Аляксандр Лукашэнка ў Дзень ведаў наведаў БДУ
Пытанні развіцця адукацыі знаходзяцца і заўсёды будуць знаходзіцца ў цэнтры ўвагі дзяржавы. Аб гэтым заявіў 1 верасня Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь Аляксандр Лукашэнка на свяце, прысвечаным Дню ведаў, у Беларускім дзяржаўным універсітэце.
Па традыцыі ў гэты дзень Кіраўнік дзяржавы наведвае навучальныя ўстановы краіны. У бягучым годзе Прэзідэнт пабываў на факультэце міжнародных адносін БДУ, новы будынак якога стаў доўгачаканым падарункам для студэнтаў і выкладчыкаў факультэта.
Як далажыў рэктар ВНУ Сяргей Абламейка, у склад Белдзяржуніверсітэта ўваходзяць 16 факультэтаў, 10 адукацыйных інстытутаў, ліцэй і каледж, 4 навукова-даследчыя інстытуты, 9 навуковых цэнтраў, 41 навукова-даследчая лабараторыя, 11 вытворчых прадпрыемстваў, 178 кафедраў, 3 вучэбна-доследныя станцыі, 3 музеі. У сусветным рэйтынгу ВНУ, які складзены шэрагам замежных агенцтваў, БДУ ўваходзіць у лік 600 лепшых універсітэтаў свету. Развіваюцца міжнародныя сувязі ўніверсітэта. У БДУ дзейнічаюць звыш 270 дагавораў аб міжнародным супрацоўніцтве з больш як 50 краінамі. Цяпер у ВНУ навучаюцца каля 2 тыс. замежных грамадзян з 53 краін. Плануецца, што ў 2012 годзе даходы БДУ складуць амаль Br900 млрд.
У 2011/2012 навучальным годзе ў БДУ вучыліся звыш 25,5 тыс. студэнтаў, 820 аспірантаў, 21 дактарант. За сродкі бюджэту ў ВНУ навучаюцца 40% студэнтаў.
Аляксандр Лукашэнка пацікавіўся, колькі выпускнікоў ВНУ працаўладкоўваюцца, і даручыў падрыхтаваць адпаведную справаздачу. "Дайце мне гэтыя даныя, калі яны ёсць. А так мы можам пераўтварыцца ў звычайную кузню. Гэта грамадзяне Беларусі, гэта студэнты, якія атрымалі адукацыю. І для таго, каб зрабіць вывады - колькі нам патрэбна студэнтаў, больш, менш - мы павінны бачыць карціну. Але без усялякіх нацяжак: няма работы - значыць, няма, ёсць - значыць, ёсць", - сказаў Кіраўнік дзяржавы.
Прэзідэнт таксама лічыць, што ў краіне наспела неабходнасць скарачэння набору ў ВНУ, паколькі існуе некаторы перакос у падрыхтоўцы спецыялістаў: з вышэйшай адукацыяй іх лішак, а па рабочых спецыяльнасцях не хапае. На аналіз сітуацыі Кіраўнік дзяржавы адвёў год.
"За год мы павінны адрэгуляваць гэты працэс. Гэта будзе больш сумленна перад людзьмі - набіраць столькі студэнтаў, колькі нам неабходна. Таму на працягу гэтага года ў спакойнай абстаноўцы мы прымем адпаведнае рашэнне", - сказаў Прэзідэнт.
У той жа час Аляксандр Лукашэнка лічыць, што не трэба ісці па шляху павышэння платы за навучанне. "Нядобра, калі мы ідзём шляхам павышэння платы за адукацыю. Яна ў нас сапраўды, напэўна, немалая, але гэта ўсё ж далёка не тая плата, якая нават у Расіі, іншых дзяржавах", - адзначыў Прэзідэнт.
Рэктар БДУ расказаў таксама аб планах і перспектывах развіцця ВНУ. У прыватнасці, тут плануецца стварэнне сацыяльна-культурнага цэнтра. Для гэтых мэт Сяргей Абламейка папрасіў дапамагчы з фінансаваннем. Аднак Прэзідэнт лічыць немэтазгодным будаўніцтва такога аб'екта ў той час, калі многім студэнтам не хапае месц у інтэрнатах. "За ўласныя сродкі - я не супраць, але не за бюджэтныя грошы. Бо ў нас галоўная праблема - гэта жыллё студэнтаў. Яны за кватэры плацяць шалёныя грошы", - адзначыў Кіраўнік дзяржавы. Аляксандр Лукашэнка лічыць, што гэту праблему трэба ў цэлым у горадзе вырашаць. "Таму калі ёсць пакуль, дзе кіно паглядзець, у футбол пагуляць, дык, можа, гэты цэнтр не першачарговая праблема? Я марыў бы наогул вынесці навучальныя ўстановы за межы горада, за кальцавую, і стварыць студэнцкія гарадкі. Але гэта трыльёны і трыльёны. Таму трэба глядзець не ў адрыве ад гарадскога і дзяржаўнага жыцця, а ўлічваць гэта", - сказаў Прэзідэнт.
Аляксандр Лукашэнка агледзеў новы будынак факультэта міжнародных адносін, азнаёміўся з яго матэрыяльна-тэхнічнай базай, навучальным працэсам. У адной з лекцыйных аўдыторый ішлі заняткі са студэнтамі на тэму ролі і месца Беларусі ў сістэме рэгіянальнай і міжнароднай бяспекі. Выслухаўшы меркаванне розных удзельнікаў дыскусіі, Прэзідэнт фактычна ўзяў на сябе ролю лектара і паўгадзіны расказваў аб асаблівасцях знешняй палітыкі краіны. "Беларусь знаходзіцца ў цэнтры Еўропы, і ўжо гэтым прадвызначана, што ніякую бяспеку, прынамсі рэгіянальную, без Беларусі нельга забяспечыць", - адзначыў Кіраўнік дзяржавы.
Звяртаючыся да студэнтаў, Прэзідэнт падкрэсліў, што важна не толькі набываць веды, але таксама быць сапраўднымі патрыётамі сваёй краіны: "Для мяне вельмі важна, а для дзяржавы яшчэ больш, якімі вы будзеце прафесіяналамі з пункту гледжання ведаў, атрыманых у ВНУ. Але найбольш важныя вашы перакананні. Вы павінны быць патрыётамі нашай краіны. Гэта галоўнае".
"Вы больш, чым ваенныя. Бо ваенны ў асноўным працуе да граніцы. Пагранічнік - на граніцы. А дыпламат - за межамі гэтай граніцы. Сёння любы дыпламат - гэта твар нашай дзяржавы", - адзначыў Аляксандр Лукашэнка.
У сувязі з гэтым узрастае і значнасць факультэта, які рыхтуе спецыялістаў-міжнароднікаў. "Гэта будзе дзяржаўны цэнтр па падрыхтоўцы міжнародных спецыялістаў і дыпламатаў. Гэта больш, чым факультэт. І значнасць гэтаму цэнтру мы нададзім вялікую. Падбор тут павінен быць выключны", - сказаў Кіраўнік дзяржавы.
На памяць аб наведванні факультэта Прэзідэнт пакінуў запіс у Кнізе ганаровых гасцей: "Ваш факультэт з дня яго заснавання быў прадметам маёй асаблівай увагі і клопату. Бо перад яго выпускнікамі стаіць задача дзяржаўнай важнасці - абарона і пашырэнне нацыянальных інтарэсаў суверэннай Беларусі ў свеце".
Аляксандр Лукашэнка таксама прыняў удзел у свяце, прысвечаным Дню ведаў, якое адбылося ва ўнутраным дворыку БДУ.
Прэзідэнт павіншаваў з гэтым цёплым і добрым святам першакурснікаў, студэнтаў і выкладчыкаў ВНУ. "Якіх бы вышынь ні дасягнуў чалавек, студэнцкія гады ўразаюцца ў яго памяць як светлы час планаў і надзей, калі зоркі здаюцца бліжэй, а любыя горы - пад сілу. Недарма яшчэ ад першых універсітэтаў ідзе студэнцкая традыцыя называць ВНУ "альма-матар", гэта значыць маці-карміцелькай. Бо веды і ёсць той самы духоўны пажытак, і не толькі духоўны, якім узгадавана чалавечая цывілізацыя. І менавіта інтэлект быў і застаецца той галоўнай сілай, якая круціць колы прагрэсу", - сказаў Кіраўнік дзяржавы.
Аляксандр Лукашэнка заўважыў, што да гэтага свята пабудаваны новыя школы, яшчэ адзін корпус сталічнай Студэнцкай вёскі, інтэрнат у Брэсце, многія аб'екты прыведзены ў парадак, аснашчаны сучасным абсталяваннем, камп'ютарнай тэхнікай. І, безумоўна, доўгачаканым і важкім падарункам стаў новы будынак факультэта міжнародных адносін БДУ.
Прэзідэнт лічыць, што яго адкрыццё - гэта знакавая падзея не толькі ў маштабах БДУ, але і ўсёй краіны. "Бо ўласная незалежная знешняя палітыка - аснова суверэнітэту. Па сутнасці, магчымасць самім вызначаць свой лёс, самастойна выбудоўваць адносіны з блізкімі і далёкімі сябрамі ў імя інтарэсаў беларускага народа - гэта і ёсць незалежнасць. Да яе стагоддзямі ішлі нашы продкі, і яе пашчасціла ажыццявіць менавіта нашаму пакаленню", - сказаў Кіраўнік дзяржавы.
Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што вялікі гонар прадстаўляць усю нацыю і краіну выпадае нямногім людзям. Сярод іх буйныя вучоныя, вынаходнікі, спартсмены-алімпійцы. Такая ж місія ўскладзена і на дыпламатаў. "Яны твар дзяржавы, а не проста яго фармальна-юрыдычныя прадстаўнікі за мяжой. Дыпламат павінен быць паслядоўны, неабыякавы абаронца інтарэсаў Беларусі, нашага народа і нашага шляху развіцця. А для гэтага мала быць проста разумным, адукаваным і начытаным чалавекам", - лічыць Прэзідэнт, дадаўшы, што гэта датычыцца кожнага студэнта, паколькі менавіта маладому пакаленню вызначаць будучае краіны.
Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што беларусы з'яўляюцца прыхільнікамі эвалюцыйнага, паступальнага развіцця, а не рэзкіх скачкоў і рэвалюцый.
"У мінулым ХХ стагоддзі мы ўжо вычарпалі свой ліміт узрушэнняў і войнаў. Сёння нацыі патрэбна спакойнае, устойлівае развіццё, унутраны мір і стабільнасць", - сказаў Кіраўнік дзяржавы.
Аляксандр Лукашэнка лічыць, што гэта адпавядае і нацыянальнаму характару беларусаў - спакойнай, добразычлівай нацыі, спагадлівай да чужой бяды, жадаючай жыць з усімі ў згодзе.
На думку Прэзідэнта, сёння, каб захаваць раўнавагу ў свеце, і вялікія, і сярэднія, і малыя дзяржавы павінны шукаць шляхі суіснавання і супрацоўніцтва, а стратэгія канфліктаў, шантажу і пагроз даўно зжыла сябе. "Наш свет усё больш нагадвае дом са шкла, у якім, калі кінеш камень у суседа, абваляцца ўсе сцены", - адзначыў Кіраўнік дзяржавы.
"Сёння Беларусь адкрыта свету. На шчасце, наша краіна вядома ўсім не гарачымі пунктамі, а вынікамі сваёй працы. Сёння ведаюць, што беларусы - гэта людзі са светлай душой, якія шчыра жадаюць усім дабра", - падкрэсліў Прэзідэнт.
"Мы гатовы выкарыстоўваць замежны вопыт, але не слепа капіраваць яго, - заявіў Аляксандр Лукашэнка. - І калі мы абвясцілі "дзяржаву для народа", то і будаваць яе павінны зыходзячы з патрабаванняў народа, а не абстрактных тэарэтычных мадэлей".
Прэзідэнт адзначыў, што падыходы могуць змяняцца пад уздзеяннем жыццёвых абставін, аднак адна фундаментальная рэч павінна заставацца нязменнай заўсёды: "Любы чалавек, любы спецыяліст, ці то дыпламат, ці то фізік, матэматык, філолаг або гісторык, павінен служыць сваёй зямлі - той, на якой ён нарадзіўся і вырас, якую захавалі і збераглі для яго продкі".
Аляксандр Лукашэнка пажадаў студэнтам ВНУ захаваць на ўсе гады навучання той энтузіязм, які ў іх ёсць. "Кажуць, у навуцы няма стаўбавых дарог, і каб дасягнуць яе бліскучых вяршынь, трэба карабкацца па нязведаных і непрыступных скалах. Захоўвайце ж адданасць мары, упарта імкніцеся да пастаўленай мэты - і вашы жаданні абавязкова здзейсняцца", - адзначыў Прэзідэнт.
Звяртаючыся да выкладчыкаў, Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што ім выпала ганаровая місія - закладваць інтэлектуальны, духоўны фундамент маладога пакалення, за якім будучае Беларусі. "Вам не проста рыхтаваць выдатных прафесіяналаў, але асабістым прыкладам, сілай сваіх перакананняў выхоўваць дастойных грамадзян, якія гатовы ўзяць на сябе адказнасць за лёс краіны", - адзначыў Аляксандр Лукашэнка.
Прэзідэнт яшчэ раз павіншаваў усіх з новым навучальным годам і пажадаў поспехаў у навучанні. "Спасціжэнне ведаў - гэта вечны працэс, іх нельга назапасіць на ўсё жыццё, нават у такой ВНУ, як БДУ, - сказаў Кіраўнік дзяржавы. - Для нас вельмі важныя вашы розум і сэрцы, вашы ўнутраныя перакананні. Вы павінны быць патрыётамі. Гэта сёння важна".
Студэнты зрабілі падарунак Кіраўніку дзяржавы - макет нанаспадарожніка, распрацаванага ў Цэнтры аэракасмічнай адукацыі БДУ.
"Тое, што мы працуем тут, у БДУ, развіваючы касмічныя праграмы, - гэта вялікая справа. Космас, атамная станцыя, ІТ-тэхналогіі - гэта перспектыва. Без гэтага нацыі быць не можа. Таму мы чакаем ад вас добрых распрацовак", - сказаў Прэзідэнт.
У той жа дзень Аляксандр Лукашэнка адказаў на пытанні прадстаўнікоў сродкаў масавай інфармацыі.
Журналісты папрасілі Прэзідэнта даць сваю ацэнку перадвыбарнай кампаніі ў парламент і, у прыватнасці, дзеянням кандыдатаў, якія адносяць сябе да апазіцыі.
Аляксандр Лукашэнка лічыць, што сапраўдная апазіцыя будзе змагацца да канца, а не байкатаваць выбары. "Апазіцыя будзе змагацца, пятая калона - дэстабілізаваць абстаноўку, у тым ліку і такімі метадамі", - сказаў Прэзідэнт.
"Тое, што апазіцыя можа карыстацца піярам, - гэта ў палітыцы нармальна. Але калі ты неяк пазіцыяніруеш сябе, прапануеш за цябе галасаваць, паказваеш тавар лепшым бокам, паказваеш сябе народу, то трэба ісці да канца, - адзначыў Кіраўнік дзяржавы. - Калі б гэта была сапраўдная апазіцыя, яна змагалася б да канца".
"Калі ты проста бразгаеш языком, значыць, ты выконваеш нечый заказ або хочаш пакрасавацца некаторы час перад людзьмі", - дадаў Прэзідэнт.
"Таму я часта кажу: гэта не апазіцыя. Апазіцыя будзе змагацца, змагацца за ўладу, за інтарэсы народа або яшчэ за нешта. А гэта пятая калона, яны дзейнічаюць у інтарэсах пэўных сіл, якія часам знаходзяцца за межамі нашай краіны", - адзначыў Аляксандр Лукашэнка.
Прэзідэнт лічыць, што калі чалавек першапачаткова не верыць у сваю перамогу на выбарах, то ён не павінен вылучацца кандыдатам. "Мы ж нікога не прымушаем", - заўважыў Кіраўнік дзяржавы.
"Таму няма тут ніякай апазіцыйнасці. Ёсць работа, абсурдная, каб разбурыць гэты працэс, а калі пашанцуе, то і краіну. Але я часта кажу: гэтага не будзе! Не атрымаецца", - падкрэсліў Прэзідэнт.
У той жа час Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што цяпер ён вельмі далёкі ад перадвыбарнай кампаніі. "Мне сёння не да так званай апазіцыі, не да перадвыбарнай кампаніі. Ёсць людзі, якія паспяхова гэтым займаюцца. У мяне ёсць больш важныя пытанні для вырашэння. Калі яны будуць вырашаны, тады і наша апазіцыя будзе такая, якая яна ёсць", - сказаў Прэзідэнт.
Журналісты таксама спыталі ў Аляксандра Лукашэнкі, што неабходна зрабіць для таго, каб Беларусь была больш прывабная ў інвестыцыйным плане, і ці не паўплывае негатыўна няхватка прыцягнення замежных інвестыцый на развіццё эканомікі.
"Для таго, каб Беларусь была больш прывабнай для замежных інвестараў, мы ўжо больш нічога не зробім. Наўрад ці што-небудзь нам і трэба рабіць. Мы стварылі ідэальныя ўмовы для інвестараў, - адзначыў Прэзідэнт. - Сёння галоўнае ўжо нават не падаткі і гэтак далей. Галоўнае - спакой, стабільнасць у краіне, магчымасць укласці грошы і займацца бізнесам".
Акрамя таго, Аляксандр Лукашэнка лічыць, што важна прыцягваць не толькі замежныя, але і ўнутраныя інвестыцыі: "Тое, што інвесціруюць іншаземцы, - гэта добра. Але не забывайце, што прыбытак не наш. Яны інвесціравалі, выкарыстоўвалі нашу зямлю, рэсурсы, асабліва працоўныя, нешта нам тут заплацілі і ўвесь прыбытак вывезлі. Мы гэтаму не перашкаджаем".
"У нас значна больш сёння ўнутраных інвестыцый (ёсць вялікі рост, дынаміка) нашых бізнесменаў, прадпрымальнікаў, дзяржпрадпрыемстваў і бюджэтныя інвестыцыі, - адзначыў Кіраўнік дзяржавы. - Таму давайце не будзем глыбока смуткаваць і спяшацца ўсё раздаць іншаземцам. Давайце паглядзім на сваіх, такіх шмат".
"Другія - гэта расіяне, - прадоўжыў Прэзідэнт. - Прыстойныя расіяне. Непрыстойныя проста сюды не пойдуць, яны ведаюць маё стаўленне да гэтага, праводзімую палітыку. А прыстойных таксама дастаткова".
Як адзначыў Аляксандр Лукашэнка, інвестыцыі - гэта мадэрнізацыя, будаўніцтва. "Шчыра кажучы, мы ўжо з цяжкасцю праглынаем тыя ўнутраныя і знешнія інвестыцыі, якія сёння ёсць. У нас не хапае ні будаўнікоў, ні іншых спецыялістаў, каб усё гэта перамалоць", - сказаў Кіраўнік дзяржавы, адзначыўшы, што для асваення дадатковых замежных інвестыцый трэба ў тым ліку прыцягваць і замежныя кампаніі. На думку Аляксандра Лукашэнкі, для развіцця асобных найбольш перспектыўных напрамкаў часам неабходна і замежнае інвесціраванне. У якасці прыкладу паспяховага супрацоўніцтва ў гэтай сферы Кіраўнік дзяржавы прывёў Кітай, сумесныя праекты з якім ацэньваюцца мільярдамі долараў. Адзін з найбольш буйных - стварэнне беларуска-кітайскага індустрыяльнага парку, куды будуць прыцягвацца самыя перадавыя кампаніі свету.
"Але я яшчэ раз падкрэсліваю: я прыхільнік таго, каб нашы грамадзяне, якія маюць грашовыя сродкі, нашы прадпрыемствы, дзяржава перш за ўсё інвесціравалі. А потым ужо іншаземцы, - сказаў Прэзідэнт. - Калі іншаземец прыходзіць, ён выбірае самае лепшае з гэтага пірага. Таму мы вельмі акуратна да гэтага падыходзім і асабліва не перажываем".
Аляксандр Лукашэнка яшчэ раз падкрэсліў, што асноўны ўпор робіцца на мадэрнізацыю. "У гэтым і ў наступным годзе мы ўвядзём 7-8 прадпрыемстваў дрэваапрацоўкі. Тавар, які яны будуць вырабляць, у свеце нарасхват. Мы гэта робім за кошт унутраных інвестыцый, але гэта вялікі праект, завязаны на мясцовай сыравіне, і такіх вытворчасцей у нас дастаткова", - адзначыў Кіраўнік дзяржавы.
Яшчэ адно пытанне датычылася перспектыў далучэння Кыргызстана да Мытнага саюза і Адзінай эканамічнай прасторы. Прадстаўнікоў СМІ цікавіла, ці не створыць праблем слабая эканоміка Кыргызстана для іншых удзельнікаў інтэграцыйнага аб'яднання.
"Нядаўна Казахстан падтрымаў Кыргызстан у імкненні далучыцца да Мытнага саюза. Нядаўна і я такую пазіцыю выказаў. Але мы ім адразу сказалі: калі вы пройдзеце ўвесь шлях у цяперашнюю АЭП (а гэта шмат распрацаваных дакументаў, трэба да іх далучыцца, ратыфікаваць, зрабіць іх законамі), тады мы разгледзім і прымем рашэнне, быць вам членамі ці не", - адзначыў Аляксандр Лукашэнка.
Само імкненне Кыргызстана далучыцца да Мытнага саюза і АЭП, паводле слоў Прэзідэнта, трэба падтрымліваць. "Але будзеш ты членам гэтага будучага Еўразійскага эканамічнага саюза ці не - гэта вялікае пытанне. Яшчэ многае трэба зрабіць Кыргызстану, каб стаць членам АЭП", - падкрэсліў Кіраўнік дзяржавы.
Што датычыцца аналогіі з інтэграцыяй на прасторы Еўрасаюза, дзе аб'яднанне моцных эканомік са слабымі выклікала фінансавыя і эканамічныя праблемы, Аляксандр Лукашэнка лічыць, што ў АЭП пакуль немагчыма ўзнікненне такой сітуацыі. Гэта ў тым ліку абумоўлена адсутнасцю адзінай валюты. "У нас пакуль гэтага няма. Таму нам баяцца няма чаго. Але слабая эканоміка ўплывае і на больш моцныя, стварае праблемы для гэтых дзяржаў. Таму, прымаючы гэта рашэнне, мы, безумоўна, будзем гэта ўлічваць. Але гэта не заўтрашняга дня праблема", - рэзюмаваў Аляксандр Лукашэнка.