Аляксандр Лукашэнка зацвердзіў рашэнне савета спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь

    Кіраўнік дзяржавы Аляксандр Лукашэнка сваім распараджэннем зацвердзіў рашэнне савета спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па сацыяльнай падтрымцы адораных навучэнцаў і студэнтаў і аб выдзяленні сродкаў на фінансаванне яго расходаў у 2012 годзе.

    На фінансаванне расходаў спецыяльнага фонду ў 2012 годзе з рэспубліканскага бюджэту за кошт сродкаў рэзервовага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь выдзелена Br3 838 945 тыс.

    Сродкі будуць накіраваны на выплату стыпендый студэнтам і курсантам устаноў вышэйшай адукацыі, заахвочванне пераможцаў рэспубліканскіх і міжнародных алімпіяд, канферэнцый, конкурсаў і турніраў навучэнцаў устаноў агульнай сярэдняй, прафесійна-тэхнічнай, сярэдняй спецыяльнай і вышэйшай адукацыі, аказанне матэрыяльнай дапамогі адораным навучэнцам і студэнтам. Акрамя таго, за кошт гэтых сродкаў будзе аказана фінансавая падтрымка вучнёўскім і студэнцкім навуковым і творчым аб'яднанням, заахвочаны вучоныя і выкладчыкі за высокія дасягненні ў развіцці здольнасцей адоранай моладзі.

    Рашэннем савета фонду заахвочаны 261 пераможца і прызёр інтэлектуальных спаборніцтваў і аказана матэрыяльная падтрымка 7 навукова-даследчым, навуковым і творчым аб'яднанням навучэнцаў і студэнтаў.

    Грашовымі прэміямі ў памеры ад Br1575 тыс. да Br1925 тыс. з уручэннем нагруднага знака лаўрэата фонду заахвочаны 15 пераможцаў Міжнароднай студэнцкай алімпіяды ў галіне інфарматыкі і праграміравання.

    Прэміямі ў памеры ад Br140 тыс. да Br245 тыс. узнагароджаны 43 пераможцы алімпіяды школьнікаў Саюзнай дзяржавы "Расія і Беларусь: гістарычная і духоўная агульнасць", 150 пераможцаў рэспубліканскіх конкурсаў даследчых работ навучэнцаў па беларускай мове і літаратуры, гісторыі, грамадазнаўству, рускай мове і літаратуры, англійскай, нямецкай, французскай, іспанскай мовах, геаграфіі і 33 пераможцы ХІІІ Рэспубліканскага турніру юных матэматыкаў.

    18 пераможцаў XII Усерасійскай каманднай алімпіяды школьнікаў па інфарматыцы і праграміраванні і 2 пераможцы адкрытага чэмпіянату па цырульніцкім майстэрстве, нейл-дызайне і дэкаратыўнай касметыцы на Кубак Расіі "Неўскія берагі" адзначаны прэміямі фонду ў памеры Br700 тыс. кожная.

    Фінансавую падтрымку ў памеры Br524 580 тыс. атрымаюць студэнцкія навукова-даследчыя лабараторыі Беларускага дзяржаўнага эканамічнага ўніверсітэта, Гомельскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Францыска Скарыны, Брэсцкага дзяржаўнага тэхнічнага ўніверсітэта, Бабруйскага філіяла Беларускага дзяржаўнага эканамічнага ўніверсітэта, а таксама навуковае таварыства ліцэістаў Рэчыцкага дзяржаўнага раённага ліцэя, навукова-творчае студэнцкае бюро і ваенна-навуковае таварыства курсантаў Беларускага нацыянальнага тэхнічнага ўніверсітэта.

    Прыняцце распараджэння Прэзідэнта накіравана на забеспячэнне адраснай дзяржаўнай падтрымкі адораных навучэнцаў і студэнтаў.