрамя так званай неспрыяльнай кан'юнктуры. "Ёсць і поўнасцю суб'ектыўныя прычыны - таму што часта мы працуем дрэнна, спусціўшы рукавы. П'янства на рабочых месцах да канца не зжылі. Тэхналогіі часам не выконваюць, на рабоце многія не напружваюцца, добрасумленнасць становіцца рэдкасцю", - сказаў Аляксандр Лукашэнка. Ён дадаў, што гэтыя праблемы датычацца не толькі вытворчасці, але і сферы абслугоўвання.
"Усе гэтыя бытавыя рэчы складаюцца ў агульную карціну, і ў выніку атрымліваем - нашы работнікі выпускаюць прадукцыі ў разы менш, чым амерыканцы, і больш нізкай якасці, чым немцы. І пры гэтым не напружваюцца, як тыя ж кітайцы, карэйцы або японцы", - канстатаваў кіраўнік дзяржавы. Разам з тым ён звярнуў увагу, што ў Беларусі сотні тысяч вельмі добрасумленных і працавітых людзей, на якіх трымаецца краіна. "Але побач з імі яшчэ шмат п'яніц і гультаёў, якія ўявілі, што дзяржава можа і павінна зрабіць за іх абсалютна ўсё. Больш таго, яны перашкаджаюць працаваць, уплываючы на ўсіх, хто хоча працаваць", - сказаў Прэзідэнт. Ён адзначыў, што такія настроі захопліваюць нават так званых прыхільнікаў свабоднага рынку: "Цікава назіраць, як адны і тыя ж людзі ў тэорыі выступаюць за поўную лібералізацыю за ўсё і ўся, за выключэнне дзяржавы з усіх сфер, але ледзь дзесьці з'яўляецца праблема, як тыя ж самыя людзі пачынаюць стагнаць: а дзе ж дзяржава, чаму не працуюць чыноўнікі і далей у тым жа духу".
"Наш менталітэт тут просты - дзяржава павінна зрабіць усё: і выплаціць пенсію, і даць работу, і правесці газ, і пабудаваць дарогу, і разбіць клумбу, і выхаваць кінутых дзяцей, і вылечыць алкаголіка", - пералічыў Прэзідэнт, адзначыўшы, што такое меркаванне распаўсюджана ва ўсіх слаях грамадства.
"Думаць, што дзяржава павінна рабіць усё і за ўсіх, - небяспечная памылковая думка. Скажу больш строга - гэта прамы шлях да дэградацыі нацыі, да застою і заняпаду", - папярэдзіў Аляксандр Лукашэнка. Прэзідэнт падкрэсліў, што ў кожным грамадзяніне павінна жыць пачуццё патрыятызму і адказнасці за сваю дзяржаву, за сваю зямлю.
"Мы толькі тады можам быць абсалютна спакойныя за лёс незалежнай Беларусі, калі кожны яе грамадзянін будзе ставіць пытанне так: што я зрабіў для краіны, а не што краіна павінна зрабіць для мяне. Пакуль жа мы вельмі часта чуем другую частку пытання і вельмі рэдка - першую", - канстатаваў Прэзідэнт.
"Гэта зусім не значыць, што пачуццё патрыятызму згасла ў грудзях нашых людзей. Небяспека з'ядноўвае нас і раскрывае лепшыя якасці. І тады аказваецца, што патрыятызм вышэйшы, чысцейшы і ў выніку мацнейшы, чым дробны і дробязны эгаізм. Можа, сёння камусьці здаецца, што няма нічога важнейшага, чым асабістае шчасце і дабрабыт. І яны стаяць значна вышэй, чым інтарэсы Радзімы. Гэта памылкова. Адзін чалавек безабаронны ў гэтым свеце. І калі прыходзіць небяспека, выстаяць можна толькі разам. У жыцці кожнай нацыі бывае драматычны час, калі гонар становіцца вышэйшым за жыццё", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.
"І вогненным летам 41-га, калі нашы арміі адступалі і траплялі ў акружэнне, калі стальныя змеі вермахта нястрымна распаўзаліся па нашай зямлі, калі, здавалася, памірала апошняя надзея, прагучалі галоўныя словы той вайны, словы, якія сталі свяшчэннымі, словы, якія мы пастаянна паўтараем: "Наша справа верная. Вораг будзе разбіты. Перамога за намі". Гісторыя даказала: перамагае той, хто гатовы ісці да канца і ахвяраваць усім", - рэзюмаваў Кіраўнік дзяржавы, заклікаўшы сучаснікаў быць дастойнымі святой памяці продкаў, іх гарачай веры і бессмяротнага подзвігу.
Аляксандр Лукашэнка павіншаваў усіх прысутных са святам - Днём Незалежнасці Рэспублікі Беларусь.