Аляксандр Лукашэнка ўручыў дзяржаўныя ўзнагароды

    Прырост прадукцыйнасці працы з'яўляецца асновай для якаснага паляпшэння эканамічнага становішча краіны і рэальным фундаментам для павышэння дабрабыту людзей. Аб гэтым заявіў Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка на цырымоніі ўручэння дзяржаўных узнагарод заслужаным людзям краіны.

    Звяртаючыся да ўдзельнікаў цырымоніі, Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што дасягненні кожнага з іх прымнажаюць матэрыяльнае і культурнае багацце Айчыны. Словы ўдзячнасці Аляксандр Лукашэнка адрасаваў прадстаўнікам прамысловай галіны, якая ў бягучым годзе паказвае добрыя тэмпы прыросту вытворчасці - больш як 7% у параўнанні з мінулым годам. "І самае галоўнае - прырост прадукцыйнасці працы склаў больш за 10%. А гэта аснова для якаснага паляпшэння эканамічнага становішча краіны і рэальны фундамент для павышэння дабрабыту людзей. Калі расце прадукцыйнасць працы, вырастуць і даходы насельніцтва, - сказаў Прэзідэнт. - Важна адзначыць, што ў авангардзе гэтых станоўчых тэндэнцый знаходзяцца працоўныя калектывы прадпрыемстваў машынабудаўнічай галіны".

    У прыватнасці, Кіраўнік дзяржавы павіншаваў работнікаў ААТ "Амкадор" з прысуджэннем ім узнагарод за ўклад у развіццё айчыннага машынабудавання. "Гэтым прадпрыемствам паспяхова выконваюцца асноўныя паказчыкі сацыяльна-эканамічнага развіцця. Аб эфектыўнасці работы сведчаць такія факты: сярэднегадавы прырост аб'ёму вытворчасці за два гады склаў 30%, пры гэтым ён быў атрыманы за кошт павелічэння прадукцыйнасці працы. Дасягнута добрая дынаміка абнаўлення выпускаемай прадукцыі, нарошчвання экспарту і забеспячэння дадатнага знешнегандлёвага сальда", - адзначыў Аляксандр Лукашэнка.

    За высокія вытворчыя паказчыкі медалямі "За працоўныя заслугі" ўзнагароджаны рабочыя завода "Магілёўтрансмаш" ААТ "Мінскі аўтамабільны завод".

    "Не толькі машынабудаўнікам, але і кожнаму прысутнаму ў зале ёсць чым ганарыцца. Аб гэтым пераканаўча сведчаць вынікі вашай работы. Як, напрыклад, флагману нашай аграрнай галіны - СВК "Агракамбінат "Сноў", - заўважыў Прэзідэнт. - Гэта гаспадарка - узор высокай культуры земляробства, развітой жывёлагадоўлі і перадавых тэхналогій. За такімі буйнымі гаспадаркамі будучае".

    Дзяржузнагароды таксама былі ўручаны вялікай групе кіраўнікоў рэгіянальных аддзяленняў Беларускага грамадскага аб'яднання ветэранаў. Гэта арганізацыя нядаўна адзначыла 25-годдзе са дня ўтварэння. "Яна па праву з'яўляецца адной з галоўных апор нашай грамадзянскай супольнасці і вельмі актыўна вядзе работу па патрыятычнаму выхаванню моладзі. Ваш вопыт запатрабаваны новым пакаленнем грамадзян, аўтарытэт у грамадстве бясспрэчны", - падкрэсліў Кіраўнік дзяржавы.

    Акрамя таго, Аляксандр Лукашэнка адрасаваў віншаванні з прысуджэннем высокіх дзяржаўных узнагарод супрацоўнікам структур дзяржаўна-грамадскага аб'яднання "ДТСААФ": "Ваша работа па патрыятычнаму выхаванню моладзі сёння асабліва важная для нашай краіны".

    Цёплыя словы ўдзячнасці Аляксандр Лукашэнка выказаў педагогам, якія выхавалі і падрыхтавалі нямала кваліфікаваных кадраў. На цырымоніі прысутнічалі лепшыя настаўнікі сістэмы сярэдняй і вышэйшай адукацыі.

    "Усе мы ведаем, што аснова моцнай і эфектыўнай дзяржавы - законнасць і правапарадак. Таму асаблівая ўдзячнасць тым, хто прысвяціў сваё жыццё барацьбе з негатыўнымі праявамі нашага грамадства. За гэта лепшыя супрацоўнікі ўдастоены ганаровых званняў "Заслужаны работнік органаў пракуратуры Рэспублікі Беларусь", - прадоўжыў Кіраўнік дзяржавы.

    "Сустрэча з вамі выклікае пачуццё ўдзячнасці і гонару за нашых выдатных людзей, умацоўвае ўпэўненасць у паспяховай сучаснасці і будучыні нашай маладой, незалежнай дзяржавы - нашага з вамі агульнага роднага дому", - дадаў Аляксандр Лукашэнка, пажадаўшы ўсім новых працоўных перамог, творчых поспехаў і дасягненняў у імя Радзімы.