Аляксандр Лукашэнка ўручыў дзяржаўныя ўзнагароды
Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь Аляксандр Лукашэнка даручыў Ураду выпрацаваць дакладную сістэму падтрымкі шматдзетных сем'яў. Аб гэтым Кіраўнік дзяржавы заявіў 5 сакавіка на цырымоніі ўручэння дзяржаўных узнагарод беларускім жанчынам.
"Ураду даручана ў пачатку гэтага года ў сувязі з фінансавымі праблемамі мінулага года выпрацаваць нармальную і зразумелую сістэму падтрымкі шматдзетных сем'яў, - сказаў Аляксандр Лукашэнка. - Гэту дапамогу трэба зрабіць дакладнай, адраснай, і мы гэта зробім у бліжэйшы час. На першым месцы будзе жыллё, каб і ў вёсцы, і ў горадзе шматдзетная сям'я мела дах над галавой".
Прэзідэнт падкрэсліў, што дапамога шматдзетным сем'ям павінна быць прыярытэтам у дзейнасці дзяржавы. "Яна не павінна быць размазанай. Лічу, што шматдзетную сям'ю трэба падтрымаць у галоўным і ў той момант, калі трэба. Гэта момант нараджэння дзіцяці", - сказаў беларускі лідар.
"Перш за ўсё нам трэба, каб у шматдзетнай сям'і быў дах над галавой - гэта галоўнае. У сям'і павінен быць дом. А калі яшчэ дом на зямлі з дзесяццю-пятнаццаццю соткамі, то яны забяспечаць сябе і выхаваюць нармальных дзяцей", - лічыць Кіраўнік дзяржавы.
Што датычыцца сферы аховы здароўя, Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што Беларусь цяпер выйшла на самыя высокія рубяжы ў свеце ў пытаннях родадапамогі і догляду дзяцей. "Калі толькі бацькі не празяваюць, у нас не можа памерці дзіця. Мы выхадзім любое", - адзначыў Прэзідэнт.
Аднак, на думку Кіраўніка дзяржавы, аказваючы дзяржаўную падтрымку, неабходна вытрымліваць правільны баланс. "Дапамагаючы, заўсёды трэба шукаць залатую сярэдзіну, каб гэта дапамога не адхіліла саміх бацькоў ад таго, каб працаваць на сваіх дзяцей. Раней жа ніхто нікому не дапамагаў, а ў сем'ях было не менш як 6-7 дзяцей. І тады ўсе бацькі клапаціліся аб сваіх дзецях. Яны іх гадавалі і выхоўвалі працавітых людзей", - адзначыў Аляксандр Лукашэнка.
У якасці прыярытэтнай задачы Аляксандр Лукашэнка назваў забеспячэнне дэмаграфічнай бяспекі дзяржавы. "Калі ў нас не будзе дастатковай колькасці насельніцтва, мы ніколі не ўтрымаем гэту зямлю ў цэнтры Еўропы, на якую квапяцца ўсе. Таму што гэта смачны кавалак нашай планеты. А ўтрымаць яе можна толькі дзякуючы людзям - насельніцтву. Таму дэмаграфічная бяспека вельмі важная", - падкрэсліў Прэзідэнт.
Ён адзначыў, што для забеспячэння дэмаграфічнай бяспекі ў краіне прымаецца комплекс мер па ўзмацненні сацыяльна-эканамічнай падтрымкі сем'яў з дзецьмі. Павялічваюцца памеры выплат пры нараджэнні дзіцяці, паляпшаюцца жыллёвыя ўмовы для шматдзетных і маладых сем'яў. "Шмат што робіцца, каб у нашай краіне нараджалася як мага больш дзяцей. Каб яны раслі здаровыя, моцныя, адукаваныя і добра падрыхтаваныя да самастойнага жыцця. Такая палітыка прыносіць станоўчыя вынікі. Апошнія гады ўдалося пераадолець негатыўныя тэндэнцыі скарачэння нараджальнасці. Нават у вельмі няпростым 2011 годзе ў Беларусі з'явіліся на свет амаль 110 тыс. дзяцей - гэта самы высокі паказчык за дзесяцігоддзе", - канстатаваў беларускі лідар.
Паводле яго слоў, не выпадкова, што найбольшую групу запрошаных на цырымонію ўручэння дзяржузнагарод склалі шматдзетныя маці, якія ўдастоены ордэнаў за нараджэнне і выхаванне пяці і больш дзяцей. "Гэта сведчанне асаблівай увагі і павагі да вас з боку дзяржавы. Няма больш важнай і ганаровай для жанчын місіі, чым мацярынства, нараджэнне і выхаванне дзяцей, беражлівае стаўленне да сямейных каштоўнасцей, - упэўнены Аляксандр Лукашэнка. - Моцная сям'я, здаровыя дзеці - гэта не толькі шчасце бацькоў, але і аснова дабрабыту краіны і яе надзейнага будучага". Прэзідэнт з задавальненнем адзначыў, што за апошнія 15 гадоў 6891 жанчына ўзнагароджана ордэнам Маці.
Як адзначыў Аляксандр Лукашэнка, шчырай удзячнасці заслугоўваюць і жанчыны-працаўніцы, чые поспехі таксама былі адзначаны высокімі ўзнагародамі: "У розных сферах дзейнасці праяўляюць яны свае здольнасці і таленты. Але асабліва значная іх роля ў сістэме дашкольнага выхавання, сярэдняй і вышэйшай адукацыі". "У дзіцячых садах, школах, каледжах і ВНУ вы аддаяце падрастаючаму пакаленню і моладзі часцінку сваёй душы, веды, вопыт, клопат і чуласць. Вы фарміруеце лепшыя чалавечыя і грамадзянскія якасці. Гэта сапраўдная падзвіжніцкая работа і прызванне педагогаў", - сказаў Кіраўнік дзяржавы.
Жанчынам таксама належыць важкі ўклад у сферы мастацтва. "Сёння тут прадстаўлена наша галоўная ўстанова культуры - Нацыянальны акадэмічны Вялікі тэатр оперы і балета. Пасля рэканструкцыі ён набыў другое дыханне і карыстаецца вялікай папулярнасцю ў гледачоў, маючы добрыя перспектывы развіцця", - адзначыў Аляксандр Лукашэнка.
Прэзідэнт падкрэсліў, што ў Беларусі ёсць усе ўмовы для раскрыцця талентаў людзей творчых прафесій. "Калі ты таленавіты, то цябе заўважаць. І як бы нас ні прыціскалі, з талентамі лічацца", - сказаў ён.
Вытворчую сферу краіны на цырымоніі прадстаўлялі спецыялісты адкрытага акцыянернага таварыства "Амкадор". "Яны заслужылі Падзяку Прэзідэнта за тыя поспехі, якія належаць толькі ім. У сённяшніх умовах гэта асабліва важна і заслугоўвае ўсялякай падтрымкі", - падкрэсліў беларускі лідар.
Аляксандр Лукашэнка таксама адзначыў заслугі беларускіх жанчын у такой важнай сферы, як забеспячэнне закону і парадку ў дзяржаве, прававым выхаванні насельніцтва: "Асаблівая роля тут адводзіцца нашаму судзейскаму корпусу, лепшых прадстаўнікоў якога мы ўшаноўваем і высока цэнім".
Кіраўнік дзяржавы павіншаваў усіх жанчын з надыходзячым веснавым святам, пажадаў ім шчасця, дабрабыту, здароўя, кахання, новых поспехаў і ўзнагарод. "Асабліва здароўя вашым дзеткам, якія ёсць і, я вельмі спадзяюся, будуць", - дадаў Прэзідэнт.