Аляксандр Лукашэнка ўручыў дыпломы доктара навук і атэстаты прафесара навуковым і навукова-педагагічным работнікам

  • 10

Для дзяржавы галоўным крытэрыем эфектыўнасці работы вучоных з'яўляецца ўплыў яе вынікаў на рост айчыннай эканомікі. Аб гэтым заявіў 24 студзеня Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь Аляксандр Лукашэнка, уручаючы дыпломы доктара навук і атэстаты прафесара навуковым і навукова-педагагічным работнікам.

Кіраўнік дзяржавы звярнуў увагу на тое, што мінулы год стаў вельмі важным для айчыннай навукі. "Нямала коп'яў было зламана вакол таго, па якім шляху павінна развівацца навуковая сфера краіны і яе флагман - Акадэмія навук", - сказаў Прэзідэнт. Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што, пачынаючы пераўтварэнні, у краіне зыходзілі з таго, што перадавая навука не толькі пытанне прэстыжу, але і адзін з гарантаў нацыянальнай бяспекі дзяржавы. "Тут вельмі важна не сячы з-за пляча, а абавязкова зберагчы моцную Акадэмію і іншыя навуковыя цэнтры як крыніцы інтэлектуальнай энергіі, адкуль можна чэрпаць наватарскія ідэі для паспяховага развіцця краіны", - лічыць Кіраўнік дзяржавы.

Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што ў краіне пастараліся пазбегнуць радыкальных крайнасцей і абапіраліся на меркаванні вучоных. Пры іх актыўным удзеле распрацавана комплексная праграма ўдасканалення навуковай сферы Беларусі, разлічаная на паэтапную мадэрнізацыю. Паводле слоў Прэзідэнта, яе рэалізацыя дасць магчымасць прывесці арганізацыйную структуру навуковай галіны ў адпаведнасць з патрэбнасцямі сучаснай Беларусі, забяспечыць прыярытэтнае правядзенне прарыўных даследаванняў, арыентаваных на інавацыйныя вытворчасці і развіццё сучасных інфармацыйных, авіякасмічных, хімічных, біялагічных, машынабудаўнічых і сельскагаспадарчых тэхналогій.

Аляксандр Лукашэнка выказаў упэўненасць, што беларускія даследчыкі прымуць самы актыўны ўдзел у яе рэалізацыі. Прэзідэнт таксама звярнуў увагу на тое, што састаўной часткай праграмы з'яўляецца ўдасканаленне сістэмы падрыхтоўкі і атэстацыі навуковых кадраў - яна павінна забяспечыць павелічэнне колькасці даследчыкаў, перш за ўсё ў стратэгічна важных для краіны напрамках, і развіццё айчынных навуковых школ.

Кіраўнік дзяржавы нагадаў, што ў свой час у краіне настаялі на захаванні дзяржаўнай сістэмы прысваення вучоных ступеней і званняў. "У Беларусі такім чынам удалося закрыць дарогу ў навуку аўтарам слабых і кампілятыўных работ, пазбегнуць скандалаў з плагіятам, якія ўзрушваюць многія дзяржавы. Дыплом доктара і атэстат прафесара ў Беларусі - гэта сведчанне сапраўды высокай навуковай кваліфікацыі, яны прызнаюцца ва ўсім свеце", - адзначыў Кіраўнік дзяржавы. У мінулым годзе 39 чалавек сталі дактарамі і больш як 500 - кандыдатамі навук. Вучонае званне прафесара прысвоена 49 прэтэндэнтам, дацэнта - 369 саіскальнікам. Звыш 60 працэнтаў дысертацый склалі работы па прыродазнаўчых, тэхнічных і сельскагаспадарчых навуках, што вызначаюць узровень сацыяльна-эканамічнага развіцця дзяржавы.

Разам з тым Прэзідэнт лічыць, што неабходна павысіць эфектыўнасць сістэмы падрыхтоўкі кадраў, пачынаючы з работы магістратуры і аспірантуры. На яго думку, трэба ўзмацняць і адказнасць навуковых кіраўнікоў і вучоных саветаў арганізацый за забеспячэнне актуальнасці і практычнай значнасці даследаванняў, укараненне іх вынікаў у вытворчасць, навучальны працэс або выкарыстанне пры прыняцці кіраўніцкіх рашэнняў. Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што каардынаваць гэту работу павінна Вышэйшая атэстацыйная камісія, каб з самых пачатковых стадый адсочваць якасць дысертацый, не дапускаючы з'яўлення псеўданавуковых работ.

Аляксандр Лукашэнка ўручыў дыпломы доктара аўтарам фундаментальных работ і прарыўных даследаванняў у галіне прыродазнаўчых, прыкладных і гуманітарных навук. "Дасягнутыя вамі вынікі пацвярджаюць, што беларускія даследчыкі займаюць перадавыя пазіцыі па розных напрамках", - сказаў Кіраўнік дзяржавы.

Прэзідэнт адзначыў распрацоўкі загадчыка лабараторыі Інстытута агульнай і неарганічнай хіміі НАН Алены Вараб'ёвай, якая стварыла наватарскую тэхналогію абязводжвання і поўнай перапрацоўкі адходаў сільвінітавай руды - гэта самыя сучасныя вынікі навуковых распрацовак у горнай справе, якія прымяняюцца ўжо на практыцы ў рабоце ААТ "Беларуськалій".

Укаранёныя вядучым навуковым супрацоўнікам РНПЦ анкалогіі і медыцынскай радыялогіі імя М.М. Аляксандрава Віктарам Малькевічам метады лячэння раку стрававода далі магчымасць у два разы павялічыць выжывальнасць пацыентаў. Паводле слоў Прэзідэнта, такія вынікі асабліва каштоўныя, паколькі яны захоўваюць і падаўжаюць жыццё чалавека, сведчаць аб высокім узроўні айчыннай медыцыны.

Кіраўнік дзяржавы звярнуў увагу і на работы загадчыцы аддзела музычнага мастацтва Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры НАН Надзеі Юўчанка, якія дапамаглі сістэматызаваць, захаваць і адкрыць для сучаснікаў музычную спадчыну беларусаў.

Сярод тых, хто ўдастоены звання прафесара, - спецыяліст у галіне біялагічных метадаў барацьбы з паразітарнымі захворваннямі дзікіх і свойскіх жывёл першы прарэктар Віцебскай дзяржаўнай акадэміі ветэрынарнай медыцыны Аляксандр Субоцін, загадчык аддзялення Магілёўскай абласной бальніцы, урач-рэаніматолаг, які выратаваў не адно жыццё, Аляксей Марачкоў, аўтар скульптурных кампазіцый, якія ўпрыгожваюць беларускія гарады, загадчык кафедры Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў Уладзімір Слабодчыкаў і іншыя выкладчыкі, якія выхавалі сотні вучняў.

Прэзідэнт павіншаваў прысутных і ў іх асобе ўсіх вучоных краіны з Днём беларускай навукі і юбілеем Нацыянальнай акадэміі навук, пажадаўшы ім новых творчых здзяйсненняў і дастойных вучняў.

Пасля ўрачыстай часткі Кіраўнік дзяржавы запрасіў вучоных да прадметнага і адкрытага дыялогу аб далейшым развіцці ў Беларусі навуковай сферы і даследаванняў па найбольш запатрабаваных у народнай гаспадарцы напрамках.

Першым слова ўзяў вядучы навуковы супрацоўнік РНПЦ анкалогіі і медыцынскай радыялогіі імя М.М.Аляксандрава Віктар Малькевіч. Ён расказаў аб рэалізацыі праграмы развіцця анкалагічнай службы, у рамках якой праводзіцца мадэрнізацыя адпаведных устаноў, набыта самае сучаснае абсталяванне. "Мы сёння выконваем тыя аперацыйныя ўмяшанні, якія яшчэ дзесяць гадоў таму або былі невыканальныя, або адносіліся да катэгорыі ўнікальных", - падкрэсліў ён.

Віктар Малькевіч адзначыў вялікую ўвагу, якую Прэзідэнт удзяляе пытанням барацьбы з анкалогіяй, і звярнуўся з просьбай разгледзець пытанне аб стварэнні агульнанацыянальнага супрацьракавага фонду.

Аляксандр Лукашэнка паабяцаў, што ў бягучым годзе наведае РНПЦ, каб на месцы дэталёва абмеркаваць выкананне раней дадзеных даручэнняў і прапановы на перспектыву, у тым ліку пытанне аб неабходнасці стварэння фонду. "Мы разгледзім гэтыя пытанні і прымем адпаведныя рашэнні. Але ў ахове здароўя мы вельмі шмат зрабілі за апошні час. Мы ўклалі каласальныя сродкі для таго, каб не толькі ўзварухнуць яе, але і мадэрнізаваць, давесці да самых высокіх стандартаў", - адзначыў Кіраўнік дзяржавы.

Прэзідэнт выказаў меркаванне, што да наведвання цэнтра можна было б прымеркаваць і сур'ёзную размову на тэму далейшага развіцця аховы здароўя ў цэлым. "Самая вялікая праблема ў нашай краіне ў гэтай частцы, на мой погляд, тое, што нашы людзі не цэняць сваё здароўе. Магчыма, таму што бясплатна? Але цаніць здароўе так, як на Захадзе, як у багатай Амерыцы, нават як цяпер у Расіі, у нас ніхто не тое што не ўмее - не хоча. Там людзі баяцца захварэць. Таму што, па-першае, гэта дрэнна, а, па-другое, гэта каласальныя затраты на лячэнне", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.

"Таму мы павінны правесці сур'ёзную дыскусію і на гэту тэму. Я не хачу сказаць, што мы заўтра ўвядзём платную медыцыну. Напэўна, гэта будзе няправільна, і тыя, хто гэта зрабіў з постсацыялістычных дзяржаў, маюць вельмі вялікія праблемы. Але штосьці ў гэтай частцы трэба рабіць", - дадаў беларускі лідар.

Прафесар Віцебскага дзяржаўнага тэхналагічнага ўніверсітэта Дзмітрый Рыклін узняў тэму ўкладу галіновай навукі ў сацыяльна-эканамічнае развіццё краіны. Цяпер тэкстыльная прамысловасць праходзіць перыяд шырокамаштабнага тэхнічнага пераўзбраення пры непасрэднай падтрымцы з боку дзяржавы. У сувязі з гэтым перад айчыннай навукай узнік шэраг задач, звязаных з павышэннем эфектыўнасці вытворчасцей, развіццём асартыменту прадукцыі ва ўмовах жорсткай канкурэнцыі з боку замежных вытворцаў. Сярод найбольш важных праблем вучоны адзначыў удасканаленне тэхналагічных працэсаў перапрацоўкі лёну, а таксама вырашэнне пытанняў у галіне імпартазамяшчэння і рэсурсазберажэння.

Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што тэма вырошчвання і перапрацоўкі лёну заўсёды знаходзілася ў яго полі зроку. "Але не магу пахваліцца тым, што гэта значная ўвага дала той эфект, аб якім я калісьці марыў, - сказаў Кіраўнік дзяржавы. - Штосьці ў нас не атрымліваецца з ільном. Нібыта і ведаем, што рабіць, але не можам вырвацца за той тэхналагічны бар'ер, які сёння існуе. Так, мы вырабляем валакна столькі, колькі нам трэба, але хацелася б, каб яно было больш якасным".

Паводле слоў Прэзідэнта, у першую чаргу неабходна працаваць над атрыманнем добрага эканамічнага эфекту ад вырошчвання і перапрацоўкі лёну. Тое ж самае датычыцца і лёгкай прамысловасці ў цэлым. "Гэта адна з вялікіх праблем у эканоміцы нашай краіны. Вядома, у бліжэйшы час мы ўдзелім вельмі значную ўвагу ўсяму гэтаму спектру і будзем прасіць вас, каб і вучоныя далучыліся да гэтага пытання, выявілі найбольш вузкія месцы і рэкамендавалі, як дзейнічаць", - адзначыў беларускі лідар.

У сувязі з гэтым Аляксандр Лукашэнка яшчэ раз нагадаў, што работа вучоных павінна быць у тым ліку арыентавана на вырашэнне існуючых у дзяржаве праблем. "Хачу сказаць, што ў апошні час ёсць вялікі дэфіцыт прапаноў кіраўніцтву краіны для прыняцця якасных і сур'ёзных палітычных і эканамічных рашэнняў", - канстатаваў Кіраўнік дзяржавы.

Прафесар Беларускай дзяржаўнай ордэнаў Кастрычніцкай Рэвалюцыі і Працоўнага Чырвонага Сцяга сельскагаспадарчай акадэміі Браніслава Шалюта ўнесла шэраг канкрэтных прапаноў для павышэння эфектыўнасці ў малочнай жывёлагадоўлі за кошт змянення структуры пасяўных плошчаў пад кармавыя культуры.

Гаворачы аб сельскай гаспадарцы, Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што за апошнія гады дзяржава нямала зрабіла для гэтай сферы. Высокая якасць беларускіх прадуктаў прызнана не толькі на традыцыйных рынках збыту, але і ў Еўрасаюзе, нягледзячы на ўзнікаючыя часам штучныя перашкоды для руху тавараў. Далейшае павышэнне эфектыўнасці ў АПК, зніжэнне выдаткаў вытворчасці ў многім залежыць ад укладу вучоных.

Кіраўнік дзяржавы ўпэўнены, што захаванне магутнага сельскагаспадарчага сектара вельмі важнае і для развіцця краіны ў цэлым. А, адпаведна, патрэбны кваліфікаваныя кадры, якія будуць працаваць у вёсцы.

Браніслава Шалюта ў сувязі з гэтым прапанавала больш шырока выкарыстоўваць магчымасці мэтавага набору пры паступленні ў аграрныя ВНУ, каб там маглі навучацца больш маладых людзей з сельскай мясцовасці.

"Вы маеце рацыю, і ў бягучым годзе мы абавязкова гэта павінны зрабіць", - адрэагаваў Прэзідэнт. У гэтым плане Аляксандр Лукашэнка выказаў меркаванне, што цэнтралізаванае тэсціраванне часам адсякае здольных юнакоў і дзяўчат, якія з-за розных прычын могуць мець меншы аб'ём школьных ведаў, але ў працэсе вучобы могуць паказаць добры вынік і ў далейшым эфектыўна працаваць у аграрным сектары.

"Цяпер камісія на чале з Прэм'ер-міністрам будзе працаваць па праблемах вёскі. Мы вылучым асноўныя праблемы, падзакруцім гайкі па поўнай у сельскагаспадарчых прадпрыемствах. Таму што там ужо расхлябанасць пайшла. З дысцыплінай разбяромся, паглядзім на арганізацыю і асабліва звернем увагу на эканоміку сельгасвытворчасцей", - заявіў беларускі лідар.

Прэзідэнт яшчэ раз падкрэсліў, што цяпер на першае месца ва ўсіх галінах выходзяць не аб'ёмы, а якасць выпускаемай прадукцыі. "Патрэбны якасныя аб'ёмы. Тых тэмпаў росту ў памеры 10-11%, як у нас зусім нядаўна было, ужо не будзе. Трэба сёння звярнуць увагу на якасны рост эканомікі. Таму што можам шмат вырабіць, але не рэалізаваць. Патрабаванні да прадукцыі на сусветным рынку ўзраслі. Я ўпэўнены, што ў Акадэміі навук гэта разумеюць і ў бліжэйшы час мы разам зможам рушыць наперад у гэтым напрамку", - сказаў Кіраўнік дзяржавы.

"Мы будзем рабіць упор на прыкладную навуку, якая дае развіццё вытворчасці. Фундаментальную навуку мы не адкідаем, але мы не будзем ісці такім фронтам, як у савецкія часы. Мы будзем падтрымліваць фундаментальную навуку, якая патрэбна нам і вынікі якой можна прадаць іншым. З гэтага будзем зыходзіць. Будзе большы прагматызм у сферы развіцця навукі", - заявіў Прэзідэнт.