Аляксандр Лукашэнка ўручыў дзяржаўныя ўзнагароды выдатным людзям Беларусі

  • 19
У Беларусі павінны быць прадпрыемствы-маякі, на якія будуць раўняцца іншыя, заявіў сёння на ўрачыстай цырымоніі ўручэння дзяржаўных узнагарод Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка.

"Не выпадкова я акцэнтую ўвагу на рабоце прадпрыемстваў і арганізацый рэальнага сектара эканомікі, - падкрэсліў кіраўнік дзяржавы. - Бо гэта аснова ўсяго нашага жыцця, фундамент сацыяльна-палітычнай стабільнасці, залог паспяховага сучаснага і будучага. Кожнае дасягненне канкрэтнага працоўнага калектыву - гэта ўклад у наш агульны дабрабыт. У нас павінны быць маякі, жывыя прыклады, на якія будуць раўняцца іншыя. Так з ручаёў узнікае магутны рачны паток. І гэта важна для ўсіх сфер жыццядзейнасці грамадства".

Па добрай традыцыі ўручэнне дзяржаўных узнагарод прымеркавана да Дня Незалежнасці. Паводле слоў Прэзідэнта, асаблівую ўрачыстасць сённяшняму мерапрыемству надае тое, што ў гэтым годзе адзначаецца знамянальны юбілей - 70-годдзе з дня вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. "З пачуццём удзячнасці я вітаю ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны. Ордэны, медалі і падзякі - гэта знак высокай павагі вашых заслуг перад Радзімай, - падкрэсліў кіраўнік дзяржавы. - Дзякуй вам за Перамогу, за тое, што змаглі выстаяць у самую цяжкую для нашай зямлі гадзіну. Нізкі паклон за шматгадовую працу па аднаўленні Беларусі. І за тое, што вы па-ранейшаму ў страі, актыўна ўдзельнічаеце ў грамадскім жыцці краіны. Сваім прыкладам і мудрым словам выхоўваеце моладзь, вучыце ніколі не здавацца, не адступаць перад цяжкасцямі і шчыра любіце Айчыну".

"Сёння мы аддаём даніну павагі тым, хто ўмацоўвае краіну мірнай працай, уносіць свой уклад у развіццё эканомікі, рост дабрабыту грамадзян і павышэнне прэстыжу Беларусі ў свеце", - сказаў Аляксандр Лукашэнка. У апошнія гады ў краіне ўдзяляецца асаблівая ўвага пытанням мадэрнізацыі, развіццю навукаёмістых вытворчасцей, выпуску прадукцыі, якая запатрабавана ў краіне і канкурэнтаздольна на знешніх рынках. "Бачнай ілюстрацыяй нашых поспехаў у гэтым напрамку могуць служыць прадпрыемствы, прадстаўнікі якіх прысутнічаюць у ліку ўзнагароджаных", - адзначыў кіраўнік дзяржавы. Сярод іх ААТ "Пеленг", якое стала лідарам у СНД па стварэнні абсталявання для спадарожнікавага зандзіравання Зямлі. Беларусь увайшла ў прэстыжны спіс касмічных дзяржаў пасля паспяховага запуску айчыннага спадарожніка, падкрэсліў Прэзідэнт. У ліку ўзнагароджаных - кіраўнікі ААТ "АГАТ - сістэмы кіравання" за ўклад у стварэнне і ўкараненне ў вытворчасць канкурэнтаздольных сістэм кіравання рознага прызначэння. Прадукцыя гэтага прадпрыемства вядомая больш як у паўтара дзясятках краін свету. Добрых слоў заслугоўвае і калектыў ААТ "Канструктарскае бюро "Радар", якое займаецца распрацоўкай і вытворчасцю складанай радыёлакацыйнай тэхнікі.

Па заслугах ацэнены поспехі Мінскага завода колавых цягачоў. Гэта прадпрыемства шырока вядома ўнікальнай запатрабаванай на сусветным рынку прадукцыяй. Немалыя поспехі тут дасягнуты і ў справе беражлівага стаўлення да рэсурсаў. Як падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка, пастаянна павышаецца эфектыўнасць кіравання фінансамі, уведзены рэжым максімальнай эканоміі матэрыяльных сродкаў, што станоўча адбіваецца на росце прыбытку.

"Усе гэтыя прадпрыемствы ўносяць значны ўклад не толькі ў развіццё эканомікі, але і ва ўдасканаленне сістэмы бяспекі краіны, - лічыць Прэзідэнт. - Іх прадукцыя знаходзіць сваё прымяненне ва Узброеных Сілах. Гэта можа служыць яшчэ адным пераканаўчым сведчаннем яе сучаснасці, эфектыўнасці і надзейнасці".

Адзначаны таксама заслугі калектыву маладой інавацыйнай арганізацыі - Парку высокіх тэхналогій. Тут працуюць каля 15 тыс. высакакласных спецыялістаў. ПВТ з'яўляецца прызнаным удзельнікам міжнароднага рынку праграмных прадуктаў і становіцца адным з прыярытэтных інавацыйных сегментаў нацыянальнай эканомікі.

Асаблівыя патрабаванні па вывадзе прадпрыемстваў на якасна новы ўзровень цяпер прад'яўляюцца да лёгкай і харчовай прамысловасці, гандлю, сферы паслуг. "У нас ужо ёсць добрыя напрацоўкі ў цэлым шэрагу арганізацый, і мы рады вітаць у ліку ўзнагароджаных тых, хто дасягае поспехаў у гэтых перспектыўных напрамках", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Яшчэ адну важную сферу, якая актыўна развіваецца, прадстаўляў на ўрачыстай сустрэчы кіраўнік "Белмагістральаўтатранс". Ён удастоены ганаровага звання за значны асабісты ўклад у развіццё лагістыкі і міжнародных аўтамабільных перавозак. Паводле слоў кіраўніка дзяржавы, вялікая ўвага ў Беларусі ўдзяляецца будаўніцтву сучасных магістралей, аўтадарог і мастоў. Ад іх стану залежыць узровень транзітных паслуг, развіцця пасажырскіх перавозак, таварапатокаў. У многім дарогі вызначаюць імідж краіны.

У гэтым плане шмат зроблена калектывам ААТ "Мастабуд". Кіраўнік дзяржавы асабліва адзначыў рэканструкцыю аўтамабільнай дарогі М4 Мінск - Магілёў і ўзвядзенне на ёй 16 мастоў і пуцеправодаў. Аб'екты былі пабудаваны ў сціслыя тэрміны і з добрай якасцю.

Паводле слоў Аляксандра Лукашэнкі, добрых вынікаў дабіваюцца многія перадавыя гаспадаркі ў забеспячэнні харчовай бяспекі дзяржавы і нарошчванні экспарту сельгаспрадукцыі. Адзначана шматгадовая паспяховая работа кіраўніка ААТ "Вялікі Двор" Стаўбцоўскага раёна. Гэта гаспадарка неаднаразова выходзіла пераможцам у раённых, абласных і рэспубліканскіх спаборніцтвах як па вытворчасці, так і па рэнтабельнасці. Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што ў цяперашніх умовах асабліва важны якасныя паказчыкі работы АПК. "На гэта мы нацэльваем усіх працаўнікоў вёскі", - адзначыў ён.

Сярод узнагароджаных была дастойна прадстаўлена і беларуская інтэлігенцыя. Гэта вядомыя кампазітары, рэжысёры, пісьменнікі, артысты балета і тэатраў, якія сваёй творчасцю ўзбагачаюць культурны здабытак краіны. Самыя цёплыя словы былі выказаны ў адрас урачоў, педагогаў, вучоных, спартсменаў, якія самааддана працуюць на карысць Беларусі і яе народа.

"Няхай ганаровыя званні, ордэны і медалі стануць бачным увасабленнем той павагі і прызнання, якое вы заваявалі ў сваіх суайчыннікаў", - сказаў Аляксандр Лукашэнка, віншуючы ўзнагароджаных.