Аляксандр Лукашэнка ўручыў дыпломы доктара навук і атэстаты прафесара навуковым і навукова-педагагічным работнікам
Прэзідэнт краіны Аляксандр Лукашэнка лічыць, што ў Беларусі наспела неабходнасць карэннай мадэрнізацыі не толькі эканомікі, але і навуковай сферы. Аб гэтым ён заявіў, уручаючы дыпломы доктара навук і атэстаты прафесара навуковым і навукова-педагагічным работнікам.
Уручэнне лепшым прадстаўнікам навуковай грамадскасці дыпломаў і атэстатаў напярэдадні Дня беларускай навукі стала ўжо традыцыяй.
Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што такая высокая ўвага і давер да вучоных не выпадковы. "Уласная навука - гэта неад'емная прыкмета любой развітой краіны. Скажу больш: яна складае важнейшую частку культуры народа, у многім вызначае духоўную і інтэлектуальную атмасферу ў грамадстве. Выдатныя адкрыцці і вынаходствы з'яўляюцца не меншым прадметам гонару, чым шэдэўры мастацтва або спартыўныя рэкорды", - лічыць Кіраўнік дзяржавы.
"Фундаментальныя навуковыя адкрыцці належаць, вядома ж, усяму свету. Але менавіта тыя краіны, якія генерыруюць новыя веды, маюць перавагі ў камерцыйным выкарыстанні гэтых ідэй, у экспарце высокатэхналагічнай прадукцыі, якая прыносіць мільярдны прыбытак", - сказаў Прэзідэнт.
"Больш таго, тыя, хто першы распаўсюджвае тэхналогію, займае лідзіруючыя пазіцыі ў свеце. Таму добра развітыя навуковыя сферы - гэта адзін з гарантаў нацыянальнай бяспекі дзяржавы", - падкрэсліў ён.
Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу на тое, што моцныя навуковыя традыцыі і школы сфарміраваліся ў Беларусі яшчэ ў савецкія часы. "Нам удалося зберагчы і прымножыць гэты рэсурс", - лічыць Кіраўнік дзяржавы. Ён адзначыў, што беларускія вучоныя разам з лепшымі фізікамі свету ўдзельнічаюць у адкрыцці новых часціц на Вялікім адронным калайдары, у барацьбе з хваробамі паспяхова выкарыстоўваюцца наватарскія методыкі беларускіх медыкаў, айчынныя спецыялісты дабіліся поспехаў у развіцці інфармацыйных і біятэхналогій, стварэнні новых сартоў раслін і нанаматэрыялаў.
"Аднак сёння наспела неабходнасць карэннай мадэрнізацыі не толькі эканомікі, але і самой навуковай сферы", - падкрэсліў Кіраўнік дзяржавы.
"Мы не можам дазволіць сабе распыляць сродкі дзеля задавальнення толькі акадэмічнай цікаўнасці. Беларуская навука павінна быць "заточана" пад патрэбнасці нашай суверэннай дзяржавы і стаць больш кампактнай па сваёй структуры", - сказаў Прэзідэнт. На думку Аляксандра Лукашэнкі, важна дакладна вызначыць, у якіх стратэгічна значных напрамках трэба весці даследаванні самім, дзе мэтазгодна кааперавацца з замежнымі калегамі, а дзе больш выгадна закупляць замежныя распрацоўкі.
"Навука аб грамадстве, аб чалавеку павінна даваць нам глыбокае разуменне тых глабальных пераўтварэнняў, якія адбываюцца ў свеце і якія не могуць не закранаць нас. Паглядзіце, як радыкальна змяніўся свет, якія каласальныя інфармацыйныя патокі ўздзейнічаюць на кожнага чалавека. Разам з прагрэсіўнымі рэчамі яны ствараюць небывалыя раней магчымасці для маніпуляцыі як асобнай асобай, так і вялікімі масамі людзей", - адзначыў Прэзідэнт. Паводле яго слоў, прырода ўсіх гэтых з'яў патрабуе глыбокага вывучэння, каб узяць ад новай камп'ютарнай цывілізацыі ўсе яе даброты і абараніць сябе ад новых пагроз.
Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што трэба істотна павысіць ролю навукі ў падрыхтоўцы кіраўніцкіх рашэнняў, планаў, прагнозаў сацыяльна-эканамічнага развіцця краіны. Ён падкрэсліў, што для вырашэння гэтых маштабных задач патрэбны сучасныя, творча мыслячыя даследчыкі.
Прэзідэнт звярнуў увагу на тое, што сёння актуальнай стала праблема змены навуковых пакаленняў. У ВНУ сярэдні ўзрост доктара навук складае 61 год, а кандыдата - на 10 гадоў меншы. Змяншаецца колькасць жадаючых паступіць у аспірантуру. "У чым галоўная праблема? Ці вінаваты тут толькі нізкія стыпендыі і зарплаты маладых вучоных і іншыя матэрыяльныя фактары? Ці проста не наладжана сістэмная работа па прыцягненню ў навуку таленавітай моладзі?" - пацікавіўся Кіраўнік дзяржавы.
"Часам скардзяцца на тое, што на навуку ў нас накіроўваецца каля 1 працэнта валавога ўнутранага прадукту, а за мяжой гэты паказчык даходзіць да 2,3,4 працэнтаў. Аднак значную долю гэтых фінансаў складаюць укладанні камерцыйных фірм, якія плацяць толькі за патрэбны ім вынік, - адзначыў Прэзідэнт. - А нашы вучоныя пакуль ствараюць толькі інтэлектуальны прадукт, які далёка не заўсёды ператвараецца ў тавар. Больш таго, даследчыкі і работнікі вытворчасці нават не могуць поўнасцю выкарыстаць сродкі інавацыйнага фонду".
"Давайце і мы будзем прагматыкамі. Трэба дабавіць фінансаў - знойдзем, дзе іх узяць. Але толькі калі вы скажаце дакладна - куды і на што. І ў гэтым выпадку будзеце гатовы ўзяць на сябе адказнасць за інтэлектуальны і камерцыйны вынік", - падкрэсліў Прэзідэнт.
Аляксандр Лукашэнка сказаў, што асаблівыя надзеі ў справе папаўнення навуковых кадраў ускладаюцца на Вышэйшую атэстацыйную камісію, якая павінна не толькі выконваць кантрольныя функцыі, але і з першых крокаў дапамагаць маладым вучоным, не зніжаючы патрабаванняў да якасці дысертацый, падыходзячы да справы творча, каб з-за фармальных хібаў не "засекчы" перспектыўную ідэю, садзейнічаць павышэнню статусу і прэстыжу навуковай працы.
Па выніках 2012 года вучоная ступень доктара навук прысуджана 46 саіскальнікам, вучонае званне прафесара прысвоена 33 чалавекам. "У кожнага з вас нямала ўкладзена, цяпер ваш абавязак - перадаваць веды і вопыт новым пакаленням. Вам трэба развіваць традыцыі навукова-педагагічных школ, падтрымліваць высокі ўзровень метадалогіі даследаванняў, якім Беларусь славіцца ў свеце. І самае галоўнае - выхоўваць захопленых вучоных-энтузіястаў, якія аддаюць талент роднай краіне", - звярнуўся Кіраўнік дзяржавы да прысутных.
Аляксандр Лукашэнка адзначыў дасягненні Уладзіміра Калінава з Інстытута фізікі НАН, вынікі даследаванняў якога выкарыстоўваюцца пры стварэнні ядзерных рэактараў і касмічнага абсталявання, а таксама Дзмітрыя Мігаса з БДУІР, чые работы адкрываюць новыя магчымасці для оптыкі і нанаэлектронікі. "Хірургічныя методыкі, распрацаваныя кіраўніком Рэспубліканскага навукова-практычнага цэнтра трансплантацыі органаў і тканак Алегам Румо, выратоўваюць жыццё і здароўе пацыентам з усяго свету", - адзначыў Прэзідэнт. Ён лічыць, што важкім укладам у археалогію стала дысертацыя загадчыка кафедры Полацкага дзяржаўнага ўніверсітэта Дзяніса Дука, якая раскрывае гісторыю ўзнікнення аднаго з самых старажытных цэнтраў беларускай і сусветнай культуры.
Прэзідэнт павіншаваў прысутных з атрыманнем вышэйшых вучоных ступеней і званняў, а таксама з прафесійным святам - Днём беларускай навукі.
Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што гэта мерапрыемства з'яўляецца добрай падставай, каб абмеркаваць найбольш актуальныя праблемы беларускай навукі, і запрасіў прысутных да шчырай размовы.
Намеснік галоўнага ўрача па хірургічнай рабоце - кіраўнік Рэспубліканскага навукова-практычнага цэнтра трансплантацыі органаў і тканак 9-й гарадской клінічнай бальніцы Алег Румо адзначыў, што ў краіне створаны ўсе ўмовы для развіцця транспланталогіі, для пастаяннага ўкаранення дасягненняў навукі ў практычную дзейнасць.
Аляксандр Лукашэнка ў сваю чаргу звярнуў увагу на тое, што на прыкладзе Рэспубліканскага навукова-практычнага цэнтра трансплантацыі органаў і тканак хацеў яшчэ раз паказаць, наколькі аператыўна, хутка і аб'ёмна дзяржава можа падтрымліваць перспектыўныя навуковыя напрамкі.
"І ўсё гэта ў прынцыпе залежыць не ад дзяржавы, а ад вас, - сказаў Кіраўнік дзяржавы. - Я прыняў рашэнне аб стварэнні цэнтра, думаючы аб тым, што ён будзе развівацца і выратуе з цягам часу тысячы жыццяў, але самае галоўнае - з'явіцца новая школа, якой у нас не было. І сапраўды за кароткі прамежак часу з'явілася цудоўная школа. Я ніколі не думаў, што гэта можа быць у маю бытнасць Прэзідэнтам. Але мы тут выходзім на касмічны ўзровень работы з людзьмі, ратуючы іх жыцці".
Дацэнт кафедры інфекцыйных і інвазійных хвароб жывёл факультэта ветэрынарнай медыцыны і біятэхналогіі Кыргызскага нацыянальнага аграрнага ўніверсітэта імя К.І.Скрабіна Ілімбек Мурзаліеў падзякаваў Кіраўніку беларускай дзяржавы за развіццё навуковых, культурных і агульнаадукацыйных сувязей паміж Беларуссю і Кыргызстанам. Ён звярнуў увагу на праблему развіцця авечкагадоўлі ў Беларусі. На яго думку, гэта самая эканамічная і прыбытковая галіна жывёлагадоўлі, якую ў Беларусі цалкам магчыма вывесці на дастойны ўзровень. Кыргызскі вучоны лічыць, што ў краіне можна вывесці новыя пароды авечак, палепшыць тэхналогіі і наладзіць вытворчасць сыравіны для камвольнай і тэкстыльнай вытворчасці. Ён адзначыў, што для развіцця авечкагадоўлі найбольш аптымальныя ўмовы Брэсцкай і часткі Гродзенскай абласцей, і дадаў, што гатовы аказаць навукова-практычную дапамогу па ўсіх пытаннях тэхналогіі развіцця авечкагадоўлі.
Аляксандр Лукашэнка падзякаваў за такую прапанову і нагадаў, што перад Урадам была пастаўлена задача знайсці магчымасць і аднавіць развядзенне авечак. Прэзідэнт адзначыў, што гэта стане адным з прыярытэтаў у жывёлагадоўлі. "Хацелася б, каб мы сапраўды зрабілі добры крок у гэтым напрамку", - сказаў Кіраўнік дзяржавы.
Адзін з вучоных Нацыянальнай акадэміі навук звярнуў увагу на неабходнасць наладжвання кааперацыі беларускай і расійскай навукі. Аляксандр Лукашэнка лічыць, што тут няма перашкод і не патрэбны ніякія рашэнні на вышэйшым узроўні. Прэзідэнт адзначыў, што выступае за тое, каб гэта кааперацыя адбылася. "Вы самі разберацеся, як скааперавацца, каб была карысць", - сказаў Кіраўнік дзяржавы.
Прафесар кафедры лазернай тэхнікі і тэхналогіі Беларускага нацыянальнага тэхнічнага ўніверсітэта Ніна Арцюхіна заўважыла, што Беларусь з запускам уласнага спадарожніка Зямлі стала касмічнай дзяржавай. Паводле яе слоў, сёння перад беларускімі вучонымі і спецыялістамі стаіць задача ў самыя кароткія тэрміны стварыць паўнацэнную інфраструктуру ў галіне касмічных даследаванняў, перш за ўсё ў галіне праектавання сістэм дыстанцыйнага зандзіравання Зямлі.
Кіраўнік дзяржавы нагадаў, што прымаў рашэнне аб стварэнні спадарожніка, арыентуючыся на неабходнасць падтрымання і развіцця той школы, якая існавала ў Беларусі.
"У свой час мяне таксама пераконвалі: каго мы будзем тут апярэджваць, пераганяць і гэтак далей. Апошні аргумент быў - гэта вы. У нас ёсць вучоныя, якія сёння нечаму навучыліся ў гэтай галіне, і каб гэту школу падтрымаць, я думаў, створым спадарожнік, але гэта будзе штуршок да развіцця ў гэтым напрамку. Гэта быў нейкі аванс вам, вучоным. Спадарожнік запусцілі - павінна быць камерцыйная аддача ад усіх гэтых мерапрыемстваў, у тым ліку ад касмічнага спадарожніка", - сказаў Прэзідэнт.
"Вы сказалі аб стварэнні касмічнай інфраструктуры - мы яе створым. Але зноў жа - гэта грошы, якія інвесціруюцца не дзеля таго, каб мець на арбіце цацку і ганарыцца
Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што дзяржава будзе падтрымліваць вучоных, аднак чакае ад іх вынікаў.
"Мы будзем укладваць у новыя напрамкі, якія да гэтага часу былі ў нас фрагментарнымі. Мы гатовы заўсёды падтрымліваць вучоных. І павінен сказаць, што сёння ніводны вучоны не скажа, што грошай не даюць або іх не хапае", - адзначыў Прэзідэнт.
Аляксандр Лукашэнка нагадаў, што год таму было прынята рашэнне аб накіраванні сродкаў інавацыйных фондаў толькі на развіццё беларускай навукі, на распрацоўкі, якія прыносяць карысць краіне. Паводле слоў Прэзідэнта, гэтыя грошы засталіся неасвоенымі.
"Таму пытанне не ў дзяржаве. Давайце, калі ласка, акупныя праекты, калектыўныя, індывідуальныя - мы гатовы фінансаваць. Але гэта павінны быць інавацыйныя праекты. Таму мы падтрымлівалі і будзем падтрымліваць вучоных, але ўкідваць грошы бяздумна: аддалі, а потым забыліся, што іх трэба вяртаць, - гэтага не будзе", - падкрэсліў Прэзідэнт.
Аляксандр Лукашэнка закрануў і праблему забеспячэння жыллём маладых вучоных. Ён падкрэсліў, што на працягу года ў Мінску будзе пабудавана арэнднае жыллё для маладых вучоных і падзелена паміж універсітэтамі. "Мы на працягу года будзем мець толькі ў Мінску прыкладна тысячу кватэр, - сказаў Прэзідэнт. - Такім чынам, у чалавека будзе галоўнае - дах над галавой, і калі ён вучоны па свайму прызванню - ён будзе працаваць. Навука - гэта не тое месца, куды прыйшоў і адразу зарабіў грошы".
Кіраўнік дзяржавы яшчэ раз павіншаваў прысутных з надыходзячым святам - Днём беларускай навукі і пажадаў, каб гэта сустрэча натхніла вучоных на новыя адкрыцці.