Аляксандр Лукашэнка ўдастоіў дзяржаўных узнагарод прадстаўнікоў розных сфер дзейнасці
Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь удастоіў дзяржаўных узнагарод прадстаўнікоў розных сфер дзейнасці за шматгадовую плённую працу, узорнае выкананне службовых абавязкаў, значны асабісты ўклад у дасягненне высокіх вытворчых паказчыкаў у прамысловасці, сельскай гаспадарцы, заслугі ў развіцці журналістыкі, харэаграфічнага і музычнага мастацтва, сістэмы адукацыі, культуры і спорту. Адпаведны Указ Аляксандр Лукашэнка падпісаў 1 кастрычніка.
Ордэнам "За службу Радзіме" III ступені ўзнагароджаны намеснік дырэктара Дэпартамента фінансавых расследаванняў Камітэта дзяржкантролю палкоўнік фінансавай міліцыі Віктар Марціновіч.
Ордэна Францыска Скарыны ўдастоены асістэнт балетмайстра Беларускага дзяржаўнага заслужанага харэаграфічнага ансамбля "Харошкі" Фёдар Балабайка.
Медалём "За працоўныя заслугі" адзначаны 51 работнiк сферы АПК, прамысловасці, дзяржслужачыя. Сярод удастоеных гэтай узнагароды – уласны карэспандэнт у Кітайскай Народнай Рэспубліцы рэдакцыі газеты "Советская Белоруссия" Інеса Плескачэўская, дырэктар Полацкага каледжа Віцебскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя П.М.Машэрава Таццяна Палушкіна.
Медалём Францыска Скарыны ўзнагароджаны артысты аркестра – вядучыя майстры сцэны Нацыянальнага акадэмічнага Вялікага тэатра оперы і балета Рэспублікі Беларусь Аляксей Вакуленка, Ларыса Ласоцкая і Іван Філіпаў. Гэтым медалём таксама адзначаны дырэктар Дзяржаўнага музея гісторыі тэатральнай і музычнай культуры Зінаіда Кучар, загадчык кафедры жывапісу Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў Уладзімір Масленікаў, салістка-інструменталістка канцэртнай залы Сафійскага сабора Нацыянальнага Полацкага гісторыка-культурнага музея-запаведніка Ксенія Пагарэлая, загадчык кафедры міжнароднага бізнесу Беларускага дзяржаўнага эканамічнага ўніверсітэта Галіна Турбан.
Начальніку ўпраўлення адукацыі Мінскага аблвыканкама Таісе Данілевіч прысвоена ганаровае званне заслужанага работніка адукацыі Рэспублікі Беларусь.
Спартсменам-інструктарам нацыянальнай каманды Беларусі па самба Магамеду Абдулганілаву, Настассі Архіпавай, Андрэю Казусёнку і Кацярыне Пракапенка прысвоена ганаровае званне "Заслужаны майстар спорту Рэспублікі Беларусь".