Аляксандр Лукашэнка прыняў удзел у маладзёжным форуме "Маладосць. Традыцыі. Будучыня"
- 8
Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь Аляксандр Лукашэнка жадае моладзі знайсці сваё месца ў жыцці і поўнасцю рэалізаваць сябе. З адпаведным наказам Кіраўнік дзяржавы выступіў 29 кастрычніка, прымаючы ўдзел у маладзёжным форуме "Маладосць. Традыцыі. Будучыня".
Форум адбыўся ў юбілей камсамола і будатрадаўскага руху, і, як адзначыў Прэзідэнт, гэта добрая нагода не толькі аддаць даніну павагі мінуламу, але і паразважаць аб будучыні, аб сувязі пакаленняў.
Кіраўнік дзяржавы азнаёміўся з выстаўкай, прысвечанай развіццю маладзёжнага і студатрадаўскага рухаў, з цеплынёй паразмаўляў з удзельнікамі форуму. Юнакі і дзяўчаты расказалі Прэзідэнту аб сваім удзеле ў будаўнічых, сельскагаспадарчых, педагагічных і іншых студэнцкіх атрадах, што дало магчымасць ім не толькі набыць прафесійны вопыт, знайсці новых сяброў, але і атрымаць значную матэрыяльную ўзнагароду за сваю працу. Адзін з удзельнікаў будатрада, які працаваў у Мінску на будаўніцтве Палаца Незалежнасці, адзначыў, што зарплата Br10 млн. стала вельмі добрай падмогай. Юнакі і дзяўчаты падзякавалі за аказаны давер і выказалі надзею, што і ў далейшым будзе магчымасць працаваць на знакавых для краіны будоўлях. "Пара ўжо самім мець сваю знакавую будоўлю, каб да вас прасіліся на работу", - адзначыў Аляксандр Лукашэнка.
У 2013 годзе студэнцкая і навучэнская моладзь працавала на аб'ектах рэспубліканскага фестывалю-кірмашу працаўнікоў вёскі "Дажынкі-2013" у Жлобіне, падрыхтоўчай пляцоўцы пад будаўніцтва Беларускай АЭС у Астраўцы, а таксама на такіх аб'ектах, як Маладзёжны цэнтр у Гродне, Тэатр юнага гледача ў Мінску. З кожным годам усё больш пашыраецца геаграфія краін, куды ў складзе атрадаў выязджае беларуская моладзь.
Прадстаўнікі добраахвотніцкіх атрадаў у гутарцы з Прэзідэнтам падкрэслілі важнасць захавання гістарычнай памяці аб подзвігу савецкіх воінаў у гады Вялікай Айчыннай вайны. Яны расказалі аб жаданні стварыць маладзёжна-патрыятычны цэнтр на базе Брэсцкай крэпасці з мэтай аб'яднання ўсіх добраахвотнікаў краіны і патрыятычнай работы, папрасіўшы ў Кіраўніка дзяржавы падтрымкі ў развіцці сваёй ініцыятывы.
У студатрадаўскім руху з'явіліся новыя напрамкі. Напрыклад, сэрвісныя атрады праваднікоў, якія ў летні перыяд абслугоўвалі пасажыраў паяздоў. Свае навыкі яны прадэманстравалі і Аляксандру Лукашэнку, падаўшы яму чай у імправізаваным купэ. "Малайцы, адкрылі новы напрамак. Не толькі будаваць, але і абслугоўваць можам", - пахваліў беларускі лідар.
Сельскагаспадарчыя атрады ў гарачую пару аказалі немалую дапамогу беларускім аграрыям. Маладыя людзі вызначыліся не толькі працай на палях, але і распрацавалі ўнікальную камп'ютарную гульню, у якой кожны можа стаць байцом сельгасатрада.
Асобную падзяку за добрыя справы Прэзідэнт адрасаваў удзельнікам валанцёрскага руху "Добрае сэрца". У яго складзе больш як 18 тыс. юнакоў і дзяўчат аказваюць адрасную сацыяльную падтрымку ветэранам і інвалідам вайны і працы, адзінокім пажылым людзям, дзецям-інвалідам, дзецям-сіротам, дзецям з няўдалых і апякунскіх сем'яў, а таксама шэрага сацыяльных устаноў.
Аляксандр Лукашэнка з цікавасцю азнаёміўся з экспазіцыяй, падзяліўся ўспамінамі аб сваёй маладосці, рабоце ў будатрадах. Напэўна, найлепшым чынам сувязь часоў і пакаленняў праявілася ў той момант, калі Прэзідэнту нечакана для яго ўручылі нумар маладзёжнай газеты "Знамя юности", датаваны 1972 годам. Там у адным з артыкулаў згадваецца аб дзейнасці Аляксандра Лукашэнкі ў складзе студэнцкага атрада.
Усяго ўдзельнікамі форуму былі больш як 700 чалавек. На мерапрыемства ў тым ліку запрошаны былыя сакратары ЦК ЛКСМБ і ВЛКСМ, кіраўнікі студатрадаўскага руху, вядомыя дзяржаўныя і грамадскія дзеячы БССР і СССР, кіраўнікі грамадскіх аб'яднанняў, замежныя госці.
Выступаючы на форуме, Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што гэта сустрэча для яго асабліва хвалюючая, паколькі з камсамолам звязана частка яго жыцця. "Па волі лёсу я павінен сёння гаварыць ад імя таго пакалення, якое было шчаслівым, выбудоўваючы тады наша жыццё, ваюючы ў студэнцкіх атрадах (дай бог, каб заўсёды так ваяваць). Гэта накладае на мяне дадатковую адказнасць", - сказаў беларускі лідар.
"Часам гавораць: няма ў свеце нічога лепшага, чым маладосць. Гэта, вядома, не зусім дакладная думка. У кожным узросце ёсць свае цудоўныя і непаўторныя рысы. Але маладосць вызначае сапраўды дзіўнае, апантанае пачуццё свабоды, калі здаецца, што ўсе дарогі адкрыты, усе вяршыні пакорацца табе і ўсе мэты абавязкова будуць дасягнуты, - адзначыў Кіраўнік дзяржавы. - З цягам часу прыходзіць вопыт, мудрасць. Гэта часта ўберагае ад многіх памылак, але адначасова прызямляе, спараджае больш сумненняў і ваганняў. Часам празмерна прызямляе".
Звяртаючыся да ўдзельнікаў форуму, Прэзідэнт пажадаў у поўнай меры адчуць шчасце, якое ўласціва маладосці і, самае галоўнае, правільна, з розумам ім распарадзіцца.
Сваё выступленне на форуме Аляксандр Лукашэнка прысвяціў тром асноўным тэмам - працы, ведам і патрыятызму. Прэзідэнт адкрыта выказаў свае меркаванні па гэтых пытаннях, якія ў немалой ступені хвалююць не толькі моладзь, але і ўсё грамадства ў цэлым.
Як адзначыў Прэзідэнт, сёння часта са шкадаваннем або горыччу гавораць, што сучаснае маладое пакаленне стала больш прагматычным. "Мне здаецца, што гэта не больш чым знак часу. Прычым не магу адназначна сказаць, які менавіта знак - плюс або мінус, - сказаў Аляксандр Лукашэнка. Паколькі прагматызм азначае не толькі карыслівасць і эгаізм. У яго ёсць і іншыя бакі - цвярозы погляд на жыццё, свабода ад ілюзій і пачуццё адказнасці за сваё сучаснае і будучае".
Паводле слоў Прэзідэнта, гэтыя рысы заўсёды былі ўласцівы заходняй моладзі, якая ўжо ў самым пачатку жыцця рыхтуе сябе да канкурэнтнай барацьбы ва ўмовах вельмі жорсткага рынку. "Але іх востра не хапала нашай моладзі, якая прывыкла спадзявацца на бацькоў, дзяржаву, а некаторыя - проста наўдачу", - заўважыў беларускі лідар.
"Сёння, хочам мы гэтага ці не, наша краіна існуе ва ўмовах глабальнага рынку, адкрытай эканомікі, а таму законы жорсткай канкурэнцыі распаўсюджваюцца і на нас. Нядрэнна, што ёсць частка маладых людзей, якая прыняла новыя правілы гульні. Іншая справа, якія менавіта вывады з гэтага зроблены", - лічыць Кіраўнік дзяржавы.
Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што далёка не кожны малады чалавек засвоіў простую ісціну: у аснове, фундаменце ўсяго знаходзіцца толькі праца. "Складваецца вельмі трывожная сітуацыя. З аднаго боку, сярод моладзі няма асаблівай цікавасці да складаных навуковых дысцыплін. З іншага, - рабочыя спецыяльнасці таксама не ў вялікай пашане. Некаторыя не хочуць працаваць ні галавой, ні рукамі. Няма наогул жадання працаваць, хочацца ўсяго шмат і адразу", - адзначыў Прэзідэнт.
Разам з тым Аляксандр Лукашэнка выказаў перакананасць, што сярод удзельнікаў форуму няма ніводнага чалавека са знакам "мінус". "У нас ёсць тысячы, дзясяткі, сотні тысяч цудоўных, сумленных, самаадданых працаўнікоў. Іх пераважная большасць. Але нямала і гультаёў, што граху таіць, і п'яніц, і разгільдзяяў. Можна са мной не згаджацца і спрачацца, але ёсць аб'ектыўныя факты. Наша прадукцыйнасць працы хранічна адстае не толькі ад еўрапейскіх краін і ЗША, але і ад многіх азіяцкіх дзяржаў", - канстатаваў Кіраўнік дзяржавы.
"Зразумела, гэта датычыцца не толькі моладзі. Але і сярод маладых у пашане не праца, а, хутчэй, іншыя рэчы - лёгкая нажыва, удача. Нават тыя, хто гатовы сумленна працаваць, успрымаюць працу не як радасць, не як магчымасць самарэалізацыі, а як цяжкую, вымушаную неабходнасць. Таму перш за ўсё ваш студатрадаўскі рух, ваша рамантычная прыхільнасць да працы вельмі важны для сучаснай моладзі", - упэўнены беларускі лідар.
Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што ўдзельнікі студатрадаў павінны быць добрымі маякамі і арыенцірамі для ўсёй моладзі. "Дзякуючы вам (так і адбываецца) мы абавязкова прывучым і тую невялікую частку моладзі, якая не прывыкла працаваць, - сказаў Кіраўнік дзяржавы. - Спажыванне ўсё больш становіцца мэтай і сэнсам жыцця. Праца, прафесіяналізм і творчасць перамяшчаюцца на задворкі свядомасці. Вось і таму ваш студатрадаўскі рух, ваш працоўны пачын важныя для сучаснай моладзі".
Прэзідэнт адзначыў, што ў краінах, якія дасягнулі вялікіх вышынь у эканоміцы, існуюць зусім іншыя адносіны да працы: "Дробны, сярэдні ды і буйны бізнес на Захадзе, ва Усходняй Азіі - дзецішча людзей, апантаных не толькі і не столькі ідэяй абагачэння. Часцей імі рухае імкненне даказаць, што ты лепшы ў сваёй справе. Менавіта на такіх людзях - добрасумленных працавіках і прафесіяналах, а зусім не на спекулянтах і аферыстах трымаюцца тыя дасягненні, якія ёсць у так званых развітых краінах", - адзначыў беларускі лідар.
У нас жа, заўважыў Аляксандр Лукашэнка, многія людзі бізнес зразумелі па-іншаму - як свет лёгкай нажывы з прысмакам зладзейскай рамантыкі.
"У савецкія часы прэстыж працы стараліся трымаць высока. На жаль, сама савецкая рэчаіснасць, якая часта спараджала ляноту і гультайства, падточвала гэту ідэалагічную ўстаноўку. Але сёння яна павінна стаць асновай светапогляду новага пакалення. Інакш у нас з вамі проста няма будучыні", - перакананы Прэзідэнт.
Гаворачы аб ведах і сферы адукацыі, Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што ў Беларусі ўдалося захаваць шмат каштоўнага з савецкай эпохі: "Больш таго, імкнуліся не адстаць ад часу і, як мне здаецца, у значнай ступені нам гэта ўдалося". Гэта пацвярджаецца высокімі месцамі ў адукацыйных рэйтынгах, перамогамі на міжнародных алімпіядах і высокім попытам ва ўсім свеце на маладых спецыялістаў і вучоных, якія атрымалі адукацыю ў Беларусі.
Разам з тым Аляксандр Лукашэнка заўважыў, што і ў гэтай сферы адбылася пераацэнка каштоўнасцей. Адукацыя, стаўшы масавай і лёгкадаступнай, страціла былы аўтарытэт. Пры гэтым нямала людзей з лёгкасцю забываюць аб дыпломе, аддаючы перавагу няхай і малакваліфікаванай, але вельмі даходнай рабоце. "Усё гэта прывяло да таго, што нам не заўсёды ўдаецца захаваць галоўнае, што было ўласціва савецкай эпосе, - каласальны прэстыж ведаў, імкненне да творчасці, пошуку, вялікая павага да інтэлекту і адукаванасці. Такія ж праблемы адчуваюцца на ўсёй постсавецкай прасторы", - канстатаваў Прэзідэнт.
На думку Аляксандра Лукашэнкі, корань гэтай з'явы ў тым, што ў пэўны перыяд "героямі нашага часу" сталі тыя, хто змог хутка абагаціцца, прычым няважна якім шляхам. А вучоны, педагог, выкладчык ВНУ, які заклікае добра вучыцца і пры гэтым атрымлівае мізэрную зарплату, ператвараўся ў анекдатычны персанаж. "Стэрэатыпы склаліся ў грамадскай свядомасці і паўплывалі на спад прэстыжу інтэлектуальнай працы", - адзначыў беларускі лідар.
"Што ж рабіць?" - спытаеце вы. Магу адказаць крылатай ленінскай фразай: па-першае, вучыцца, па-другое, вучыцца і, па-трэцяе, вучыцца, каб навука сапраўды ўваходзіла ў жыццё", - сказаў Прэзідэнт.
"Як ні парадаксальна гэта гучыць, рамантык, які прысвяціў сябе любімай навуцы, праз 10-15 гадоў будзе ў больш выгадным становішчы, чым нацэлены толькі на фінансавы поспех прагматык", - перакананы Аляксандр Лукашэнка.
"Беларусь, якая перажыла, як і ўсе постсавецкія краіны, няпросты і бурны перыяд станаўлення, выйшла на стабільны шлях развіцця. Хуткіх, лёгкіх грошай не будзе: усяго трэба паслядоўна дабівацца ўласным розумам і працай. Настае эра прафесіяналаў ва ўсіх сферах - ад вытворчасці і бізнесу да сфер мастацтва і індустрыі забаў", - сказаў беларускі лідар.
Паводле слоў Прэзідэнта, складальнікі сапраўнага прафесіяналізму - гэта не толькі ўменні і вопыт, але і глыбокія, выходзячыя за межы вузкай прадметнай сферы веды і схільнасць да выбранай прафесіі, якія даюць здольнасць арыгінальна мысліць, і творчае азарэнне, што спараджае геніяльныя ідэі і адкрыцці. "Разглядайце адукацыю як доўгатэрміновыя і самыя выгадныя інвестыцыі ў саміх сябе", - заклікаў Кіраўнік дзяржавы.
Гаворачы аб патрыятызме, Прэзідэнт падкрэсліў, што беларуская моладзь павінна назаўсёды выпрацаваць у сабе імунітэт да разбуральных радыкальных ідэалогій.
"Нашай краіне пара перарваць сумную традыцыю мінулага стагоддзя - разбураць да асновы і кожныя тры дзесяцігоддзі пачынаць усё будаваць з нуля. І менавіта моладзь павінна сказаць тут сваё слова, назаўсёды выпрацаваўшы ў сабе імунітэт да разбуральных радыкальных ідэалогій", - лічыць Кіраўнік дзяржавы.
"Трэба ісці наперад спакойна, цвёрда, паслядоўна і паступова, - адзначыў Прэзідэнт. - Так, многае ў нас яшчэ трэба выправіць, многае трэба пабудаваць. Але выпраўляць мы будзем самі, прычым не разбураючы, а дабудоўваючы".
Аляксандр Лукашэнка лічыць, што кожны з жыхароў Беларусі павінен берагчы краіну сваёй працай, прыстойнымі адносінамі адзін да аднаго, а галоўнае - адзінствам. "Нішто не нясе такую небяспеку для маладой незалежнай краіны, як унутраны разлад і сваркі, - лічыць Кіраўнік дзяржавы. - Менавіта яны вядуць да галоўнай небяспекі, якая падсцерагае любую маладую нацыю, - да радыкальных ідэй рэвалюцый і ўзрушэнняў, што патрабуюць разбурыць усё да асновы дзеля чарговага міфа аб светлай будучыні. Паводле слоў Прэзідэнта, супраць рэвалюцый і ўзрушэнняў выступае ўся гісторыя Беларусі. "У мінулым стагоддзі наш народ вычарпаў ліміт на войны, рэвалюцыі і ўзрушэнні", - адзначыў Кіраўнік дзяржавы, дадаўшы, што ніводнаму пакаленню беларусаў не ўдавалася пражыць жыццё мірна, спакойна і бяспечна.
"І хоць маладосці заўсёды ўласціва патрабаваць радыкальнай ломкі і неадкладных перамен, я заклікаю вас задумацца над урокамі гісторыі. Ці прыносілі ўзрушэнні каму-небудзь шчасце? Не, яны неслі з сабой толькі разгубленасць у розумах, беды і разруху. І ніколі, падкрэсліваю, ніколі не абыходзілася без крыві", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.
У сувязі з гэтым Прэзідэнт нагадаў аб Палацы Незалежнасці як сімвале беларускай дзяржаўнасці. Ён адзначыў, што гэты будынак узведзены сіламі беларускіх спецыялістаў з айчынных матэрыялаў і з'яўляецца ўвасабленнем таго, на што здольныя беларусы. Гэта не будзе закрытай установай, тут будуць праводзіцца знакавыя мерапрыемствы, у тым ліку прыём у піянеры.
Аляксандр Лукашэнка спыніўся таксама на ролі БРСМ, адзначыўшы, што ў рабоце з маладым пакаленнем дзяржава абапіраецца на саюз моладзі як на перадавы атрад, што аб'ядноўвае амаль паўмільёна чалавек, або пятую частку моладзі краіны.
Прэзідэнт звярнуў увагу на шэраг напрамкаў, на якіх БРСМ неабходна сканцэнтраваць намаганні, каб і ў далейшым захаваць сваё лідарства.
"Мы абсалютна не ўтойваем таго, што ставім перад БРСМ ідэалагічныя і палітычныя задачы, - сказаў Кіраўнік дзяржавы. - Але гэтыя задачы звязаны не з ператварэннем яго членаў у нечых "ястрабаў" або "сокалаў", а перш за ўсё - з фарміраваннем з маладых людзей патрыётаў нашай краіны. "І вы не зможаце папракнуць мяне ў тым, што я гаварыў: бярыце дубіны, бярыце камень і ідзіце ў кагосьці кідайце. Я ўсё жыццё, будучы Прэзідэнтам, стараўся зберагчы моладзь ад гэтага. Таму нам патрэбна моладзь, арыентаваная на любоў да сваёй краіны", - адзначыў Прэзідэнт.
"Людзі з цвёрдай грамадзянскай пазіцыяй, якія прайшлі школу БРСМ, з'яўляюцца правераным у справе кадравым рэзервам. Вашы свежыя думкі, ідэі і энергетыка ў забеспячэнні эфектыўнага выкарыстання нашых прыродных, геаграфічных, інтэлектуальных пераваг у развіцці і ўкараненні найноўшых тэхналогій, фарміраванні сучаснага стылю кіравання эканомікай будуць абавязкова запатрабаваны краінай, - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.
Прэзідэнт лічыць, што БРСМ павінен больш нацэльваць моладзь на самарэалізацыю ў роднай краіне.
Ён падкрэсліў, што любы, хто хоча зарабіць у Беларусі, можа гэта зрабіць. "На любы густ можна знайсці работу, трэба толькі захацець", - сказаў Кіраўнік дзяржавы. Ён заклікаў моладзь не ставіць адразу сабе за мэту адкрыць фірму і быць там кіраўніком. Прэзідэнт адзначыў, што быць бізнесменам не так проста, як можа здавацца на першы погляд моладзі, і не кожнаму гэта дадзена. "Атрымалі прафесію - паспрабуйце яе на смак. Не спяшайцеся яе кідаць", - сказаў беларускі лідар.
Аляксандр Лукашэнка ўзняў пытанне і аб студатрадаўскім руху. Паводле яго слоў, з 2002 па 2013 год колькасць працуючых у студатрадах узрасла ў 25 разоў. Прэзідэнт лічыць, што галоўнае - забяспечыць іх работай і дастойнай зарплатай. Аляксандр Лукашэнка падзякаваў губернатарам за тое, што яны ў бягучым годзе стварылі дастатковую колькасць рабочых месц для студэнцкай моладзі. "Студатрады - гэта толькі частка маладзёжных працоўных традыцый. Трэба падумаць аб адраджэнні на новай аснове такіх паняццяў, як "камсамольская пуцёўка", "камсамольская брыгада", "камсамольская будоўля", якія дапамогуць сканцэнтраваць энергію маладых на прарыўных напрамках эканомікі", - сказаў Кіраўнік дзяржавы.
Аляксандр Лукашэнка таксама лічыць, што БРСМ трэба ўзяць пад сваё крыло работу з творчай моладдзю. "Маладыя лепш зразумеюць маладых. І новыя парасткі інтэлігенцыі створаць сучасную культуру, якая стане дастойным адлюстраваннем нашай эпохі. Падумайце, што вы можаце зрабіць у гэтым напрамку. Мы дапаможам рэалізаваць вашы ініцыятывы", - сказаў Прэзідэнт.
Аляксандр Лукашэнка згадаў таксама праект БРСМ "100 ідэй для Беларусі". На думку Прэзідэнта, цяпер прынцыпова важна давесці перспектыўныя распрацоўкі да ўкаранення, накіраваўшы на гэтыя мэты рэсурсы Акадэміі навук і інавацыйных фондаў міністэрстваў. Кіраўнік дзяржавы даручыў НАН Беларусі і Ураду выбраць каля дзесяці самых перспектыўных ідэй, якія можна пачаць рэалізоўваць у самы бліжэйшы час. "А мы знойдзем магчымасць іх прафінансаваць", - сказаў Прэзідэнт.
"Мы разглядаем БРСМ як своеасаблівы каталізатар актыўнасці моладзі. Паглядзіце, колькі карысных ініцыятыў зараджаецца цяпер у маладзёжным асяроддзі. Захаванне памяці аб героях Вялікай Айчыннай вайны, асабліва напярэдадні 70-годдзя Перамогі, дапамога хворым і інвалідам, пошук прапаўшых людзей, барацьба з "чорнымі археолагамі", ахова жывёл - за ўсім гэтым стаяць энергічныя, неабыякавыя людзі. Своечасова заўважыць такіх юнакоў і дзяўчат, аказаць ім дапамогу, скаардынаваць намаганні валанцёраў і дзяржаўных органаў - адна з задач вашага саюза", - сказаў Прэзідэнт.
"Ваша пакаленне жыве ў вельмі цікавую эпоху. Прагрэс пастаянна паскараецца, тэмп змяненняў нарастае. На вашых вачах (і, я ўпэўнены, пры вашым удзеле) свет зменіцца так, што гэта перасягне фантазіі нават самых смелых галівудскіх рэжысёраў. Кожны малады чалавек павінен знайсці сваё месца ў жыцці, рэалізаваць сябе", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.
Прэзідэнт падтрымаў таксама некаторыя ініцыятывы, выказаныя моладдзю. У прыватнасці, яму спадабалася ідэя аб аб'яўленні ўзвядзення Беларускай АЭС маладзёжнай будоўляй.
Кіраўнік дзяржавы паабяцаў, што ў бліжэйшы час на сустрэчы з Прэзідэнтам Расіі яны разгледзяць гэту ініцыятыву, паколькі БелАЭС будзе ўзводзіцца з удзелам расійскіх спецыялістаў.
"Мы гэту будоўлю вядзём разам з брацкай Расіяй. Абяцаю вам, што ў бліжэйшы час мы з Прэзідэнтам Расіі Уладзімірам Пуціным разгледзім ініцыятыву, каб гэту будоўлю, а магчыма, і ўзвядзенне наступнай атамнай станцыі, якую Расія плануе будаваць у Калінінградзе, зрабіць нашымі агульнымі маладзёжнымі будоўлямі. Гэта будзе, напэўна, правільна", - сказаў беларускі лідар.
Аляксандр Лукашэнка падтрымаў таксама прапанову аб аб'яўленні ў Беларусі Года моладзі, аднак лічыць, што ім павінен стаць не наступны год, а 2015-ы, паколькі ён будзе вызначальным у гісторыі краіны.
"Гэта будзе вельмі няпросты год, я кажу без усялякага падтэксту, - адзначыў Прэзідэнт. - Гэты год будзе вызначаць будучыню нашай краіны па многіх-многіх напрамках. І як вы вырашыце ў гэты год, няхай так і будзе, гэта будзе для вас".
Аляксандр Лукашэнка яшчэ раз павіншаваў усіх прысутных на форуме з 95-годдзем камсамола і 50-годдзем студатрадаўскага руху. "Гэтыя даты - не прычына для настальгіі. Ваш форум - яскравае сведчанне адзінства пакаленняў і гатоўнасці нашай моладзі, абапіраючыся на традыцыі, ісці ў будучае", - упэўнены Прэзідэнт.
"Любіце сваю Беларусь! Вучыцеся, працуйце, радуйцеся жыццю, цаніце сяброўства, дабівайцеся сваёй мэты - і ў вас абавязкова ўсё атрымаецца!" - пажадаў Аляксандр Лукашэнка.
Пасля завяршэння форуму яго ўдзельнікі па запрашэнню Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь наведалі Палац Незалежнасці. Сімвалічна, што першымі гасцямі гэтага новага велічнага сімвала беларускай дзяржаўнасці сталі маладыя людзі - будучыня краіны. Экскурсію для іх правёў старшыня Мінскага гарадскога выканаўчага камітэта Мікалай Ладуцька, які расказаў аб асаблівасцях афармлення інтэр'еру палаца. Госці таксама наведалі Алею пачэсных гасцей, закладзеную прэзідэнтамі краін Садружнасці ў час праведзенага нядаўна ў Мінску Савета кіраўнікоў дзяржаў СНД.
Палац Незалежнасці зрабіў на ўдзельнікаў форуму моцнае ўражанне. Асабліва адзначалася, што будынак створаны самімі беларусамі, а на будоўлі палаца працавалі ў тым ліку будатрады. Дэлегаты форуму падзяліліся ўражаннямі ад выступлення на форуме Прэзідэнта Аляксандра Лукашэнкі. Звярталася ўвага на тое, што вылучаныя БРСМ ініцыятывы былі падтрыманы, што сведчыць аб ўвазе дзяржавы да праблем і патрэб моладзі.